Настольныя вынікі 2024. Частка 2
Валер ЛітвінчукНешта не атрымліваецца пісаць коратка, таму зноў шмат тэксту - гэтым разам вырашыў не драбіць і напісаць пра ўсе астатнія намінацыі адразу, і першая з іх гэта…
Паці

На жаль даўно мінулі тыя часы, калі я шмат гуляў у пацігеймы, асабліва вялікія, на чалавек так 10, а то і 20. Сумую па тым бесклапотным часе. Таму я нават здзівіўся, што за 2024 год набралася нейкая колькасць, з якой можна штосьці выбраць.

На трэцяе месца я паставіў Hues and Cues. Перад намі зноў паці на асацыяцыі, але гэтым разам маем прыемны твіст, калі замест звыклых словаў ці малюнкаў мы будзе загадваць колеры. Адно тое, што гэтую гульню найчасцей просяць прынесці на гульнятэку ці проста даць пагуляць, кажа шмат аб чым.

Другі радок займае That's Not a Hat - гульня, у якой вам трэба запакоўваць падарункі і прэзентаваць іх сваім супартыйцам, але нюанс заключаецца ў тым, што як толькі вы «запакавалі» нешта, то-бок перагарнулі карту, то і вам, і ўсім астатнім забаронена падглядваць, што ж там насамрэч было. І паколькі вы шмат разоў дорыце туды-сюды адны і тыя ж карткі, у пэўны момант амаль ніхто ўжо не памятае, што і дзе знаходзіцца. Магчыма не ўсе любяць мемары-механіку, але мне такая да спадобы, таму гульня ў топе.

І на першым месцы знаходзіцца HITSTER - музычная віктарына, дзе вам прыйдзецца слухаць песні і намагацца паставіць іх у адпаведнае месца на лініі часу. Гуляў у розных кампаніях, і шчыра кажучы, не ўсе ў такім захапленні, як я, але для мяне гэта сапраўдны брыльянт. І гэта нават не гледзячы на тое, што я не з’яўляюся вялікім аматарам віктарын. Яшчэ б больш тэматычных і жанравых версій - і будзе зусім добра!
Сямейка

Заўсёды не мог зразумець межы гэтага тыпу гульняў. Таму паспрабую хаця б для сябе акрэсліць - тут я выбіраў з адносна простых настолак, якія ўжо нельга назваць філерамі, якія маюць больш за адну асноўную механіку і якія даволі хутка гуляюцца, але ўсё яшчэ не дацягваюць да ўзроўня гульні, якая можа стаць асноўнай на гульнявым вечары.

Трэцяе месца я вырашыў аддаць гульне, якая б арганічна глядзелася ў намінацыі «Філер», але праверыўшы чарговы раз БГГ, я пераканаўся, што не памыляюся. Кажу на гэты раз пра Flip 7 - хітовы пуш-ё-лак на вялікую кампанію, нагадваючы па вайбах нешта кшталту Блэкджэка. Са спецыяльнай калоды, якая складаецца з адной адзінкі, дзвух двоек, трох троек і так да дванаццаткі, вам будуць адкрываць карты, а ваша задача заключаецца толькі ў тым, каб своечасова спыніцца, бо любая лічба-паўторка адразу выбівае вас з раўнду. Чаму ж яна назваецца Flip 7? А таму, што перагарнуўшы семь розных карт, вы атрымаеце дадатковыя балы апроч сумы усіх наміналаў. Раю тым, хто любіць весела пашлёпаць картамі ў вялікай кампаніі.

На конт першага і другого месца доўга сумняваўся, бо абедзве наступныя гульні мяне захапілі. Але правілы ёсць правілы, таму патрэбна вызначыцца і няхай на другім радку будзе The Vale of Eternity. Калі распавядаць толькі асноўныя механікі, то тут маем адкрыты драфт карт і будаванне рухавіка. Здавалася б, ужо ж маем і Seasons, і Res Arcana, але ж можна ўзяць нешта ад абедзвюх і стварыць штосьці новае. Насамрэч атрымалася цудоўна. Ужо чакаю дадатак.

