Палітвязні

Палітвязні

Вольны БрДТУ

На дадзены момант у краіне налічваецца 355 чалавек, якіх праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі вязнямі. Амаль штодзённа ў спісе з'яўляюцца новыя імёны сумленных і таленавітых беларусаў. Праграмісты, будаўнікі, бізнесоўцы, мастакі, валанцёры, настаўнікі вымушаны знаходзіцца ў нясцерпных умовах у СІЗА, папраўчых калоніях і турмах за тое, што не пагадніліся з фальсіфікацыямі й гвалтам.

Вольга, жонка Паўла Севярынца, чакае яго пад Акрэсціна. © Надзея Бужан

На вялікі жаль, гэтая доля не мінула і нашых студэнтаў.

Ілля Мігно — вучыўся на другім курсе завочнага факультэта. Асуджаны на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванню ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня.

Ілля Мігно

Ілля быў затрыманы 18 жніўня проста на працоўным месцы і змешчаны ў ІЧУ Брэста. Ён павінен быў выйсці праз тры дні, але замест гэтага яго перавялі ў СІЗА–7 і завялі крымінальную справу. Судовы працэс пачаўся 7 красавіка. Пацярпелымі выступалі міліцыянты са змененымі прозвішчамі і галасамі. Асуджаных абвінавацілі ў пагромах і гвалце ў бок супрацоўнікаў органаў унутраных спраў: кіданні камянёў, палак, бутэлек, пліткі, банак з фарбай ці смятанай (не жартуем).

Брэст 10 жніўня. © Раман Чмель

10 сакавіка суддзя Маскоўскага раёна Брэста Вера Філонік прызначыла менавіта тыя тэрміны, якія прасілі пракуроры. Зараз Ілля знаходзіцца ў Баранавіцкім СІЗА. Адрас для лістоў: СІЗА-6, вул. Брэсцкая, 258 В, г. Баранавічы, 225413.


Іншы палітвязень — Арсень Сіняк. Да адлічэння з'яўляўся студэнтам другога курса факультэта электронна-інфармацыйных сістэм. З 9 лютага, пасля выкліку ў Следчы камітэт, знаходзіцца ў СІЗА-7. Фігурант знакамітай "справы карагодаў". Разам з Арсенем па ёй праходзіць і ягоны бацька Яўген, які застаецца на волі.

Арсень Сіняк

Яшчэ да прызнання палітвязнем Арсеня часта затрымлівалі: 14 ліпеня падчас акцыі падтрымкі незарэгістраваных кандыдатаў (выйшаў з ІЧУ 1 жніўня), 7 жніўня разам з бацькам, 16 верасня абодва атрымалі па 15 содняў. Да змяшчэння ў СІЗА знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Арсень ідзе ў чацвёртай дзясятцы, даты судовых разглядаў з'явяцца пазней. Адрас для лістоў: СІЗА-7, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, г. Брэст, 224030.


Дапамога палітвязням вельмі важная. Яны не могуць сустракацца з роднымі і нязменна знаходзяцца пад прыгнётам супрацоўнікаў, якія імкнуцца як мага мацней зрабіць выгляд, што тых усе пакінулі. Таму абавязкова неабходна ўвесь час напамінаць, што пра іх не забыліся, і падтрымліваць.

Нягледзячы на суворыя ўмовы і грэбаванне законам, ёсць шэраг спосабаў усцешыць зняволеных. Вялікі дайджэст апублікавала "Вясна", таму коратка распавядзем пра сродкі дапамогі.

Найбольш вядомы і просты спосаб — пісаць лісты. Але і тут ёсць месца крэатыву! Акрамя цёплых слоў, можна даслаць малюнкі, налепкі, укласці канверты (каб атрымаць адказ) і маркі (асабліва каштоўныя міжнародныя: дзякуючы ім палітвязні маюць магчымасць адказваць замежнікам). Напрыклад, Максім Знак арганізаваў "Што? Дзе? Калі?" для сукамернікаў і таму просіць дасылаць яму пытанні для гульні. Для ліставання лепш за ўсё выкарыстоўваць канверты 1 класа, бо яны апрацоўваюцца ў першую чаргу і могуць быць адсочанымі, альбо дасылаць з паведамленнем пра атрыманне.

Абавязкова пішыце імя па бацьку, бо некаторыя лісты вяртаюцца з-за ягонага няймення. Адрасы можна знайсці ў спісе "Вясны", на сайце праекта штаба Віктара Бабарыкі і праз ініцыятыву dissidentby.

Існуе варыянт напісаць ліст анлайн праз гугл-форму Майстэрні паштовак, сайты "Письма в клеточку" і письмо.бел.

А яшчэ можна даслаць тэлеграму! Гэта хутка і даступна нават не выходзячы з дому. Для гэтага трэба патэлефанаваць па нумары 166 з 07.00 да 22.00.

Але лісты могуць знікнуць, не прайсці цэнзуру ці проста не быць перададзенымі. Таму грашовы перавод — гэта тое, што абавязкова дойдзе да палітвязня і дазволіць яму набыць нешта патрэбнае. Яго можна даслаць праз інтэрнэт-банкінг ці па пошце (там возьмуць камісію ў памеры 3% ад сумы). Падрабязней пра тое, як гэта зрабіць, тут.

Перадачы абавязкова неабходна ўзгадніць са сваякамі, бо іх агульная максімальная вага — 30 кг. Для берасцейцаў — гэта чат "Вясны" (тамсама можна спытацца, ці патрэбна дапамога сям'і зняволенага). Але вось колькасць бандэроляў не абмежавана (іх могуць атрымліваць толькі яшчэ не асуджаныя), і гэта цудоўны шлях даслаць штосьці карыснае (акрамя кніг і прадуктаў, якія хутка псуюцца).

Наконт літаратуры ёсць некалькі шляхоў. Палітвязня можна падпісаць на газеты і часопісы, каб ён меў магчымасць атрымліваць не толькі бязглуздыя навіны з дзяржаўнага тэлебачання і радыё, але і больш набліжаныя да сапраўднасці, ці распавесці пра мажлівасць замаўляць кнігі з крамаў і даслаць спіс з "Оза" альбо, напрыклад, "Янушкевіча".


Цяжка ўявіць сябе, як гэта — доўгі час знаходзіцца за кратамі. Мы няшмат што можам зрабіць для палітвязняў, таму трэба па максімуме выкарыстоўваць тыя сродкі, якія нам засталіся. Пішыце лісты, дасылайце тэлеграмы, рабіце грашовыя пераводы, бо гэта так лёгка для нас і так важна для іх.

Report Page