Непасрэдны адказ
філалабайкі беларускіяГод 2026 у Філалоша распачаўся з суровай крытыкі: адзін з чытачоў абурыўся ўжываннем слова непасрэдна, бо яно парушае прынцыпы беларускай мовы.
Слоўка з савецкага піджына
Чытач адзначыў, што праславянскі корань serd- пасля метатэзы плаўных у беларускай мове мусіць мець поўнагалосную форму з двума галоснымі гукамі вакол -р-: серада, сярэдні, пасярэднік і, адпаведна, беспасярэдне. Тое самае можна назіраць у іншай усходнеславянскай мове, украінскай: середа, середній, посередник, безпосередньо. А непасрэдна — гэта калька з рускага непосредственно, узятага з царкоўнаславянскай мовы, дзе метэтаза спрацавала па-паўднёваславянску, стварыўшы непоўнагалосныя формы, як і, напрыклад, у балгарскай: сряда, среден, посредник.
Здавалася бы, адказаць на крытыку нескладана: натуральна, што з'яўляюцца новыя словы, у тым ліку калькі з рускай, у тым ліку непоўнагалосныя формы, напрыклад благі ці дрэва. Апроч таго, слова непасрэдна сустракаецца ў слоўніках і ў корпусу тэкстаў — у Коласа, Маўра, Караткевіча, а значыць, дакладна належыць да беларускай літаратурнай мовы.
Але, канешне, неабыякавы да мовы крытык умее карыстацца слоўнікамі, і гэтыя факты яму вядомыя. Яго абурэнне выклікана больш глыбокай розніцай у поглядах. На яго думку, паколькі ў савецкія часы, прыкладна з 1929 года, беларуская мова штучна і гвалтоўна русіфікавалася, уся наступная літаратурная і акадэмічная традыцыі — гэта не сапраўдная жывая беларуская мова, а нейкі такі беларуска-савецкі піджын. Савецкія лінгвісты гэты піджын наўмысна прасоўвалі, а пісьменнікі можа і хацелі б пісаць на праўдзівай беларускай мове, але былі вымушаны ісці на ўступкі цэнзарам. І, такім чынам, наяўнасць слова непасрэдна ў апавяданні Караткевіча ці ў сучасным слоўніку яшчэ не даказвае яго беларускасць.
Гэтыя погляды даволі шырока распаўсюджаны, і яны не беспадстаўныя. Пасля рэпрэсій беларускіх філолагаў падчас «барацьбы з нацдэмаўшчынай» аўтары лінгвістычных матэрыялаў проста падкрэслівалі, што парываюць з мовазнаўчай традыцыяй дваццатых гадоў. Вось як у 1933 годзе тлумачылі неабходнасць рэформы арфаграфіі:
Нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, ствараў штучны бар’ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэднявяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі. Існуючы беларускі правапіс значна засьмечан указанымі нацыянал-дэмакратычнымі плынямі і таму падлягае зьменам. // «Зьвязда», 189, 28 жніўня 1933, старонка 1.
Літаральна тыя самыя думкі Андрэй Александровіч — адзіны пісьменнік сярод стваральнікаў наркамаўкі — выказаў у прадмове да акадэмічнага слоўніка 1937 года:
Паланізуючы мову, нацдэмы засмечвалі яе архаізмамі, мёртвымі словамі, словамі, штучна створанымі па нацыяналістычнаму тыпу. Нацдэмы вялі барацьбу за адрыў мовы ад жыцця, ад гаворак рабочага класа, працоўнага сялянства, рашуча выганялі з мовы элементы пралетарскага інтэрнацыяналізма, вялі барацьбу супроць слоў, народжаных рэволюцыяй, супраць слоў, аднародных з рускай мовай, стараючыся зрабіць беларускую мову незразумелай, затрымаць беларускі народ у цемры, каб прадаць яго на рабства раз’юшанаму фашызму. // Руска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча, 1937, прадмова.
