Масква за намі?

Масква за намі?

Народная Воля

У дакладзе «Беларусь у пастцы суагрэсара: як з яе выйсці і вырашыць палітычны крызіс 2020 года?» блізкія да ўлады аналітыкі Арсеній Сівіцкі і Юрый Царык канстатавалі тое, пра што многія ў беларускай уладзе думаюць, але баяцца агучыць: Масква нас не ўратуе, нават наадварот.

Могуць паўтарыць

Прапаганда актыўна прасоўвае тэзіс, што, маючы ў саюзніках Расію, мы выстаім у любой вайне – і «халоднай», і «гарачай», і эканамічнай. Але гэта хутчэй надзеі, чым цвярозы разлік. У першую чаргу таму, што Расія памылілася ў сваіх планах на бліц-крыг ва Украіне, і цяпер, на восьмы месяц баявых дзеянняў, ужо ідзе вайна на знясіленне. Разлік на тое, што Захад змерзне, стоміцца, адмовіцца ад дапамогі Украіне, наўрад ці апраўдаецца. Але ж толькі ў такім выпадку Расія можа выйграць гэтую вайну. А нават калі і выйграе ці здолее дамагчыся нейкага перамір’я, часы для нашай усходняй суседкі надыходзяць цяжкія.

«Апошнія падзеі паказваюць не толькі на тое, што Украіна і яе саюзнікі гатовы да падобнага супрацьстаяння, але і на тое, што яны самі маюць намер навязаць Расіі стратэгію знясілення ў фармаце, які ў свой час Захад выкарыстаў супраць СССР у часы «халоднай вайны», што ў выніку прывяло да стратэгічнай паразы і калапсу апошняга. Пры гэтым Беларусь успрымаецца як аб’ект прыкладання дадзенай стратэгіі, хоць і з пэўнай затрымкай. Гэта стратэгія прадугледжвае абмежаванне сацыяльна-эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, навязаную гонку ўзбраенняў, значнае павелічэнне кошту вайны, а таксама абвал цэн на расійскія энерганосьбіты, каб не дазволіць Крамлю працягваць фінансаванне вайны, – пішуць аналітыкі. – У адрозненне ад СССР, Расія не з’яўляецца самастойным тэхналагічным цэнтрам, здольным стварыць вытворчасць замкнёнага цыкла. Расійскае кіраўніцтва праваліла большасць праграм імпартазамяшчэння, абвешчаных у 2014 годзе, за выключэннем некаторых напрамкаў у сельскай гаспадарцы. А ўся стратэгія імпартазамяшчэння звялася толькі да частковага змянення крыніц імпарту з заходніх дзяржаў на незаходнія. Пры гэтым Кітай, на які расійскі бок ускладае вялікія надзеі ў рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння, не гарыць жаданнем паскараць пастаўкі тэхналагічнага абсталявання.

Характэрна, што першыя рашэнні, прынятыя ў адпаведнасці з новай стратэгіяй імпартазамяшчэння, былі накіраваны на арганізацыю «паралельнага імпарту», гэта значыць абходу заходняга тэхналагічнага эмбарга, а не на стварэнне ўласных вытворчых магутнасцяў. Аднак у лепшым выпадку, паводле ацэнак аналітыкаў Цэнтральнага банка РФ, тэхналагічная ізаляцыя Расіі прывядзе да таго, што імпартазамяшчэнне будзе праходзіць на аснове састарэлых тэхналогій. Гэта значыць адбудзецца зваротная індустрыялізацыя, вырабленыя тавары ў выніку будуць горшымі і даражэйшымі за імпартныя аналагі. Да таго ж абмежаванні на імпарт тэхналогій зробяць проста немагчымымі некаторыя віды дзейнасці (напрыклад, вытворчасць мікрапрацэсараў)».

Такім чынам, Расія сама стаіць у кроку ад прорвы. Эканамічныя, палітычныя ваенныя перспектывы для Расійскай Федэрацыі нават не цьмяныя, а катастрафічныя. У той жа час «прарасійская Беларусь» – галоўнае (калі не адзінае) дасягненне яе знешняй палітыкі і галоўны козыр у рукаве. Таму нават ля прорвы мы апынуліся разам.

