Мартыралог ахвяр «дэмакратыі»

Мартыралог ахвяр «дэмакратыі»

Яўген Пуставой


У гімне роднаму краю класік узрушаецца: «Вясна, вясна! Не для мяне ты! Не я табою абагрэты...» Было такое на Беларусі. Цяпер вясна для нас. Але каб зразумець, каб адчуць тую вясну, мала быць з адкрытым сэрцам — яшчэ трэба працаваць розумам. На жаль, у шэрагу выпадкаў цяпер светапогляд звузіўся да пяці-сямі цаляў. Замест шчабятання жаўрукоў мы «слухаем» гаджэты. Маўляў, там ісціна. А вораг інфернальна нашэптвае: загубі родны кут, знішчы Беларусь. Маўляў, не такая краіна табе патрэбна. Працуюць прафесіяналы сваёй чорнай справы. А мы і верым. Пакуль вочы не расплюшчацца ад дзейснай праўды.
Звычайна, калі растае мінулагодні снег, на лясных праталінах, абапал вузкіх сцяжынак у гушчарах вочы радуюць пралескі. Такія сціплыя і такія прыгожыя. Як вочы Беларусі. Яно было так, і так застаецца. Але не на памежжы. Жахлівая карцінка паўстае перад вачыма пагранічнікаў, якія ахоўваюць нас ад усялякіх правакацый і неспадзяванак, каб мы і далей маглі дыхаць вясной.

Некалі постсавецкага тэлегледача прывучылі да жахаў. Заходняя цывілізацыя — майстар ствараць жудасныя карцінкі. Але цяпер гэта не Галівуд, а рэальнасць. Гэта твар заходняй «дэмакратыі». Як толькі сышоў снег — на памежжы адкрылася жудаснае відовішча. Целы мёртвых людзей. Іх называюць мігрантамі, але ж галоўнае — яны ЛЮДЗІ. З другога боку граніцы трупамі раскідваюцца як смеццем. Трупы пакалечаных, закачанелыя ад маразоў людзей, да якіх яны не прывыклі, перакідваюць праз дрот на тэрыторыю Беларусі.

Першае і тое, што ляжыць на паверхні, — гэта інструмент інфармацыйна-псіхалагічнай вайны, жаданне паказаць Беларусь нібыта жудаснай дзяржавай, дзе гінуць мігранты. Так і ствараюць фэйкі. А ману пра «дзяржаву-агрэсара» трэба падтрымліваць новай хлуснёй. Але ж тыя, хто прыязджае да нас у краіну праз бязвіз, бачаць усё на свае вочы. А мы бачылі, як афармляюць інфабучу. Усё тыя ж прадзюсары і рэжысёры. Калектыўны Захад. Майстры на лжывыя клішэ. Але гэта не адкрыццё. Гэта такія у іх тэхналогіі — бяздушныя адносіны да людзей.

Дасюль спажыўцам «неверагоднай інфармацыі» дэманструюць пасівелыя ад часу фэйкі пра жорсткасць беларускіх сілавікоў. Шаноўныя еўрапейскія «гуманісты», а трупы збітых людзей — прыклад і доказ вашай еўрапейскай «гасціннасці», мы калі-небудзь убачым у самай «дэмакратычнай» медыяпрасторы? Наўрад ці... Мёртвае дзіця сціскае сваёй ручкай мізінец мёртвай маці. Так яны і ляжалі пад пластом зямлі — нашы следчыя такую карціну ўбачылі, калі займаліся раскопкамі па справе генацыду. Жудасныя сляды калабарацыі мясцовай хеўры з еўрапейскай адміністрацыяй выплываюць на паверхню праз дзесяцігоддзі. Мы дыпламатычна не згадвалі пра гэта заходнім функцыянерам. Нават выслухоўвалі іх парады. А яны ж не змяніліся — тая ж палітыка знішчэння.