Ну і на першым месцы знаходзіцца Challengers! - сімулятар спаборніцтва ці турніра ў не самым распаўсюджаным жанры, прынамсі ў настольным сегменце - вядома ж, маю на ўвазе жанр аўтабатлераў. Калі хто не знаёмы, то ў дзвух словах, гэта калі вы збіраеце нейкую калоду, ператасоўваеце яе і потым проста ўскрываеце карту за картай. Магчыма гучыць вельмі рандомна, але паверце, там ёсць розныя стратэгіі для розных жа тыпаў калод. Ну і кілер-фіча - гэта, канешне ж, рэжым сапраўднага турніру, калі вы разам з іншымі сям’ю гульцамі гуляеце раўнд за раўндам пастаянна мяняючыся супернікамі. Проста топ!
Кааператыў

Ну тут усё зразумела - гульні, дзе неабходна супрацоўнічаць, а не намагацца перамагчы адзін аднаго. І пачынае тройку пераможцаў…

Не вельмі вядомая гульня ад кітайскага выдавецтва Broadway Toys - Infiltraitors. Магчыма вы памятаеце супер-хітовы кааператыўны трык-тэйкінг Crew? Вось тут вельмы падобныя вайбы - трошкі абмежавання ў камунікацыі, калода з лічбамі і масцямі, кніжка з місіямі, якія робяцца ўсё складаней адна за адной, ну і канешне ж, сумесная праца дзеля агульнай перамогі. Але гэтым разам ніякіх узятак, выключна дэдукцыя, бо вам, як камандзе, патрэбна адгадаць пэўную колькасць закрытых карт за абмежаваную колькасць спроб. Гучыць можа не вельмі весела, але пакуль усім, з кім гуляў, вельмі падабалася. І мне у тым ліку.

На другім месцы зноў далёка не самая папулярная гульня. І кажу я пра Décorum. На самой каробке акрамя назвы можна пабачыць і слоган - «Гульня аб пасіўна-агрэсіўным сумесным пражыванні». І вы не паверыце, але гуляецца яна літаральна як вышэй агучана. Па лору вы разам з напарнікамі павінны зрабіць рамонт у кватэры, але кожны мае свае асобныя сакрэтныя пажаданні, якія вызначыліся на пачатку партыі шляхам атрымання карт з умовамі. І затым кожны гулец пачынае нешта мяняць - ці перафарбуе сцены, ці рэтра-лампу набудзе, ці карціну ў кухні павесіць. Як вы напэўна ўжо здагадаліся, гульцы перамагаюць, калі гэты пазл будзе верным цалкам для ўсіх. Але насамрэч зрабіць гэта вельмі не проста, таму амаль пасля кожнага ходу, вы будзеце чуць «А мне зусім не падабаецца!». Незвычайная тэма, цікавая рэалізацыя - і вось Décorum амаль найлепшы кааператыў у 2024 годзе.

Але найлепшым усё ж такі я лічу The Gang - кааператыўны покер, які ўвабраў у сябе вайбы The Mind, бо тут вам таксама нельга распавядаць пра свае карты на руках і, што самае падобнае, ускрываць свае рукі вам прыйдзецца таксама ў нарастальным парадку. І калі ў раней згаданым The Mind былі простыя лічбы, то тут прыйдзецца правільна размясціць покерныя камбінацыі. Гучыць складана? Але вам дамапогуць покерныя чыпы, якія вы будзеце хапаць пасля кожнага раўнду і менавіта па гэтым чыпам і дынаміцы змянення іх моцы, гульцы і будуць рабіць высновы, якія дазволяць перамагчы гульню. Бессумненнае першае месца сярод кааператываў.
Дуэль/Дуэт

Зноў даволі зразумелая намінацыя - гульні выключна для двух гульцоў, як спаборніцкія, так і кааператыўныя.

За трэцяе месца ў мяне спрачаліся The Lord of the Rings: Duel for Middle-earth і Sky Team. І зараз будзе дзіўная думка, магчыма з не самымі лагічнымі высновамі - калі б я рабіў звычайны топ усіх часоў без намінацый, то Валадар Пярсцёнкаў у мяне б знаходзіўся вышэй, але ў дадзеным выпадку, калі я хачу адзначыць гульню, якая мяне больш здзівіла, пасля партыі ў якую я падумаў «ваў, і так можа быць», то тут безапеляцыйная перавага на боку гульні пра пілотаў. Нагадаю, что Sky Team - кааператыў, дзе вам разам з напарнікам патрэбна пасадзіць самалёт. І хоць я маю некаторыя пытанні да тэматычнасці, асабліва да галоўнай фішкі - гаворка пра забарону размоў - гульня дакладна заслугоўвае прызавога месца.

