Мост праз Юрысдыку на вул. Філарэта (былая Горкава) будуць рамантаваць

Мост праз Юрысдыку на вул. Філарэта (былая Горкава) будуць рамантаваць

Urban Hrodna

У час капітальнага рамонту там хочуць узмацніць або замяніць пралётнае збудаванне моста. Пасля абследавання моста восенню 2023 года рух на ім рэкамендавалі абмежаваць.

Цяперашні мост быў збудаваны ў 1993 годзе. Ён жалезабетонны, арачны, аднапралётны. Яго даўжыня - 59,44 м, шырыня праезнай часткі - 9,9 м, вышыня ад узроўню вады - 7,38 м.

Мост на карце. Тут і ніжэй - выявы з тэхнічнай справаздачы па абследаванні моста на goszakupki.by

Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка шукала выканаўцу для стварэння перадпраектнай дакументацыі. За яе распрацоўку гатовы былі заплаціць 167,9 тыс. руб. Дакументы планавалі атрымаць і ўзгадніць ва ўсіх патрэбных інстанцыях цягам шасці месяцаў (з 8 траўня па 5 лістапада 2024 года), але нешта пайшло не так і закупку пакуль прызналі няздзейсненай.

У перадпраектнай дакументацыі трэба будзе прапрацаваць варыянты рэканструкцыі, вызначыць яе кошт і пралічыць перспектыўную інтэнсіўнасць транспартнага руху.

Сродкі на распрацоўку дакументаў планавалі ўзяць з гарадскога бюджэту. Рамонт моста збіраліся завяршыць у 2025 годзе. 

Рух трэба абмежаваць. Што не так з мостам?

Дэтальнае абследаванне моста правялі восенню 2023 года. Яго зрабіла УП «Будрэканструкцыя». Дакумент з вынікамі абследавання быў размешчаны ў дзяржзакупцы: на яго аснове варта рабіць перадпраектную дакументацыю.

Стан моста восенню 2023 года
Вадасцёкі на дэкаратыўнай сцяне

У час абследавання знайшлі дэфекты і пашкоджанні розных частак моста і зрабілі высновы, што аўтамабільны рух па мосце трэба абмежаваць да іх ліквідацыі.

Сярод дэфектаў, якія выявілі на паверхні моста:

  • няма гарызантальнай дарожнай разметкі палос бяспекі, а дарожная агароджа злева недастатковай вышыні;
  • надта тоўсты пласт маставога палатна - нельга класці новыя пласты без прыбірання старых;
  • на ходніках прасела пакрыццё, ёсць ямы, вада збіраецца там і на праезнай частцы, месцамі разбурана плітка;
  • расколіны на пакрыцці праезнай часткі;
  • негерметычныя дэфармацыйныя швы, парушэнне гідраізаляцыі;
  • скід вады на фасады моста, праз што цярпяць фасадныя аркі і дэкаратыўныя сценкі;
  • расколіны да 5 мм у дэкаратыўных парапетах і іх разбурэнне;
  • парэнчы лесвіцы надта нізкія і пакрыты карозіяй, бетон пашкоджаны.

У бэльках, якія з’яўляюцца нясучымі канструкцыямі для праезнай часткі, таксама знайшлі праблемы:

  • сколы, замшэласць, сталактыты, расколіны ў рэбрах бэлек да 0,3-0,9 мм;
  • агаленне і карозія арматуры;
  • размарожванне бетону рэбраў каля апораў;
  • працяканне вады па маналітным стыку пліт бэлек, праз зборныя накладныя пліты па краях пралётаў, праз мантажныя адтуліны;
  • карозія сталёвых куткоў узмацнення апорных участкаў, разбурэнні ў вузле абапірання бэлек і зрушэнне восяў іх абапірання.

Самі апорныя часткі дэфармаваныя, іх зуб’я нахіленыя і судакранаюцца. На апорах сабралася смецце, таксама сапсаваўся бетон і аголеная арматура. На апорах праезнай часткі - расколіны 0,3 мм і больш, заімшэласці, сколы, працякае вада, аголеная арматура.

Адхоны рэчышча Юрысдыкі зруйнаваліся, адхоны насыпу і грунт пад апорамі размываюцца. Дэкаратыўныя сценкі ўнізе моста мокнуць, на іх утварыліся сталакціты, грунт пад імі размыла, утварыліся трэшчыны да 10 мм. Пад мостам засталіся рэшткі разбураных канструкцый. У бетонным кальцы праёму з’явілася расколіна да 0,5 мм.

Выявілася, што трываласць бетону канструкцый арак збудавання не адпавядае вызначанай у сучасных нарматывах.

Нагрузку на мост ужо трэба было зменшыць

Пасля абследавання рэкамендавалі не пазней як да канца 2023 года абмежаваць нагрузку на мост - забараніць праязджаць па ім транспарт вагой больш за 12 тон і зменшыць максімальную хуткасць на ім да 30 км/г.

Таксама для змяншэння нагрузкі рэкамендавалі арганізаваць рух транспарту па спецыяльна выдзеленай паласе шырынёй 7 м, зрушанай да левай агароджы, а рух пешаходаў скіраваць па правым тратуары і па спецыяльна выдзеленай паласе шырынёй у 2 м, зрушанай да праезнай часткі на левым тратуары. Клумбу злева параілі прыбраць.

На мосце нельга дапускаць скапленні людзей у час масавых мерапрыемстваў, а стан апорных канструкцый праезнай часткі збудавання трэба кантраляваць раз на месяц.

Мост адрамантаваць, дрэвы - высекчы

Абследаванне паказала, што мосту патрэбны капітальны рамонт. У час яго належыць як мінімум:

  • пераўладкаваць з улікам сучасных нормаў маставое палатно, засыпанне арачнага пралётнага збудавання і спалучэнне моста з падыходамі;
  • узмацніць ці замяніць бэлькі праезнай часткі;
  • уладкаваць маналітную накладную пліту ўзмацнення і вынесці дэфармацыйныя швы за асновы;
  • замяніць усе апорныя часткі;
  • адрамантаваць апорныя канструкцыі праезнай часткі, аркі пралётнага збудавання і  рэчышча ракі пад мостам;
  • узмацніць ці перабудаваць дэкаратыўныя сцены моста;
  • адрамантаваць гідраізаляцыю, ачысціць і пафарбаваць паверхні;
  • прыбраць з падмоставай прасторы разбураныя канструкцыі, спланаваць і ўмацаваць там адхоны.

Таксама рэкамендавана высекчы расліннасць (у тым ліку дрэвы) у межах 50 м ад моста і ачысціць падмаставую зону, каб вада вальней праходзіла пры паводках.



Report Page