Памятаеце, як адэпты «еўрапейскай» Беларусі агітавалі за тое, што, маўляў, калі пойдзем па заходнім шляху, хутка, «як у Еўропе», шампунем будзем мыць вуліцы. Некаторым добра прамылі мазгі. Асабліва ўкраінцам. Там цяпер мыюць штодня... сотні нябожчыкаў.

Ды і ў самой Еўропе амбрэ стаіць каля муніцыпальных будынкаў, так што шампунем еўрапейскія гарады таксама не пахнуць. Гэта смурод санкцый супраць нас. Фермеры замест сваіх земляў угнаенні уносяць каля галоўных будынкаў ЕС. А вось свае землі самыя дэмакратычныя нашчадкі самых «неверагодных гуманістаў», прабачце, гатовы ўгнойваць трупамі мігрантаў. Праўда, пакуль лічаць больш правільным пакалечаныя целы выкідваць на нашу тэрыторыю.

І гэта не адзінкавыя садысты з вартавых граніц ЕС. Гэта ў іх палітыка такая. І гэта тыя, хто вучыць нас жыццю і вымярае сваёй перакручанай свядомасцю нашу дэмакратычнасць. Нічога дзіўнага. Ужо неаднойчы на нашай зямлі пасля сябе яны пакінулі раны, якія не загойваліся. На мінулым тыдні ўвесь цывілізаваны свет успамінаў вязняў фашысцкіх канцлагераў. На нашай зямлі такі быў не адзін. Напрыклад, Трасцянец, самы буйны на тэрыторыі Беларусі і постсавецкай прасторы. У лагеры смерці звазілі людзей з акупаваных тэрыторый Савецкага Саюза, а таксама з Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, Славакіі ды Польшчы. Тут, каля нашай «брамы памяці», пастаяць бы еўрафункцыянерам.
Але на калені ўстаюць нашы людзі. Пасады не важныя. Важна, што мы кансалідаваны адзіным болем, памяццю, Перамогай.

А зараз глыбей і ў гісторыю, і ў сэнсы. Яны ў фатаграфіях тых часоў і сённяшніх. Тыя ж скалечаныя людзі, той жа калючы дрот, і тыя ж аўтары трагедыі, і тыя ж адносіны да «джунгляў». Успамінаецца, як тыя ж самыя функцыянеры павучалі наша пагранічнае ведамства, як працаваць з мігрантамі. Брыдка становіцца. Нас вучыць не трэба. У нашай крыві — міласэрнасць. А вось чаму тыя функцыянеры, нібы ў рот вады набраўшы, ні слова не скажуць сваім еўрапейскім пагранічнікам, якія становяцца забойцамі? Я ведаю, чаму. Бо свабода слова ў іх такая. Адна для «барэлеўскага саду», іншая — для «джунгляў».

Для іх гэта нічога асаблівага. У звычайнай прабірцы замуціць «Буру ў пустыні», а людзей, сваіх жа паплечнікаў, прадстаўнікоў калабарацыі скідваць з самалёта. Скінуць «баласт». Гэта іх тэрміналогія, палітыка і філасофія, якая апраўдвае такія жудасныя дзеянні. Мы таксама маглі б апынуцца тым самым «баластам». Так што, як кажуць, ідзі і глядзі на сапраўдную Еўропу, тую, што ўбачыў Элем Клімаў. Пасля сядзі і глядзі праз тэлеграм нашага Дзяржпагранкамітэта на сённяшні Захад вачамі нашых пагранічнікаў, следчых і ўрачоў, што выяджаюць, калі зноў і зноў знаходзяць трупы, падкінутыя заходняй «цывілізацыяй». У Францыі ёсць Сент-Жэнеўеў-дэ-Буа — свайго роду могілкі мігрантаў, там пахаваны тыя, хто шукаў паратунку ад рэвалюцыі 1917-га. А ў нас будзе мартыралог мігрантаў, якія шукалі паратунку ад канфліктаў, развязаных заходняй «дэмакратыяй», і якіх яна ж закатавала. Заходнія гуманісты зноў скідваюць «баласт». Але дарэмна. Іх лодка ўсё роўна ідзе на дно.

"ЗВЯЗДА"

Report Page