Другое месца ў гульні, якая мімікруе пад гульню з механікай трык-тэйкінг, выкарыстоўваючы тэрміны, якія больш асацыююцца з гэтым жанрам, але на самой справе не з’яўляецца ёй. І кажу я пра Dracula vs Van Helsing, дзе ў адрозненні ад мінулай гульні, вам ужо прыйдзецца гуляць адзін супраць аднаго. Сюжэтна нічога новага - Дракула кусае жыхароў Уітбі і намагаецца падпарадкаваць сабе раёны гэтага старажытнага горада, а Ван Хелсінг у той самы час проста наносіць удар за ўдарам і чакае, пакуль у ягонага суперніка скончыцца здароўе. Але з пункту гледжання механік усё значна цікавей. Тут прыйдзецца маніпуляваць карткамі і адначасова балансаваць, выбіраючы, якія скінуць проста зараз дзеля эфекту, а якія пакінуць у сябе, каб не аддаць перамогу за раён іншаму боку. Вельмі азартна дуэль, якая раскрываецца з кожнай партыяй. Прынамсі для мяне.

Ну і перамогу ў гэтым годзе я аддаю гульне, назва выдавецтва якой ужо згадвалася ў маёй выніковай справаздачы. На першым радку знаходзіцца вельмі атмасферная і даволі складаная дуэль* ад Off the Page Games - Harrow County: The Game of Gothic Conflict. Гульня заснавана на серыі аднаімёных коміксаў - і гэтая атмасфера настолькі ў мяне патрапіла, што я нават іх таксама купіў, каб больш паглыбіцца ў гэты лор. Тут вам прыйдзецца тактычна і даволі асыметрычна «дуэліцца», выкарыстоўваючы цэлы ворах разнастайных механік - і перасоўванне па гексаганальным полі, і драфт дзеянняў, і нават вежу для кубікаў, ролю якой выконвае сама каробка! Чаму ж я напісаў дуэль «з зорачкай»? А таму, што калі вы маеце некалькі дасведчанных гульцоў, то ў партыю можна дадаць і трэці бок, які яшчэ больш адрозніваецца ад першых двух, а з дадаткам - нават чацвёрты! Мы, праўда, не спрабавалі такія рэжымы, але сама ідэя безумоўна выклікае ў мяне захапленне. Таму я зусім не сумняваўся ў тым, якую гульню трэба паставіць на гэтае месца.
Сола

Думаю, што не памылюся, калі выкажу здагадку, што мала хто чакаў пабачыць тут такую намінацыю, хоць у некаторых блогераў часам такая і сустракаецца. Але ж часцей за ўсё там можна пачуць пра гульні, якія маюць як сольный рэжым, так і варыянт для большай колькасці гульцоў. Я ж вырашыў пайсці складаным шляхам і дадаць сюды настолкі, якія створаны выключна для аднаго гульца. І няхай такіх за мінулы год у мяне было толькі тры, але кожная з іх мяне ўразіла, таму я лічу, што ўсе яны павінны былі трапіць у гэты спіс.

Пачнем з трэцяга радка і гульні са зразумелай нават без перакладу назвай Conservas. Так, гэта гульня літаральна пра кансервы. То-бок пра ўвесь працэс іхняга стварэння. Вы - уладальнік маленкай шлюпкі, якая ловіць рыбу і іншых марскіх жыхароў недзе каля берагоў Іспаніі. І вашая задача - гэта выкананне адпаведнай колькаці заказаў на тыя самыя рыбныя кансервы. Але асноўная складанасць заключаецца ў тым, што вам пастаянна прыйдзецца выбіраць якую частку ўлова пакінуць сабе, а якую адпусціць назад у мора, каб патрымліваць неабходную біа-разнастайнасць, бо калі вылавіць усё адразу, рыба хутка скончыцца і вы прайграеце. Даволі нескладаная гульня, але мяне скарыла тэма. Магчыма гэта мае таемныя жаданні пра змену прафесіі даюць ведаць пра сябе, але Conservas безумоўна заслугоўвае ўвагі.

