НАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА ЦІ ЯДНАННЕ?

НАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА ЦІ ЯДНАННЕ?

ZUBR.in

Беларусам з самымі рознымі поглядамі – ад “кветкавых” да радыкалаў – усё гэтак жа крытычна неабходна знайсці падыходы да яднання між сабою на адну мэту. Не толькі каб пазбавіцца ад рэжыму Лукашэнкі, але і каб засцерагчыся ад паглынання Расіяй ў паваротны момант, калі будзе вырашацца лёс краіны. 

Раз’яднаная нацыя

Пра неабходнасць гуртавацца гаворка даўняя. На жаль, сёння ў беларусаў аб’яднацца так пакуль і не атрымліваецца. Такое меркаванне выказвае польскі палітычны эксперт Марэк Будіш, аўтар кнігі “Ілюзія свабоднай Беларусі”, на фоне падзей ва Украіне. І яно перагукаецца з меркаваннем пра стан беларусаў як нацыі філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, якое ён агучыў яшчэ больш за 10 год таму пасля падзей Плошчы-2010:  

“Сітуацыя, што склалася пасля 19 снежня, агаліла, зрабіла відавочным і бясспрэчным раскол беларускага грамадства. Беларусы – раз'яднаная нацыя. Нацыя, якая не бачыць шляхоў і не мае механізмаў пераадолення расколу, механізмаў дасягнення нацыянальнай згоды. … У Беларусі назбіралася шмат праблем, вырашэнне якіх ляжыць ва ўзгадненні розных інтарэсаў і пазіцый, розных ідэй і ўяўленняў пра мінулае, сучаснасць і будучыню беларускага народа і Беларусі.

З якой геапалітычнай прасторай мы будзем звязваць сваё будучае развіццё: з еўрапейскай, расійскай, савецкай? У чым нацыянальная ідэя? Якой павінна быць і будзе развівацца беларуская культура? Якімі сімваламі мы будзем абазначаць сябе ў свеце? У чым нацыянальныя інтарэсы?

Дзе няма нацыянальнай згоды, там ідзе грамадзянская вайна (гарачая ці халодная) – вайна адной часткі грамадства супраць іншай. Падзеі 19 снежня і тое, што адбылося пасля іх – гэта падзеі халоднай грамадзянскай вайны: неадэкватнае прымяненне сілы да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту, нагнятанне становішча страху, варожасці і правакацый у грамадстве, шырокі паток хлусні і крывадушнасці ў СМІ, масавыя парушэнні прававых норм вядзення расследавання і судовай практыкі у адносінах да ўдзельнікаў акцыі і г.д.

Стан грамадзянскай вайны нясе з сабой пагрозу страты незалежнасці, калі вырашэннем супярэчнасцей і спыненнем вайны за беларусаў зоймуцца знешнія суб'екты. У гэтай «халоднай вайне» склаўся парадаксальны парытэт сіл, калі ні дзяржава не можа ліквідаваць грамадзянскую супольнасць, ні грамадзянская супольнасць не здольная зрынуць існуючы рэжым”.

Ад 2010 да 2023: тады і цяпер

Тады, у 2010-м, пра тэрмін “вайна”, што прагучаў у Мацкевіча, большасць беларусаў сказала б, што гэта перабольшванне. Аднак за час, што мінуў з тае пары, усе пералічаныя філосафам пытанні, што стаяць перад беларусамі, толькі набралі большую вагу і актуальнасць.

Дзяржаўнай машыне ўдалося выразаць пад корань любыя праявы грамадзянскай актыўнасці, якая не ёсць прапагандаю ідэялогіі рэжыму. 

Цяпер рэальнасць дайшла да кропкі, калі зусім побач, на поўдзень ад Беларусі, ідзе самая сапраўдная вайна, якую развязала Расія ва Украіне, а беларуская дзяржава, загуляўшыся са “старэйшым братам” у “саюзную дзяржаву”, запэцкалася да статусу краіны-агрэсара насуперак настрою ўласнага грамадства. 

