Новая ахова для Магілёва

Новая ахова для Магілёва

Spadczyna


31 жніўня 2023 года нарэшце набыў моц абноўлены праект зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва, які прыйшоў на змену састарэламу варыянту 2005 года.

Гэтаму папярэднічала падвышэнне рашэннем Міністэрства культуры ад 22 чэрвеня 2020 года статусу гістарычнага цэнтра з 3-й катэгорыі (помніка рэгіянальнага значэння) да 2-й катэгорыі (помніка нацыянальнага значэння). Менавіта да апошняй належалі ўсе астатнія цэнтры, а Магілёў заставаўся выключэннем. Гэты працэс быў ініцыяваны мясцовымі ўладамі пасля прапановы Упраўлення аховы помнікаў Мінкультуры, якое тады ўзначальвала Наталля Хвір.

Праз год Рада пры Мінкультуры вырашыла пашырыць межы гістарычнага цэнтра на поўнач, дацягнуўшы іх да міжваеннага ансамблю, які сфарміраваўся вакол плошчы Леніна, калі сюды планаваўся перанос сталіцы БССР. Гэтыя змены былі зацверджаны рашэннем Міністэрства культуры ад 25 чэрвеня 2021 года.

Усе гэтыя змены вымагалі неадкладнага ўдакладнення дзеючага праекта зон аховы (далей ПЗА), дзе прынамсі граніцы цэнтра заставаліся ранейшымі. Да таго ж палажэнні і рэгламенты, прапісаныя ў дакуменце былі настолькі агульнымі і расплывістымі, што фактычна ніякай аховы старога Магілёва не існавала. ПЗА больш нагадваў эсэ, у якім горадабудаўнікі разважалі, як бы ім лепш абжываць гістарычны цэнтры, але не змяшчаў аніякай канкрэтыкі, на якую можна было б спасылацца, аргументуючы недапушчальнасць якіх-небудзь неабгрунтаваных уварванняў у цела горада.

Улічваючы, што магілёўскі ПЗА быў заслужаным ветэранам, бо быў апублікаваны яшчэ ў 2005 годзе, то зразумела, што тады асаблівага разумення, як варта пісаць такі дакумент, не было, бо не было практыкі. Але гэтая сітуацыя цалкам задавальняла мясцовыя ўлады, якім такі "ніякі" дакумент дазваляў актыўна весці будаўніцтва прама ў гістарычным цэнтры, што ў выніку прывяло да непапраўнага разбурэння гістарычнай прасторы і сілуэта горада. Пра гэта мы распавядзём трохі пазней. А пакуль вернемся да зацвярджэння новага дакумента.

Пан Офіс, альбо Апошні наезд у Магілёве

У ліпені 2021 года на грамадскае абмеркаванне быў вынесены праект 16-павярховага офіса, які планаваў пабудаваць мясцовы рукапасціканы забудоўшчык «Шафаг 88» у двары 2-павярховых помнікаў архітэктуры. Было відавочна, што будынак будзе дамінаваць над усімі суседнімі помнікамі архітэктуры, якія не мелі ўласных праектаў зон аховы, а значыць паводле заканадаўства, такое будаўніцтва было незаконным. У той жа момант былі пашыраны і межы гістарычнага цэнтра, і офіс трапляў у іх. Праект падвіс у паветры, бо відавочным чынам парушаў усё, што можна, але ж пра ўсё ўжо было дамоўлена (і, відаць, амаль цалкам запраектавана).


Мясцовыя ўлады актыўна ўключыліся ў справу абароны інтарэсаў мясцовага забудоўшчыка, у лістападзе 2021 года яны «цалкам выпадкова» прызналі праект пераможцам у конкурсе на «лучший проект застройки исторического центра Могилева». Выглядала як непрыхаваны здзек.

З гэтым праектам праекціроўшчыкі выйшлі на Раду пры Мінкультуры. Як нам стала вядома, тады ўжо абноўлены праект зон аховы быў ужо на стадыі зацвярджэння. Кіруючыся ягонымі палажэннямі члены Рады катэгарычна адхілі праект да шчырага здзіўлення праекціроўшчыкаў, якія лічылі гэта простай фармальнасцю (раней жа спрацоўвала!).