І вось у гэтым слоўніку непосредственно перакладаецца як непасрэдна. Праўда, усяго праз год высветлілася, што Александровіч быў ворагам народу, таму яго арыштавалі і адправілі ў лагер, а слоўнік забаранілі, але на лёс слова непасрэдна гэта не паўплывала: тая ж форма безальтэрнатыўна даецца і ў акадэмічным слоўніку 1953 года.
Што там насамрэч з тым «непасрэдна»?
Менавіта са словам непасрэдна сітуацыя не зусім відавочная: усё ж такі яго прыдумаў не Андрэй Александровіч.
У беларуска-маскоўскіх і беларусках-расійскіх слоўніках Максіма Гарэцкага, якія ён друкаваў у 1919, 1921 і 1925 годзе, непосредственный перакладаецца як безпасрэдні ці беспасрэдны: у розных арфаграфічных варыянтах, але заўсёды з прыстаўкай без-/бес- і непоўнагалоссем. У Гарэцкага гэтую форму запазычыў і слоўнік Мікалая Каспяровіча (1925).
З іншага боку, Вацлаў Ластоўскі ў даволі своеасаблівым Расійска-крыўскім слоўніку даваў толькі поўнагалосныя формы: безпасярэдны, безпасярэднасьць.
Ластоўскі настойваў менавіта на такіх варыянтах. У 1923 годзе ён напісаў водгук на новае доўгае апавяданне Якуба Коласа, «У палескай глушы», якое потым стала першай часткай трылогіі «На ростанях». Між чынам, Ластоўскі адзначаў:
У першай палавіне «У палескай глушы» мова можна сказаць благая, нячыстая, але ў другой палавіне мова нішто, хоць і там не без барбарызмаў. У першай палавіне аўтор доляецца з чужымі, найбалей маскальскімі ўплывамі, у другой жа ён іх здоляў і беларуская мова ў яго выліваецца прыродна й хораша. // «Крывіч» 4, 1923, старонкі 62-63
Якубу Коласу ўвогуле беларуская мова давалася нялёгка: напрыклад, «маскоўскія» словы ў паэме «Новая зямля» актыўна выпраўляў Ян Станкевіч. Вось і Ластоўскі палічыў неабходным вылучыць коласаўскія барбарызмы — атрымалася дзве старонкі. У тым ліку:
непасрэдная, непасрэднасьць — маскальскі баўгарызм, пабеларуску трэба сказаць непасярэдні або беспасярэдні, непасярэднясьць. Па н гук будзе мягкі, бо маем сярэдні. // «Крывіч» 4, 1923, старонка 63
(Кола замкнулася: праз 103 гады чытач крытыкуе Філалоша — за тое самае і амаль тымі ж самымі словамі!)
З Ластоўскім згодныя вялікія і аўтарытэтныя слоўнікі Байкова-Некрашэвіча (1925, 1928). Там даюцца толькі поўнагалосныя формы: беспасярэдні, беспасярэдна.
Цікава, што два прыхільнікі розных варыянтаў сышліся ў агульнай працы: у 1924 і 1926 годзе друкаваўся Практычны расійска-беларускі слоўнік Мікалая Байкова і Максіма Гарэцкага. Як там перакладаецца непосредственный?..
Такім чынам, непоўнагалосныя формы дакладна існавалі і да штучных русіфікатарскіх тэндэнцый Савецкага Саюзу — прынамсі, іх ужывалі Якуб Колас і Максім Гарэцкі. Праўда, ужо ў тыя часы існаваў погляд на іх як на непатрэбныя «маскалізмы». Карацей, можа і піджын, але прынамсі не савецкі, а імперскі.
Відавочна, пытанне датычыцца не аднаго толькі слова непасрэдна. Гэта пра ўвесь падыход да беларускай мовы. Ці карэктна разважаць, што праўдзівая беларуская мова засталася на старонках кніжак стогадовай даўніны: у слоўніках Ластоўскага (1924), Байкова-Некрашэвіча (1925) і Некрашэвіча-Байкова (1928), у мовазнаўчых працах Яна Станкевіча, а таксама ў рэгіянальных і дыялектных слоўніках, не сапсаваных савецкай русіфікацыяй?
