"Універсітэт не быў для меня сацыяльным ліфтам, гэта сацыяльная катапульта". Пагаварылі з беларусам, які скончыў Гарвард
Блог "Люди"Імя выпускніка гімназіі № 4 Мінска Максіма Багдановіча стала гучна вядома ў чэрвені 2018-га, калі 16-гадовы хлопец атрымаў стыпендыю і паступіў у Гарвард. У маі 2024-га малады чалавек скончыў адзін з самых вядомых універсітэтаў свету і ўжо пачаў працаваць.

«Вопыт той вандроўкі дае мне магчымасць глядзець на статыстыку не толькі, як на лічбы, але і ўяўляць як выглядаюць лёсы людзей»
Зараз Максіму 23 гады, ён жыве і працуе ў Нью-Ёрку. Нягледзячы на гады ў ЗША, малады чалавек лёгка пераключаецца з англійскай мовы на беларускую, хоць і не памятае, на якой з іх цяпер бачыць сны. На выходныя ён выехаў з горада, каб сустрэцца са сваёй амерыканскай сям’ёй. Так Максім называе беларусаў, з якімі пазнаёміўся ў ЗША і вельімі пасябраваў. За вакном у яго прыгожая цёплая восень. У настрой з прыродай пачынаем з самага бадзёрага пытання: «Як вашая справы?»
— Справы выдатна.
— Раскажыце, дзе зараз працуеце, чым займаецеся?
— Працую ў фінансавай кампаніі. Гэта вялікі фонд, які інвестуе грошы пенсійных, універсітэцкіх фондаў і гэтак далей. Рынкі, у якія ён ўкладваецца, публічныя. Гэта, напрыклад, акцыі вялікіх кампаній, аблігацыі дзяржаў. Я займаюся аналізам інвестыцый.
Мая кагорта выпускнікоў (людзі, якія ў адзін год са мной выпусціліся з універсітэтаў і прыйшлі ў фонд) далучылася да працы ў верасні, я крыху раней. Зараз у нас трэнінг. Нас вучаць, як інвеставаць, як працуе эканоміка, як карыстацца нашымі прыладамі — ад Excel да моваў праграмавання. Усё гэта працягнецца некалькі месяцаў ці нават больш, бо поспех фонда залежыць ад таго, наколькі добра мы разумеем, як працуе эканоміка, і можам яе прагназаваць.
— Думала, чалавек, які скончыў Гарвард адразу выходзіць суперспецыялістам.
— Агулам, выпускнікі Гарварда ведаюць шмат, але па-крыху. Канешне, ёсць студэнты, якія з самага пачатку на чымсьці спецыялізуюцца. Яны разумеюць, што хочуць вучыць, і пасля заканчэння маюць канкрэтную задачу. Мой сябра, напрыклад, уяўляў, што звяжа жыццё з хіміяй. Падчас адукацыі ён працаваў у лабараторыях, браў суперкласныя курсы для студэнтаў-дактарантаў, а, калі скончыў, уладкаваўся ў фармакалагічную кампанію. Ён займаецца штучным інтэлектам. «Машына» генеруе малекулярныя структуры для патэнцыйных лекаў, а яго задача налаштоўваць AI так, каб ён прапаноўваў больш якасныя варыянты малекул.
Але мэта гарвардскай адукацыі не зусім ў тым, каб падрыхтаваць супрацоўніка вузкай спецыялізацыі. Наадварот. Падыход да вучобы ў каледжах кшталту нашага называецца liberal arts. Яго мэта дать студэнту збалансаваную адукацыю ў розных галінах. Напрыклад, у нас ёсць абавязковыя агульнаадукацыйныя дысцыпліны, якія мы павінны прайсці. Іх шмат, і яны наўмысна па-за межамі абранай спецыялізацыі. Напрыклад, у дадатак да абавязковых заняткаў па манетарнай палітыцы ды эканаметрыцы, я браў курсы па гісторыі дэмакратыі, публічных выступах ды акторскім майстэрстве.
Часам, такі падыход можа быць непрактычным. Растулумачу на прыкладзе. У МІТ (Масачусецкім тэхналагічным інстытуце) ёсць клас па бухгалтэрыі, а ў Гарвардзе няма. Тэарэтычна для людзей, якія пасля майго універсітэта пойдуць працаваць у карпаратыўныя фінансы, было б вельмі класна мець такія веды. Калі яны вам патрэбныя, можаце пайсці праз дарогу і ўзять іх у МIT (смяецца). Вайб Гарварда ж такі, што тут не зусім клапоцяцца пра падобныя рэчы. Іх турбуе лідарства ў свеце, навука, даследванні.