З іншых крыніц паведамлялі, што Магілёўскі аблвыканкам адклікаў праект зон аховы "на дапрацоўку" - так ён ужо рабіў прынамсі аднойчы, калі з-за іншага ПЗА не змаглі пасадзіць 10-павярховую сценку на месцы былой рэзідэнцыі архібіскупа Станіслава Богуш-Сестранцэвіча ў Пячэрску. Але тады ў іх нічога не атрымалася падправіць так, каб рэалізаваць свае будаўнічыя задумы.

На «дапрацоўцы» сённяшні праект быў амаль 2 гады. Ці атрымаецца цяпер з 16-павярховым офісам у цэнтры? Давайце разбяромся.

Межы

Першае, пра што варта сказаць - наколькі пашырыўся гістарычны цэнтр у 2021 годзе. У ПЗА за 2005 года граніца гістарычнага цэнтра пададзены заблытанага. Паводле Дзяржаўнага спісу граніца праходзіла па броўках карэннага берага Дняпра, далін рэк Дубравенка і Дзебра, а на поўначы абмяжоўвалася ахоплівала паўночны бок былога Шклоўскага рынку, цяпер вуліцы Будзённага і Лепяшынскага. У праекце гэтая мяжа пададзена штрых-пункцiрам, як "прапанаваная мяжа гістарычнага цэнтра", а ўнутры яе паказаная яшчэ меншая тэрыторыя, якая, відаць, была ўзята пад ахову ў далёкія 1990-я гады.

У 2021 годзе граніца была пашырана на поўнач і прайшла па вуліцы Міронава. Здаецца невялікае расшырэнне, недзе на чвэрць, але яно замкнула незразумелы "прагал" паміж гістарычным цэнтрам і савецкім цэнтрам горада.

Можна заўважыць, што знікла зона аховы планіровачнай структуры горада, якая была ў старым праекце (барвовая лінія), скараціліся і зоны аховы ландшафту, межы якіх раней губляліся за граніцамі чарцяжа. Але цалкам трансфармаваліся іншыя зоны, з'явіліся новыя.

Ахоўная зона

Ахоўная зона пазначана ружовай граніца з светла-ружовай заліўкай (да больш цёмных дойдзем пазней). Такіх участкаў тут цэлых пяць, першы ахоплівае увесь гістарычны цэнтр і прылеглыя тэрыторыі (збольшага схілы рачных далін), астатнія - гісторыка-культурныя каштоўнасці ў магілёўскіх прадмесцях, якія не мелі раней сваіх праектаў зон аховы.

Прапаную прагуляцца па розных частках гістарычнага Магілёве і разабрацца, што і дзе ахоўваецца.

Найбольшую колькасць рэгламентаў мае менавіта першы ўчастак. У межах старога горада (штрыхоўка сетачкай), то бок ад плошчы Славы да Камсамольскай вуліцы, забаронена любое будаўніцтва акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы.

На тэрыторыі кварталаў, абазначаных цёмна-ружовым колерам, у пераметральнай забудове забаронена будаўніцтва ў нехарактэрных для гістарычнай забудовы формах і вышэй максімальнай адзнакі даху прылягаючых гістарычных будынкаў. Тут важна, што прапісалі менавіта гістарычных будынкаў, бо раней аргументавалі будаўніцтва дысанансных гмахаў суседнімі дысананснымі гмахамі. Унутры квартала забаронена будаваць вышэй за 11 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 3 паверхі).

На астатняй "ружовай" тэрыторыі тыя ж рэгламенты, што і вышэй, але ўнутры квартала можна будаваць на два паверхі болей: не вышэй за 16 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 4 паверхі з мансардай); 

І маюцца яшчэ кварталы, пазначаныя бежавай гарызантальнай палоскай. Тут дазволілі на ўнутрыквартальнай тэрыторыі будаваць не вышэй за 17 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 5 паверхаў). Гэта менавіта тыя кварталы, дзе планавалі пасадзіць 16-павярховы офісны будынак, цяпер рэгламенты гістарычнага цэнтра прама гэта забараняюць.

