"Не адчуваць сябе бязвольным халопам". Парады псіхолага тым, хто ненавідзіць сваю працу

"Не адчуваць сябе бязвольным халопам". Парады псіхолага тым, хто ненавідзіць сваю працу


Дзень за днём, год за годам хадзіць на ненавісную працу і жыць аднымі адпачынкамі — незайздросны лёс. Праект «1906» пагутарыў з псіхолагам і адукатарам дарослых Васілём Пронем пра тое, як вырвацца з гэтага замкнёнага кола.


Перапрацоўваеш? Чакай выгаранне

Чаму праца можа быць нелюбімай? Напрыклад, разважае Васіль, таму што чалавек яе не сам абіраў: «Гэта можа быць прымусовая праца або сфера, якую чалавек выбраў пад націскам сацыяльнага асяроддзя. Бачыў выпадак, калі жонка штурхала свайго мужа, каб ён пайшоў у айцішнікі дзеля большага заробку, але гэтая праца была зусім не па яго тэмпераменце.

Справа можа быць і ў не яўных просьбах, а ў маніпуляцыях падчас выбару працы. Напрыклад, бацькі ўвесь час кажуць дзіцяці, дзе ён павінен вучыцца і кім мусіць стаць. А потым гэтае дзіцё вырастае і ідзе па таму кірунку, які яму падрыхтавалі бацькі, і тады таксама можа лічыць сваю працу нелюбімай».

Апісаныя Васілём гісторыі — варыянты, калі ў чалавека ад пачатку дрэннае стаўленне да працы. Іншая справа, калі ты свядома абраў сабе сферу і пайшоў туды, куды жадаў, а потым нешта змянілася, і ў цябе пагоршылася стаўленне да гэтай працы.

У такім выпадку можна падазраваць прафесійнае выгаранне — тое, што рана ці позна здарыцца з людым чалавекам, які не ў стане рэгуляваць баланс жыцця і працы. Часцей за ўсё гэта сустракаецца ў сацыяльнаарыентаванай працы з людзьмі, напрыклад, у медыцыне. Васіль прыводзіць прыклад: некаторыя дактары вельмі выгаралі падчас пандэміі кавіду, асабліва ў самым яе пачатку, калі было шмат невядомага і не хапала рэсурсаў — гэтыя фактары таксама спрыяюць таму, што чалавек не вытрымлівае працоўны стрэс і знясільваецца.

«Калі чалавек выгарае, у яго пагаршаецца стаўленне да працы, нават калі ён яе выбіраў сам і працаваў з цікавасцю. Таксама на ўспрыняцце працы ўплываюць працоўныя стасункі ў калектыве і іншыя дадатковыя рэчы, стаўленне да якіх пераносіцца на ўсю арганізацыю. Напрыклад, чалавек можа быць не згодны з пазіцыяй установы, дзе ён працуе, па нейкіх сацыяльна-палітычных пытаннях, яму таксама можа там быць цяжка працаваць. Але тут справа хутчэй не ў віду дзейнасці, а ў канкрэтнай арганізацыі», — адзначае Васіль.

На тое, ці працуе чалавек з радасцю, можа ўплываць шмат іншага, нават змена сэнсу ў жыцці. Але гэта не абавязкова рэзкая перамена, і падчас яе чалавек можа проста сысці ў іншую сферу, тады ніякага дыскамфорту ў яго не будзе.


«Не заўсёды змена працы дасць рады»

Сыходзіць з нелюбімай працы — ідэальны выбар? Не, разважае псіхолаг: «Можна проста нешта змяніць у балансе асабістага жыцця і працы ў сваім жыцці, і часцей за ўсё гэта цалкам рэальна. Збольшага людзі сыходзяць у працагалізм, калі маюць перакосы ў гэтым балансе: або збягаюць ад жыццёвых турбот, або маюць звычку такім чынам збягаць ад чагосьці. У такім выпадку змена працы ніяк не дапаможа, бо ў чалавека застануцца тыя ж звычкі, ён перанясе іх на іншую працу і рызыкуе захрасці ў скаканні паміж працамі.