Прапагандысты і праўладныя ідэёлагі на Беларусі могуць як заўгодна спрабаваць выдаваць белае за чорнае і наадварот, але любому сумленнаму беларусу, які думае галавою, а не глынае гатовыя прарасейскія ідэялагічныя штампы неразжаванымі, зразумела, што праўда і канструктыў не на баку Z-агрэсара. І не на баку Лукашэнкі, які, падтрымаўшы Пуціна, навесіў на сябе разам з адказнасцю за злачынствы супраць беларускага народу яшчэ і “медаль” міжнароднага ваеннага злачынцы.

Таму канфлікт і варожасць паміж меньшай, але ўзмацаванай сілавым блокам групай, якая крочыць за праўладнымі мілітарысцкімі лозунгамі, і большасцю беларусаў, якую прадстаўляе актыўная грамадзянская супольнасць (тая самая, што ад пачатку была арыентаваная на мірнае вырашэнне праблем, аднак цяпер ужо непрыхавана заяўляе пра падрыхтаванасць да абароны сваіх правоў са зброяй) з улікам напружання ў рэгіёне могуць ў любы момант перакінуцца са стану халоднай грамадзянскай вайны у стан самай што ні на ёсць гарачай. 

Лінія фронту між праўладнымі беларусамі і прадстаўнікамі грамадзянскай дэмакратычнай беларускай супольнасці робіцца ўсё больш заўважнай. Набухае чырванню. Колерам крыві, якая можа праліцца, калі беларусы не намацаюць, не вызначаць для сябе кропку для яднання. 

Вакол чаго яднацца

У пошуках каструктыўных рашэнняў для спынення халоднай грамадзянскай вайны Уладзімір Мацкевіч прапаноўваў неабходнасць руху да адзінства беларускай нацыі і падкрэсліваў важнасць такога адзінства як базы для салідарных дзеянняў і кансалідацыі усіх беларусаў: “Для рэалізацыі сумесных крокаў нам патрэбны не "дасканалы дакумент", а праграма мэтанакіраваных і эфектыўных дзеянняў. Дзеянняў ужо здзейсненых, дзеянняў, якія здзяйсняюцца цяпер і дзеянняў, якія мы ўсе разам будзем прадпрымаць у найбліжэйшай будучыні. У той будучыні, якую хочам для сябе, сваёй краіны, сваёй нацыі. У той будучыні, калі можна будзе сказаць "Мы адзін народ!" не ў якасці закліку да яднання, а ў якасці канстатацыі факта”.

Мацкевіч нагадваў пра тую ж ідэялагічную стратэгію адзінства беларускага народу і ў 2014 годзе, папярэджваючы апазіцыйныя колы пра недапушчальнасць катэгарычна разглядаць большасць беларусаў як аматараў “дыктатуры як брэнду”, і неабходнасць памятаць, што сярод іх не меней патрыётаў і прыхільнікаў незалежнасці Беларусі, чым у колах апазіцыі. Пытанне толькі ва ўзроўні ўсведамлённасці і розных светапоглядах на палітычным і культурным ўзроўнях.

“Апазіцыя прызвычаілася лічыць, што прыхільнікі рэжыму – “несвядомыя”, то бок нацыянальна не ўсведамлённыя людзі, якія нібыта ў нейкіх карыслівых, прагматычных прычын прымаюць бок дзейнай улады. Але варта прызнаць, што частка людзей з “праўладнага лагера” прысутнічае там выключна з-за нялюбасці да апазіцыі, а не з-за таго, што з'яўляюцца заўзятымі прыхільнікамі Лукашэнкі.

Пры гэтым за апошнія 20 гадоў вырасла цэлае пакаленне маладых людзей, якія не вельмі ў курсе рознагалоссяў паміж уладай і апазіцыяй. І яны фармуюць сваё стаўленне да сваёй краіны, арыентуючыся на нейкія вонкавыя праявы: спартовыя поспехі, узровень жыцця (у параўнанні з Украінай ці Расеяй), нейкія візуальныя змены беларускіх гарадоў.

Яны могуць і не быць фанатычнымі прыхільнікамі рэжыму, але ў іх прысутнічае свая любоў да сваёй краіны, патрыятызм. Няхай нават замяшаны на “тутэйшую”, месцячковую свядомасць, а не на глыбокае веданне гісторыі. … Вельмі важна разумець, наколькі мы гатовыя дзейнічаць як адзін народ, асабліва ў экстранай сітуацыі. Меркаванні ў нас розныя, іх шмат. Іх і ва Ўкраіне шмат, і нават у Расеі, нягледзячы на ўсю шалёную падтрымку Пуціна.

