Новы цэнтр Варшавы: Агляд плошчы Пяці Рогаў
DaneliusНовы цэнтр Варшавы
Мае чытачы, якія жывуць і вандруюць у Польшчы, маглі заўважыць, што ў Варшаве часцей за іншыя крупныя гарады сустракаюцца малафункцыянальныя прасторы. Большасць плошчаў па сутнасці з'яўляюцца паркінгамі ці пустырамі. У гарадской ратушы усведамляюць гэты факт, таму апошнія годы адбываецца шэраг рэканструкцый і праектаванняў з мэтай змяніць цэнтр горада на больш зялёныя, інклюзіўныя і функцыянальныя прасторы.
Адна з апошніх перабудоваў - плошча Пяці Рогаў.
Плошча там, дзе яе няма
Сама назва нам кажа, што плошча - па сутнасці скрыжаванне пяці дарог. Вядома, што ў старых гарадабудаўнічых школах ніхто б і не думаў пра стварэнне пешаходнай прасторы ў такім месцы. Ды й дзе? Як паказвае практыка - заўсёды можна знайсці вырашэнне, як зрабіць прастору больш пешаходнай.
Змянілася абсалютна ўсё. Пасля шматлікіх кансультацый з мясцовымі жыхарамі і бізнесам, было вырашана усю плошчу зрабіць пешаходнай (!). Гэтая функцыя тут сапраўды больш важная, бо праз плошчу праходзяць вуліцы з кавярнямі і рэстарацыямі.
Праезд выключна для мясцовых жыхароў, камунальнага транспарту, дастаўкі і нават аўтобусны маршрут застаюцца. Але цяпер транзітнага трафіка тут няма.
Што па гатовай плошчы?
Адзіная прастора пачынаецца з таго, што цяпер плошча трохі вышэйшая за суседнія вуліцы. Зроблена ўсё так, каб было падсвядома зразумела, што тут трэба ехаць асцярожней.
Замест брукоўкі выкарыстоўвалі архітэктурны бетон. Не ведаю, як будзе праз некалькі гадоў, але цяпер ён выглядае файна. Адзінае, што самой зеляніны акрамя дрэў няма. Фактычна, плошча - вялікі бетонны пляц, толькі з дрэвамі і грамадскай прасторай. Гэта галоўны і, напэўна, адзіны мінус праекта.
Лічу праект удалым, бо плошчай сапраўды карыстаюцца. Няма адчування пустой прасторы. Людзям тут утульна. Гэта не Nowy Targ ва Ўроцлаве (хто ведае, той зразумее, пра што я). Насамрэч, нават дзіўна, што пагадзілі настолькі смелы праект, бо ведаючы колькасць забораў у гэтым горадзе, прыемна бачыць пешаходную прастору на месцы некалькіх дарог. Ды й фантан-ліўнёўка таксама дадае плошчы непаўторнасці.
Думаю, што гэты раён толькі выйграе. Тут побач шмат рэстарацый, для якіх большы пешаходны трафік - большая колькасць кліентаў. Офісны цэнтр і адміністрацыйныя будынкі таксама атрымаюць адзін плюс да свайго месцазнаходжання.
Падпісвайцеся на мой Telegram i Youtube, каб больш ведаць пра гарадское развіццё рэгіёна.
Дзякуй за прагляд!