Не заўсёды змена працы дапамагае даць рады нелюбові да ёй. Трэба глядзець, з чым звязаная такая нелюбоў: з самім чалавекам ці з абставінамі, у якія ён трапіў. І калі справа ў самім чалавеку, выйсце не ў тым, каб змяніць працу, а ў тым, каб змяніць свае паводзіны. Напрыклад, надзяляць больш увагі жыццёвым патрэбам ці больш камунікаваць з калегамі на працы, каб яна была менш напружанай, дамаўляцца пра тое, у якім рэжыме чалавек працуе».

Часцей за ўсё сыход з працы — гэта апошні крок. Як мяркуе псіхолаг, яго трэба рабіць, калі ты паспрабаваў усё астатняе. Логіка такая: калі чалавек ужо працуе недзе, трэба гэтым скарыстацца як пляцоўкай для эксперымента і максімальна паспрабаваць змяніць ці свае паводзіны, ці стаўленне да сітуацыі, а, магчыма, і знешнія абставіны, каб як мінімум знайсці адказ на пытанне, чаму і як я трапіў у абставіны нелюбові да сваёй працы, што ад мяне залежыць, а што — не. Часта бывае так, што чалавек сам нешта зрабіў (ці не зрабіў) для гэтага, і пакуль ён у такіх абставінах, можа паспрабаваць нешта змяніць.

Сысці ў іншую сферу прасцей за ўсё, і часам гэта таксама выйсце. Але, перасцерагае Васіль, не варта скакаць у пошуках цудоўнай працы, на якой магчыма нічога не рабіць і толькі атрымоўваць грошы: «Час ад часу на любой працы, нават самай любімай, можа здарыцца нешта, што нам не спадабаецца. Не бачыць доўгатэрміновай перспектывы і часта змяняць працу — гэта крайнасць, але 30 гадоў працы на адным месцы, як гэта было ў Савецкім саюзе — для кагосьці таксама крайнасць. Таму шукаем баланс і аналізуем сітуацыю адэкватна: глядзім, справа ў аб’ектыўных абставінах ці ў тым, як чалавек сябе паводзіць на працы, ці трапляе ён рэгулярна ў тыповыя для яго праблемныя сітуацыі».

Хаця ёсць вельмі шмат рэчаў, якія можна змяніць так, каб не звальняцца, існуе сітуацыя, калі дакладна трэба звальняцца. Гэта абставіны, калі мы адчуваем на працы рэальны ціск або гвалт, парушэнне правоў і нават магчымасці іх абараняць. Падобная сітуацыя ў сям’і: калі прысутнічае хатні гвалт, з гэтай сям’і трэба бегчы.

Якім можа быць гвалт на працы? У тым ліку і эканамічным, можна трапіць у рэпрэсіўныя абставіны: зрабіў нешта не так — не атрымаеш свой заробак. Бывае, што арганізацыі па некалькі месяцаў не выплочваюць заробкі супрацоўнікам, прымушаюць іх моўчкі чакаць і залежаць ад працадаўцы, або на працы ствараюцца ўмовы для кампраматаў, каб атрымліваць ад супрацоўніка тое, што трэба камусьці, каб чалавек нават парушаў свае прафесійныя абавязкі, напрыклад, праз страх застацца без заробку або без службовага жылля.

Калі гвалту няма, а ёсць некамфортныя абставіны, Васіль раіць спрабаваць дамаўляцца і шукаць альтэрнатывы: «Звычайна кажу людзям у такой сітуацыі, што нават калі вы прынялі рашэнне сыходзіць, задайце сабе пытанне — ці бачна вам 5-7 варыянтаў таго, як можна паступіць? Яны могуць быць лепшымі ці горшымі, але важна проста іх бачыць. Калі чалавек іх не заўважае, яго бачанне сітуацыі можа быць абмежаванае, таму яму варта пагутарыць з кімсьці, з псіхолагам ці сябрамі, і пашукаць іншыя выйсці».

Магчыма, дапамогуць змены ўнутры арганізацыі: можна дамовіцца з кіраўніцтвам і перайсці на іншую пасаду, абраць іншы працоўны кірунак ці праект, змяніць рэжым працы. Васіль згадвае выпадак кліенткі-айцішніцы, якая нейкі час працавала з краіны ля Беларусі, але потым перабралася ў іншую краіну, дзе гадзінны пояс моцна адрозніваецца. Каб кантактаваць з камандай, ёй трэба было прачынацца рана па мясцовым часе. Гэта амаль што давяло яе да дэпрэсіі, бо такі пад’ём не пасаваў да яе асабістых біялагічных рытмаў.