«У цяперашніх умовах ізаляцыі ад знешніх перспектыўных рынкаў, адсутнасці доступу да сучасных тэхналогій і крыніц капіталу, а таксама ўзмацнення рызык распаўсюджвання ваенных дзеянняў на сваю тэрыторыю Беларусь асуджана на дэградацыю і ператварэнне ў шэрую зону ў самым цэнтры Еўропы. Відавочна, што Расія не можа замясціць усе разарваныя гандлёва-эканамічныя і тэхналагічныя сувязі з вонкавым светам і выступіць крыніцай мірнага і ўстойлівага развіцця Беларусі», – канстатуюць эксперты.


«Шэрая» зона

Сілавікам, што ўпарта не жадаюць спыніць пераслед людзей, якія не пабаяліся ў 2020-м выказаць сваю пазіцыю, чыноўнікам, што шчыруюць на ніве закрыцця незалежных медыя і зачысткі прабеларускага недзяржаўнага сектара, актывістам, што з чырвона-зялёнымі сцягамі ездзяць з аўтапрабегамі пад лозунгам «За Беларусь!», раім уважліва прачытаць наступны кавалак даклада аналітыкаў.

«Зараз расійскі бок з’яўляецца адзіным суб’ектам, які мае паслядоўную стратэгію ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Дадзеная стратэгія была распрацавана яшчэ да палітычнага крызісу 2020 года ў Беларусі, а сам гэты крызіс стаў вынікам яе рэалізацыі. Гэта стратэгія заключаецца ў тым, каб пазбавіць Беларусь стратэгічнай аўтаноміі ад Масквы і ператварыць краіну ў «шэрую зону», атрымаўшы аднабаковы кантроль над ключавымі актывамі, знешняй і ўнутранай палітыкай Мінска і забяспечыць свабодны доступ да беларускай тэрыторыі для праекцыі сілы на заходнім стратэгічным кірунку. Варта адзначыць, што пры рэалізацыі дадзенай стратэгіі расійскі бок у 2020 годзе звярнуўся да добра праверанага сцэнарыя правакавання ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі і яе наступнай міжнароднай ізаляцыі (у меншым маштабе падобныя сцэнарыі ўжо рэалізоўваліся ў 2006 і 2010 гадах). У адрозненне ад папярэдніх крызісаў, у 2020 годзе беларускі бок у супрацьстаянні ціску Масквы мог разлічваць на дружалюбна-нейтральную пазіцыю ЕС і краін НАТА. Аднак паступовая адмова ад унутраных рэформаў і нармалізацыі адносін з Захадам у 2017–2019 гадах і рэзкі «геапалітычны разварот» у жніўні 2020 года зрабілі такую пазіцыю немагчымай. У выніку расійскі бок істотна прасунуўся ў рэалізацыі сваіх прыярытэтаў у Беларусі, рэзка скараціўшы стратэгічную аўтаномію Мінска».

Якія перспектывы мае Беларусь, калі і надалей будзе заставацца ў «шэрай зоне» пад расійскім уплывам? Мы гатовы ахвяраваць краінай? Над гэтымі пытаннямі аналітыкі раяць задумацца і тым, хто разганяе ў Беларусі машыну рэпрэсій, і тым, хто на Захадзе адстойвае пазіцыю «Ніякіх перамоў з афіцыйным Мінскам».


…ці «еўрапейскі Ганконг»?

І ўсё ж на баку Беларусі ёсць вельмі моцны геапалітычны партнёр. Праўда, яго зацікаўленасць у апошнія гады значна зменшылася, бо, пасварыўшыся з Захадам, мы для яго страцілі сваю галоўную каштоўнасць. Аднак выправіць сітуацыю яшчэ можна.