Тэрыторыі другога, трэцяга, чацвёртага і пятага ўчасткаў ахоўнай зоны (іншыя ружовыя лапікі па-за цэнтрам) створаны вакол асобна размешчаных помнікаў - былой царквы Алены і Канстанціна, Крыжаўзвіжанскай царквы і Барысаглебскай царквы, карпусоў былога яўрэйскага рамеснага вучылішча, будынкаў па вул. Мянжынскага, 16, 18 і былога жаночага епархіяльнага вучылішча.

Тут забаронена ўзвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы.

Зона рэгулявання забудовы

Тут таксама зона разбіта на ўчасткі, раскіданыя па вакол цэнтра. Самае заўважнае змяненне - з'яўленне зоны на Школішчы, якой раней не было. Але Таварыству аховы помнікаў з яго прэзентацыяй рэгенерацыі гэтай мясцовасці ўдалося дамагчыся прызнання каштоўнасці былога прадмесця, тут адрэстаўравалі сінагогу і адрадзілі ў гістарычных формах праваслаўную царкву. Застаецца яшчэ касцёл Святога Антонія, але пра яго ніхто пакуль не ўзгадвае.

На гэтым участку першага рэжыму ўтрымання (шчыльнай бэжавай касой шрыхоўкай) забаронена ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыя вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 1 паверх з мансардай, 2 паверхі), а таксама забаронена знішчэнне шэраговай гістарычнай забудовы.

Участкі другога рэжыму ўтрымання (балотнай касой шрыхоўкай) - тэрыторыя за Мікольскай царквой да ручая Дзебра, Быхаўскае прадмесце і частка Віленскага прадмесця ля Дубравенкі, а таксама кавалача каля царквы Алены і Канстанціна.

Тут забаронена ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыя існуючай забудовы вышэй за 11 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 2 паверхі з мансардай, 3 паверхі). Гэта цалкам разбурае планы ўладаў забудаваць гэта пераважна сядзібны раён панэлькамі, бо ніжэй за 5 паверхаў забудоўшчыкам не выгадна тут займацца зносамі, сеткамі і будаўніцтвам. Таксама забаронена знішчэнне шэраговай гістарычнай забудовы.

Участкі трэцяга рэжыму ўтрымання (шырокай бэжавай касой шрыхоўкай) створаны на Папенцы, Заваллі (Мянжынцы), на большай частцы Віленскага прадмесця, на адным з кварталаў Мышакоўкі, а таксама на Г-падобным лапіку на скрыжаванні Яцыны і Дзяржынскага. Тут забаронена ў звядзенне будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыя існуючай забудовы вышэй за 17 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 5 паверхаў); знішчэнне шэраговай гістарычнай забудовы.

Гэта слабае месца месца, якое развязвае рукі забудоўшчыкам на знос гістарычнай забудовы, але 5-павярховікі хоць бы не сапсуюць панарамы, якія адкрываюцца з цэнтра на прадмесці.

Участкі чацвёртага рэжыму ўтрымання (шырокай балотнай касой шрыхоўкай) створаны ў раёне вуліцы Буянава, дзе захавалася трохі 2-3-павярховай савецкай забудовы. Тут ужо дазволілі будаваць не вышэй за 23 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 7 паверхаў); а таксама забаранілі знішчэнне шэраговай гістарычнай забудовы.

Апошні ўчастак, ужо пятага рэжыму ўтрымання (шрыхоўкай шашачкай), створаны ў раёне вуліцы Чэхава. Тут ўжо можна будаваць не вышэй за 9 паверхаў (вышэй 28 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху) і няма ніякіх згадам пра гістарычную забудову. А менавіта тут знаходзіцца пара найлепшых па драўляным дэкоры старасвецкіх дамоў, якія варта было б захаваць.

Ва ўсіх выпадках забаронена будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх аб’ектаў і збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі. Але ніколі не тлумачыцца, што гэта за аб'екты і як іх вылічыць.

Зона аховы ландшафту

Зона аховы ландшафту размешчана ўздоўж рэк і ручаёў. Тут забаронена любое будаўніцтва акрамя рэкрэацыйнага, у тым ліку на тэрыторыі сядзібных участкаў, якія ў Магілёве ўчыльную выходзяць да водных артэрый. Плануецца паступова выносіць адсюль прыватнае жытло і рабіць паркі. Але гэта, на маю думку, дрэнна суадносіцца з аховай спадчыны. Менавіта ў гэтых частках горада, праблемных для капітальнага будаўніцтва, найбольш цэласна захавалася гістарычная драўляная забудова, на аснове якой можна было б стварыць некалькі вуліц-музеяў пад адкрытым небам.

