Новы жылы комплекс на Савецкіх пагранічнікаў будзе яшчэ вышэйшым за “Купальскі”

Новы жылы комплекс на Савецкіх пагранічнікаў будзе яшчэ вышэйшым за “Купальскі”

Urban Hrodna

У рамках праекта плануюць 8-секцыйны жылы комплекс зменнай паверхавасці (секцыі ў 8, 10, 12 і 14 паверхаў):

  • 1 паверх: убудаваныя адміністрацыйна-бытавыя памяшканні і жылыя;
  • 2-14 паверхі: жылыя кватэры;
  • падвальны паверх: паркінг на 239 месцаў, тэхнічныя памяшканні.

Крайнія секцыі будуць вышэйшымі, сярэднія - ніжэйшымі. Дом разлічаны на 418 кватэр.

Будынак будзе мець зігзагападобную форму. Вышыня жылога паверха складзе 3 м.

Падземны паркінг часткова размесціцца пад жылой часткай дома. Падземны паркінг злучыцца з жылой часткай дома з дапамогай ліфтаў праз тамбур-шлюзы 1-га тыпу. Гарышчаў не будзе.

У секцыі 6 будзе пажарны праезд у арцы і пешаходны праход паміж вул. Сыракомлі і Нямцэвіча (замест часткі вул. Сыракомлі). Уваходы ў жылыя памяшканні і ўбудаваныя гандлёвыя кропкі будуць даступныя і з боку Савецкіх пагранічнікаў, і з боку двара (прахадныя пад'езды).

На прылеглай тэрыторыі зробяць пляцоўкі для гаспадарчых мэт, для адпачынку дарослых, дзіцячая і спартовая пляцоўкі, веластаянка. Прадугледжана безбар'ернае асяроддзе.

Вакол зробяць газоны, пасадзяць хмызнякі і жывую агароджу, асобныя дрэвы.

Побач запланавана 138 машынамесц на адкрытых стаянках (паводле табліцы ведамасці пляцовак  - 144). Агулам запраектавана 383 парковачныя месцы, паркоўка на 5 месцаў ужо існуе.

Забудоўшчык - ТДА “Айрон” (той жа, што і ў суседняга "Купальскага"), замоўца будоўлі ТАА «СтройФормула».

Панарама вуліцы змяняецца

Дом збудуюць побач з комплексам “Купальскі” - ён будзе вышэйшым за яго на 4 паверхі. Абодва комплексы істотна змяняюць панараму цэнтральнай часткі вуліцы. За імі на вул. Купальскай хаваецца частка прыватнага сектара, якая пазбегла зносу. Гмахі будуюцца ўсутыч з аднапавярховымі дамамі і закрываюць іх ценем.

Новы комплекс у параўнанні з наяўнымі дамамі
Участак пад забудову

Надзел пад будоўлю выстаўлялі на продаж у траўні 2023 г. Для будаўніцтва трэба будзе знесці прыватныя дамы і надзелы, якія там размешчаны. Тады жыхары былі гэтаму зусім не рады - многія дамы дыхтоўныя, надзелы дагледжаныя, а гаспадары жылі там дзесяцігоддзямі. Адзін дом на Сыракомлі толькі скончылі будаваць. Знос яшчэ не пачалі. Паводле схемы, пад яго трапляе 16 пабудоў. Паводле ранейшых падлікаў, ён абыдзецца ў 1 986 851,70 руб.





Report Page