Наш калядны music box: развітанне са святам

Наш калядны music box: развітанне са святам


Прыйдзем, нарэшце, да фінішу ў гэтым калядна-навагоднім марафоне: сабралі для вас яшчэ адну падборку ад беларускіх музыкаў, якую вы маглі прапусціць у святочным калаўроце.

Кранальную, крыху дэпрэсіўную, крыху адзвязную, традыцыйна фаталісцкую. Але з нязменнай надзеяй на тое, што хутка святло пераможа цемру.


Глядзім кліпы і слухаем трэкі з культуролагам Максімам Жбанковым.

NakaIZNUTRI

https://youtu.be/lg62AsoAWYs

Музычная варыяцыя на тэму "вялізарнага болю, з якім жывуць беларусы".

Жорсткая электроніка, дэфармаваны вакал, вострыя словы. Гэта чапляла б і без драматычнага відэа з удзелам умоўных "красаўцаў". А з ім працуе яшчэ мацней. Здаецца, часам нават празмерна. Арт у чарговы раз глядзіцца ў люстэрка нашай штодзённасці. І не надта ведае, што з ёй такой рабіць.


J:Морс – "Бывай"

https://youtu.be/p2dqeHX51xo

"Вы – мае асяроддзе, вы маё паветра. І цяпер амаль няма чым дыхаць", – прэзентуючы кліп, лідар гурта Уладзімір Пугач звярнуўся да сяброў, якія "спакавалі валізы, пасадзілі дзяцей на задняе сядзенне і прапалі з майго жыцця". Звычайныя морсаўскія сентыментальныя распевы гэтым разам атрымалі дадатковае сэнсавае вымярэнне: расповед пра расколатую няскончаным крызісам нацыю.


МутнаеВока – "Соль на свята"

https://youtu.be/io0Cstvriy0

Шматзначны гатычна-вампірскі зонг, сеанс драматычнай меладэкламацыі з гіпнатычным драйвам і крывой ўсмешкай. Хапацца за нож? Бегчы абы куды? Зрабіць выгляд, што нічога не адбылося? Як ні лічы – усё марна. Як у чорным сне. Як у нашай штодзённасці.

TOR BAND – "Беларус беларусу беларус"

https://youtu.be/IS0YPJ2nbU0

Наш айчынны ZZ Top з чарговай дозай шчырага беларускага трэшачка. У ірландскіх пабах пад такое гасілі півас, біліся куфлямі ды танчылі ў цяжкіх ботах. А у нас агучваюць дэпрэсіўную прастору бадзёрымі патрыятычнымі крычалкамі. З лірыкай, наўпрост пазычанай з аўтарскіх калонак (нібыта) ацалелай апазіцыйнай прэсы.


Stary Olsa – "Balada pra Cmoka"

https://youtu.be/hUXMMDrHMmw

"Спрадвечная тэма барацьбы цемры і святла, супрацьстаяння старога і новага, пра адвагу, сілу, мужнасць і веру»" – піша гурт, прэзентуючы свой новы сінгл. Батлеечны фармат ідэальна пасуе сучаснай сітуацыі: у адсутнасці моцных рухаў застаецца забаўляцца адвечнымі сюжэтамі.


Нагуаль – "Рождество"

https://youtu.be/EBm5oskIhpk

Ёлкі ўжо даўно ў горадзе і ладзяць свой спрадвечны этна-панк-рэйв! Лёня Паўлёнак са сваёй каляровай хеўрай зноў спявае на мове невядомых тубыльцаў – і не патрабуе перакладу. Бо адвязнае стрыт-паці – хай сабе й умоўнае – выдатна пазбаўляе рэшткаў песімізму і аскепкаў розуму. Танчы! Шызуй! І ані слоўка пра балаклавы.


@by_culture

Report Page