Палац Нянавісці

Палац Нянавісці

Уладзіслаў

Многія знакамітыя архітэктурныя збудаванні былі ўспрыняты негатыўна сучаснікамі. Звычайныя абывацелі і дзеячы мастацтваў не ацаналі Эйфелеву вежу, сабор Саграда-Фамілія, Сіднэйскую оперу, Оперу Гарнье, Вітарыяна... Але цяпер мы вельмі іх любім, праўда ж?

Аўстралійцы казалі пра новую оперу ў Сіднэі, што гэта нешта «вылезла на бераг і здохла».

Не абышла нелюбоў да ўсяго новага стараной і Беларусі. Я б нават сказаў, што негатыўна ў нас ставяцца абсалютна да любога змянення гарадской прасторы, ад небаскроба, да добраўпарадкавання двара. Часам людзі гатовыя жыць у гаўне, абы нічога навокал не змянялася, і з пенай адстойваюць гэтае сваё права.

Мы перасталі радавацца таму, што Нацыянальную бібліятэку Беларусі ўключылі ў чарговы спіс самых пачварных збудаванняў, і нават змірыліся з празрыстым шклом «алмаза». Магчыма таму, што на фоне забудовы Маяка Мінска яна выглядае сапраўдным шэдэўрам.

Не любілі ў нас бібліятэку (і як толькі зняважліва яе не называлі!), але звыкліся, не любяць у нас цяпер дом ля Траецкага, неКемпінскі, чорную Галерэю, творчасць архітэктараў Дана Мол і шмат чаго яшчэ. Але, думаю, што і пра іх даволі хутка забудуцца (хоць некаторыя з гэтых аб'ектаў сапраўдныя шнары на целе горада). Але ёсць у сталіцы аб'ект, нянавісць да якога ў грамадстве перадаецца з малаком маці — Палац Рэспублікі.

Спыніце на вуліцы 10 чалавек і ўсе яны вам раскажуць які ён пачварны, недарэчны і ўвогуле «саркафаг». І колькі я памятаю, столькі бэсцілі і высмейвалі гэты будынак. І я быў сярод іх, гэта было нармальна, цябе б палічылі дзіваком, чалавекам непрыстойным, калі б ты сказаў што добрае пра яго. Але я сталеў і ўсё больш разумеў, што людзі ў сваім негатыўным стаўленні да гэтага будынка прадузятыя і быццам з нейкай метадычкі паўтараюць завучаныя клішэ. Канчаткова змяніць сваё стаўленне да Палаца Рэспублікі мне дапамагла архітэктурная адукацыя, хоць і сярод выкладчыкаў, і сярод аднакурснікаў з большага захоўваўся негатыў да «саркафага».

Каб зразумець прычыны гэтай усеагульнай нянавісці да Палаца Рэспублікі, трэба звярнуцца спачатку не да архітэктуры, а да ягонага пакручастага лёсу.

Кастрычніцкая плошча (тады Цэнтральная) з'явілася ў выніку пасляваеннай рэканструкцыі цэнтра горада, калі пад яе расчысцілі ад пагарэлых каробак некалькіх кваталаў гістарычнай забудовы. Адзіным будынкам заставаўся касцёл Святога Тамаша Аквінскага, які таксама паў у 1950 годзе.

Касцёл Св. Тамаша Аквінскага і будучая Кастрычніцкая плошча.

У 1952 годзе на плошчы паставілі помнік Сталіну, у 1954 годзе скончылі Палац прафсаюзаў у выглядзе антычнага храма, у 1962 годзе - будынкі Белтэлекама і Мінскага аблвыканкама.

Праўда, ужо ў 1961 годзе помнік Сталіну, чый культ быў развянчаны, знесены, плошча страціла сваю дамінанту і ідэалагічны сэнс — частку тэрыторыі ператварылі ў сквер, іншая стала паркоўкай для аўтобусаў.

У Мінску не існавала Палаца з'ездаў, дзе б праходзілі з'езды КПСС, таму ў партыйнай эліты з'явілася ідэя пабудаваць яго на Цэнтральнай плошчы. У 1970 годзе быў праведзены архітэктурны конкурс, вынікі якога не былі падведзны. У  1976 годзе ствовары аб'яднаны аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Юрыя Грыгор'ева, які ў той час працаваў у інстытуце «Мінскпраект». Праект гэтага калектыва прадугледжваў поўны знос Верхняга горада, а Палац мусіў трымаць усю панараму водна-зялёнай прасторы ўздоўж праспекта Машэрава. Праект, на шчасце, застаўся на паперы.

У 1982 годзе абвясцілі новы конкурс паміж інстытутамі «Мінскпраект» і «Белдзяржпраект». Пасля шматлікіх абмеркаванняў перамагла каманда «Белдзяржпраекта», якая прапанавала будаваць Палац на Цэнтральнай плошчы, не руйнуючы Верхні горад.

У 1984 годзе пачалося праектаванне Рэспубліканскага палаца культуры пад кіраўніцтвам арх. Міхаіла Пірагова.