Як адзначаў вышэй, зону моцна падрэзалі, раней яе межа сягалі за краі карты-схемы. Адзінае, што мне спадаблася - вызваліл ад строгіх рэгламентаў гэтай зоны Быхаўскі рынак, што дазволіць у будучыні аднавіць яе перыметральную забудову.

Зона аховы культурнага пласта

Успенская царква на Папенцы

Самыя дзіўныя зоны ў археалогіі. Вось паглядзіце, Задубравенскае прадмесце знаходзіцца на ўсім левым беразе Дубравенкі, але археалагічная зона ў разы меншая. Чаму? Ну прост. Не трапляе ў яе, напрыклад, тэрыторыя знесенай Успенскай царквы (XVII ст.) на Папенцы і Быхаўскі рынак - а там яўна есць што пакапаць археолагам.

Петрапаўлаўская царква

Ці вось на самым поўдні зона аховы культурнага пласта абрэзана па вуліцы Вялікай Чавускай, а ў скверы па іншы бок вуліцы - падмуркі Петрапаўлаўскай царквы (XVII ст.). Яны таксама цікавасці археалагічнай не прадстаўляюць?

Каштоўная і шэраговая забудова.

Як вы маглі заўважыць з рэгламентаў, у ПЗА акрамя ўласна гісторыка-культурных каштоўнасцей ад знішчэння і страты адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей абаронены нейкія аб’екты, якія маюць гісторыка-архітэктурную і мастацкую вартасць (каштоўнае гісторыка-архітэктурнае асяроддзе), і шэраговая гістарычная забудова. Але гэта не проста словы, гэта канкрэтныя аб'екты, якія пазначны на схема і ўнесены ў адпаведную таблічку, каб падслепаватыя чыноўнікі дакладна заўважылі.

Пералічваць усе аб'екты не мае сэнсу, бо многія з іх ужо былі ў старым ПЗА, паглядзім на адрозненні.

Найбольш новай каштоўнай забудовы было выяўлена на тэрыторыі Быхаўскага прадмесцыя (Задубрвенскага пасада) і Завалля (Мянжынкі). Раней тут не было нічога каштоўнага акрамя ўласна помнікаў архітэктуры.

Цяпер да шэраговай забудовы тут аднесены:

  • Дамы па вуліцы Мянжынскага, 12, 14, 20; Дом № 12 проста сімпатычная сталінка, а вось астатнія дамы, школа і "Чырвоны дом" - міжваенкі.  24-кватэрны чатырохпавярховы жылы дом пабудаваны ў 1930-я гады па тыпавым праекце Н. Макляцовай. Такія ж ёсць і ў сталіцы, але таксама пакуль без статусу.
Дом па вуліцы Мянжынскага № 12


Дом па вуліцы Мянжынскага № 14
Дом па вуліцы Мянжынскага № 20
  • Дом па вуліцы Чалюскінцаў, 54. Дом на рагу з вуліцай Мянжынскага таксама міжваенка. За свой колер ён калісьці атрымаў мянушку "шэры дом". Сёння ніякай павагі да гісторыі ў горадзе не засталося, таму яго пафарбавалі ў зялёны. Гэты дом вядомы ўсім сваім насельнікам: тут вырас Барыс Майсееў, а нядаўна ў ягоны гонар адкрыта мемарыяльная дошка. Цяпер гэты дом пад аховай, няхай і не такой надзейнай, як статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Дом па вуліцы Чалюскінцаў № 54
  • Дом па вуліцы Вароўскага, 41. Сёння гэта непрыкметны будынак незразумелай архітэктуры, але ў пачатку мінулага стагоддзя ён быў першым будынкам, дзе размяціўся Магілёўскі настаўніцкі інстытут, папярэднік МДУ імя Куляшова.
Дом па вуліцы Вароўскага № 41
А вось так ён выглядаў у пачатку мінулага стагоддзя
  • Дом па вуліцы Пляханава, 10а; Не ведаю чым прыглянуўся распрацоўшчыкам менавіта гэты дамок, але ну няхай будзе.
Дом па вуліцы Пляханава, 10а

У віленскім прадмесці адшукаўся ўсяго адзін аб'ект, які аднеслі да шэраговай забудовы:

  • Дом па вуліца Правая Дубравенка, 31;  Дагэтуль не высветлена, што гэта за будынак - пасляваенка, або перабудаваная да непазнавальнасці колішняя сінагога. У любым выпадку яго варта захаваць да канчатковага высвятлення каштоўнасці.
Дом па вуліца Правая Дубравенка, 31
Вялікая сінагога на тым жа месцы.