Безнадзейнасць рускага пурызму
Калі «філалабайкі» былі рускамоўным праектам, Філалош неаднаразова крытыкаваў рускі пурызм. Маўляў, носьбіты мовы будуць размаўляць так, як ім найбольш зручна, абіраючы тыя словы ці формы, якія ім перш за ўсё прыходзяць у галаву, і змагацца з гэтым — што спрабаваць спыніць лавіну.
Вось з ненарматыўнага націску ў слове зво́нит зрабілі ледзь не культурную з'яву, але перамагчы гэтае вымаўленне не атрымліваецца, бо яно адпавядае агульнай тэндэнцыі рускай мовы пераносіць ва ўласных формах дзеясловаў на -ить націск на корань, як гэта здарылася за апошнія 200 год з дзеясловамі катить, курить, пилить, дружить, душить і шэрагам іншых. То-бок нават кампанія па захаванню аднаго канкрэтнага вымаўлення працуе не вельмі эфектыўна, што ўжо казаць пра несістэматычныя спробы прасоўваць велічэзныя спісы «правільных, спрадвечных» слоў замест папулярных запазычанняў.
Рэгуляваць мову ўвогуле практычна немагчыма. Можна ўплываць толькі на стылістыку канкрэтных тэкстаў: напрыклад, рэдакцыя абірае слоўнікі, на якія мусяць абапірацца яе супрацоўнікі, ці дзяржава фіксуе афіцыйныя правілы мовы — але мае на ўвазе штучную літаратурную мову, якая будзе ўжывацца ў якасці дзяржаўнай мовы ў адпаведных установах. Ніводная з гэтых ініцыятыў не паўплывае на мову сацсетак і тым больш на мову бабуль з далёкай вёскі. Людзі працягнуць абіраць найбольш натуральны для іх варыянт.
Можна запярэчыць: а вось у чэшскай мове назіраецца імкненне да ўласначэшскай лексікі; вось Карамзін вядомы тым, што прыдумаў шэраг рускіх слоў замест запазычанняў; ды нават праца Беларускай тэрміналагічнай камісіі ў 20-х была даволі пурыстычнай па сваім характары.
Думаецца, што ёсць два істотныя моманты, якія адрозніваюць тыя часы ад бягучай сітуацыі:
- Усе пералічаныя выпадкі належаць да сітуацыі моўнага будаўніцтва, калі праз пашырэнне сферы ўжывання мовы з'яўляецца неабходнасць у новай лексіцы. Бытавая мова сялян робіцца мовай навукі, публіцыстыкі, юрыспрудэнцыі — і ёй адначасова патрэбна шмат новых тэрмінаў, якія можна ствараць па-рознаму, у тым ліку дбаючы пра чысціню мовы. Сучасныя плыні пурызму шмат у чым арыентаваны на крытыку ўжо існуючых слоў і выразаў, і выглядае, што гэтыя стратэгіі надта менш эфектыўныя.
- У часы глабалізацыі і шырокага доступу да Інтэрнэту словы нараджаюцца і распаўсюджваюцца занадта хутка. Раніцай з'явілася новая рэч і атрымала новую англійскую назву — ужо днём пра яе неяк напішуць на беларускамоўных рэсурсах — увечары ў каментарыях стыхійна ўсталюецца пераклад. Лінгвістычныя ўстановы ці суполкі экспертаў не могуць паспяваць за гэтым працэсам. Нават сайт слоўніка Французскай акадэміі — ледзь не самай пурыстычнай лінгвістычнай установы ў свеце — пытае ў наведвальнікаў, ці дазваляюць яны захоўваць témoin de connexion (cookie). Бо témoin — гэта прыгожа і па-французску, але cookie — гэта як кажуць насамрэч.
Надзея беларускага пурызму?
Цяпер «філалабайкі» — беларускамоўны праект і разважае пра беларускую мову. І тут можна адзначыць два значныя назірання, якія паходзяць з адной і той жа пасылкі:
- даволі значная частка карыстальнікаў беларускай мовы не атрымалі яе як першую мову падчас выхавання. Яны яе засвойвалі пазней, як замежную, у школе ці пазней. Пры такім падыходзе для засваення выкарыстоўваецца менавіта літаратурная мова: слоўнікі, граматыкі, падручнікі. Носьбіт беларускай як першай мовы можа выпрацаваць свае моўныя звычкі, увогуле не ведаючы нічога пра існаванне літаратурнай мовы. Карыстальнікі беларускай мовы ў першую чаргу вучаць беларускую літаратурную мову.
