«Нявыказаная праўда»
Śьwiatlanka«Нявыказаная праўда»
Сьвятлана Зьнічка
*🌌🥀
<Заснавана на паданні ды адчуваннях аўтара>
*
«...Дзе жыць, дзе тварыць жыццё новае трэба, —
Там сыплюць магілы, там — смерць, пахароны!»
Я.Купала
*
Смяюцца праз вокны яскравыя кветкі,
Пра кожную складзены песні здаўна.
Ты бачыш: у ценю заснулі палеткі
І дзіўная кветка сумуе адна.
***
У горадзе дальнім, на беразе мора,
Дзе ў сцёках чароўная б'ецца вада,
Стаіць непрыступны, у даўнім уборы
Куток, дзе прытулак займела бяда.
Атручаны замак бязлітасным ценем,
Ёсць ён і ёсць цемра – зняволенне ўдвух.
Аздобіла цьма яго змрочным адзеннем.
Вакол жа – жыццё і яго хуткі рух.
Ён мёртвы, а толькі стаіць між жывых,
Бы вечнасці помнік за боль і пакуты,
За старасць і затхласць магілаў гнілых.
Тут вее паўсюдна слядамі атруты.
І ўсё ж не бывае смярцей без жыцця –
Луналі і ў замку пачуцці, бы здані,
Той час быў імгненнем, змяніў ход быцця –
Складаюць дагэтуль легенды, паданні.
Стагоддзі мінулі бясследна, знікалі,
Як кветкі з палёў, сярод горада людзі,
І толькі шурпатыя сцены схавалі
Дух постаці, што раз паверыла ў цуды.
***
Самота павольна з'ядае знутры,
Але прытупіўся з гадамі мой боль.
Я стаўся ахвярай сваёй жа ігры,
Дзе правіл няма, а страх узяў кантроль.
Пагляд страшна кінуць на чорнае люстра –
У ім бачу я постаць агіднай пачвары,
Душа пала ў змрок, замест сэрца там пустка.
Нянавісць мая так і хоча расправы.
Ратуе ажно самаробная маска –
За ёй адыходзіць праз знешнасць мой страх.
Так смешна... Пужаюцца нават і краскі,
Як толькі пабачаць у вокнах мой стан.
Сумневу няма, што заўжды я так жыў:
Знясільваў сябе, вар'яцеў спакваля,
Сям'я давяла – сцены з путаў я віў –
Напэўна, таго я быў варты з маля.
Няма выйсця з гэтага замку з пяску,
Адзін рух – і апора ўпадзе, руш назад.
І радасць адна – жывучы ў цісках,
Маўкліва глядзець на квітнеючы сад.
Ішлі мімаволі гады, як аднойчы
Я ўбачыў у кветках макушку дзяўчыны:
Кралася, бы ласка, пад покрывам ночы,
Убраная ў бледнасць сівой павуціны.
Адразу жа гнеў ахапіў, як рукамі
Ірваць пачала яна кветкі, былі што
Усім маім жыццем! Не спаў я начамі,
А марыў свой сад зрабіць больш экзатычным.
Захлынула роспач праз гэту нахабнасць,
Але ж паказацца наўпрост ёй не мог.
Пракляты мой лёс! Няўжо буду я вечнасць
Хавацца й чакаць лепшай долі ў ног?!
Тады я ні вока не сплюшчыў тры дні:
Чакаў на зладзейку, пасля – назіраў
І думаў, нашто ёй, такой чысціні,
Пракрадвацца ў сад мой, губіць гэты рай.
Ізноў час ляцеў, а з ім – злосць на дзяўчыну.
Спазнаць прыгажосць, што не ведаў ніколі, –
Хіба то не шчасце? Яна, аблачынка,
Прымусіла позірк мой здацца ў няволю
Яе тонкіх рук і прывабнага стану,
Іскрыстага твару, цьмяных валасоў.
Цікавіла толькі імкненне ад саду
Забраці паболей прыгожых цвяткоў.
Аднойчы рашыў я за ёй прасачыць,
Узброіўся маскай і чорным плашчом,
Хоць ведаў, што раны мае залячыць
Не можа нішто, я, наіўны, пайшоў.
Раней і не думаў, што ў горадзе побач
Жыццё можа колерам пералівацца
Блакітным, ружовым... Адрыне ў міг горыч
Ад сэрца таго, хто прывык усміхацца.
Вось толькі зладзейка мая – выключэнне:
Бяднота скавала ёй прагу да жыцця,
Прымусіла трапіць у ганьбы цячэнне,
Тануці, у кветках шукаючы выйсця.
Той дом ледзь трымаўся за сонечны ранак,
Вакол – сляды бруднай вады, ейных ботаў.
Свабодным ад гразі пакінулі ганак,
Дзе кветкі каналі пад гукі дурнотаў.
Дзяўчына ў сад уварвалася гэтак
Праз беднасць сваю – немагчыма так жыць!
Даведаўся: мусіла продажам кветак
На шчасце й сумленнасць сабе зарабіць.
Пабег я ў замак, заплюшчыўшы вочы, –
Так моцна сціскалася сэрца ад болю.
Тады я рашыў: памагу ёй аднойчы,
Ніколі пакутаваць больш не дазволю.
Не ўспомніць, калі раней столькі імпэту
Пабачыць было можна ў рухах маіх,
Нібы прыадкрыў я заслону сакрэту
І мушу крануць сутнасць тайнаў старых.
Уночы, бы злодзей, гайсаў па кутах,
Цяжкой ліхаманцы аддаўшы аброць.
