Палітвязняў на шпіёнаў. Што вядома пра людзей, якіх вызваляюць у межах вялікага абмену ЗША і РФ?

Палітвязняў на шпіёнаў. Што вядома пра людзей, якіх вызваляюць у межах вялікага абмену ЗША і РФ?

«Белсат»

1 жніўня Расея і ЗША правялі вялікі абмен вязнямі. Паводле інфармацыі «The Insider», усяго Расея адпусціла са сваіх турмаў 15 зняволеных плюс Рыка Крыгера, які быў асуджаны ў Беларусі. Узамен Масква атрымала 8 асобаў, якія, імаверна, працавалі на расейскія спецслужбы. Распавядаем, што вядома пра гэтых людзей.

Каго аддае Расея

Эван Гершковіч – журналіст «The Wall Street Journal», грамадзянін ЗША. Ён быў арыштаваны ў сакавіку 2023 года ў расейскім Екацярынбургу, куды прыехаў браць інтэрв’ю пра вербаванне ў «ПВК Вагнэра». Журналіста абвінавацілі ў «шпіянажы» і 19 ліпеня 2024 годзе прысудзілі яму 16 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Пол Уілан – былы амерыканскі вайсковец. Быў арыштаваны ў 2018 годзе, калі прыляцеў у Расею на вяселле свайго былога таварыша па службе. У чэрвені 2020 года ён прызнаны вінаватым у шпіянажы і прысуджаны да 16 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Уладзімір Кара-Мурза – адзін з лідараў расейскай апазіцыі, вядомы публіцыст. Быў арыштаваны ў красавіку 2022 году. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе «фэйках» пра расейскую армію, супрацы з непажаданай арганізацыяй і дзяржаўнай здрадзе. У прыватнасці, Кара-Мурзе паставілі ў віну тое, што падчас сваіх выступаў у ЗША і Еўропе ён асуджаў агрэсію Расеі супраць Украіны, казаў пра дзяржаўны тэрор у пуцінскай Расеі, фальсіфікацыю выбараў і г.д. Такім чынам, паводле суду, ён стварыў пагрозу бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці РФ. У выніку Кара-Мурзе прысудзілі 25 гадоў калоніі.

Ілля Яшын – адзін з самых папулярных апазіцыйных палітыкаў Расеі. Рашуча асуджаў расейскае ўварванне ва Украіну і пры гэтым прынцыпова не хацеў эміграваць. У ліпені 2022 году быў арыштаваны паводле падазрэння ў распаўсюдзе «фэйках» пра армію РФ. Падставай для пераследу стала тое, што ў адным са сваіх роліках у інтэрнэце Яшын распавядаў пра злачынствы расейскіх вайскоўцаў у Бучы. Палітыку прысудзілі 8,5 гадоў калоніі.

Алег Арлоў – праваабаронца, старшыня цэнтру «Мемарыял». Падставай для пераследу стаў артыкул Арлова пад загалоўкам «Яны хацелі фашызму – яны яго атрымалі», у якім ён назваў пуцінскі рэжым таталітарным і фашысцкім. У лютым 2024 года 70-гадовага праваабаронца пакаралі 2,5 гадамі калоніі.

Алсу Курмашава – рэдактарка праекту «Idel.Реалии» на радыё «Свабода». Жыла і працавала ў Празе, але вясной 2023 году прыляцела ў Расею, каб наведаць сваякоў. Яе арыштавалі і абвінавацілі ў распаўсюдзе фэйкаў. Сёлета ў ліпені Алсу прысудзілі 6,5 гадоў калоніі.

Аляксандра Скачыленка – мастачка, музыка, паэтка. Была арыштаваная вясной 2022 года за антываенную акцыю: у адным з супермаркетаў яна замяніла цэннікі тавараў паведамленнямі аб загінулых пры абстрэле Марыупалю мірных украінцах. Ёй прысудзілі 7 гадоў зняволення.

Андрэй Півавараў – апазіцыянер, былы кіраўнік «Адкрытай Расеі». Падставай для пераследу сталі допісы Facebook. Улетку 2022 году быў пакараны 4 гадамі зняволення.