- даволі значная частка карыстальнікаў беларускай мовы не атрымалі яе як першую мову падчас выхавання. Адпаведна, для многіх з іх беларуская — не тая мова, якую яны ведаюць лепш за іншыя. Той жа Філалош восем год вёў праект па-руску, і толькі ў 2022 пачаў патрохі пераходзіць на беларускую. А значыць, што калі два такія карыстальнікі размаўляюць па-беларуску, яны не абіраюць найбольш зручны спосаб камунікацыі. Нейкая пазалінгвістычная прычына падштурхоўвае іх размаўляць больш складаным шляхам.
Калі мы супрацьпастаўляем «русіфікаваную» сучасную беларускую літаратурную мову праўдзівай народнай беларускай мове, можна паставіць пытанне: чаму б вось карыстальнікам не вучыць адразу праўдзівую мову і чаму б ім падчас размовы, калі ўжо яны гатовыя цярпець дадатковыя складанасці дзеля беларушчыны, не перайсці адразу на праўдзівую мову?
Заўвага пра інструменты
Першае, пра што можна падумаць — гэта стан мовы. Беларуская і так не надта багатая рэсурсамі, а цяпер спатрэбіцца выкінуць на сметнік і шмат з таго, што маем. У праўдзівай беларускай мовы няма створанай граматычнай базы, якой маглі б карыстацца, напрыклад, сродкі аўтаматычнай праверкі правапісу — і падкрэсліваць чырвоным непасрэдна: «можа вы мелі на ўвазе непасярэдна?» Няма асобнага корпусу тэкстаў з адной толькі праўдзівай беларускай мовай, каб можна было лёгка паглядзець правільнае ўжыванне. Некаторыя старыя слоўнікі алічбаваны, але зручнага інструмента, каб паглядзець пераклад патрэбнага слова менавіта на праўдзівую беларускую мову, здаецца няма. І нават ChatGPT, які трохі навучыўся размаўляць па-беларуску, абапіраецца на афіцыйную, непраўдзівую беларускую мову.
Дарэчы, з гэтай жа нагоды «філалабайкі» пішуцца наркамаўкай, а не тарашкевіцай.
Але гэты аргумент мае сэнс толькі тады, калі разглядаць сучасную беларускую літаратурную мову і праўдзівую беларускую мову як розныя формы адной і той жа мовы.
Калі ж лічыць, што літаратурная мова — гэта савецкі піджын, камуністычны валапюк, брыдкае штучнае ўтварэнне, то яе папулярнасць робіць толькі горш, бо з кожным днём усё глыбей хавае тую праўдзівую беларускую мову пад тысячамі агідна складзеных сказаў. І тады незразумела, чаму б увогуле не перайсці на рускую: там і кніжак яшчэ больш, і корпус значна больш функцыянальны. І Пушкін наша ўсё, таксама прыемна.
Беларускі Грааль
Найбольш яркай праблемай бачыцца тое, што праўдзівая беларуская мова — гэта такі сабе Грааль, міфічная і недасяжная з'ява.
Перш за ўсё, варта разумець, што аб'ектыўна беларускай мовы, як і любой іншай, не існуе. Ёсць шэраг уласных ідыялектаў, раскіданых у прасторы і часе, якія маюць агульныя рысы і таму тэарэтычна аб'ядноўваюцца ў агульнае паняцце беларуская мова. Ідыялекты пры гэтым адрозніваюцца, таму на ўсходзе вымаўляюць мяккае [р'], а на поўдні — окаюць і ўжываюць формы рабіціму. Аб'ектыўна правесці мяжу, што вось гэта яшчэ беларуская, а вось гэта ўжо не, таксама немагчыма, таму, напрыклад, ва ўкраінскім мовазнаўстве палескія гаворкі часта адносяць да ўкраінскай мовы.