На другім радку Gloomhaven: Buttons & Bugs. І тут, канешне, вельмі хацелася б распавесці пра адрозненні ад вялікіх версій, першага Gloomhaven і Frosthaven, ці хаця б параўнаць з Gloomhaven: Jaws of the Lion, але на вялікі жаль я не гуляў у ніводны з вышэй згаданых хітоў. Таму проста скажу, што я быў вельмі ўражаны, што ў настолькі маленькай каробачцы можа быць такая вялікая і складаная гульня. Прычым складаная настолькі непрапарцыянальна свайму памеру, што ў каробке нават няма поўных правілаў - вам прыйдзецца пастаянна падглядваць у велічэзны анлайн-гласарый. У астатнім жа, мы маем тут серыю тактычных баёў, якія робяцца ўсё складаней з кожным узроўнем, але ў той жа час адкрываюць больш магчымасцяў праз атрыманне новых уменняў. Раю прыглядзецца аматрам старэйшых версій, якіх, здаецца, не мала.

Ну і пераможца ў гэтай намінацыі не будзе ні для каго нейкай нечаканасцю, бо гэтая гульня з’яўляецца ўвогуле найлепшай сола-гульнёй усіх часоў па версіі BoardGameGeek. Вядома ж гаворка ідзе пра Final Girl. Калі вы не чулі пра такі тэрмін (як я напрыклад), то «апошняя дзяўчына» - гэта такі троп, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў фільмах жахаў, калі галоўная гераіня, будучы апошняй з выжыўшых, намагаецца супрацьстаяць маньяку ці монстру. І гульня выкрыстоўвае гэта на ўсю моц, прычым нават часткова ламаючы чацвёртую сцяну, бо сама гульнявая сістэма ўяўляе з сабе безліч асобных каробак, якія выглядаюць як VHS-касеты, у кожнай з якіх можна знайсці новую лакацыю, новага ворага і новых «апошніх дзяўчын». Тут нават каробка для плэйматаў выканана ў выглядзе «відзіка»! І ўсё гэта яшчэ і выдаецца ў фармаце сезонаў. Я дакладна ў максімальным захапленні. Таму раю ўсім, хто любіць хорары ці слэшары і не грэбуе сола-гульнямі.
Мідкор

Я памятаю часы, калі такі тэрмін у кантэксце настолак асабліва ніхто і не згадваў, але вось ужо не першы год усе ім карыстаюцца, калі распавядаюць пра гульні, пераважна еўры, якія не дацягваюць да складаных, але ўжо дакладна больш комплексныя, чым звычайныя сямейкі. І паколькі ў мяне няма ўпэўненага разумення і адчування, што тут павінна быць, то я цалкам зразумею, калі вы не пагадзіцеся з маім падзелам і напішаце, што тая ці іншая гульня павінна знаходзіцца ў тых жа сямейках, але мне падалося менавіта вось так, таму…

Трэцяе месца ў даволі свежай навінкі, дзе вы будзеце вырабляць і прадаваць розныя гатункі сыру. Магчыма вы ўжо здагадаліся, што гаворка ідзе пра Fromage. Шчыра кажучы, я напісаў пра «вырабляць сыры» толькі таму, што так было напісана на каробке. Насамрэч гульня вельмі абстрактная і гэта мяне нават трошачкі засмуціла пад час першай партыі - я чакаў нечага больш падобнага па атмасферы на Viticulture. Але калі прыняць гэтую асаблівасць, то гульня расквітае. Тут ёсць кілер-фіча - поле, якое круціца кожны раўнд - і вельмі цікавая механіка часу, якая з ім павязана: вашыя працаўнікі маюць «твар», і калі пасля чарговага павароту поля, яны нарэшце глядзяць непасрэдна на вас, то лічыцца, што работнік адпрацаваў і можа вяртацца да вас. Гучыць цікава, гуляецца аналагічна.

