Палітычная праграма Руху Воля
Рух ВоляМісія: Каб Беларусь і беларусы былі вольнымі. Аднаўленьне, захаваньне і ўмацаваньне сапраўднага сувэрэнітэту Беларусі, дэмакратыі, падзелу ўладаў і вяршэнства права.
Мэты – да якой Вольнай Беларусі мы імкнемся:
1. Воля – гэта Вольная Беларусь. Вызваленьне Беларусі з-пад гібрыднай акупацыі. Адхіленьне ад дзяржаўнай улады ў Беларусі асобаў, якія ўтрымліваюць яе неканстытуцыйным шляхам.
2. Воля – гэта краіна без чужых войскаў.
Вывад ці выгнаньне за дзяржаўныя межы Айчыны расійскага ваеннага кантынгенту, у тым ліку вывад з тэрыторыі Беларусі расійскай ядравай зброі і пераўтварэньне краіны ў бязьядравую зону.
3. Воля – гэта Дэмакратыя.
Вольныя выбары, узнаўленьне дзяржаўных інстытутаў (парламента, судоў) і падзелу ўладаў. Усталяваньне вяршэнства права.
4. Воля – гэта Справядлівасьць.
Прыцягненьне да адказнасьці ўсіх асобаў, якія ігнаруючы волю беларускага народа, зьдзяйсьнялі злачынствы, у тым ліку дзяржаўныя і вайсковыя, супраць міра і чалавечнасьці. Люстрацыя. Рэабілітацыя і кампенсацыі пацярпелым ад рэпрэсій.
5. Воля – гэта Бяспека.
Забеспячэньне і няспыннае ўзмацненьне абароназдольнасьці дзяржавы. Рэфармаваньне Узброеных Сілаў Беларусі на глебе нацыянальнага патрыятызму і ў адпаведнасьці з сучаснымі тэхнічнымі стандартамі НАТА.
6. Воля – гэта Сяброўства.
Далучэньне Беларусі да Эўрапейскай Уніі як гарантыі трывалага ўстойлівага мірнага суіснаваньня народаў Эўропы. Ініцыяваньне стварэньня Балта-Чарнаморскай Уніі (Інтэрмарыума). Шырокае грамадзкае абмеркаваньне магчымай еўраатлантычнай інтэграцыі Беларусі.
7. Воля – гэта Нацыя.
Стварэньне ўмоваў для росквіту ўсёй нацыянальнай культуры. Наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы Беларусі, ўжываньне беларускай мовы ва ўсіх сферах дзяржаўнага кіраваньня, у дакумэнтазвароце і адукацыі.
8. Воля – гэта Дабрабыт. Разьвіцьцё рынкавай эканомікі. Прыярытэт прыватнай ініцыятыве, а не ручному кіраваньню эканомікай чыноўнікамі.
Як прыйсьці да Волі?
Прызнаючы факт гібрыднай акупацыі Беларусі Расійскай Фэдэрацыяй і палітычнымі групоўкамі калабарантаў, і імкнучыся да вызваленьня Радзімы, Рух Воля ставіць перад сабой наступныя задачы:
● Стварэньне і папаўненьне Беларускай вызвольнай арміі – нацыянальнага ўзброенага супраціву дабраахвотнікаў, якія падзяляюць мэту дэакупацыі Беларусі;
● Дапамога Украіне і Узброеным сілам Украіны ў вызваленьні акупаваных тэрыторый і аднаўленьні краіны;
● Павялічэньне міжнароднай падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі.
Прыярытэты на шляху да Волі:
1. Нацыянальная бяспека, абарона і правапарадак.
Ужо сёння:
● Распрацоўка новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны з улікам вывучэньня досьведу найлепшых і суадносных сусьветных практык (Швайцарыі, Ізраіля і інш.).
● Арганізацыя і папаўненьне беларускага вызвольнага войска за кошт дабраахвотнікаў, якія падзяляюць мэту дэакупацыі Беларусі.
● Стварэньне вайсковых школ і курсаў падрыхтоўкі пад’афіцэраў і малодшых афіцэраў для беларускага вызвольнага войска ў тых краінах, у якіх вышэйшыя нацыянальныя органы заканадаўчай і выканаўчай ўлады дадуць на тое згоду пасля ўхваленага Каардынацыйнай Радай афіцыйнага звароту.