— Але ж, пагадзіцеся, важна, как падчас адукацыя была і практыка.
— У Гарвардзе гэта дасягаецца праз пазакласавыя заняткі. На першым курсе шмат хто працуе ў лабараторыях (так было і ў мяне) ці робіць уласныя даследаванні. Некаторыя валанцёраць, напрыклад, займаюцца са школьнікамі з не самых развітых раёнаў сваіх гарадоў ці ўключаюцца ў палітычныя кампаніі, дапамагаючы камусьці з кандыдатаў. Пасля другога курса чалавека можа чакаць стажыроўка ў арганізацыі, валантёрскія праекты, альбо ён працягвае займацца навукай. Пасля трэцяга (прынамсі, ёсць такія чаканні) вы ідзеце на практыку туды, дзе б хацелі працаваць пасля выпуску.
А яшчэ адной з лепшых частак маёй адукацыі былі ўніверсітэцкія вандроўкі. Так я з’ездзіў у Ізраіль, на Філіпіны і Тайвань. Да паступлення за мяжой я быў толькі тры разы — у Польшчы, Літве ды Венгрыі. А тут вуз арганізоўваў і спансаваў паездкі. Мы падаражавалі групай: у Ізраіль яна была чалавек сто, на Філіпіны — 20. Там сустракаліся з чыноўнікамі, палітыкамі, журналістамі, мясцовымі студэнтамі.
У Тайвані напрыклад, мы размаўлялі з былым прэзідэнтам Ма Інцзю. Ён распядаў, наколькі важная далікатная палітыка Тайваня ў дачыннені да Кітая. Пасля мы бачыліся з прадстаўнікамі апазіцыі, якія казалі ўсе тое ж самае, але наадварот (усміхаецца).
Ведаеце, падчас вучобы ты можаш прайсці колькі заўгодна тэарэтычных курсаў, але ў вандроўках больш разумеш свет. У Маніле мы сустракаліся з лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі, якая нам распавядала пра праблемы выбараў у ЗША, лямантавала наконт звольненай Гарвардскай прэзідэнткі. Але пры ўсім пафасе, яна ні слова не ўзгадала пра праблемы саміх Філіпінаў, нават пасля таго як я яе запытаў. Потым мы наведалі невялічкі горад на поўдні краіны — Думагетэ і ўбачылі гэтыя праблемы на жыва. Некалькі дзён мы дапамагалі развозіць ваду мясцовым.
У курсе па макраэканоміцы ці эканоміцы развіцця гаворыцца, што вельмі важна, каб у людзей быў доступ да пітной вады. Ты чытаеш гэты сказ, але ці сапраўды нешта разумееш? Не. А калі ты прывёз ваду сям'і, дзе сямёра дзяцей, яны не апранутыя, маці схуднелая, бацька працуе за сем даляраў у дзень, і жывуць яны ў халупе, пабудаванай мясцовымі хрысціянскімі місіянерамі… Глядзіш на гэта і ўяўляеш, вось што насамрэч значыць: «вельмі важна мець доступ да пітной вады».
Тая паездка змяніла мой светапогляд. Я пабачыў, чым можа жыць сталіца Маніла, пра якую мы чытаем у навінах, а чым маленькі Думагетэ. Зараз на працы, гэтыя веды мне вельмі карысныя. Мой фонд інвестуе ў краіны, якія развіваюцца, да прыкладу Філіпін. Вопыт той вандроўкі дае мне магчымасць глядзець на статыстыку не толькі, як на лічбы, але і ўяўляць як выглядаюць лёсы людзей.
«Звычайна ўсе, хто імкнецца, вакансію атрымліваюць»

— Якая спецыяльнасць была ў вас у Гарвардзе?
— Прыкладная матэматыка і эканомка.
— У 2018-м, калі вы толькі паступілі, казалі, што будзеце вывучаць нейрабіялогію. Як вы змянілі спецыяльнасць?
— Няма ніякіх змен, таму што выбар спецыяльнасці ў Гарвардзе адбываецца ў восень на другім курсе. Калі паступіў сюды 17-гадовым хлопчыкам, ніхто не чакаў, каб я ведаў, для чаго хачу прысвяціць жыццё. Адразу тут трапляеш на факультэт навук і мастацтваў і абіраеш, якія хочаш курсы. Калі б хацеў, мог бы вывучаць нават старажытную кітайскую філасофію.
