Ён, яна і старажытны дуб. Вальс "1863" стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага

Ён, яна і старажытны дуб. Вальс "1863" стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага

Тётя Ира

Да дня народзінаў Каліноўскага, 2 лютага, вальс Кацярыны Ваданосавай “1863” ўвасобіўся ў шчымлівую відэагісторыю. Яна - пра людзей, якія змагаліся за волю. Тады мужчыны сыходзілі са зброяй у лясы. Жанчыны – апраналі жалобу ў знак пратэсту. Сёння гісторыя паўтараецца. На яве і на экране. Для канала “Тётя Ира разрешила” удзельнікі здымак кліпа расказалі, чаму гісторыя даўжынёй у 160 гадоў у 2023-м адчуваецца, як асабістая.

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры ў вобразах герояў 1863-га

Сюжэт стары, як само жыццё

“Гэта не канкрэтны гістарычны момант, а больш настрой, - кажа аўтарка музыкі і выканаўца жаночай ролі ў кліпе Кацярына Ваданосава. – Настрой паўстанца, які сыходзіць і настрой  жанчыны, што застаецца змагацца так, як можа”.

 “Сюжэт гісторыі стары, як само Жыццё”, - кажа пра кліп выканаўца ролі паўстанца Васіль Шэры. - Змаганне за Волю. Змаганне тымі сіламі, якія ёсьць у наяўнасьці тут і цяпер: хто можа – змагаецца зброяй, хто можа – [іншай] дзеяй.

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры на здымках кліпа да вальса "1863"

Наш час цешыць і страшыць. Як і час паўстанцаў

Кацярына расказала, што мелодыя вальса нарадзілася ўжо даўно. Але адшліфавалі і давялі яе да сённяшняга выгляду падзеі нядаўняга мінулага. “Зараз мы пражываем вельмі бліжкія эмоцыі і падзеі, як людзі, што жылі тады”.

Жанчына ў чорным і герой, што сыходзіць

“Для мяне вельмі блізкая і шчымлівая тэма жанчыны часоў паўстання, - тлумачыць Кацярына. - Яшчэ да паўстання яны мелі свой супраціў. Жанчыны апраналіся ў жалобу і нават мелі адмысловую «чорную» біжутэрыю. Такім чынам яны паказвалі сваю нязгоду з палітыкай Расійскай имперыі. Пасля паразы паўстання, калі жандары сустракалі на вуліцы жанчыну ў чорным, яны мелі права запатрабаваць даведку, ці насамрэч у яе памёр нехта са сваякоў. Калі такой даведкі не было, ёй пагражаў штраф, альбо нават высылка ці канфіскацыя маёмасці.

“Мой персанаж – паўстанец, - расказвае Васіль Шэры. - Ускосна можна зразумець, што ён з незаможнае шляхты. [У момант развітання] ён разумее ўжо, што Перамога адбудзецца не заўтра і нават не ў наступным годзе. І ён ідзе наперад, бо мэта яго вышэй за валоданне фальваркам і прывілеі, вышэй за ціхую ўтульнасьць існавання, вышэй за асабістае жыццё”.


Васіль Шэры на здымках кліпа да вальса "1863"

Іграць паўстанца, па словах Васіля, было вельмі натуральна: “Безумоўна, я трансляваў свой уласны досьвед. У гэтай “ролі” я ўжо шмат год, толькі ўлічваючы сучасныя гістарычныя ўмовы… У падрабязнасьці не буду паглыбляцца – хто мае ведаць, той ведае… А як у гэтай “скуры”? Можна сказаць, я не вылазіў са сваёй”.

Дуб, які памятае паўстанне

Месца для здымак кліпа таксама выбралі невыпадкова. Дрэва ў сюжэце мае ўласнае імя. Гэта 450-гадовы Дуб Дунін.

"Ён бачыў і бітвы Паўстання 1863-64 гадоў, і  развітані паўстанцаў з роднымі. –кажа Васіль. -  Падляшша ў тыя часы адносілася да Гарадзенскага ваяводства і было ледзьве не цэнтрам канцэнтрацыі супрацьстаяння з імперскімі сіламі.


Героі кліпа пад дубам Дунін, дрэвам Еўропы-2022 года

"Гэта месца я вельмі люблю і лічу яго адным з самых маляўнічых і прыгожых месцаў Падляшша, - расказвае Кацярына. - Гэта дуб, названы ў гонар  Дуніна-Марцінкевіча. У 2022-ім ён прызнаны дрэвам года ў Еўропе».

Для сябе і ў падарунак Каліноўскаму

“Я не ведаю, што з гэтага атрымаецца”. – кажа Кацярына. Ідэя зняць “тэлефонавідэа” нарадзілася спантанна, падчас адной з сустрэч з сябрамі. Кацярына расказала ім пра жаданне зрабіць падарунак Каліноўскаму і сябры прапанавалі дапамагчы ў здымках.

Героіка і нават рамантызм музыкі і відэасюжэта, меркаваннем Кацярыны, далёкія ад эскапізму ці сыходу ад сучасных праблемаў.

Васіль Шэры на здымках

“Гэта [відэа] для мяне і для тых, хто са мной на адной хвалі. – кажа Кацярына. - Для тых, хто ведае, што у Каліноўскага дзень народзінаў 2 лютага. Хто адзначаў угодкі паўстання. Для тых, каму гэта важна і хто адчувае падобным са мной чынам”.

Кацярына Ваданосава і Васіль Шэры на здымках кліпа "1863"


Report Page