● Распрацоўка адукацыйных праграм для юнакоў з мэтай добраахвотнай патрыятычнай прафесійнай арыентацыі і нацыянальна-арыентаванага вайскова-патрыятычнага выхаваньня;
● Распрацоўка канцэпцыі падрыхтоўкі вайсковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў замежных навучальных установах і стратэгіі перамоў з урадамі дзяржаў патэнцыйных саюзнікаў, якія гарантуюць непрызнаньне анэксіі Беларусі Расійскай Фэдэрацыяй, як і непрызнаньне Беларусі ў якасьці пратэктарата Расіі ці Кітая. Для рэалізацыі задачы падрыхтоўкі вайсковых афіцэрскіх кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў існых умовах Каардынацыйнай Радзе і Аб’яднанаму пераходнаму кабінету прапануецца падпісаць дамовы з урадамі краін, якія маюць даўнія традыцыі ваеннага стратэгічнага планаваньня і падрыхтоўкі афіцэраў Генеральных штабоў, аб падрыхтоўцы афіцэраў вышэйшай кваліфікацыі для Генеральнага штабу Беларускага вызвольнага войска з ліку дзейных старшых афіцэраў Рэспублікі Беларусь ці з ліку ваенных пенсіянераў, не дасягнуўшых узросту 55 год з беларускім грамадзянствам ці беларускага паходжаньня, і старшых афіцэраў з ліку дзейных малодшых афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ці афіцэраў рэзэрву з вышэйшай адукацыяй і вайсковай адукацыяй, атрыманай на ваенных кафедрах. Пасля дэакупацыі Беларусі прапануецца рэфармаваньне Вайсковай акадэміі і стварэньне асобнай Акадэміі Генеральнага штабу Беларусі.
● Рэабілітацыя пастановай Каардынацыйнай Рады вайскоўцаў , а таксама супрацоўнікаў праваахоўчых органаў і спецслужбаў, вайсковых пенсіянераў, пенсіянераў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Пракуратуры і інш. – незаконна звальнёных, пазбаўленых пасадаў і/ці вайсковых і спецыяльных званьняў (рангаў) па палітычных матывах пасля ўзурпацыі Лукашэнкам улады ў Беларусі. Аднаўленьне вайсковых і спецыяльных званьняў (рангаў) ужо сёння; а ў Вольнай Беларусі – аднавіць іх на службе на ранейшых, або аналагічных пасадах з правам прыярытэтнага прызначэньня на вышэйшую пасаду для аднаўленьня даверу да Міністэрства абароны і ўсіх праваахоўных дзяржаўных органаў. У выслугу павінен залічвацца час з моманту незаконнага звальненьня да аднаўленьня на службе.
● Падтрымка дзейнасьці з супраца з ухваленым Каардынацыйнай Радай Прадстаўніком па аднаўленьні законнасьці і правапарадку ў Аб’яднаным пераходным кабінеце.
У Вольнай Беларусі:
● Рэфармаваньне сістэмы праваахоўных органаў. Стварэньне муніцыпальнай паліцыі і паліцыі грамадзкай бяспекі (аховы грамадзкага парадку). Заканадаўчае замацаваньне прынцыпу выбарнасьці кіраўнікоў муніцыпальнай паліцыі, а таксама кіраўнікоў рэгіянальных упраўленьняў і аддзелаў паліцыі грамадзкай бяспекі.
● Законапаслухмяным вайскоўцам і супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія не ўдзельнічалі ў агрэсіўных войнах і ў палітычных рэпрэсіях супраць беларускіх грамадзян, у Вольнай Беларусі прапануецца прыярытэтнае прызначэньне на кіруючыя пасады з наданьнем чарговых і пазачарговых вайсковых званьняў пры наяўнасьці вакансій для аднаўленьня даверу грамадзян Беларусі да беларускага войска і ўсіх праваахоўных структур.
● Вайсковым пенсіянерам і пенсіянерам праваахоўных органаў, якія ў час службы ў перыяд прэзыдэнтуры Лукашэнкі (1994-1995) і пасля ўзурпацыі ім непадзеленай дзяржаўнай улады (1996-2026) не здзейсьнілі злачынствы і не ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць беларускіх грамадзян, прапануецца вярнуцца на дзейную службу з правам атрыманьня чарговага ці наступнага пазачарговага вайсковага (спецыяльнага) званьня, якое будзе адпавядаць пасадзе, якая ім будзе прапанавана і захаваньня пенсіі пры адначасным грашовым і харчовым утрыманьні за кошт дзяржавы.
● Забеспячэньне годнага грашовага ўтрыманьня і пенсійнага забеспячэньня для супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў для прадухіленьня карупцыі і павышэньня эфэктыўнасьці дзяйнасьці Узброеных Сіл і праваахоўных органаў дзяржавы.