Важна тое, як мы зможам апеляваць да большасці. Калі мы будзем працягваць антаганізм, супрацьпастаўленне “чырвона-зялёнага” і “бел-чырвона-белага”, апазіцыя ніколі не зможа звярнуцца да людзей, якім дарагая гэтая краіна, але не належаць да апазіцыі. Бо ворагаў ніколі не слухаюць.

Ідэалогія “Мы адзін народ” істотная таму, што паказвае: супрацьстаянне ў нас палітычнае, а не нацыянальнае, этнічнае ці моўнае. Як толькі ўзнікне пагроза незалежнасці, мы збіраемся і разам абараняем краіну. А свае палітычныя рознагалоссі мы будзем вырашаць самі. Нам не патрэбная дапамога Пуціна для таго, каб вырашаць нашыя палітычныя рознагалоссі. Увесь жах сітуацыі ва Украіне – гэта калабарацыянізм: людзі, не згодныя з рэжымам, які ўсталяваўся ў Кіеве, не вырашаюць гэта палітычнымі сродкамі, а звяртаюцца да чужой краіны за дапамогай.

І калі беларусы з чырвона-зялёнымі сцягамі будуць лічыць беларусаў з бел-чырвона-белымі ворагамі, мы ніколі не зможам знайсьці агульнай мовы. Мы не хаваем сваіх палітычных рознагалоссяў. Але нам трэба быць адзінымі для Беларусі, нават калі мы па-рознаму глядзім і на мінулае, і на будучыню.

Самае галоўнае – прыхільнікі бел-чырвона-белага сцяга не павінны глядзець на людзей з чырвона-зялёным як на ворагаў. Яны не ворагі. Яны беларусы. Нашы суграмадзяне. Можа, якія памыляюцца, чагосьці не разумеюць. Але мы ўсе беларусы. І Беларусь у нас адна”.

Гвалт як крок у полымя вайны

Пасля распачатага са жніўня 2020-га сілавікамі рэжыму бязмежжа той жа Мацкевіч звярнуўся ўжо да праўладных беларусаў, даводзячы ім, што “калі вы за Беларусь і мы за Беларусь, то мы не ворагі. Мы проста часткі адной нацыі, патрыёты, якія любяць сваю краіну, але не разумеюць адзін аднаго! 

Яны распальваюць варожасць, а мы дамагаемся міру і згоды.

Так, мы па-рознаму бачым Беларусь. Нас спрабуюць нацкаваць адзін на аднаго. Расійская прапаганда прыдумляе падзел Беларусі на Усходнюю і Заходнюю. Мы ведаем, што няма такога падзелу. Расійская прапаганда выкарыстоўвае штампы з гісторыі іншых краін: "бандэраўцы", "фашысты", яшчэ нешта там. Ну і “нацыяналісты” – самы хадавы тэрмін. 

Так, мы нацыяналісты! Мы за суверэнітэт і свабоду нашай беларускай нацыі. …

"Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць". Гэта іх прынцып! Каго ІХ? Гэта прынцып Лукашэнкі. Гэта прынцып падпарадкаваных яму сілавікоў. Прынцып тых, каму Лукашэнка дазволіў красці і прысвойваць дзяржаўную і народную маёмасць. Гэта тыя беларусы, якія супрацьпаставіліся ўсім нам, усім астатнім беларусам. Яны крадуць не толькі ў БЧБ-грамадства, але і ў ЧЗ-грамадства. Яны ўсіх абкрадаюць. Яны зараз аддаюць загад біць і страляць. А куля – дурніца. Яна не будзе выбіраць з пратэстуючых, хто там з БЧБ-сцягам, а хто з ЧЗ-сцягам.

Перамагчы рэжым мы можам толькі ўсім народам, адзінай нацыяй. Таму – МЫ АДЗІН НАРОД! Народ, які ўжо амаль гатовы скінуць тыранію ўзурпатара. І не важна, са сцягамі якога колеру мы збярэм сілы і скінем яго нарэшце. І адсвяткуем канец дыктатуры з усімі сцягамі, паветранымі шарыкамі, кветкамі і шампанскім. Нас большасць менавіта таму, што МЫ АДЗІН НАРОД! Розных поглядаў, веравызнання, палітычных і ідэалагічных пазіцый”.