Ёсць новыя шэраговыя будынкі і ў межах гістарычнага цэнтра:

  • Дамы па завулку Камуністычным, 1, 2, 13;
Дом па завулку Камуністычным, 1;
Дом па завулку Камуністычным, 2;
Дом па завулку Камуністычным, 13;
  • Дом па вуліцы Лазарэнкі, 11;  
Дом па вуліцы Лазарэнкі, 11
  • Дом па 2-м Крутым завулку, 5; Будынак размяшчаўся на тэрыторыі першай гарадской электрастанцыі, але вось пра саму электрастанцыю зноў забыліся, хоць раней у ПЗА яны ўвогуле была пазначана як гісторыка-культурная каштоўнасць.
Дом па 2-м Крутым завулку, 5

Дамы па завулку Карпінскай, 6, 10а, 13а, па вуліцы Дзяржынскага, 15; Тут пад ахову трапілі пасляваенныя двухпавярховікі. На схеме адназначна пазначаны і дамы па Чырвоным завулку, 5б і і завулку Карпінскай, 5, але ў табліцы яны чамусьці адсутнічаюць.

Дом па завулку Карпінскай, 10а
  • Дом па вуліцы Ленінскай, 50а. Гэта той самы дом з адзінай у горадзе карэтнай, які збіраліся знесці пад 16-павярховы офіс. А ўсё цяпер, усё!
Дом па вуліцы Ленінскай, 50а
  • Дом па вуліцы К. Маркса, 10. Сёння будынак зусім не прыцягвае вока (нават нармальных здымкаў не адшукалася), таму здзіўлены, што яго заўважылі пры складанні ПЗА. Але гэта капітальная міжваенка, якая пацярпела ад няўдала рамонту.
Дом па вуліцы К. Маркса, 10
  • Дом па вуліцы К. Маркса, 16. Аднапвярховы будынак незразумелага стылю і прызначэння.
Дом па вуліцы К. Маркса, 16
  • Дамы па вуліцы К. Маркса, 28, 30, 31, 32; Пасляваенная савецкая забудова.
Дом па вуліцы К. Маркса, 30
Дом па вуліцы К. Маркса, 31
Дом па вуліцы К. Маркса, 32
  • Дом па завулку Буянава, 22. Цікавы міжваенны будынак, здаецца, тут размяшчалася нейкая радыёстанцыя.
Дом па завулку Буянава, 22
  • Школа па завулку Мігая, 10. Пабудавана ў міжваенны час.
Школа па завулку Мігая, 10
  • Дом па вуліцы Болдзіна, 11. Пасляваенная сталінка, сёння будаўнічы інтэрнат. У Мінску яна б ужо была гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але ў Магілёве ніводная сталінка не прызнаная помнікам архітэктуры.
Дом па вуліцы Болдзіна, 11

Да аб’ектаў, якія маюць гісторыка-архітэктурную і мастацкую вартасць, залічана і адноўленая Пакроўская царква XVII стагоддзя на Школішчы. Такі ж статус сёння мае і Магілёўская ратуша.

Варта адзначыць, што НІВОДНЫ ДРАЎЛЯНЫ БУДЫНАК, пры ўсім багацці традыцыйнага дойлідства ў горадзе, не пазначаны як каштоўны, а значыць ніяк не ахоўваецца.

На аднаўленне

На схеме таксама пазначаны каштоўныя будынкі, якія былі знішчаны. Гэта амаль уся забудова плошчы Славы: дом віцэ-губернатара, дом губернатара, будынак губернскага праўлення і яшчэ адзін жылы будынак між Першамайскай і Ленінскай. Але гэта было і ў старым ПЗА 2005 года. З таго часу паспелі хіба што аднавіць Магілёўскую ратушу, іншае чакае свайго часу.