● Замацаваньне ў нацыянальным заканадаўстве Беларусі права грамадзян на набыцьцё, захаваньне і нашэньне агняпальнай зброі для самаабароны і абароны краіны.
2. Падтрымка Украіны і беларускіх вэтэранаў.
Ужо сёння:
● Падтрымка незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны ў яе змаганьні з Расійскай дзяржавай павінна стаць афіцыйнай кансалідаванай пазіцыяй усіх дэмакратычных сіл Беларусі;
● Дыпламатычная падтрымка Украіны на міжнароднай арэне. Актыўны ўдзел у міжнародных форумах з мэтай павелічэньня ваеннай падтрымкі Украіне, пашырэньня і ўзмацненьня санкцый супраць агрэсара, а таксама дзеля стварэньня дзейнай сістэмы калектыўнай бяспекі і забеспячэньня трывалага мірнага развіцьця ў рэгіёне.
● Сумесна з партнэрамі арганізацыя гуманітарнай дапамогі для вайскоўцаў, пацярпелых ад вайны і бежанцаў.
● Процідзеяньне інфармацыйным псіхалагічным аперацыям агрэсара, распаўсюд у Беларусі і ў дыяспары праўдзівай інфармацыі аб падзеях ва Украіне.
● Сістэматычная праца па выбудове трывалых стасункаў з палітычнымі і экспертнымі коламі Украіны, грамадзянскай супольнасьцю, для сумеснай стваральнай працы на карысьць усіх нацый Міжмор’я.
● Распрацоўка і рэалізацыя праграм па сацыяльнай адаптацыі беларускіх вэтэранаў, уключаючы псіхалагічную падтрымку, прафесійную перападрыхтоўку і дапамогу ў працаўладкаваньні.
● Публічнае прызнаньне і гонар: арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на ўвекавечваньне памяці пра змагарны досьвед вэтэранаў, публічнае прызнаньне іх заслуг, намінацыя і арганізацыя ўзнагароджваньняў.
У Вольнай Беларусі:
● забеспячэньне годных выплат, ільгот (у тым ліку ільготнага іпатэчнага крэдытаваньня) і пенсій вэтэранам баявых дзеяньняў ва Украіне, кампенсацый за медычныя паслугі.
● Фінансавая і сацыяльная дапамога сем'ям вэтэранаў. Забеспячэньне пенсіямі ўдоў і дзяцей загінуўшых (да дасягненьня імі 18 гадовага ўзросту), а таксама заканадаўчае замацаваньне квот на атрыманьне вышэйшай адукацыі для дзяцей загінуўшых і параненых і стыпендый для іх на перыяд навучаньня.
3. Змаганьне з палітычнымі групоўкамі калабарантаў, якія пры расійскай падтрымцы ўсталявалі аўтарытарны рэжым у Беларусі.
Ужо сёння:
● Лабіраваньне ўвядзеньня персанальных санкцый ў дачыненьні ўсіх асобаў, якія саўдзельнічалі і працягваюць садзейнічаць Расійскай Фэдэрацыі ў гібрыднай акупацыі Беларусі і ва ўтрыманьні кланам Лукашэнкі ўлады неканстытуцыйным шляхам;
● Узмацненьне санкцыйнага ціску на прадстаўнікоў бізнесу і кіраўнікоў прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі, расследаваньне схем абыходу санкцый;
● Распрацоўка, арганізацыя і правядзеньне комплексу мерапрыемстваў па супрацьдзеяньні акупацыйнаму аўтарытарнаму рэжыму, у тым ліку акцый грамадзкага непадпарадкаваньня;
● Фармаваньне антываеннага руху на тэрыторыі Беларусі, яго каардынацыя з дзейнасьцю Руху “Воля” з мэтай стрымліваньня інтэграцыі беларускага і расійскага ваенна-прамысловых комплексаў, а таксама сабатаж паставак зброі, вайсковай тэхнікі і паліва дзяржаве агрэсару;
● Актыўнае супрацьдзеяньне ўцягваньню ваеннаслужачых і цывільных грамадзян Беларусі ў ваенныя дзеяньні падчас магчымай інтэрвенцыі з беларускай тэрыторыі ў адну ці некалькі мяжуючых з Беларуссю краін Узброеных сіл, Сіл спецыяльных аперацый ці парамілітарных фарміраваньняў Расійскай Фэдэрацыі і аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі.