Палітвязень Уладзіслаў Карэцкі амаль усё лета правеў у ШЫЗА

Палітвязень Уладзіслаў Карэцкі амаль усё лета правеў у ШЫЗА

Праект "1906" September 30, 2022

Дакладна вядома, што ў ліпені хлопец быў там два разы.

Уладзіславу Карэцкаму 26 гадоў. Хлопец жыў у Мінску, працаваў асвятляльнікам на «Беларусьфільме». 

У юнацтве Уладзіслаў быў чэмпіёнам Беларусі па грэка-рымскай барацьбе, а апошнія некалькі гадоў хлопец зацікавіўся танцамі. 

Як асвятляльнік ён браў удзел у здымках фільма «Урокі фарсі» рэжысёра Вадзіма Перэльмана. Карціну вылучылі на прэмію «Оскар» 2021 года ад Беларусі. На прэм'еру хадзіла маці Уладзіслава, сам ён з 14 жніўня 2020-га знаходзіцца за кратамі. 

У 2020-м годзе Уладзіслаў стаў валанцёрам штаба Віктара Бабарыка. Хлопец збіраў за яго подпісы. Праз шэсць дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў Уладзіслава разам з іншымі валанцёрамі — Ігарам Ярмолавым, Мікалаем Сасевым, Дзмітрыем Канапелькам —затрымалі ў рамках справы аб масавых беспарадках. 

Уладзіслава і астатніх абвінавачвалі па двух крымінальных артыкулах — ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках»), ч. 3 арт. 293 («Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне гэтай дзейнасці»). 

Дзяржабвінавачанне сцвярджала, што кожны з чацвярых «меў намер асабіста ўдзельнічаць у масавых беспарадках, часткова прадаставіў неўстаноўленым асобам з ліку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў у мэтах прымянення ўказаныя вышэй прадметы».

Прадметамі, якія на думку абвінаваўцаў павінны былі стаць прыладамі злачынстваў, з'яўляюцца два слясарныя малаточкі, не менш як 90 лазерных указак, дзве запальніцы, дзве піратэхнічныя вырабы.

Адвакаты абвінавачаных настойвалі, што самі лазерныя ўказкі не могуць быць зброяй, таму што не адпавядаюць прыкметам вызначэння гэтага тэрміна, указаным у артыкуле 1 закона «Аб масавых мерапрыемствах у РБ». Там сказана, што зброя — гэта прылады і прадметы канструктыўна прызначаныя для паразы жывой ці іншай цэлі. А ўказкі не могуць іх паражаць, прычыняць цялесныя пашкоджанні ці якім-небудзь іншым чынам быць прыладай узброенага супраціву.

Суддзя Святлана Бандарэнка вырашыла задаволіць запыт старшага памочніка пракурора Маскоўскага раёна Мінска Рамана Бізюка і прызнаць усіх чацвярых вінаватымі. Кожнаму прысудзілі па 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Уладзіслаў Карэцкі цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку.

Яго маці расказала праекту «1906», пра што піша хлопец ёй ў лістах і як яна трывае без яго ўжо два гады. 

«6 верасня мусіла быць сустрэча з ім. За дзень да гэтага я патэлефанавала ў калонію, мне сказалі, што ён знаходзіцца ў нейкім штрафным атрадзе. Мужу адказалі, што ён у ШЫЗА. 

Насамрэч усё было інакш: 5 верасня ён выйшаў адтуль, 6 чысла ён нас чакаў цэлы дзень. Спадзяваўся, што мы прыедзем. Аб гэтым ён напісаў у лісце», — расказвае маці палітвязня Ірына. 

За лета ад Уладзіслава ёй прыйшло 5 лістоў. 

Колькі разоў хлопец быў у ШЫЗА невядома. 

«22 чэрвеня мне трэба было аддаць яму перадачу. Зноў не атрымалася, таму ён зноў быў у ШЫЗА. Потым ён мне патэлефанаваў і сказаў прыязджаць 8 ці 17 ліпеня.

Мы патэлефанавалі 7 чысла ў калонію, адказалі, што ён у ШЫЗА. І 17 ён зноў там быў. Можа, яго выпускалі адтуль на пару дзён, — не ведаю.

У той дзень, 22 чэрвеня, я хацела патрапіць да начальніка калоніі. Мяне не пусцілі, сказалі пісаць заяву і тады будзе сустрэча з ім. Тое, што ад Мінска гэта 300 кіламетраў, а я інвалід — гэта нікога не хвалюе», — кажа яна.

Летам Уладзіслаў пісаў маці, што яго перавядуць «у іншую турму з жорсткімі ўмовамі». 

«Наколькі я ведаю ад іншых людзей, палітычных у такіх турмах вельмі моцна прэсуюць, — расказвае жанчына. — Ён мне ў лістах піша, што ўсё нармальна, але я разумею, што не.

Ён не тлумачыў, за што яго ўвесь час садзяць у ШЫЗА. Такое ў лісце не напішаш. Ведаю, што там караюць за абсалютна дробязныя рэчы: не туды паставіў кружку, не зашпіліў адзенне.

Чалавека, які праходзіў разам з Уладам па гэтай справе, таксама рэзка перавялі ў калонію ў Віцьбе. Бацькі месяц не маглі ніяк з ім звязацца, а потым прыйшоў ліст». 

Апошняе спатканне у Ірыны з сынам было 5 красавіка ў гасціны пры калоніі. 

«Не магу сказаць, што там людзі былі нейкія жорсткія. Наадварот, яны больш-менш лаяльна да нас ставіліся. Гасцініца, у якой мы з сынам у калоніі сустракаліся, вельмі прыстойная. Не адчувала, што знаходжуся ў турме. 

У нас было шмат размоў у той дзень. Ён пытаўся пра сяброў. Расказвала яму, як у іх справы, у нашых блізкіх. Аб нечым іншым не гаварылі, таму што я выдатна разумела, што лішняга казаць нельга», — успамінае маці. 

«Наша Ніва» звярнулася да праваабаронцы Паўла Сапелка. Ён патлумачыў, хто нясе адказанасць за змяшчэнне зняволенага ў ШЫЗА. 

«Ніякіх нормаў, колькі чалавека могуць трымаць там, колькі разоў яго туды могуць садзіць за нейкі час, не існуе, — кажа ён. —Напрыклад, прабыў 15 сутак, адвялі на агляд да доктара і зноў пасадзілі ў ШЫЗА.

Па крымінальна-выканаўчым кодэксе ёсць толькі правіла, што памер самога спагнання павінен быць у межах 15 сутак. Іх прызначаюць проста запар.

У такім рэжыме прасядзеў былы палітвязень Міхась Жамчужны.

Змяшчаюць туды за парушэнне ўнутранага распарадку. Далей адміністрацыя выбірае спагнанне, якое адпавядае цяжкасці ўчынку. На адны і тыя ж дзеянні асуджаных могуць рэагаваць па-рознаму. Адказнасць за гэта нясе адміністрацыя калоніі, за змяшчэнне ў ШЫЗА — яе начальнік ці намеснік.

Таксама яшчэ могуць змяшчаць у памяшканне камернага тыпу (там турэмныя ўмовы). Калі ідзе размова аб пераводзе ў турму, то гэта вырашае суд. Звычайна ён праходзіць у калоніі.

Каб сказаць, што з Уладзіславам адбываюцца катаванні, трэба, каб ён паведаміў, што гэта прыносіць яму пакуты і што гэта адбываецца з мэтай пакараць яго за палітычную дзейнасць. Як мінімум тут можна казаць аб жорсткім, бесчалавечным стаўленні». 


Report Page