Пачатак будаўніцтва. 1980-я

Узвядзенне Палаца пачалі ў 1985 годзе, паспелі пабудаваць сцены. Падумайце толькі, 35 гадоў плошча была свабоднай ад забудовы, а тут задумалі ўзвесці цэлы палац — такое змяненне не магло быць успрынята адназначана гараджанамі, якія пакаленнямі ведалі гэтае месца такім. Але Савецкі Саюз ужо дыхаў на ладан, галоснасць і абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці падрывалі аўтарытарныя асновы дзяржавы. І вось тут пачынаецца сапраўдная гісторыя нянавісці. Відавочна, што ўзвядзенне такога значнага, а значыць дарагога і ідэалагічна арыентаванага аб'екта не магло не выклікаць разражнення ў антысавецкага дэмакратычанага руху, які набіраў моц.  

Вось паказальны памфлет 1989 года ад мастацтвазнаўца Валерыя Буйвала, які тут выступае хутчэй як член БНФ «Адраджэнне», а не як навуковец. Буйвал не толькі накідвае на «галоўную новабудоўлю Рэспублікі» трагедыю з паштамтам у Кіеве, называючы іх братамі і ссоўваючы акцэнт на сталінскую архітэктуру, якая «працягвае забіваць», але і прамаўляе сакральныя для нас: пачварнасць, чужароднасць, антыгуманнасць, «саркафаг». Такое дзіўнае слова як саркафаг (чаму не маўзалей?) можна патлумачыць аналогіяй з бетонным збудаваннем над чацвёртым энергаблокам Чарнобыльскай АЭС, узведзеным у 1986 года пасля ўзрыву 4-га рэактара. Ізноў жа, яно носіць ідэалагічны, антысавецкі сэнс, а не проста акцэнтуецца на хібах архітэктуры.

Неўзабаве Савецкі Саюз развальваецца і фінансаванне будаўніцтва спыняецца. Першую палову 90-х будынак быў фактычна закансерваваны. Даўгабуд абсалютна незапатрабаваны новай дэмакратычна-нацыяналістычнай уладай (у якой, па шчырасці, не было і грошай, каб завяршыць яго) і пераўтвараецца ва ўвасабленне «брэжнявізму», усяго благога, што было пры Саветах.

Будаўніцтва Палаца

У 1994 годзе да ўлады прыходзіць Лукашэнка, які ў самым пачатку свайго прэзідэнцтва наведвае закінутую будоўлю. Будаўніцтва зноў аднавілася ўжо ў 1995 годзе. Відавочна, што тое, як Лукашэнка прышоў да ўлады, яго метады, палітычная пазіцыя і стыль кіравання ніяк не дабаўлялі любові да бетоннага гіганта, якога ён узяўся давесці да завяршэння. Пазіцыі апазіцыі былі яшчэ моцнымі ў грамадстве, а Рэспубліка яшчэ вельмі слабай эканамічна, ад чаго нянавісць да дарагога ідэалагічнага праекта толькі ўзмацнялася.

Палац у 1990-я гг.

Праз пяць гадоў будаўніцтва, у 2000 годзе Палац Рэспублікі быў цалкам завершаны. Вось цяпер можа звярнуцца і да архітэктуры. Справа ў тым, што будынак Палаца выкананы ў лепшых традыцыях рацыяналістычнага савецкага мадэрнізму, аднак, за доўгі час яго будаўніцтва змяніліся не толькі межы, але змяніліся і густы. Наеўшыся шэрых кубічных аб'ёмаў, савецкі чалавек хацеў чагосьці новага, чаго быў доўгія гады пазбаўлены — вежачак, каваных агародж, схільных дахаў — і архітэктура, як люстэрка грамадства, дала ім постмадэрнізм. Палац проста не трапіў у струмень, застаўшыся для сучаснікаў незразумелай старамоднай махінай.

Будынак Белінвестбанка ў Магілёве, як прыклад густаў грамадства на мяжы тысячагоддзяў

Прайшоў час, эклектычны постмадэрнізм затаўравалі як «аграрэнесанс» і безгустоўны кіч, а архітэктура мадэрнізму зноў стала зразумелай і сучаснай для абывацеля. Вось толькі стаўленне да Палаца ад гэтага не змянілася. Людзі па звычцы бэсцяць «саркфаг» і жадаюць яго знесці. Я нават сутыкаўся з сітуацыямі, калі мінчукі даказваюць (sic!) пачварнасць Палаца замежнікам, якія нічога незвычайнага ў ім не бачаць, бо ў кожнага на радзіме ў гістарычным цэнтры стаіць мадэрновы палац/музей/гандлёвы цэнтр, які даўно стаў звыклай часткай гарадскога асяроддзя. А ў замежных архітэктурных інстаграмах часам бачу наш Палац, і ведаеце што? Усе каментатары ў захапленні ад яго, і лайкаў збірае не менш за іншыя аб'екты.

У чым жа вінавацяць архітэктуру Палаца? З часоў спадара Буйвала, пра якога пісалася вышэй, мала што змянілася: пачварнасць, чужароднасць, антыгуманнасць.