Са з'яўленнем агульнанацыянальных інстытутаў — прэсы, адукацыі, навукі — беларуская мова спачатку абрынулася ў хаос. Функцыі мовы пашырыліся, і носьбітам не хапала тэрмінаў. З беларусізацыяй з'явіліся новыя карыстальнікі мовы, якім не хапала слоў увогуле. Кожны не толькі карыстаўся ўласнай гаворкай, з усімі яе індывідуальнымі, сацыяльнымі і рэгіянальнымі асаблівасцямі, але яшчэ і запаўняў лакуны як умеў. А потым запісваў гэта ўсё нясталай арфаграфіяй.
З часам над разнастайнасцю ідыялектаў пачаў выбудоўвацца агульны літаратурны стандарт. З'яўляліся лінгвістычныя працы: слоўнікі, граматыкі, якія аддавалі перавагу адным варыянтам перад другімі. Нават тыя працы, якія задумваліся выключна апісальнымі, усё роўна выконвалі нарматворчую, прэскрыптыўную функцыю, бо слова, якое трапіла ў слоўнік, нібыта больш правільнае, чым тое, што засталося па-за яго старонкамі.
У дваццатыя гады падыход да мовы быў пурыстычны: з ухілам да ўласнабеларускіх слоў, дыялектных і архаічных формаў, а таксама да неалагізмаў, утвораных з беларускіх элементаў.
У трыццатыя гады адбыўся рэзкі паварот да русіфікацыі беларускай мовы, каб «наблізіць беларускую мову да гаворак працоўных мас». Пасля трыццатых гадоў літаратурны стандарт патрохі адыходзіць ад радыкальнай русіфікацыі, і ў дробязях вяртае пурыстычны падыход.
Але вось якое пытанне: дзе ва ўсім гэтым вэрхале тая праўдзівая беларуская мова?
Можа быць у вёсках? Але ў вёсках, па-першае, функцыя мовы значна абмежавана, а па-другое, у розных вёсках кажуць па-свойму. Ці праўда, што ў адных вёсках беларуская мова больш праўдзівая, а ў другіх менш?
Прынамсі мы ведаем, што на поўначы Беларусі беларуская мова была не вельмі праўдзівая. У 1927 годзе Максім Каспяровіч пры падтрымцы Віцебскага Акруговага Таварыства Краязнаўства выдаў Віцебскі краёвы слоўнік. У прадмове да слоўніка падкрэсліваецца, што гэта слоўнік жывой беларускай мовы, што Каспяровіч збіраў факты мясцовага маўлення, што ён «рэгістраваў асаблівасьці вымаўленьня, словы, цікавыя злучэньні слоў і г. д., не зважаючы, ці супадаюць яны з літаратурнаю моваю, або чужаземнаю»... Але потым рэмарка:
Віцебская мова багату русізмамі, але рэгістрацыя іх не ўваходзіла ў нашу задачу. // М. Каспяровіч, Віцебскі краёвы слоўнік (Матар'ялы), 1927, старонка XVIII
То-бок рэгіянальны слоўнік жывой беларускай мовы ўсё ж не перадае тую жывую беларускую мову як яна ёсць, бо ў ёй зашмат рускіх запазычанняў.
Можа быць, сапраўдную беларускую мову тады варта шукаць на старонках першых беларускіх газет?
