Падборка летніх кніг

Падборка летніх кніг

t.me/bellitra

Усе гэтыя падборкі "кнігі на лета", "кнігі на зіму" і г.д. — штука даволі суб’ектыўная. Таму проста сабрала для вас некалькі выпадковых кніг, якія добра пасуюць пад атмасферу лета.

Андрэй Хадановіч "Школа травы" (Кнігазбор, 2019 г.).

Найлепшая кніга паэзіі 2019 года (згодна з галасаванкай экспертаў ад Радыё Свабода і Прэміяй імя Наталлі Арсенневай).

55 арыгінальных вершаў і 5 перакладаў.

Найбольш летні, на маю думку, зборнік Хадановіча. Ад кнігі пахне летам і сонцам, калі падарожжы, каханне і бесклапотныя дні.


Міхаіл Вешым "Англійскі сусед" (Логвінаў, 2019 г.).

пераклад Таццяны Анікеенка

Летам часта хочацца чытаць нешта больш пазітыўнае, вясёлае. Гэтая кніга была прычынай майго рогату.

Каларытная балгарская вёска, якую аўтар насяліў яркімі персанажамі. Жыццё цячэ спакойна, пакуль аднойчы ў вёску не прыязджае англічанін, які купіў там дом. Жыццё вяскоўцаў, а разам з імі і жыццё замежніка, змяняецца да непазнавальнасці.


Альгерд Бахарэвіч "Сабакі Эўропы" (Логвінаў, 2017 г.).

Калі яшчэ чытаць такія тоўстыя кнігі, калі не летам?!

Паклаўся ў вёсцы на траву — і некалькі дзён ляжыш з адным томікам.

Чытаеш адну, але атрымліваеш ажно шэсць кніг. Менавіта столькі частак у рамане. Яны пераплятаюцца паміж сабой, утвараючы цікавы і мудрагелісты сюжэт.

Заадно і мову новую вывучыце — бальбуту ;)


Алесь Камоцкі "Глыбіня дажджу" (Мастацкая літаратура, 2007 г.).

А калі стоміцеся ад "тоўстага" Бахарэвіча, то можна зноў вярнуцца да паэзіі.

Вершы ці песні Алеся Камоцкага — заўжды добры выбар. Летні дождж — гэта ж тое, што трэба.

У кнізе сабраныя паэтычныя творы Камоцкага ад канца 1970‑х да пачатку 2000-х: вершы, тэксты песень, пераклады розных аўтараў.


Аліса Бізяева "Дзяўчына на прыпынку" (Аліса і Жук, 2017 г.).

А калі зноў вярнуцца да прозы, то можна пачытаць невялікія апавяданні ад Алісы Бізяевай з ілюстрацыямі аўтаркі.

Гэта зборнік апавяданняў, які ідэальна чытаць недзе ў адпачынку, на пляжы, на беразе мора, або ў нейкай ціхай горнай вёсачцы. Кніга такая спакойная, як лёгкія марскія хвалі, якія закалыхваюць вас.


Тумас Транстромер "Пад вольным небам" (Зміцер Колас, 2017 г.).

пераклады Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага, Алесі Башарымавай, Андрэя Хадановіча

І зноў вернемся да паэзіі. Зборнік цёплых вершаў ад халоднага шведскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2011 года.

Амаль усе вершы зборніка — верлібры ці вершы ў прозе. Яны поўныя эмоцый і пачуццяў. Мы бачым прыгожае ў будзённым, паэт рассоўвае рамкі нашых светаадчуванняў і паказвае, што сусвет большы за той, які мы звычайна прывыклі бачыць.

Report Page