Спачатку арыентаваўся, што буду вучыць біялогію і хімію. Браў гэтыя дысцыпліны ды класы па матэматыцы, а яшчэ абавязковы курс па пісьму, гішпанскую мову. Паралельна займаўся біяінфарматыкай, працаваў у лабараторыі, вядомай тым, што яе кіроўца прыдумаў, як прааналізаваць геном з дапамогай адной клеткі. Мне было цікава паглядзець, як тут усё ўладкавана, але я не быў гатовы прысвяціць чатыры гады бакалаўрыята біялогіі і яшчэ пяць год дактарантуры малекулярнай білягогіі, бо толькі тады ты рэальна зможаш зрабіць штосьці. Да таго ж, на практыцы мне больш спадабалася частка пра інфарматыку, чым пра біялогію. Таму, калі пачаўся другі курс, я паведаміў, што буду вучыць прыкладную матэматыку.
Увогуле, мая гаравардская адукацыя мела два вялікіх этапа. Падчас першых двух гадоў я ўзяў асноўныя класы па сваёй спецыяльнасці — статыстыку, праграмаванне і гэтак далей. У 2020-м, калі пачаўся COVID-19, потым выбары, і я патрапіў у навіны як студэнт Гарварда, што хацеў падлічыць галасы на выбарах, я пайшоў у акадэмічны адпачынак і валанцёрыў у беларускіх грамадскіх арганізацыях. Калі вярнуўся да вучобы, мне ўжо было прасцей, бо з абавязковых 15 класаў (а ўсяго іх 32), самыя складаныя я ўжо прайшоў. Таму мог проста вывучаць прадметы, што мне былі цікавыя. І, хоць займаўся я ў каледжы, браў курсы ў магістратуры Гарвардскай бізнес-школы і школе кіравання ім. Кенэдзі. Першая — школа бізнесу, другая — дзяржкіравання. Звычайна студэнтаў каледжу туды не пускаюць, але, калі ты ведаеш прафесара і той параіць цябе калезе, то ёсць шанец (смяецца).
— Раскажыце пра гэтага парфесара.
— Гэта прафесар па эканоміцы. Ён ужо шмат чаго дасягнуў. Зараз, як ён кажа, яго самая радасная частка жыцця, гэта калі ў весну ён набірае клас па эканоміцы (ён мае права сам выбраць сабе студэнтаў). Пра хлопцаў і дзяўчат, якія да яго патрапілі, ён клапоціцца. Напрыклад, знаёміць адзін з адным, каб яго студэнты сябравалі, ды рэкамендуе іх калегам для наведвання заняткаў. Так было ў мяне з класамі ў школе кіравання ім. Кенэдзіды і бізнэс-школе. А яшчэ ён два разы на дзень бегае. У гэты час жадаючыя могуць далучацца да яго. Такім чынам ён праводзіць office hours — абавязковыя для прафесароў гадзіны на тыдзень, калі яны павінны быць даступныя для студэнтаў. Раз на некалькі тыдняў я таксама хадзіў з ім на прабежку.
Дарэчы, заняткі ў школе бізнэсу былі неверагоднымі. Напрыклад, вывучаем, як праходзілі перамовы паміж калумбійскім урадам і камуністамі/наркагандлярамі. Гэтыя пермовы вёў прэзідэнт Сантас (Хуан Мануэль Сантас Кальдерон кіраваў Калумбіяй з 2010 па 2018 гады). І ён сам прыходзіць да нас ва аўдыторыю і распавядае, як усё адбывалася.

— Як праходзіць выпускны год у Гарвардзе?
— Для розных студэнтаў па-рознаму. Тыя, хто плануе ісці ў акадэмію, шмат часу інвестуюць у напісанне акадэмічнай працы. Яе трэба зрабіць добра, каб потым патрапіць у дактарантуру. У мяне такой мэты не было. Дыплом я не пісаў. Мне было важней атрымаць унікальны досвед, таму я больш часу траціў на цікавыя класы, паслухаць якія ў мяне наўрад ці ў жыцці яшчэ будзе магчымасць.
— А як жа размовы і хваляванні пра пошук працы?
