Неверагодны "Лейпцыг" і новы скальп

Неверагодны "Лейпцыг" і новы скальп

Гандбол са сваёй званіцы

Выхад з міжнароднай паўзы атрымаўся вельмі цікавым. Ізноў мы маем перастаноўкі на самай вяршыні. "Рэйнскія львы" саступілі першы радок "бярлінскім" лісам.

"Львам" не пашанцавала сутыкнуцца з "Лейпцыгам" — найлепшай камандай лігі ў 2023 годзе. Калі ў атацы кожны клуб мог пахваліцца шэрагам майстроў, то абарона дзейнічала зусім па-рознаму.

Крысціян Северас выдаў 42% надзейнасці, у той жа час Ёэль Бірлем і Мікаэль Апельгрэн выглядалі вельмі дрэнна. Як вынік, не проста шэраговая перамога, але разгром. Пасля змены трэнера "Лейпцыг" не спыніць.

Каманда Ярана Зіверта падарунак прыняла. Моц Маціаса Гідсэля і яго партнёраў вырашыла наогул усё. Нават правал Дэяна Міласлаўлева не дапамог "Гумерсбаху" выкараскацца.

Яшчэ адзін падарунак лідарам зрабіў "Гановер". "Магдэбург" безумоўна можа выдаваць добрыя якасныя матчы, але, як мы бачым, усё ж стабільнасці з бягучай колькасцю траўм няма. Гаспадары здабылі перамогу дзякуючы... глыбіні ростара.

Чарговую паразу атрымаў "Міндэн". Госці са Швабіі не мелі аніякіх праблем. Ударна правялі сустрэчу Макс Хэфнер, Адам Лён і Да Фернандэш. Замацаваў перавагу галкіпер Мілян Вуявіч.

"Фленсбург" падзяліў пункты з "Гёпінгенам". І не тое, каб гэта не выцякала з ходу гульні. Абсалютна роўны матч. З улікам адсутнасці Йіма Готфрыдсана і Ёханэса Голы гэта нават і не дзіўна.

"Зебры" былі лепшымі за "Мельзунген". Адметнасцю гэтага супрацьстаяння стала нізкая колькасць галоў з абодвух бакоў. Ніклас Ландзін і Нябойша Сіміч вызначыліся эфектыўнасцю больш за 40%, але ўсё вырашыла больш моцная атака "Кіля".

"Эрланген" працягвае валіцца ў сустрэчах з камандамі з першай паловы табліцы. На гэты раз два пункты дасталіся "Гамбургу". "Хам-Вэстфален" прайграў "Магдэбургу". Нічога іншага чакаць і не даводзілася. Магчыма крыху здзіўляе тое, што аўтсайдар здаўся фактычна без бою.

"Гановер" пасля сенсацыйнай перамогі над "Магдэбургам" аступіўся ў матчы з "Лемга". Усё вырашыла колькасць памылак. Пры ідэнтычных астатніх паказчыках фінальная розніца адчувальная.

"Вецлар" і "Бергіш" 40 хвілін шлі роўна. Цікава, што вызначальным стаў адрэзак, калі  "Бергіш" выстаяў амаль чатыры хвіліны ў меншасці (некаторы час нават учатырох супраць шасці).


Report Page