Другое месца займае Skyrise ад Roxley Games. Калі коратка, то гэта сімбіёз аўкцыёну і арэа-мажорыці. Робіце стаўкі, размяшчаеце будынкі і кантралюеце паветраныя выспы. Калі шчыра, то думаў, што гульня стане большым хітом, але магчыма не ўсіх яна ўразіла ў той жа ступені, як мяне. Пакуль гульня не атрымала шырокага прызнання і наўрадці ўжо атрымае, але для мяне - гэта топавы мідкор. Яшчэ б дэлюкс недзе здабыць…

І перамагае ў гэтай намінацыі Endeavor: Deep Sea - гульня, якой я доўга супраціўляўся, нават не гледзячы на станоўчыя водгукі. Мне падабаецца першая частка, Endeavor: Age of Sail, але там былі нейкія марскія падарожжы, век адкрыццяў і іншая «рамантыка». Тут жа маем нейкае падводнае даследванне, прычым сучаснае, то-бок тэма зусім не цікавая, як на маю думку. Але ж дзеля чэленджу ўсё ж такі паспрабаваў і зразумеў, што дарэмна супраціўляўся. Я не вельмі памятаю дэталі мінулай версіі, але як мне падалося, немалая частка механік захавалася, асабліва што тычыцца трэкаў і будынкаў/спецыялістаў. Цалкам змянілася поле - цяпер вы кіруеце батыскафамі, якія будуць адкрываць ўсё больш глыбокія часткі мора. І вось гэты азарт, калі ты не ведаеш, што цябе чакае далей, мне спадабаўся настолькі, што Endeavor: Deep Sea стала для мяне найлепшай мідкорнай гульнёй у 2024 годзе!
Амеры

Я ўжо даволі даўно ў настолках, таму часам яшчэ карыстаюся вось такімі архаічнымі тэрмінамі. Магчыма трэба было назваць намінацыю «Атмасфера» ці неяк так, але спадзяюся, што шмат хто з вас і так разумее, што тут будуць тыя самыя гульні, дзе вайбы і пагружэнне пануе над стрытэгіяй і разлікамі.

У апошні момант змяніў сваё меркаванне на конт трэцяга месца і вырашыў паставіць сюды Return to Dark Tower. Толькі лянівы яшчэ не выказваў сваіх захапленняў пра саму Вежу. І я таксама не буду выключэннем - усе гэтыя гліфы, адкрываючы якія, з Вежы высыпаюцца чарапы, сам момант калі ўсё свеціцца, мільгае і круціцца, і іншыя прыколы не пакідаюць нікога раўнадушным. Гульня робіць той самы ваў-эфект, якога ўжо часта не стае, пасля пяці сотняў розных згуляных настолак. Трошкі засмучвае час партыі, але магчыма ў больш спрытнай кампаніі, чым наша, перамагчы гульню можна і хутчэй, чым за 5 гадзін.

Цікава, што на другім месцы зноў гульня, таго ж самага выдавецтва, якое выдала вышэй згаданую Return to Dark Tower. Але цяпер замест сумеснага змагання супраць гульні вам прыйдзецца імчаць да фінішу на сваіх баявых машынах у пост-апакаліптычным свеце, які вельмі нагадвае Mad Max. Як вы ўжо здагадаліся, кажу я пра Thunder Road: Vendetta. Выдатны, просты і азартны дайсамёт, які часам і можа быць даволі крыўдным, але калі ставіцца да рандому прасцей, то нават налятаючы на камяні і цалкам разбіваючыся можа быць даволі весела. А калі тое ж самае будзе здарацца з супернікамі, то яшчэ весялей.

На першым жа радку размясцілася Terrorscape - гульня ў жанры «адзін супраць усіх». Цікавае назіранне, але гэта ўжо другая гульня пра маньякаў у сёняшняй справаздачы, бо вышэй ужо была Final Girl. Але на гэты раз ужо адзін з вас будзе тым самым монстрам, які намагаецца схапіць выпадковых выжыўшых, якім не пашанцавала трапіць у старажытны і даволі падазроны асабняк. Да ўсяго гэтага дадае атмасферы велічэзны макет дома, які апроч таго, што служыць шырмай паміж камандамі гульцоў, яшчэ і прыцягвае погляды ўсіх на гульнятэках. Я пакуль яшчэ не паспеў згуляць усе дадаткі, але нават пасля некалькіх партый ужо было зразумела, што Terrorscape павінен быў трапіць у спіс пераможцаў.
Хардкор

Апошняя намінацыя, куды патрапілі вялікія, комплексныя еўра-стратэгіі. Ў тэорыя тут маглі б, канешне, і амеры-гульні быць, але за 2024 год самымі складанымі для мяне былі менавіта еўросы, а да Twilight Imperium 4ed я ўсё яшчэ не гатовы.

