Няпросты дзень "ліс" і ўратаванне "Фленсбурга"

Няпросты дзень "ліс" і ўратаванне "Фленсбурга"

Гандбол са сваёй званіцы

Мінае час, але ёсць рэчы, якія не змяняюцца. Аўтсайдары дагэтуль не могуць здабыць пункты. "Хам-Вэстфален" 45 хвілін аказваў супраціў "лісам", але гэтага не хапіла. "Міндэн" жа нічога не паказаў на фоне "рэйнскіх львоў".

Не нашмат лепш выглядае "Вецлар". Вялікая колькасць памылак дазволіла "Гановеру" абысціся малымі сіламі. Высілкаў крайкоў Марыяна Штайнхаўзера і Вінсэнта Бухнера хапіла, каб трымаць гульню пад кантролем.

"Штутгарт" быў блізкі да сенсацыйнай перамогі. "Фленсбург" доўга не мог падабраць ключы да брамкі Сільвіа Хайнэфетэра. Таму ўсе спробы падабрацца бліжэй суправаджаліся імгненным адкатам.

Але і перавага не была вельмі вялікай. Таму ў канцоўцы паўночнікі атрымалі шанец і ім скарысталіся. Вельмі цяжкія два пункты для каманды Майка Махулы. Без іх "Фленсбург" мог бы канчаткова аказацца па-за чэмпіёнскай гонкай.

Перад перапынкам "Эрланген" здолеў здабыць доўгачаканую перамогу, перарваў серыю з сямі параз запар. Але ў 2023 годзе повадаў для аптымізму пакуль няма. Скромны (у гэтым сезоне) "Гёпінген" не меў аніводнай праблемы і меў нават "плюс 9" цягам першай паловы.

"Лемга" ў гэтым годзе выглядае нашмат лепш за самога сябе восенню. Спачатку каманда Флорыяна Кермана выйшла ў кубкавы фінал чатырох (трэці раз запар!!!), а потым здабыла гасцявую перамогу над моцным "Гумерсбахам".

Не сказаць, каб гэта далося лёгка. Цягам першай паловы гаспадары былі лепей. Да таго ж Цібар Іванішэвіч правёў адзін з лепшых матчаў сезону, паказаўшы больш за 40% надзейнасці. Але дамінаванне перад і адразу пасля перапынку дазволілі зрабіць пэўны задзел для таго, каб вырашыць усё ў канцоўцы. Гульня ўсямёх дазволіла Эмілю Лерке здабыць гол, Элідзі Відарсан у атацы ў адказ сваім шансам не скарыстаўся.

Аднак больш сур’ёзны іспыт "Лемга" не здаў. У гульні супраць чэмпіёнаў роўны лік трымаўся не доўга. Праблемы на чужой палове былі велічэзнымі. Не дапамагала нават тое, што Оскар Бергендаль праводзіў у цэнтры абароны магдэбуржцаў першы матч.

У пэўны момант перавага стала астранамічнай — восем галоў. Выбрацца з гэтай багны было нерэальна. Другая палова атрымалася ў "Лемга" лепш. Але бліжэй, чым на два мячы, падцягнуцца не атрымалася.

"Мельзунген" ізноў паказаў нестабільнасць. Як на дыстанцыі сезону, так і па ходу сустрэчы. "Бергіш" быў надзейней і нягледзячы на мінімальную перавагу здабыў вельмі лагічную перамогу.



Report Page