У траўні 21-га Мацкевіч ужо больш катэгарычна прарэагаваў на аб’яўлены лукашыстамі “Год народнага адзінства”, які на фоне гвалту і масавых рэпрэсій выглядаў здзекам над нацыяй: “Да рэвалюцыі, да тэрору я казаў: "Мы адзін народ!", калі пачнем лічыцца адно з адным, не адмаўляць існавання адно аднаго пры ўсёй розніцы ідэялогій, падыходаў і меркаванняў, мы зможам дамовіцца і вырашыць усе праблемы. 

Пасля 9 жніўня гэта ўжо немагчыма. Рубікон пяройдзены, і Беларусь падзеленая барыкадай, ці лініяй фронту. … Нашыя ворагі з таго боку барыкады хлусяць пра “народнае адзінства”. Ім гэта трэба, каб падарваць нашу веру ў тое, што мы ёсць, што мы існуем. Яны зрываюць нашы сімвалы, якімі мы сябе абазначаем – БЧБ. Яны робяць выгляд, што супраць рэжыму ўсяго толькі асобныя здраднікі, якімі лялькаводзяць з-за мяжы. Яны сцвярджаюць "народнае адзінства", каб пераканаць, што нас няма”.

Кропка яднання

Пытанне пра сцягі на 2023 год не тое, што не вырашанае  напружанне па гэтым пытанні, як і па іншых, толькі ўзрастае. Чырвона-зяленыя сцягі цяпер падкрэслена развешаныя на мурах турмаў, у якіх чакаюць вызвалення палітвязні, а бела-чырвона-белыя сцягі і нават словы “Жыве Беларусь” лукашэнкаўская ўлада вызначыла ”фашысцка-экстрэмісцкімі” і здзекліва топча іх ботамі сілавікоў.

Падзеі у рэгіёне, у якіх зацягвае Беларусь, развіваюцца імкліва і непрадказальна, і рызыка выбуху, якім можа скончыцца гэтае напружанне, павялічваецца. 

Аднак грамадзянская вайна ў краіне ніколі не адпавядае інтарэсам ніводнай нацыі. Яна нясе разбурэнні і траўмы, якіх варта імкнуцца пазбегчы любымі сродкамі. І для таго каб сітуацыя не дайшла да грамадзянскага ўзброенага супрацьстаяння, у нацыі няма і не будзе іншага шляху, акрамя кампрамісу. 

Кропкі такога кампрамісу ў беларусаў – у згодзе між усімі складнікамі беларускай нацыі. Пра зрынанне аўтарытарнага рэжыму і ліквідаванне наступстваў яго злачынстваў ў Беларусі. Пра пазбаўленне краіны ад расійскай інтэрвенцыі, у тым ліку супольна з Украінай. Пра стварэнне непадробна нацыянальнага ураду, які будзе дзейнічаць на сапрадную карысць грамадзянскай нацыі беларусаў. Так мы атрымаем шанец спалучыць усе свае розныя стратэгіі, ідэі і погляды на будучыню краіны і рэалізуем ў поўнай меры ўладу нацыі ва ўласнай дзяржаве.  

Кажучы словамі вязня сумлення і нобелеўскага лаўрэата, кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, патрэбны “шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта”. 

На думку Бяляцкага, “перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, а ў самым дыялогу мусяць браць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах, і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з'ехаць за мяжу.… Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур'ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь. 

Калі мы думаем пра Беларусь як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім. Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!

Бяляцкі ўпэўнены, што “гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля. Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране”. 

Падобнай пазіцыі трымаецца і рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, які ў адкрытым лісце  да беларусаў падкрэслівае, што без згуртаванасці беларусам не захаваць незалежнасць краіны і не мець шчаслівай будучыні. У сваім закліку ён кажа пра тыя ж трывожныя перадпасылкі – напружанасць у грамадстве і вайну, што грукаецца ў дзверы беларусаў. Праўда, Сярэдзіч выкарыстоўвае тэрмін “прымірэнне”, які хутчэй пасуе не да працэсу, а да выніку такога дыялогу між беларусамі. Аднак пасыл той жа – нацыі трэба размаўляць, дамаўляцца і яднацца.

