ПАЎСТАНЬНЕ СУПРАЦЬ СЬВЕТУ ГЭНАГА: АД АНГСТУ ДА АГНЦУ

ПАЎСТАНЬНЕ СУПРАЦЬ СЬВЕТУ ГЭНАГА: АД АНГСТУ ДА АГНЦУ

Troens Ridder // 31.08.2024, на ўскладаньне пачэснага поясу Найсьвяцейшай Багародзіцы; свмч. Кіпрыяна, біскупа Картагенскага
Се сказаў Я вам, каб вы мелі ў Імне супакой. У сьвеце будзяцё мець смутак; але будзьцё адважныя: Я перамог сьвет.

Сяньнішні змрочны час нярэдка вымушае чалавека заняпасьці ў стан, які нямецкія хвілёзапы (станк. — філёзафы) звыкла пазначаюць як ангст (ням. Angst — боязь, жах). Сёрэн К'еркэгар пад ангстам разумее экзістэнцыяльны жах, які няздольныя адчуваць жывёлы. Гэткае пачуцьцё, напэўна, найбольш яскрава можа адлюстраваць нам, покуль знаходзімся ў гэным сьвеце, чым ёсьць пекла. Бо менавіта найбольшай сваёй аддаленасьцю ад Бога й жахлівае пекла; гэта й ёсьць найстрашнейшая пакута, якую адчувае грэшнік: згубленае блаславеньне Гасподняе. Выкліканае ня нечым канкрэтным матэр'яльным ці, прынамсі, зразумелым, а нейкай незагойнай ранай на душы, пачуцьцё жаху й уласнае неадвечнасьці — запраўдны стан жыцьця ў пекле ўжо тут, на гэнай зямлі.

Унутраная пустэча, якой зьяўляецца ангст, можа мець шмат розных тлумачэньняў ад людзей, ёйную першапрычыну спрабуючых ігнараваць. Процьма псіхолягаў будзе казаць, што вашая дэпрэсыя мае карані ў нейкіх жахах дзяцінства; хвілёзапы будуць выдумляць глыбокія тлумачэньні ў залежнасьці ад свае думкавай школы; Тодар Качынскі будзе вінавоціць у гэтым стане душы індустрыяльную рэвалюцу. Усі яны ў той ці йіншай меры будуць больш ці менш правыя, але, змагаючыся кожны за свае ўласныя ідэялі, кожны будзе спрабаваць лячыць сымптомы хваробы, ігнаруючы першасную прычыну, якая ёсьць вельмі простай. Ніякія дазоўкі антыдэпрэсантаў, ані бясконцыя завумныя трактаты, ані сыход у лес ня могуць вырашыць цалкам галоўную прычыну ангсту — аддаленьне ад Госпада. Ён жа кліча нас да Сябе на працягу ўсяго наськага зямнога жыцьця, няхай мы звычайна й не згартаем увагі ці не разумеем пасланьняў.

Ангст — пячатка першароднага граху, пячатка жыцьця ў сьвеце гэным. Ланцуг, якім абкаваны кожны, хто захрас у жыцьці, пазбаўленым плённых пошукаў Вышняга. І адзінае, што здольна запраўды вырваць нас із гэнага ланцугу — паўстаньне супроць таго, хто імкнецца зрабіць нас сваем палонным. Паўстаньне супроць князю сьвету гэнага. Гэтым паўстаньнем і ёсьць вера, гэтымі паўстанцамі й ёсьць хрысьціяне.

Антынігілістыя, альбо ж лыцары веры, — гэтак мы сябе вырашылі назваць, пазычыўшы ідэю, што даўно вярцелася ў наваколіцы. Першы тэрмін узяты з рознай літаратуры ХІХ-ХХ стагодзьдзяў і шэрагу інтэрнэт-тропаў, другі — з працаў дацкага хвілёзапа-пратэстанта Сёрэна К’еркэгара. Хто ж такія гэтыя антынігіліст і лыцар веры? Тыя, хто йдзе на паўстаньне супроць сьвету, хоця ж усё навакольле й крычыць ім аб адваротным. Гэта тыя, хто верыць у сваю перамогу не з рацыянальных прычынаў і нават не з прычынаў этычных, але ж верыць сілаю, у нечым нават падобнай да абсурду, ня гледзячы ні на што. Антынігіліст — гэта Абрагам, які прыносіць Ісака ў ахвяру, ідучы за сваёю верай. Антынігіліст — гэта Ёў, які церпіць усі нядолі, спасланыя яму ў іспыт. Антынігіліст — гэта любы хрысьціянін-спаведнік, які церпіць пакуты, але не адмаўляецца ад сваёй веры, альбо нават прымае пакутніцтва.