Паводле псіхолага, звычайна ёсць шмат магчымасцяў таго, як можна палепшыць сабе працоўны працэс. Васіль расказвае пра іншую кліентку, якая эмігрыравала ў ЗША і працавала на складзе буйнога прадпрыемства. Ёй было цяжка, бо даводзілася шмат часу праводзіць на нагах, а ў той жанчыны з нагамі былі праблемы. Тады яна дамовілася, што будзе працаваць на пагрузчыку, і яе стан значна палепшыўся. Гэта прыклад таго, што невялічкія змены могуць істотна паўплываць на адчуванне чалавека. Так што трэба быць упэўненымі, што калі вам цяжка на працы, гэта праз знешнія абставіны, а не праз тое, напрыклад, што вы саромеецеся прасіць у вашага кіраўніка неяк паўплываць на вашы працоўныя абставіны.


«Нелюбімая праца — гвалт над самім сабой»

Бывае, што чалавек сам абірае непрыемную для сябе працу дзеля грошай ці чагосьці яшчэ. Калі гэта свядомы выбар, Васіль раіць такому чалавеку задаць сабе пытанне: чаму я выбіраю паміж любімай працай і тым, што дае мне нейкія выгады? Магчыма, лепш знайсці такі варыянт, каб і праца была любімая, і грошаў было дастаткова, то-бок не разменьвацца паміж двума не надта добрымі варыянтамі.

Вядома, не заўсёды гэта магчыма: «Тады чалавек можа нейкі час займацца той працай, якая дае яму грошы ці патрэбныя магчымасці. Але трэба ўсведамляць, што такая праца часовая, і тады дадатковая матывацыя дапаможа чалавеку валявым высілкам трохі перакрыць сваю незадаволенасць. Гэта працуе, але ненадоўга, бо з цягам часу нелюбімая праца можа прыносіць дрэнныя наступствы: дэпрэсіі, зрывы, канфлікты, фізічныя хваробы. Такая праца — гвалт над самім сабой, а ўнутраны гвалт нічым не лепшы за знешні».

Як не памыліцца пры выбары працы? Тут улічваем некалькі фактараў, і першы з іх паходзіць з матывацыйнай сферы. Важна зразумець, ці звязаная для чалавека тая ці іншая праца з яго ўнутранай матывацыяй, для чаго яна яму, ці дае яму гэтая праца нейкае адчуванне сябе. Карацей кажучы, ці хочаце вы працаваць у гэтай сферы?

Па-другое, аналізуем, наколькі здольнасці чалавека могуць быць у гэтай працы рэалізаваныя. Васіль заўважае, што часам людзі пачынаюць падбіраць працу не з матывацыі, а са здольнасцей. Гэта не зусім карэктна, бо ў чалавека нешта можа добра атрымлівацца, але не абавязкова, што гэта будзе даваць яму па жыцці асалоду. Таму пачынаем з матывацыі, а потым даходзім да сферы здольнасцей, каб зразумець, ці зможам мы ў той ці іншай сферы сябе пракарміць. Бо, калі чалавек матываваны, ён зможа з вялікай верагоднасцю развіць здольнасці да таго ўзроўню, каб зарабляць на справе грошы.

Па-трэцяе, трэба прасачыць, ці не нясе праца нейкіх унутраных праблем: «Часта гэта можна зразумець толькі тады, калі вы пачалі працаваць у нейкай установе. Напрыклад, важна, ці ёсць у калектыве супярэчнасці, бо для людзей пытанне камунікацыі вельмі важнае, мы — сацыяльныя істоты. Яшчэ звярніце ўвагу на тое, ці не можа праца або пазіцыя канкрэтнай арганізацыі, куды ўладкоўваецца чалавек, супярэчыць яго каштоўнасцям.

Таксама важна, што мы чакаем ад працы задавальнення нашых патрэбаў, матэрыяльных і нематэрыяльных. Таму павінен быць баланс паміж тым, колькі чалавек аддае ў працы і колькі ён ад яе атрымлівае, каб не апынуцца на ўзроўні існавання».

