Навошта ўдзел у выбарчай кампаніі-2020?

Навошта ўдзел у выбарчай кампаніі-2020?

Юры Губарэвіч

Трэба перамагаць і мяняць уладу! Я прапаную легальны механізм, як паламаць сцэнар фальсіфікацыяў і здзейсніць электаральную рэвалюцыю. Дзеля гэтага патрэбныя актыўныя салідарныя дзеянні 1% беларусаў!

Юры Губарэвіч, фота: Беларускае Радыё Рацыя

Што нас аб’яднае?

Большасць беларусаў - за перамены. Але ў людзей розныя матывацыі. Камусьці не хапае дэмакратыі, і ён гатовы змагацца за яе нават адзіночным пікетам. А некаму - дабрабыту, дзеля якога ён гатовы хіба што да пратэстнага галасавання. Прыхільнікаў пераменаў аб’яднае і натхніць на супольныя дзеянні выразная альтэрнатыва - не голыя лозунгі “Далоў!”, а праграма грунтоўных і зразумелых рэформаў, якую прапануе адзіны кандыдат.

Як будзем перамагаць?

1) Ключавы этап дэманстрацыі яднання вакол альтэрнатывы - масавая Плошча па-новаму напярэдадні галасавання як інструмент ціску на ўсе элементы-вінцікі ўладнай машыны, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў.

Прынцыповы момант: вулічныя акцыі павінны арганізоўвацца толькі пасля рэгістрацыі адзінага кандыдата ад апазіцыі! Тады іх можна будзе ладзіць легальна ў межах агітацыйнай кампаніі. Каб не падстаўляць людзей пад бессэнсоўныя затрыманні ці штрафы. Падчас вулічных акцыяў мы робім акцэнт на тым, за што мы, а не супраць чаго мы. Толькі так можна аб’яднаць вялікую колькасць беларусаў, якія хочуць змены ўлады.

2) Толькі масавае назіранне спыніць машыну фальсіфікацыяў. Дзякуючы прыцягненню новых людзей мы зможам мець патрэбную колькасць незалежных назіральнікаў на выбарчых участках.

У Беларусі каля 7 мільёнаў выбаршчыкаў. Большасць выбарчых участкаў - гэта 2 тысячы выбаршчыкаў. Для кантролю за галасаваннем на кожным з такіх участкаў патрэбныя ад 20 назіральнікаў. Гэта кожны соты выбаршчык — усяго 1% ад іх агульнай колькасці. Актыўныя назіральнікі прымусяць сябраў выбарчых камісіяў трымацца заканадаўства і паказваць пры падліку галасоў кожны бюлетэнь.

3) Масавая Плошча напярэдадні галасавання ды народны кантроль на выбарчых участках засведчаць рашэнне беларусаў адправіць Лукашэнку ў адстаўку, а таксама стануць сігналам для сістэмы, што ў выпадку чарговых фальсіфікацый народ згодна з Канстытуцыяй забярэ ўладу ў тых, хто ёй злоўжывае.



Report Page