Сьвяты Ян Залатавусны гэтак вучыць нас быць антынігілістымі:

“Праўду кажуць: той, хто верыць у Яго, не пасароміцца. Глядзі, у гэтых словах пазначанае [першае] прышэсьце Ягонае, каторае хоця б было й вельмі слаўным, але ж патрабавала веры. А падчас слаўнага [другога] прышэсьця Ягонага, ня будзе патрэбы ў веры, бо веліч Боская напоўніць усё замест веры. Ці бачыш, што заўсёды патрэбная вера? Кажа: той, хто верыць, а ня: той, хто намагаўся ўразумець Яго; кажа: той, хто верыць, а ня: той, хто пытаўся й дасьледваў; кажа: той, хто верыць, а ня: той, хто старана асягаў. Няхай пасаромяцца тыя, што хочуць асягнуць Неасягальнага! Ці бачыш, што заўсёды патрэбная вера. Што Ён нарадзіўся, жыў на гэнай зямлі, памер, цярпеўшы катаваньні й пакуты, і ўратаваў увесь сьвет крыжом, — ува ўсё гэта мусім верыць.”

І, канечне, лыцар веры ў гэтай самай веры не заходзіць у крайнасьць sola fide (ляц. “толькі верай”), паколькі менавіта сыходзячы са сваёй глыбокай веры й займаецца тым, што робіць спаведніцкія ўчынкі, як і ўсі тыя сьвятыя, каго вышэй мы паставілі ў прыклад. Лыцар веры — паўстанец, а паўстаньне бязь дзеяў немагчымае. Антынігіліст жыве надзеяй, і надзея не расчароўвае (да Рымлянаў 5:5). Запраўды, надзея не расчароўвае, бо кожны лыцар веры дакладна ведае, што нішто й ніхто ня зможа адлучыць яго ад Гасподняга блаславеньня й Гасподняй любові.

Як жа праявіць ся ў якасьці лыцару веры, альба стаць антынігілістым, у штодзённым жыцьці?

1) Кожны дзень сьвядома ймкнуцца да выкананьня запаведзяў Гасподніх у сваех словах і ўчынках.

2) Шчыра верыць, што Ўсемагутны Бог цябе ўмацуе й дапаможа, што безь Яго немагчыма нічога, а калі цалкам ускласьці спадзеў на Яго — магчыма ўсё.

3) Абапіраючыся на гэтую веру, не здавацца й не засмучацца перад тварам якой бы то ні было перашкоды.

Бо толькі ў Госпадзе мы аздараўляемся, толькі празь Ягоную дапамогу й дабраславеньне ўзмацоўваемся. У гэным сьвеце мы такія ж рабы, якімі былі гэбрэйі ў Ягіпце; у Госпадзе ж мы вольныя.

Кожны лыцар веры ведае, якія наступствы мае ягоны выбар, менавіта таму й пазбаўляецца антынігіліст ангсту, што замест гэтага, паўстаючы, абірае Агнца (ляц. Agnus DeiБаранак Божы; гэта значыць Хрыстос).

Кожны антынігіліст крэпкі ў сваёй веры, няхай і чакаюць яго ў навакольлі рэчы, якія хіба што толькі ўмацоўваюць нігілізм: спакусы, пакуты, перасьлед. З тых жа прычынаў, чаму нігілістыя, ніцшыянцы й экзістэнцыялістыя поўняцца жаху ці абыякавасьці да жыцьця, робяцца цынічнымі, антынігіліст толькі ўмацоўваецца й яшчэ больш натхнёна складае сваё веравызнаньне, веруючы нават у такім стане, у якім, падаецца, верыць было б глупствам.

Такім чынам, ангст — наступства адыходу ад веры.

Антынігіліст жа, ці лыцар веры — той, хто паўстае супроць сьвету гэнага, да веры навяртаючыся.

Аўтор: Стары Ўлась

Тэлеграм: https://t.me/lycarviery


Report Page