Нацыяналізм як шлях да будучыні

Лёс Беларусі — гэта справа рук саміх беларусаў, і менавіта беларуская грамадзянская нацыя мусіць усімі магчымі сродкамі імкнуцца да вызначэння і рэалізацыі сапраўдных нацыянальных інтарэсаў. 

Важна ўсведамляць, што грамадзянская нацыя Беларусі складаецца з усіх беларусаў незалежна ад іх этнічнай, нацыянальнай, моўнай, сацыяльнай, гендэрнай прыналежнасці і розніцы палітычных арыентацый, а з улікам вымушанай палітычнай эміграцыі – незалежна ад геяграфічнага месцазнаходжання на сённяшні дзень. З 20-га году думкі беларусаў свету – на радзіме, так ці інакш. 

Пра базавы канцэпт грамадзянскага нацыяналізму і беларусаў як нацыі, якая сябе нацыяй асэнсавала, ужо ў 2023 годзе прамаўляе Таццяна Шчытцова: “Глабалізацыя не адмяняе таго факта, што нацыянальныя дзяржавы з'яўляюцца структурным элементам сучаснага свету. 2020 год паказаў гатоўнасць дэмакратычна арыентаваных беларусаў і беларусак усвядоміць сябе ў тэрмінах нацыі, гэта значыць усвядоміць сябе як палітычную супольнасць, якая мае ўласную суверэнную дзяржаву. …

З'яўленне на вуліцах пратэстуючых з плакатамі “Мы беларусы!” у 2020 г. паказвала якраз на ўсталяванне сувязі з ідэяй нацыі, на тое, што наша сітуацыя — гэта сітуацыя не “пасля нацыі”, а сітуацыя, якая патрабуе новага асэнсавання нацыі з улікам “палітычнага моманту” і, у цэлым, рэалій сучаснага свету — глабальна і лакальна”. 

Як зазначыў у свой час беларускі філосаф Уладзімір Фурс, “менавіта нацыяналізм паўстае найбольш адэкватным увасабленнем "ідэі Еўропы" ў сённяшняй Беларусі”. Таму беларусам і трэба аб’ядноўвацца найперш на спалучэнні нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці.

І Беларусь як краіна з еўрапейскім мінулым можа і мусіць будаваць будучыню па прыкладзе суседзяў нацыянальных дзяржаў у Еўрапейскім саюзе. За апошнія паўтары гады зрабілася добра відаць, што ўсходні сусед, Расія-імперыя, нясе з сабою на нашу зямлю занадта шмат праблем. Мягка кажучы. 

Любы свядомы чалавек імкнецца да міру, а не да вайны. Здаровы сэнс ёсць мацнейшы за цемрашальства, у якім рэжым спрабуе патапіць розумы беларусаў, а ахвота мацней за няволю. Ахвота быць беларусамі і жыць у сапраўды незалежнай квітнеючай сучаснай краіне.

Нацыянальная згода пра дэмакратычны, з арыентацыяй на еўрапейскія каштоўнасці, шлях да будучыні Беларусі, усё яшчэ бачыцца магчымай. Яна яскрава выявілася ў 20-га годзе. Яе прыціснулі ботамі і прыбілі дубінкамі сілавікі, залілі сілікатным клеем прапаганды праўладныя медыя. Але яна ужо трэці год усё больш крысталізуецца ў свядомасці большасці беларусаў. І да гэтай большасці ў патрэбны момант далучацца і шмат з тых, хто вонкава яшчэ вымушаныя заставацца ў праўладных калідорах, але не пэцкаюцца наўпроставымі злачынствамі супраць уласных суайчыннікаў. 

Абодвум бакам сённяшняй лініі фронту відавочна, што рэжым Лукашэнкі заходзіць ва ўсё большы тупік і будзе знішчаны. Аднак беларусам важна аб’яднацца і зрабіцца актынымі ўдзельнікамі гэтага працэсу, каб ў істотны момант ініцыятыву – і ўладу на тэрыторыі – не перахапіў усходні сусед. І за гэтае аб’днанне трэба брацца тут і цяпер.









Report Page