Лілія Чанышава, Ксенія Фадзеева і Вадзім Астанін – экс-кіраўнікі рэгіянальных штабоў Аляксея Навальнага (ва Уфе, Томску і Барнауле адпаведна). Усе былі арыштаваныя ў розныя часы паводле абвінавачвання ў «экстрэмісцкай дзейнасці». Чынышавай прысудзілі 9,5 гадоў зняволення, Фадзеевай і Астаніну – па 9 гадоў.

Дытэр Варонін – палітолаг, грамадзянін Нямеччыны і РФ. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і прысудзілі 13 гадоў і 3 месяцы калоніі.

Патрык Шобэль – грамадзянін Нямеччыны. У студзені 2024 году яго арыштавалі ў Расеі за шэсць цукерак, якія нібыта змяшчалі марыхуану. Цукеркі ён легальна набыў у Нямеччыне і не ведаў, што ў РФ гэта забаронена. Шёбэль чакаў выраку суду.

Кэвін Лік – самы малады асуджаны ў Расеі па справе аб дзяржздрадзе. На момант вынясення прысуду яму было 18 гадоў. Нібыта хлопец у снежні 2021 года фатаграфаваў вайсковую частку ў Майкопе і адпраўляў здымкі «прадстаўніку замежнай дзяржавы». Быў пакараны 4 гадамі калоніі. Мае грамадзянства Нямеччыны і РФ.

Герман Мойжэс – юрыст, ідэолаг веларуху, грамадзянін Германіі і Расеі. Яго абвінавачвалі ў дзяржаўнай здрадзе.

Рык Крыгер – грамадзянін Нямеччыны. Сёлета 24 чэрвеня яго асудзілі ў Беларусі да смяротнага пакарання. Абвінавацілі паводле шасці цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК). 30 ліпеня стала вядома, што Рыка напісаў памілаванне на імя Лукашэнку – тым жа вечарам яго задаволілі.

Каго перадаюць Расеі

Вадзім Красікаў – кілер ФСБ. У 2019 годзе забіў у Берліне чачэнскага сепаратыста Зелімхана Хангашвілі, быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення. У лютым 2024 году Уладзімір Пуцін назваў забойцу «патрыётам» і публічна заявіў пра гатовасць абмяняць яго на Эвана Гершковіча.

Арцём і Ана Дульцавы – агенты-нелегалы, муж і жонка. Жылі ў Славеніі пад несапраўднымі імёнамі, выдавалі сябе за грамадзянаў Аргентыны. Былі арыштаваныя паводле абвінавачвання ў працы на расейскую выведку.

Павел Рубцоў – агент ГРУ, які выдаваў сябе за іспанскага журналіста Пабла Гансалеса. Быў затрыманы на польска-украінскай мяжы ў канцы лютага 2022 году. Яго абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Расеі.

Міхаіл Мікушын – агент-нелегал, які працаваў у нарвежскім Арктычным універсітэце. Выдаваў сябе за грамадзяніна Бразіліі, жыў пад несапраўдным персанальнымі дадзенымі. У 2022 годзе арыштаваны паводле абвінавачвання ў шпіянажы.

Раман Селязнёў – расейскі хакер. Прысуджаны ў ЗША да 27 гадам турэмнага зняволення за махлярства з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогіяў і крадзеж персанальных звестак. Селязнёў з пачатку 2000-х займаўся продажам скрадзеных дадзеных банкаўскіх картак. Ён утрымліваўся пад вартай з 2014 года, а канчатковы вырак атрымаў у 2018 годзе. 

Уладзіслаў Клюшын – расейскі бізнесовец, быў асуджаны ў ЗША да 9 гадоў зняволення за гандаль інсайдэрскай канфідыцыйнай інфармацыяй.

Вадзім Канашчанка – удзельнік кантрабандысцкай сеткі, якая нелегальна вывозіла высокатэхналагічнае абсталяванне з ЗША і перапраўляла расейскім дзяржаўным кампаніям. Быў затрыманы ў лістападзе 2022 году ў Эстоніі. Паводле медыяў, на следстве распавёў, што кантрабандысцкая сетка кантралявалася расейскімі спецслужбамі, а сам ён палкоўнік ФСБ.

Глеб Нержын, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале


Report Page