Па Гродне з аўдыягідам. Валанцёры распрацоўваюць аплікацыю, каб расказаць пра свой горад

Па Гродне з аўдыягідам. Валанцёры распрацоўваюць аплікацыю, каб расказаць пра свой горад

Hrodna 11:27

У Гродне ствараюць аўдыягід з маршрутамі гродзенскіх краязнаўцаў. Стваральнікі гіда абяцаюць тэматычны кантэнт: карты цікавых месцаў, афішы падзеяў, гайды, а таксама артыкулы па гісторыі і шэраг міні-фактаў пра горад. Telegram-канал Hrodna 11:27 даведаўся падрабязнасці стварэння аўдыягіда.

Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: Старонка Inatagram Pabach Hrodna

“Нам здаецца, гэта тое, што ўжо даўно было на паверхні. Наўрадці хто-небудзь будзце спрачацца з тым, што наш горад мае вельмі цікавую і разнастайную гісторыю і вялікую колькасць гістарычных помнікаў, якія захавалі. З-за гэтага да нас прыязджае шмат турыстаў. Як мы маглі назіраць улетку,  не заўсёды і гідаў хапала на ўсіх”, - распавяла Telegram-каналу Hrodna 11:27 адна з аўтарак аўдыягіда. - “Тобок неабходнасць нейкага дадатка, які б дапамагаў і нашым мясцовым гарадзенцам пазнаць лепей горад і яго гісторыю, і вандроўнікам з іншых гарадоў і краін пазнаёміцца з ім бліжэй, – гэта вельмі яўная патрэба”.

Слухай, каб пабачыць

У камандзе Pabach Hrodna лічаць, што людзі праводзяць дастаткова шмат часу ў тэлефонах. Таму ім хацелася максімальна высвабадзіць чалавека ад кантакта з экранам, каб ён мог пабачыць сам горад і цікавосткі ад гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. “Адсюль і ідэя і назва прыкладання”. 

Праект ствараюць валанцёры

Паводле словаў дзяўчыны, праект - цалкам валанцёрская ініцыятыва. Каманда складаецца з зацікаўленых “добрых і таленавітых гродзенцаў”.

Тэхнічную каманду складаюць айцішнікі, каманду па кантэнту - гісторыкі, краязнаўцы, гіды і настаўнікі. Ёсць людзі, якія не маюць гістарычнай адукацыі, але разумеюць, як арганізавана сучаснае гарадское асяроддзе. 

На думку стваральнікаў, “для чалавека важна не толькі даведацца нейкія гістарычныя факты, але і дазнацца, куды можна зайсці паесці, дзе ёсць цікавыя месцы для дзяцей, якія зараз працуюць музеі і выставы, дзе можна знайсці якасны падарунак”.

Пачалі з версіі для Android 

Зараз каманда займаецца стварэннем версіі аўдыягіда для Android. Яе можна будзе бясплатна спампаваць ў краме дадаткаў Play market. Стваральнікі спадзяюцца, што гід будзе гатовы ў першай палове 2023 года.

“Праца вядзецца паступова, ужо зроблена вялізная частка. Але памятаем, што праект валанцёрскі. Шмат што залежыць ад занятасці саміх валанцёраў, якія дапамагаюць у свой вольны час. Таму робім, што магчыма, каб знайсці аптымальны баланс паміж якасцю і хуткасцю. Нам і самім ужо вельмі хочацца падзяліцца вынікамі працы”, - сказала дзяўчына.

Аўдыёгіду трэба здаць экзамен 

З 1 студзеня 2023 года аўдыягіды павінны праходзіць атэстацыю. Яна адбываецца ў Міністэрстве спорта і турызму альбо ва ўпаўнаважаных ім дзяржарганізацыях. Там павінны ацаніць галасавое суправаджэнне тэкста аўдыягіда, сам тэкст, афармленне схемы маршрута, а таксама фота і відэа, калі такія прадугледжаны.

Распрацоўшчыкі аўдыягіда робяць усё, што неабходна, каб дадатак прайшоў афіцыйныя атэстацыі і праверкі. “Якраз зараз удакладняем усе гэтыя пытанні”. 

Навошта яшчэ адзін?

Падобныя аўдыягіды ўжо ёсць у Гродне - Grodno guide, а таксама “Славутасці Гродна”. Паводле словаў дзяўчыны, “гэта вельмі добрыя праекты, але ўсё ж у нас ёсць адрозненні. Мы робім менавіта аўтарскія маршруты і супрацоўнічаем з нашымі краязнаўцамі і гісторыкамі”. 

У канцы 2020 года ў Гродне запусцілі мабільны дадатак Grodno guide. Ён ўяўляе сабой звычайную карту Гродна з сэрвісу «Яндекс.Карты», сумешчаны з каталогам гасцініц, інтэрнатаў, аб’ектаў грамадскага харчавання, гістарычных і культурных аб’ектаў, забаў. У сакавіку 2022 года ніякія аб’екты на карце ў Android-версіі дадатку не адлюстроўваліся. Не грузіліся таксама турыстычныя навіны. У 2022 годзе гарадскія чыноўнікі планавалі выдаткаваць на яго абслугоўванне больш за 8,5 тыс. рублёў. 

Ад “Гарадзенскіх коцікаў” да гарадскога медыя

Таксама, ў дадатку Pabach Hrodna будуць іншыя цікавыя вобласці. Пра іх будуць паступова распавядаць на старонцы аўдыягіда ў Instagram

“У ідэале нам бы хацелася зрабіць пляцоўку, дзе можна будзе дзяліцца якасным і карысным гістарычным кантэнтам і сучаснымі цікавымі мерапрыемствамі горада”. 

Гродзенскія коцікі ад Pabach Hrodna. Крыніца: Старонка Inatagram Pabach Hrodna

У Instagram стваральнікі праекта Pabach Hrodna падпісваюцца, як “Гарадзенскія коцікі”. Яны ўпэўненыя, што коцікі - важны сімвал горада. “Бо хто не бачыў, як яны мурлыкаюць і валяюцца ў кожным дворыку? І хто ведае горад лепей, чым яны?”.

Акрамя гэтага, каманда распавяла, што іх “вялікі начальнік” - кот Стэфана Баторыя. “Гэта праект нашага знакамітага гродзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча, якім ён пагадзіўся падзяліцца. І гэта таксама фарміруе сучасны гарадскі фальклор”. 

Падтрымаць каманду стваральнікаў Pabach Hrodna і падпісацца на іх у Instagram можна тут

Таксама вы  можаце падтрымаць  аўтараў Hrodna 11:27 кубачкам кавы.












Report Page