Адкрывае тройку пераможцаў вельмі нечаканая гульня. Нечаканая менавіта таму, што я даволі сумнеўна стаўлюся як да аўтара, так і да культу ягонага імя. Вядома ж я кажу пра вялікага і жахлівага Вітала Ласерду. Нашыя з ім адносіны складваюцца не вельмі добра, але і не зусім дрэнна. І вось нарэшце я магу сказаць, што я дакладна хачу згуляць яшчэ раз у ягоную настолку. Ці гэта не тая самая нагода, каб паставіць гульню на трэцяя месца. І кажу я пра Vinhos. Мне спадабаліся і тэма, і атмасфера, і візуал. Канешне, хацелася б менш абстрактных механік, але на фоне ягоных астаніх гульняў Vinhos насамрэч вылучаецца ў лепшы бок. Карацей, чакаю наступную партыю.

На другім месцы апынулася La Granja: Deluxe Master Set - перавыданне класічнай першай версіі разам з бясконцай колькасцю розных дадатковых модуляў, якія распрацоўвалі іншыя вядомыя і не вельмі гейм-дызайнеры. Так, магчыма вы не пагадзіцеся з тым, што La Granja трапіла ў мяне да хардкору, але я лічу, што з усімі тымі дадаткамі, яна можа лічыцца даволі непростай. У астатнім жа, калі вам падабалася звычайнае выданне, але хацелася дадаць гульне свежасці, то La Granja: Deluxe Master Set - дакладна неблагі варыянт. Тут да звыклых маніпуляцый з кубамі і выкарыстання multi-use карт можна дадаць і асіметрычныя асаблівасці, і новыя жэтоны дахаў, і больш узаемадзеяння паміж гульцамі, і яшчэ шмат чаго іншага - адно тое, што рулбук толькі з модулямі налічвае 42 старонкі, шмат аб чым кажа, як мне падаецца.

А пераможцай сярод усіх хардкорных настолак 2024 году для мяне стала SETI: Search for Extraterrestrial Intelligence. Тут спалучылася адразу некалькі момантаў, міма якіх я не змог прайсці - адна з любімых механік у выглядзе калоды карт, якія можна выкрыстоўваць рознымі способамі, незвычайны знешні выгляд поля, які вельмі ўдала ўплецены ў механіку, крэдыт даверу да выдавецтва Czech Games Edition у цэлым, якія даволі рэдка выпускаюць прахадныя гульні. Таму SETI была набыта мной хутчэй, чым некаторыя паспелі вярнуцца з Эсэну дадому. І трэба прызнацца - я не памыліўся. Гульня аказалася цалкам тым, чаго я чакаў і нават больш: ідэя з дадаковымі правіламі атрымання пераможных балаў, якія з’яўляюцца толькі ў сярэдзіне партыі - гэта ж насамрэч вельмі цікаўны хук! Таму гульня пра пошук пазаземнага жыцця і апынулася на першым месцы. І скажу нават больш - SETI: Search for Extraterrestrial Intelligence, магчыма, увогуле найлепшая новая настолка, у якую мне давялося гуляць у мінулым годзе.
Ну, нарэшце скончыў. Калі пачынаў пісаць, то планаваў дадаць у вынікі году некалькі найлепшых настолак, а атрымалася прыгадаць апаль паўсотні! Шчыра кажучы, было непроста, але такія вось артыкулы дапамагаюць самому лепш зразумець свае адчуванні ад той ці іншай гульні. Я нават пад час напісання мяняў месцамі і замяняў адныя на іншыя. І атрымалася, што атрымалася 😅
Магчыма, паспрабую яшчэ знайсці рэсурсы, каб зрабіць агульны пост з расчараваннямі мінулага і чаканнямі бягучага году, але не ўпэўнены, што вам такое будзе цікава. Але калі ўсё ж такі ёсць зацікаўленыя ў такім працягу, то чакаю вашыя каментары.