Дакладна не. Лаяцца на журналістаў за благое валоданне мовай — традыцыйная беларуская забава. Вось, напрыклад, думкі аўтара слоўнікаў Мікалая Байкова:
Каб гаварыць на „чыстай“ фонэтычна-беларускай мове, трэба нарадзіцца і выгадавацца ў Беларусі. Трэба прыўласьціць сабе „дух“ мовы, як ён выяўляецца ў народным ужываньні. Адхіленьні ад норм народнай фразэолёгіі і становяць сабою тое, што папольску называецца „błędy mówy“! Такія „błędy“ — вельмі звычайная зьява для сучаснай беларускай літаратурнай мовы, бо ня так-то лёгка скінуць з сябе нашым пісьменьнікам больш, чымся сталетні ўплыў з боку расійскай культуры. <...> На агульную слабасьць нашай літаратурнай мовы ў фразэолёгічных адносінах паказвалася с. Яз. Лёсікам <...>. Вось такія-то „błędy“ і даюць права с. В. Ластоўскаму, якому ня можна адмовіць у „чуцьці“ мовы, накідацца на старонках сваёй часопісі „Крывіч“ на мову сучаснай беларускай журналістыкі. // «Полымя» 4, 1927, старонкі 156-157
Можа, ёсць прынамсі канкрэтныя асобы, у якіх бездакорная праўдзівая беларуская мова?
Мы ўжо ведаем, што калі такія і ёсць, то гэта дакладна не Якуб Колас. Можа быць, Вацлаў Ластоўскі, якому «ня можна адмовіць у „чуцьці“ мовы», з'яўляецца носьбітом той самай праўдзівай беларускай мовы?
Ластоўскі пісаў, што беларуская мова павінна стацца правадніком беларускай культуры, і для гэтага неабходна кожнае паняцце перакласці адпаведна псіхіцы беларускай мовы; а формы слоў і будова сказаў мусяць адпавядаць законам гармоніі, што захаваліся ад нашых продкаў. Менавіта гэтым падыходам ён карыстаўся, калі складаў Расійска-крыўскі слоўнік: імкнуўся тлумачыць чужаземныя словы роднымі паняццямі.
Яшчэ адзін аўтар слоўнікаў, Сцяпан Некрашэвіч, працу Ластоўскага раскрытыкаваў вельмі жорстка:
...мы дамо некалькі расійскіх слоў з іх беларускімі тлумачэньнямі, з якіх прыкладаў будзе відаць „ачышчэньне“ беларускай мовы В. Ластоўскім. Тут чытач увачавідкі пабачыць, што аўтар слоўніка робіць з беларускай мовай такія мудраваньні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову. <...> Такім чынам, на прыкладзе працы В. Ластоўскага мы бачым, як можна, маючы сабраны матэрыял, але паставіўшы сабе непамерную задачу (ачышчэньне мовы) і ўжыўшы пры гэтым наіўны мэтод, напісаць непатрэбную кнігу. <...> праца В. Ластоўскага марная, а яго кніжка — расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік — шкодная. // «Полымя», 2, 1926, старонкі 177, 179
Ну можа хаця б самі суровыя крытыкі, Мікалай Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч, валодаюць праўдзівай беларускай мовай? Тады б мы маглі вывучаць яе па іх Беларуска-расійскаму і Расійска-беларускаму слоўнікам? Дык таксама не, бо вось лінгвіст Язэп Лёсік выказаў пра слоўнік Беларуска-расійскі такое меркаванне:
У рэцэнзіі трудна высьвятліць усё тое, што ёсьць слабага ў гэтым слоўніку. Тут можна толькі застанавіцца на тым, што адразу кідаецца ў вочы, як няправільнае тлумачэньне беларускіх слоў, і дае няправільнае прадстаўленьне аб беларускай мове.<...> Агульнае ўражаньне ад слоўніка такое, што складаўся ён без належнага выбару слоў, бяз крытыкі, бяз уважлівасьці і без пачуцьця да духу і асаблівасьцяй беларускае мовы, а вялікія памылкі ў перакладах слоў і недакладнасьці ў аб’ясьненьнях прымушаюць адносіцца да яго зь вялікаю асьцярожнасьцю. // «Узвышша», 2, 1927, старонкі 203, 209
Можна і далей пералічваць, як розныя лінгвісты і філолагі папікаюць іншых людзей, ды і адзін другога таксама, у няправільнай, непраўдзівай беларускай мове. Выглядае, што праўдзівая беларуская мова — гэта абстрактнае ўяўленне пра нейкую магічную форму мовы, якая захоўвае дух вёскі, але ў той жа час поўнафункцыянальна; якая насычана словамі ўласнабеларускага паходжання, але не змяшчае недарэчных наватвораў; якая адлюстроўвае жыццё і гісторыю беларускага народу — але нейкім цудам пазбегла ўплыву шматвяковага панавання польскай і рускай культур.