Вось што пішуць аналітыкі:

«У Беларусі ўсё яшчэ застаецца магчымасць разгарнуць негатыўныя працэсы назад, выстаяць перад геапалітычнымі ўзрушэннямі і забяспечыць свае будучыя развіццё і росквіт. Для гэтага беларускаму боку неабходна вярнуцца да практычнай рэалізацыі канцэпцыі «донара рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці» і «інтэграцыі інтэграцый», дамоўленасцяў з вышэйшым кіраўніцтвам Кітайскай Народнай Рэспублікі ад 2015 года… Яны прадугледжваюць спалучэнне кітайскай ініцыятывы «Пояс і шлях» з перспектывамі больш глыбокай эканамічнай інтэграцыі з ЕС. І ператварэнне Беларусі ў індустрыяльны і лагістычны хаб ва Усходняй Еўропе ў рамках ініцыятывы «Пояс і шлях», эканамічна і інфраструктурна інтэграваны ў еўрапейскі і іншыя заходнія рынкі. Гэта дазволіць Беларусі ператварыцца ў свайго роду «еўрапейскі Ганконг», нават нягледзячы на той факт, што асноўным напрамкам развіцця ініцыятывы «Пояс і шлях» па лініі Кітай–Еўропа зараз становіцца паўднёвы (транскаспійскі) маршрут, а не еўразійскі праз Расію і Беларусь. Відавочна, што на фоне расійска-ўкраінскага канфлікту аналагічны выбар робіць і іншы актыўны ўдзельнік еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў – Казахстан, які зараз ператвараецца ў галоўнага партнёра Беларусі ў справе спалучэння ініцыятывы «Пояс і шлях» і еўрапейскай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. А таксама партнёрамі становяцца дзяржавы ўздоўж гэтага маршруту (краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Турцыя, Азербайджан і г.д.).

Хто вінаваты, якія ўнутраныя фактары процідзейнічалі паглыбленню стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Пекінам і Мінскам і чаму Беларусь так і не здолела рэалізавацца ў якасці індустрыяльна-лагістычнага хаба на праекце «Пояс і шлях» у перыяд максімальнага спрыяння паміж 2015 і 2020 гадамі, – патрабуе асобнага разгляду. Але відавочна, што шэраг падзей, якія адбываліся пасля прэзідэнцкіх выбараў–2020 (пачынаючы з палітычнага крызісу, пасля якога ўзмацніўся заходні санкцыйны ціск, адбылася лагістычная блакада з-за прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, міграцыйны крызіс і, нарэшце, расійска-ўкраінская вайна), робяць перспектывы інерцыйнага развіцця ў вышэйшай ступені змрочнымі».

Прасцей кажучы, рухацца па інерцыі беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ўжо не будзе. Кітай нам дапаможа толькі ў выпадку, калі мы… нармалізуем стасункі з Еўрапейскім Саюзам, здолеем гандляваць. Замкнёнае кола?..


Дарожная мапа

Арсеній Сівіцкі і Юрый Царык лічаць, што перамовы з Захадам па «дарожнай мапе» выхаду з крызісу, у якім апынулася Беларусь, не толькі неабходны, але і магчымы. На іх думку, галоўнае, што павінен задэклараваць афіцыйны Мінск, – што «мэтай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца выхад з вайны супраць Украіны, абарона незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, забеспячэнне гарантый бяспекі, стварэнне ўмоў для мірнага, свабоднага і ўстойлівага развіцця».

Вы скажаце: «А як жа ранейшыя патрабаванні Еўрасаюза: спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, новыя выбары?» Без іх выканання сапраўды нічога не атрымаецца, распрацоўка «дарожнай мапы» прадугледжвае план выканання ўзаемных патрабаванняў крок за крокам абодвума бакамі.

Ну, напрыклад.

Беларусь гарантуе неўступленне у вайну супраць Украіны і абвяшчае аднаўленне ў поўнай меры дзеяння Артыкула 18 Канстытуцыі, які выключае ваенную агрэсію з нашай тэрыторыі. Захад у адказ гарантуе неўвядзенне новых санкый.

Беларусь адмаўляецца ад практычнай падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны (прадастаўлення зброі, боепрыпасаў, інфраструктуры) – ЕС замарожвае санкцыі па пэўных пазіцыях беларускага экспарту.

Беларусь спыняе новыя затрыманні і судовыя справы супраць апанентаў улады – Захад ідзе на размарозку дыпламатычных адносін і кантактаў.