Нарэшце, Васіль нагадвае, што трэба звярнуць увагу на тое, як працадаўца ставіцца да правоў супрацоўніка, і наколькі ўвогуле для яго бяспечная гэтая праца. Гэта базавае пытанне, якое асабліва важнае цяпер для беларусаў, калі нават чалавека на пасадзе прыбіральшчыка кіраўніцтва можа ўцягнуць у праўладную актыўнасць.


«Не надзяваць самому на сябе рабскую робу»

Часам з нелюбімай працы сыходзяць, калі ўжо няма чаго губляць, але ж гэта радыкальны варыянт. Лепш, лічыць наш эксперт, загадзя падрыхтаваць сабе глебу: знайсці новую працу або зарабіць на падушку бяспекі. Яшчэ можна звярнуцца да кагосьці па дапамогу, каб зразумець, як палепшыць сітуацыю на працы.

Але частка людзей не сыходзяць з ненавіснай працы, нават калі ім не перашкаджаюць абставіны ці калі яны маюць альтэрнатыву. Яны доўга працавалі ў канкрэтнай арганізацыі і ім увесь час казалі, маўляў, вы нічога іншага не знойдзеце і вы нікому не патрэбныя, і гэтыя людзі пачалі ў такія словы верыць.

Часам, каб нешта змяніць, такому чалавеку хопіць пабачыць прыклады, што гэта магчыма. Можна папрацаваць з псіхолагам або заняцца праз інтэрнэт самаразвіццём. Тады гэты чалавек можа ўбачыць, што ў яго нешта атрымліваецца, і зразумее, наколькі абмежаванай была яго карціна свету. Так што варта проста пачаць рабіць маленькія крокі ў бок развіцця.

Ці значыць гэта, што трэба проста палюбіць сябе, і ўсё само выправіцца? Не зусім так, лічыць Васіль: «Усё індывідуальна, і трэба глядзець, што не дае памяняць працу ў канкрэтным выпадку. Гэта могуць быць знешнія перашкоды: недахоп грошаў, магчымы канфлікт у сям’і або пакаранне, калі былы студэнт не можа кінуць працу па размеркаванні. Тады можна працаваць ва ўстанове далей і спрабаваць атрымаць ад гэтай працы максімум карысці, каб, калі сітуацыя зменіцца, сысці туды, куды хочацца. Частка людзей так і робіць, але калі зусім цяжка, некаторыя выбіраюць заплаціць грошы за навучанне і пайсці туды, дзе яны адчуваюць сябе вольным чалавекам».

Бывае і так, што чалавек сам вырашыў пайсці працаваць на завод, захрас там на дваццаць гадоў і нічога не хоча змяняць, хаця іншыя раяць яму сыходзіць. Тады, тлумачыць псіхолаг, справа ва ўнутраных прычынах, і чалавеку сапраўды трэба працаваць над сабой, працаваць праз дзеянне. Гэта кола: з аднаго боку, ты мусіш вучыцца большай павазе да сябе, а з іншага, праз гэтую павагу ты пачнеш працаваць над развіццём у новай сферы, рэалізоўваць развіццё ў дзеяннях і дасягаць новых вынікаў. Тады ты будзеш змяняцца да лепшага і сам гэта адчуеш, і пачнеш больш сябе паважаць праз тое, што будзеш мець новыя дасягненні.

«Мабыць, калі чалавек вырашае, што ён ужо нічога не можа змяніць, гэта найгоршы магчымы варыянт. Можа быць непрыемна ўсведамляць, што ты працуеш на нелюбімай працы, але ж толькі калі ты праходзіш праз гэтае адчуванне, можаш нешта выправіць. На мой погляд, лепей шукаць варыянты, асэнсоўваць, што цябе не задавальняе, і працягваць імкнуцца да лепшага. Ведаю прыклады, калі людзі і ў зрэлым узросце знаходзілі працу, якая ім падабаецца. І калі супрацоўнік матываваны, вынік яго працы больш значны і для яго самога, і для наваколля.

Галоўнае — не надзяваць на сябе самому рабскую робу. Сапраўды, часам чалавеку не даюць сысці з працы цяжкія абставіны, але большасць людзей не знаходзіцца ў такім стане і можа нешта змяніць. Мы жывем у дужа дынамічны час, калі інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасці зарабляць грошы і не адчуваць сябе бязвольным халопам», — лічыць Васіль.

Report Page