Да гэтай магічнай формы імкнуліся і 100 год таму, і зараз. Дыскусіі ў часопісах «Узвышша» і «Полымя» не заўсёды можна адрозніць ад каментарыяў у ЖЖ ці Facebook. Але праблема ў тым, што кожны неабыякавы карыстальнік беларускай мовы ўяўляе гэтую магічную форму па-свойму, звяртаючы ўвагу на тыя ці іншыя рысы. Але нейкай аб'ектыўнай крыніцы, якая б дазволіла хутка ацаніць праўдзівасць слова непасрэдна ў беларускай мове — няма. Тым карыстальнікам мовы, якія, можа, і хацелі б размаўляць на праўдзівай беларускай мове, папросту няма дзе яе ўзяць.
І калі мы ўжо дазваляем сабе адкінуць 90 год акадэмічнай лінгвістыкі, то нішто не перашкаджае адмахнуцца і ад кожнага слоўніка 1920-х гадоў: Ластоўскі напрыдумляў слоў, у Гарэцкага зашмат русізмаў, у Станкевіча малавядомыя рэгіяналізмы, Байкоў і Некрашэвіч няўважлівыя да духу беларускай мовы... Агульных аўтарытэтаў не застаецца: кожны можа абраць сабе слоўнік па густу. Ці ўласна распрацаваць новую сістэму — якая, канешне, выправіць усе хібы папярэдніх лексікографаў, аб'яднае ўсіх беларусаў і зафіксуе адзіны, безумоўны стандарт праўдзівай беларускай мовы.

Вынікі
Мы не ведаем, што такое праўдзівая беларуская мова. Гэта нейкі Грааль, які шукаюць ужо больш за сто год, але ніяк не могуць знайсці.
Ці праўда, што ў адных рэгіёнах носьбіты размаўляюць на менш праўдзівай мове, чым у другіх? Ці праўда, што праўдзівая беларуская мова — гэта тая, што робіць выгляд, нібыта не было тых стагоддзяў панавання іншых культур? Ці дакладна такая мова з'яўляецца правадніком беларускай культуры? І ці не робіцца слова праўдзівым беларускім словам, калі сто год таму яго ўжываў класік літаратуры?
У лінгвістыцы ўвогуле праводзіць межы паміж з'явамі складана. Нават пытанне «мова ці дыялект» звычайна характарызуюць як палітычнае, а не мовазнаўчае. Яшчэ складаней праводзіць межы стылістычнага характару: вось гэтая мова праўдзівая, а вось гэтая — сапсаваная.
Людзі праводзяць гэтую мяжу па-рознаму, і ў залежнасці ад яе абіраюць стылістыку ўласнага маўлення. Сфармуляваць уласныя стылістычныя парады не дрэнна. Толькі не варта чакаць, што гэтыя парады будуць агульнапрынятымі: абіраць, хто правы, хто не правы, можна бясконца — карані канфлікту ў розных уяўленнях аб праўдзівай беларускай мове. Вырашаць спрэчкі можна толькі з пазіцый нейкіх устойлівых аўтарытэтных меркаванняў.
Таму, падаецца, найбольш устойлівай стратэгіяй будзе прызнаць, што праўдзівую літаратурную беларускую мову захоўваюць сучасныя акадэмічныя слоўнікі і граматыкі. Нават калі ў іх ёсць хібы і недакладнасці. Бо карыстальнікі беларускай мовы ўсё роўна будуць звяртацца да слоўнікаў у пошуках адказаў на пытанні. Усё роўна Філалош правярае арфаграфію сваіх баек з дапамогай граматычнай базы, якая ведае слова непасрэдна.
А абмеркаванні тых самых памылак у слоўніках варта весці, каб прапаноўваць выпраўленні ў наступных выданнях. І каб раіць зацікаўленым карыстальнікам мовы лепшы сінонім. Можа нават з поўнагалоссем.
Тэлеграм-канал «Філалабайкі беларускія».