«Ствару тую кветку, што ў іншых садах
Не знойдзе ніхто! Будзе коштам як плоць,
Красой жа – як цуд!» – такі быў мой намер.
Тры дні зноў не спаў, працаваў ўначы,
Быў вольны – глядзеў я скрозь тоўсты бар'ер
Між ёй і сабой, нават меўся ўцячы
Да яе цёплых рук, каб адчуцца каханым...
Аднак жа не мог я таго дапусціць:
Мой выгляд прыгнеціць яе, бы туманам,
Задушыць, уцягне ў свет, дзе не жыць...
Вось кветка ўжо прад маімі вачыма,
Залітая сонечнай ласкай краса
Заззяе, як толькі блакіт да дзяўчыны
Даткнецца. Імгненне – й асядзе раса
На тысячы йскрыстых асколкаў брыльянта.
Глядзеў я так доўга на створаны цуд,
Пакуль мае ногі не сталі як вата,
А горла не сціснуў мне ядраны жгут.
Кранула ўсмешка: ледзь-ледзь не праліў
На голы пялёстак вяшчальніцу болю.
Я чуў толькі «кап» ды зноў ціхі матыў,
Ён болей меў сэнсу, чым крыкі на волі.
Раіліся думкі ў змораным целе,
Праз іх усё балючай было існаваць.
Не вытрымаў – сеў на падлогу ў цені,
Пачаў я салёныя кроплі глытаць.
Ніколі датуль не быў здольны кахаць,
Знянацку адчуў мяккі дотык лісця.
Гэта здзекі! Будую я хісткую гаць,
Каб нейкай там кветкай крануцца жыцця
Ды хоць бы й дзяўчыны! На болей не здатны,
Такія, як я, усё сядзяць і чакаюць,
Калі хтосьці прыйдзе і вырашыць справы,
Павольна жыцця яны рэшткі губляюць...
Прабач, гэты свет паступіў з намі жорстка.
Ты – вецер, я – попел. Было так заўжды,
І я не ў сілах змяніць гэта. Проста
Прыняць трэба вусцішны боль у душы.
Марудна цягнуўся час міма мяне,
Прыгнаў статак мук і чакання часы.
І сонца зайшло, даўшы месца працьме,
І высахлі срэбныя кроплі расы
На тысячах йскрыстых асколкаў брыльянта.
А сад усё марнеў, так не стаўшы патрэбным.
Так вокладка даўніх часоў фаліянта
Хавае сакрэт, што для многіх ганебны.
Чакаў прагавіта, калі па скарб прыйдзе,
Каго я спрадвеку жадаў бачыць побач.
Шлі хмурныя дні ў страшнейшае крыўдзе,
Аздобленай голадам, громам апоўнач.
Мне так не ставала дзявочай усмешкі!
То сам я быў Зеўс, кідаў рэчы на дол,
То чуў я сябе бессэнсоўнаю пешкай
Жыцця злабадзённай гульні. Бы ўкол,
Наведала думка. Страшней не бывае
За то, што сабе ўявіў я. Пад вечар,
Зноў цемры шматком ахінуты, па гаі
З усёй сілы бег, толькі звон з вышніх вежаў
Я чуў. Ці то білася сэрца ў грудзях?
Наўрад ці ў такога, як я, яно ёсць.
Усё не ў той час, я абраў не той шлях!
З крывёю змяшаная едкая злосць
На лёс, на сябе – немагчыма так жыць!
Урэшце прыбег, праклінаючы дзень,
Калі нарадзіўся на свет. Згубіў ніць,
Якой я трымаўся, як быў сярод сцен.
У ветры, што зносіў усе перашкоды,
Імкліва тануў, як і раней, той дом.
Пачуў раптам перадсмяротную оду,
У такт якой біўся ў агоніі гром.
Наперадзе ўпарта чакаў на мяне
Найгоршы канец для любога тварца:
Дзяўчына памерла, а разам й мае
Надзеі і мары – то быў сэнс жыцця.
***
Гісторыя рэдка калі мае добры
Канец. То, магчыма, ён – толькі пачатак?
Часамі не бачна сапраўднасць: аблога
Скрыць здольна святло за мільёнам пячатак.
Прынамсі, вагу мае толькі то сонца,
Спазнаў што герой. Мусіць ён самастойна
Ствараць свае фарбы, матывы. Прамоўца ж
Паглыбіўся ў вір чалавечай істоты,
Стаяў непахісна, хоць болю камяк
Штораз меў намер збіць самога з дзвюх ног.
Яшчэ больш магутным быў сіні маяк –
Та кветка, бы крыж замагільных дарог,
Забрала сабе ўсе колеры светаў,
Надзеі й пакуты, каханне й нянавісць.
Напэўна, яна якраз стала вось гэтым
Жыццём, ад якога ўначы бярэ зайздрасць.
Той сад быў багаты на безліч шыпоў
Калючых і мяккіх, свабодных і кволых
Цвяткоў. Дзеля іх на грахі быў гатоў.
Але і ў ціхім балоце чорт вольны –
На жаль, яны могуць узяць на прыцэл,
Душу рэзаць, плоць нечакана балюча.
Здавалася нават, што боль у руцэ
За той, што на сэрцы, нашмат больш пякучы.
На практыцы – не, бо знікаюць бясследна
І людзі, і кветкі, і боль ад пакут.
Адзін іхні дух асудзілі бязмэтна
Блукаць і шукаці наступны сасуд.
***
Смяюцца праз вокны яскравыя кветкі,
Пра кожную складзены песні здаўна.
Ты бачыш: у ценю заснулі палеткі,
Смеральда ізноў засталася адна.
*🥀