Пімкі

Пімкі

Кірыл Стаселька

Прэпрынт часткі з кнігі "Пімкі" для папярэдняга знаёмства. Дадатковая інфармацыя ў сацыяльных сетках: #Пімкі

Клетнік

Пярсцёнак

Гэты пярсцёнак некалі належаў Амяльяну — дзядзьку жонкі прапрапраўнука Міхала.

У дзень, пасля якога святло месяца растварае цемру на сцяжынках, Амяльян знайшоў у полі бліскучы пояс. Яго залатыя ніткі ўсміхаліся сонцам і грэлі пальцы, а роспісы раскрывалі таямніцу свабоды і шчасця. Але не паспеў ён схаваць той пояс, як перад Амяльяном з'явіўся Кладнік — гаспадар каштоўнай рэчы. Яго незвычайна прадаўгаватая галава з запалымі шчокамі была пакрытая залатым каўпаком, які водбліскамі зрэдку асляпляў, нібы начны маяк, і ад цяжару якога галава Кладніка ўпіралася ў плечы. Хударлявае цела амаль цалкам хаваў срэбны кафтан, які грэў узімку, а ўлетку захоўваў прахалоду. На нагах, якія ён з цяжкасцю перасоўваў, красаваліся срэбныя чаравікі з фігуркамі птушак на мысках. Кладнік абапіраўся на высокі кій, верхавіну якога вянчала залатая булдавешка ў выглядзе галавы мядзведзя з мноствам каштоўных камянёў празрыстых, зялёнага, чырвонага і белага колераў.

Кладнік запатрабаваў вярнуць яму пояс, але Амяльян выправіў яго шукаць вялікую таямніцу праз тры княствы і адно каралеўства да дуба, ствол якога абмывае мора, і ў каранях якога схаваны куфар, вечка якога зроблена з пяці відаў дрэва. (...Бо дарагая знаходка ўжо адгукнулася звонам у грудзях Амяльяна.) Тады Кладнік паабяцаў наўзамен адарыць незнаёмца скарбамі продкаў, і Амяльян пагадзіўся.

Перш Кладнік загадаў узяць усе манеты з дому і закапаць іх глыбей за тры локці ў самы дажджлівы летні дзень на вяршыні дзявятага пагорка на поўнач ад двара Амяльяна, каб улагодзіць зямлю — гаспадыню скарбаў. Затым — прадаць усю худобу, а на гэтыя грошы наняць дзевяць мужыкоў, якія будуць капаць ад поля да лесу на паўлокця ўглыб, каб багаццю было лягчэй вызваліцца з земляных кайданоў. Калі ў Амяльяна ўжо нічога не засталося, акрамя маленькага пярсцёнка, Кладнік апавёў яму, як вырасціць Клетніка, які абавязкова адшукае скарб.

Напачатку Амяльяну давялося тры сотні дзён шукаць чорную сямігадовую курку, вочы якой гарэлі знічкамі. Затым ён чакаў пяць разоў па тры сотні дзён, пакуль яна знясе яйка па форме — як ракавіна, па месцы — як дом, па колеры — як ноч. Пасля гэтага — яшчэ тры разы па тры сотні дзён ён выношваў яечную ракавіну пад пахай, як жанчына выношвае мужчынскі дар. На апошні дзень з яйка вылупіўся маленькі змей — гэта і быў Клетнік. Тры сотні дзён Амяльян нічым яго не карміў, толькі паіў ранішняй расой і начной свежасцю. За гэты час Клетнік вырас у тры сотні разоў, ягоная луска пералівалася агнём і золатам гэтак ярка, што глядзець балюча, а крылы былі такія вялікія, што маглі загарадзіць нябеснае свяціла. На наступны апошні дзень Кладнік загадаў накарміць Клетніка яечняй, якую трэба было пасаліць пяццю кулакамі. Так Амяльян і зрабіў, бо не ведаў, што ад солі Клетнікі злуюцца больш за ўсё на свеце, нават болей, чым ад пустых камянёў.

Раз’юшыўся Клетнік так моцна, што абрынуў вогненнае дыханне на дом гаспадара ды потым паляцеў шукаць вялікую таямніцу праз тры княствы і адно каралеўства да дуба, ствол якога абмывае мора, і ў каранях якога схаваны куфар, вечка якога зроблена з пяці відаў дрэва. А Амяльян застаўся без дабра, без Кладніка, без Клетніка, без скарбу і без хаты, толькі з маленькім пярсцёнкам.


Рэаліці па кнізе "Пімкі"

Далучыцца да чытацкай супольнасці


Кірыл Стаселька:

vk.com/staselkakiryl

facebook.com/kiryl.staselka

instagram.com/kirylian/

twitter.com/StaselkaKiryl

https://ok.ru/staselkakiryl

https://t.me/Staselka

Linkedin.com/in/staselkakiryl/


Даведацца пра кнігу Дзевяць жыццяў Віта Морэ

Даведацца пра кнігу Marginalis

Даведацца пра кнігу Дзіцячы маніфест




Report Page