  • Чужароднасць? А як стасуюцца паміж сабой брутальны Дом афіцэраў, псеўдарускі Юбілейны дом, антычны храм — Палац прафсаюзаў, малавыразны музей ВАв (ну гэты ўжо ніяк не стасуецца ;) ) і два рэнесансныя італьянскія палацца, якія фланкіруюць пр. Незалежнасці (дамы з выхадамі са станцый Купалаўская і Кастрычніцкая)? Ды амаль ніяк. Гэта разнамаснае напластаванне эпох і стыляў, што не ёсць блага, і Палац Рэспублікі частка гэтай «гісторыі». Архітэктура Палаца такая, што калі б яго паставілі нават на плошчу, выкананую ў адзіным ансамблі, ён наўрадці б мог спаганіць яе (як і Луўр шкляная піраміда, вакол было шмат спрэчак).
  • Пачварнасць? Прабачце, Палац вельмі стройны і элегантны мінімалістычны будынак, у ім няма нічога, што можна было б назваць пачварным - ён мае добрыя прапорцыі і рытм. Каланады на яго фасадзе не ствараюць адчування нуднай аднастайнасці, яны вельмі дынамічныя.
Нудныя фасады каралеўскага палаца ў Эскарыяле ўвайшлі ва ўсе падручнікі па архітэктуры. А вы на хрушчоўкі жаліцеся
  • Думаю, што часта пад пачварнасцю і антыгуманнасцю разумеюцца памеры Палаца. Ну што тут сказаць? Палац галоўны будынак Кастрычніцкай плошчы і мае права дамінаваць над усім навокал, але насамрэч ён не на шмат вышэйшы за суседнія будынкі — роўна на столькі, каб было зразумелае яго значэнне ў забудове. А высокая тэатральная каробка слаба прасочваецца з боку праспекта. Пад антыгуманнасцю ж маюць на ўвазе звышчалавечы архітэктурны маштаб — тое, што звычайна называюць веліччу. Ці не мусіць ПАЛАЦ РЭСПУБЛІКІ быць велічным? Я лічу, што мусіць.
  • Таксама многія звяртаюць увагу на тое, што Палац узвышаецца на гістарычным Верхнім Горадам. Ізноў жа — ПАЛАЦ РЭСПУБЛІКІ па статусе можа сабе такое дазволіць, тым больш Кастрычніцкая плошча стаіць на пагорку, і ўсё, што на ёй бы не пабудавалі, або ўзвышалася б над малапавярховай гістарычнай забудовы, або не трымала б плошчу. Дамінаванне заўважнае толькі калі вы глядзіце аднекуль з вышыні, ці знаходзіцеся недзе каля Палаца спорту, у самім Верхнім горадзе прысутнасць Палаца Рэспублікі не адчуваецца, даволі складана знайсці месца, адкуль бы ён праглядаўся (а калі б былі адноўлены страчаныя помнікі - такіх месцаў, мабыць, не засталося ўвогуле). Калі хочацца некага навідзець у гістарычным цэнтры, дык звярніце ўвагу на гмах па Валадарскага, сценку на Нямізе, Белпрампраект і Дом ля Траецкага — вось яны сапраўды забіваюць гістарычны Мінск.
Які грозны!
Бачыце яго? А ён ёсць!

Сапраўдная праблема Палаца Рэспублікі (і яшчэ адна прычына яго ненавідзець) гэта мёртвая плошча, якая яго атачае. Там не хочацца затрымацца ды і няма прычын гэта рабіць, людзі проста прабягаюць яе. Апошнім часам у інтэрнэце горача абмярковаюць розныя прапановы, але ўсе яго хворыя на адно і тое ж — імкненне схаваць ці знішчыць Палац Рэспублікі.

Нехта akvieduk ператварае плошчу ў нейкі бязладны агарод, каб прыкрыць Палац Рэспублікі
Выкладчык кампазіцыі на архітэктурным факультэце Ю. Кішык прапануе яшчэ больш расшырыць плошчу і панабудаваць шмат смеццевых аб'ектаў: каланад змейкай, шатровых альтанак, корпус ці то Ленінскай бібліятэкі, ці то СШ №4, будынак з двухсхільным дахам - і забрукаваць гэта ўсё квадратнымі кіламетрамі пліткі.

Тое, што нават маё пакаленне ўсё яшчэ ненавідзіць Палац Рэспублікі, гэта ўсяго толькі інтраецыя — несвядомы псіхалагічны працэс, калі індывід уключае ў свой унутраны свет успрынятыя ім ад іншых людзей погляды і ўстаноўкі. У людзей старэйшага пакалення былі прычыны, каб адзін толькі выгляд Палаца выклікаў раздражненне. Прычыны забыліся, а глыбокія пачуцці засталіся і перадаюцца маладым...

Паглядзіце яшчэ раз на гэтага мадэрністычнага прыгажуна, а потым проста ўявіце, што яго месца займае душны Палац Незалежнасці, не строгі і велічны, але багаты і пампезны.

Ёсць што дадаць? Пішы ў чат канала «Спадчына».


Report Page