«На лекі аддаю 180 рублёў, пэнсія — 248». Як жыве былы палітвязень
Блог «Галасы»Анкалягічнае захворваньне ў Аляксея Раманава выявілі ўвесну 2020 году. Правялі складаную апэрацыю, выдалілі селязёнку, частку страўніку, кішэчніку, падстраўнікавай залозы, бо пухліна дала мэтастазы. Тады Аляксей атрымаў на камісіі другую групу інваліднасьці. Узімку 2020 году Раманава асудзілі на год зьняволеньня за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падчас выбарчай кампаніі 2020 году Раманаў удзельнічаў у агітацыі за Сьвятлану Ціханоўскую і на мітынгу ў Хвойніках блага выказаўся пра Лукашэнку.
«Я цяпер і не жыву, выжываю хіба што — дзякуючы неабыякавым людзям. Я так бачу, што дзяржаве ўсё адно на інвалідаў. Нават у калёніі я быў на камісіі і мне пакінулі другую групу інваліднасьці. А па вяртаньні з калёніі была камісія і ў мяне забралі другую групу, пакінулі толькі трэцюю, рабочую. Я ім сказаў: «Дык хіба ў мяне вырасла селязёнка, падстраўнікавая, кішкі? Не, кажуць. Але групу забралі», — расказвае былы палітвязень.
У другой групе інваліднасьці Раманаў меў пэнсію 278 рублёў. У трэцяй мае цяпер 248. Кажа, што 180 з іх аддае на лекі.
«Выходзіць, што групу забралі, бо стан палепшыўся? Мне горш і горш, асабліва пасьля зоны. Зрок сеў, панкрэатыт хранічны нажыў, на падыходзе цукровы дыябэт. Хадзіў у „Цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва“. Там зь мяне проста пасьмяяліся. Сказалі, грошай няма, рэсурсаў няма. Гэта было яшчэ ўвосень 2021 году. Яны адправілі мяне на мяжу — да ўцекачоў. Маўляў, усе грошы і дапамога цяпер там. І па сёньня нічога ня маю ні ад якой арганізацыі. Дзякуючы добрым людзям жыву, але сорамна. Дарослы мужык і аб грашах канькае», — кажа Аляксей.
Раманаў расказвае, што на працу яго нікуды не бяруць. «Нават дворнікам, нават вартаўніком. Бо кажуць: «Ды на халеру ты нам, інвалід?». Яшчэ ў сацыяльнай службе падманулі з пэнсіяй. Я працаваў на поўначы ў Расеі. Хацеў дабіцца пэнсіі адтуль. Нашы сацыяльныя службы пачалі адгаворваць: «Ды не займайся ты гэтым, гэта будзе некалькі гадоў, мы табе дамо пэнсію 80 рублёў. Я так раззлаваўся, што нават міліцыю на іх выклікаў», — кажа былы вязень.
Аляксей сьцьвярджае, што калі ён апошні час ляжаў у шпіталі, яму сказалі, што трэба рабіць гемадыяліз.
«Але платна. Каштуе гэта, як я даведаўся ў Цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны, больш за 100 даляраў. Мая ж пэнсія не дацягвае да гэтай сумы. Вось так і жыву», — кажа Аляксей.