Гэтае ж месца сёння

У суседніх кварталах Старога горада - Богаяўленская царква і комплекс езуіцкага калегіума і касцёла

Богаяўленая царква
Езуіцкі касцёл Святога Францыска Ксаверыя

На тэрыторыі Траецкага прадмесця страчанай пазначана Траецкая царква, чые руіны былі раскрытыя пры рэканструкцыі моста цераз Дняпро.

Траецкая царква
Руіны Траецкай царквы

На Школішчы ж - касцёл Святога Антонія Падуанскага 1720-х гадоў. Яго, як і ўсе пералічаныя храмы, знішчылі савецкія ўлады пасля вайны.

Касцёл Святога Антонія на Школішчы

Асаблівых тэкставых згадак пра патрэбнасць аднаўлення страчанай забудовы ў ПЗА няма, ёсць толькі выключэнні з поўнай забароны новага будаўніцтва ў некаторых зонах для страчанай забудовы. Да таго ж гэта далёка не ўсе будынкі, якія варта было б аднавіць, няма Петрапаўлаўскай царквы ў Лупалаве, Успенскай царквы на Папенцы, захоўваецца магчымасць аднаўлення цэлых кварталаў у гістрычным цэнтры, але на гэта не звяртаюць увагі.

Дысгарманічная забудова

Гістарычныя цэнтр Магілёва адзін з самых сапсаваных недарэчнымі савецкімі і сучаснымі пабудовамі, з-за якіх амаль не ўзнікае таго самага адчування гістарычнасці горада. Вялікая колькасць дысгарманічных будынкаў была пазначана яшчэ ў старым дакуменце 2005 года, але з таго часу гарадскія ўлады зрабілі ўсё, каб іх стала яшчэ больш.

Класіка дысгарманічнай архітэктуры - "кітайская сценка", пад якую знеслі амаль палову Школўскага прадмесця
Дыягнастычны цэнтр - проста дрэнная архітэктура апошніх дзесяцігоддзяў існавання СССР.
Літаральна ўсе будынкі на гэтым здымку Тэатральнай плошчы прызнаныя дысгарманічнымі.
Яшчэ раз нагадаю, як выглядаў гэты куточак да і пасля вайны.
Труна "Белтэлекама" на Піянерскай. Побач (злева) аднапавярховая імітацыя гістарычнага будынка, знішчана для патрэба хоспіса.
Інтэрнат на плошчы Арджанікідзэ
Савецкі шматпавярховік на гістарычным Шклоўскім рынку


Дом па Першамайскай вуліцы, 16. На пярэднім плане фрагмент аркі Славы 1780 года.


А што новага сярод дысгарманічных будынкаў? А амаль усё, што пабудавалі за гэтыя 20 гадоў.

Выканкамаўскі дом па Лепяшынскага. Чыноўнікі з будынка насупраць (гарвыканкама) будавалі дом так, каб тэхнічы паверх па вышыні як жылы, пасля куплялі кватэры на верхнім паверсе, за бесцань выкуплялі тэхнічны паверх і рабілі сабе двухпавярховыя кватэры. Нехта за гэта навата сеў. Цяжка паверыць, што дом з сілікатнай цэглы гэта гістарычны цэнтр, але гэта ён самы.
9-павярховы дом на Камісарыяцкім завулку. У яго двары, ніжэй па рэльефе - двухпавярховыя помнікі архітэктуры.
9-павярховы дом на рагу Піянерскай і Пажарнага завулка. Завецца "балгарскім домам", бо быццам бы будаваўся па балгарскім праекце. У старым ПЗА была забарона на будаўніцтва ў перыметральнай забудове кварталаў будынкаў вышэй за прылеглую забудову. Справа бачная 2-павярховая сінагога. Ведаеце як выйшлі з сітуацыі? Прывязаліся да 9-павярховага інтэрната, які на той момант быў ужо прызнаны дысгарманічным. Таму было важна, што прапісалі цяпер, што не вышэй за суседнюю гістарычную забудову, а не за любую суседнюю.