Беларусь праводзіць маштабную палітычную амністыю асуджаных у 2020–2022 гадах, а таксама тых, хто знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі. Захаду ў адказ можа пайсці на адмену персанальных санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і зняць частку эканамічных санкцый супраць нашых прадпрыемстваў.

Аналітыкі таксама прапаноўваюць стварыць «групу мудрацоў» пад эгідай ААН для дыялогу паміж беларускімі ўладамі, грамадзянскай супольнасю, апазіцыяй, а таксама падрыхтоўкі глебы для паглыблення палітычных рэформ. Адказам Захаду на гэта можа стаць замарозка санкцый супраць вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Ці, напрыклад, адмова ад стварэння і прызнання беларускіх урадаў у выгнанні.

Яшчэ адна прапанова – стварэнне ўнутры Беларусі камісіі па ўстанаўленні ісціны, прымірэнні і вяртанні палітычных бежанцаў пры пасрэдніцтве ААН, АБСЕ, «Групы мудрацоў» ды іншых. Адказам можа быць адмова заходніх краін і апазіцыі ад склікання міжнароднага трыбунала за падзеі 2020–2022 гадоў.

І так крок за крокам па самых розных і самых важных накірунках… Поўную адмену санкцый прапануецца ўвязаць з правядзеннем у Беларусі парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у 2025–2027 гадах пад кантролем і назіраннем ААН, АБСЕ ды іншых міжнародных структур. Дзеля правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў прапануецца даць міжнародныя гарантыі асабістай бяспекі Аляксандру Лукашэнку.

Зразумела, гэта яшчэ не гатовы план, а толькі база для абмеркавання і дыскусіі. Але нават без глыбокага аналізу бачна, што самых складаных пазіцый – дзве.

Першая: што рабіць, калі Беларусь запатрабуе вываду са сваёй тэрыторыі расійскіх войск, а Расія адмовіцца гэта рабіць?

Сівіцкі і Царык прапануюць разглядзець варыянт запрашэння ў краіну міратворчай і маніторынгавай місій ААН. А таксама размяшчэння такіх місій на расійска-беларускай і ўкраінска-беларускай межах. Расія ў Савеце Бяспекі ААН скарыстаецца сваім правам вета на такое рашэнне? Тады адпаведнае рашэнне можа прыняць надзвычайная сесія Генасамблеі ААН.

Другая праблема: а як рэагаваць Захаду, калі афіцыйны Мінск у чарговы раз зробіць рэзкі разварот і палітычная адліга ў Беларусі зноў зменіцца пошукам ворагаў, «экстрэмістаў», «тэрарыстаў», арыштамі, судамі, руйнаваннем грамадскай супольнасці? Калі яшчэ тыя 2025–2027 годы! Калі яшчэ тыя новыя выбары!

Адказу на гэта пытанне аналітыкі не даюць. Іх спадзяванне – што Расіі пасля паразы ў вайне ва Украіне будзе не да нас, яна не зможа перашкаджаць, як раней, а таму справы з рэформамі пойдуць лягчэй. Ды і Кітай падштурхне: Пекіну, канешне, няма розніцы, дэмакратыя ў нас ці дыктатура, але грошы яны ўкладвалі ў Беларусь дзеля таго, каб забяспечыць маршрут сваіх тавараў на Захад. А ў такой сітуацыі, якая ёсць, маршрут апынуўся глухім кутом. Трэба выпраўляць!

Кожны з пунктаў прапанаванага плана, канешне, нагода для дыскусіі. Адно можна сказаць дакладна: калі мы не хочам, узяўшыся з Расіяй за рукі, зрабіць крок у прорву, то сённяшнюю палітыку трэба спыняць. І як мага хутчэй! Паглядзіцце, як хуценька ў новых рэаліях зарыентаваўся Казахстан, пачаўшы дыстанцыравацца ад Масквы. А мы што, дурнейшыя?..

Ігар МАРОЗАЎ.

Публікацыя з №81 газеты "Народная воля". Падпісацца на газету.




Report Page