Новы від махлярства? Беларусам прапануюць адпачынак у неіснуючым доме на дрэве
Праект "1906"Мінчанка, шукаючы месца для адпачынку, натыкнулася на махляроў і згубіла 175 рублёў.
Адзін дзень з вялікіх лістападаўскіх выходных Ксенія (імя зменена) планавала правесці ў маляўнічым месцы ў 100 кіламетрах ад сталіцы. Аднак адпачыць у «райскім куточку» ў яе так і не атрымался.
Аб гэтым месцы для адпачынку дзяўчына даведалася праз інстаграм. Гэта была звычайная платная рэклама, якая з'яўляецца ў стужцы.
Уся камунікацыя чытачкі з «уласнікамі» доміка на дрэве вялася праз дырэкт. Ніякага нумара тэлефона ў профілі пазначана не было, як і інфармацыі аб дакладным месцазнаходжанні аб'екта. Тым не менш, Ксенія не звярнула на гэта ўвагі і пачала перапіску з махлярамі.
«Адказалі на мой запыт даволі хутка, я ўдакладніла, ці вольны домік на цікавую для мяне дату. Там адказалі, што ён дасяжны да браніравання і агучылі кошт у 350 рублёў за суткі».
Для таго, каб забраніраваць домік, ад кліентаў патрабавалі пералічыць 175 рублёў на картку ў якасці перадаплаты. Пасля таго, як махляры атрымлівалі грошы, яны падцвярджалі факт броні, распісвалі гадзіны заезду і выезду.
Таксама яны прасілі за два дні да заезду зноў напісаць ім у дырэкт, каб яны маглі выслаць кантакты чалавека, які сустрэне адпачываючых і заселіць у дом. Самастойна знайсці гэтае месца, па словах махляроў, не атрымаецца.
Бліжэй да даты заезду чытачка папрасіла махляроў выслаць дакладныя каардынаты.
«Яны выслалі кропку на карце, дзе проста знаходзілася нейкая лужына, аднак мы не надалі гэтаму ўвагі, бо падумалі, што там проста вялікая тэрыторыя», — кажа жанчына.
З цягам часу ў Ксеніі ўсё ж пачалі з'яўляцца здагадкі, што з гэтым домікам на дрэве адбываецца нешта дзіўнае.
«У нейкі час у акаунце праводзілі розыгрыш, але гэты допіс знік, а разам з допісам знікла магчымасць пакідаць каментары. Апроч гэтага, змянялася назва акаўнта. Спачатку гэта быў newtree.house, а пазней ён стаў называццы tree.house.by».
Апошні раз жынчына выходзіла на сувязь з махлярамі за два дні да запланаванага заезду. Раніцай Ксенія нагадала, што ў яе бронь на паслязаўтра. Махляры адказалі её толькі ўвечары. Яны зноў не даслалі жанчыне ніякіх кантактаў, а толькі папрасілі пакінуць свой нумар, каб перадаць яго менеджарцы Валерыі, якая мусіць сустрэць адпачываючых і суправадзіць да доміку на дрэве. На сувязь з дзяўчынай ніхто так і не выйшаў. На наступны дзень махляры заблакавалі Ксенію. На гэтым перапіска скончылася.
Першая публікацыя ў профілі «Казачнага доміка» з'явілася 26 верасня. Апошні допіс у ім апублікавалі 7 кастрычніка.
На паведамленні журналіста ў дырэкт ніхто не адказаў.
Ксенія не адзіная, хто перавёў грошы гэтым махлярам у спадзеве на адпачынак. У інстаграме людзі выкладалі скрыншоты гэтага профіля і пісалі, што таксама ўносілі перадаплату, пасля чаго іх блакавалі.