Дом па Лазарэнкі, 4 размешчаны побач з гарадскім тэатрам і з'яўляецца апагаем горадабудаўнічнага беззаконня ў гістарычным цэнтры. Тая ж сітуацыя, што і з "балгарскім домам". Пачынаюць з 9-павярховай секцыі, якая дзякучы перападу вышыні не на шмат вышэй за суседнюю 5-6 павярховую сталінку. А далей геніяльна, я такога нідзе не бачыў: спускаючыся па рэльефе вышыннасць секцый падвышаецца. Заўсёды робіцца наадварот, але толькі не ў Магілёве.

Вось такая дамінанта вырасла ў панараме гістарычнага цэнтра Магілёве з боку гістарычнага каралеўскага шляха (Віленскай вуліцы, цяпер Лазарэнкі). Куды глядзелі ўлады? Глядзелі ў рот забудоўшчыку. Праект прадугледжваў яшчэ пару секцый, якія б завярнулі на суседнюю вуліцу. Але была праблема.

Гэтая праблема - гістарычны 2-павярховы будынак, да якога ўжо 10-павярховая сцяна мусіла падысці "не вышэй за перыметральную забудову квартала". Гэта б не прынесла забудоўшчыку тых грошай, на якія ён разлічваў. Што рабіць? Узгадніць з уладамі знішчэнне ўсяго помніка архітэктуры, пакінуўшы толькі фасад, убудаваны ў шматпавярховы жылы дом. У 2019 годзе мы напісалі петыцыю супраць гэтага, звяртаючы ўвагу на поўную незаконнасць як ранейшага будаўніцтва, так і будаўніцтва новых секцый. Вядома, мы атрымалі адпіску, але насамрэч петыцыя спрацавала - будаўніцтва не было працягнута дагэтуль.

А яшчэ звярніце ўвагу на тэхнічны паверх, ён дакладна такі ж, як у "выканкамаўскім доме", таму ўзнікае падазрэнне, што гэты незаконны будынак узнік не выпадкова.

Але ёсць і выключэнні - новыя будынкі, якія не былі прызнаныя дысгарманічнымі. Па-першае, гэта гандлёвы цэнтр "Атрыум", які прыкрыў уродлівы "выканкамаўскі дом".

Гандлёвы цэнтр Атрыум

Знакаміты офісны будынак Сервалюкса, які нагадвае прас і з'яўляецца самым інстаграмным месцам у горадзе таксама недысгарманічны. Паглядзіце як правільна ён паніжаецца па вышыні да суседняга гістарычнага будынка.

Не з'яўляецца дысгарманічным і клубны дом па вуліцы Ленінскай, 59, які пераймае архітэктуру размешчанага насупраць гістарычнага будынка банка, але не звальваецца ў эклектыку, хаваючы сваю сапраўдную паверхаваць дзякуючы простым архітэктурным прыёмам.

Дзякуючы яго з'яўленню, са спісу дысгарманічных таксама выключылі суседні будынак ліцэя БРУ, які раней тырчаў у рознапавярховай забудове гэтага боку вуліцы.

Высновы

Такім чынам новы праект аховы гістарычнага цэнтра нарэшце прапісвае канкрэтныя рэгламенты з канкрэтнымі лічбамі, адсутнасць якіх раней прывяла да памнажэння ў разы памыловых і злачынных горадабудаўнічых рашэнняў. Пашырана кола будынкаў, якія падлягаюць нейкай ахове, прынамсі ад зносу. Але дакумент застаецца неідэальным, адсутнічае аховы для драўлянай забудовы, прапушчаны важныя гарадскія мураваныя будынкі, як то першая магілёўская электрастанцыя, зоны часам не дацягваюцца да важных гістарычных месцаў, не закладзена імкненне да цэласнай рэканструкцыі страчанай спадчыны, хоць няма і перашкодаў для гэта.

Новы ПЗА ўжо абараніў гістарычны цэнтр ад чарговага ўварвання сквапных забудоўшчыкаў, спадзяюся, што і далей ён будзе надзейна выконваць сваю функцыю і зламыснікі не адшукаюць у ім прарэх, якія дазволяць ім вярнуцца да знішчэння гісторыка-культурнага ландшафту горада.

Падпішыцеся на наш Patreon, калі хочаце падтрымаць ахову беларускай спадчыны!

Report Page