— У вялікіх кампаніях ёсць рэкруцінгавыя адзелы, якія адказваюць за падбор супрацоўнікаў і ладзяць мерапрыемствы ў розных універсітэтах. У тым ліку і ў Гарвардзе. У асноўным на такія імпрэзы ходзяць студэнты другога-трэцяга курсу, якія шукаюць стажыроўку на лета. Там ім кажуць: «Мы такая-та арганізацыя, калі цікава, вось наша візітоўка, напішыце на емэйл». Да COVID-19 у верасні-кастрычніку можна было пабачыць шмат хлопцаў і дзяўчыт, якія бегаюць па кампусу ў касцюмах. Гэта друга- і трэцякурснікі, якія спяшаліся на інтэрв'ю, але зараз ужо ўсё праходзіць па Zoom. Дарэчы, да таго, як чалавека возьмуць на практыку, у яго можа быть тры-чатыры інтэрв'ю ў адной кампаніі. Мне падаецца, гэта больш эфектыўны спосаб, чым, калі дзяржава кажа: «Ты і ты, вы павінны адзін з адным працаваць».
Увыніку на чацвёртым курсе чалавек можа апынуцца ў адной з дзвюх сітуацый. Калі ў яго ёсць праца ці калі няма. Але звычайна ўсе, хто імкнецца, вакансію атрымліваюць. Хоць, магчыма, і не такую топавую, як хацелася б.
Дарэчы, тым, хто ў пошуках, ва [універсітэце] дапамагае career services office. Тут могуць падказаць з усімі базавымі рэчамі — як атфарматаваць рэзюмэ, як паводзіць сябе на інтрэрв'ю, як рабіць нэтворкінг. Калі трэба, ёсць база выпускнікоў, да якіх таксама можна звярнуцца па дапамогу ці параду.
У мяне пасля трэцяга курса прапанова працы ўжо была, таму я мог проста акадэмічна займацца тым, што мне цікава.
«Студэнты Гарварда звонку таксама прыгожыя качкі, але ж пад вадой яны грабуць»

— Як вы патрапілі ў фонд, дзе зараз працуеце?
— Падчас вучобы сустракаў шмат старшакурснікаў, якія там стажыраваліся, і яны мне падабаліся. Падумаў, калі такія цікавыя людзі ідуць у гэтае месца, напэўна, яно таксама добрае. Адна з дзяўчынак-студэнтак, якая там практыкавалася, напісала мне рэкамендацыйны ліст. Са мной прызначылі інтэрв'ю, а пасля яго я далучыўся да кагорты, што праходзілі [наступны этап] інтэрв'ю. Не магу сказаць, што гэта супер проста. Але, калі б не знаёмая, усё б было нашмат складаней.
— Атрымліваецца дапамог блат?
— Інстытут рэпутацыі працуе выдатна (смяецца). На працы мяне таксама просяць, калі ведаею класных студэнтаў, напішыце емэйлы у hr-аддзел, каб іх параіць для інтэрв'ю.
— Што ў гэтых пісьмах трэба пазначаць?
— Чаму, як я лічу, гэты чалавек класны і падыдзе па культуры да нашай кампаніі, а таксама які ў яго досвед.
Далей з ім звязваецца hr-спецыяліст, і кажа: «Мы атрымалі на вас referral (рэкамендацыю) і хацелі б з вамі паразмаўляць», і пасля трэцяга курса прапанаваць стажыроўку.
— Ёсць людзі, якія панікуюць, што не знойдуць працу, ці ўсе «на чылі»?
— Ёсць такая штука называецца сіндром гарвардскай качкі.
— Што гэта значыць?
— Уяўляеце качку? Яна такая спакойная, прыгожа плыве. А ведаеце, як яна выглядае пад вадой (смяецца і паказывае рукамі, як птушка хутка перабірае нагамі)? Студэнты Гарварда звонку таксама прыгожыя качкі, але ж пад вадой яны грабуць. Калі хлопец ці дзяўчына прыходзіць ва аўдыторыю, яны такія: я гатовы, але не таму, што я шмат прачытаў (хоць так і ёсць), а таму што я такі разумны. І кожны падтрымлівае гэтую гульню проста хтосьці большпрэтэнцыёзна, хтосьці менш. Тое самае і з працай. Падчас размовы чалавек, напрыклад, гаворыць: «Я патрапіў у «Тэсла». Другі: «It's imazing!». І ўсё, на гэтым тэма спыняецца. Ніхто не стане наракаць, колькі інтэрв'ю ён прайшоў, і як гэта было складана.
— Наяўнасць гарвардскага дыплому дае бонусы, калі шукаеш працу?
— Бонус пачынаецца і заканчваецца тым, што вам прапануюць сумоўе. Але калі вы нічога не ведаеце, вы не атрымаеце працу.
— Ці ёсць страх, што працу не знойдзеш?
— Напэўна, ёсць. Але ёсць і іншая праблема. У студэнтаў Гарварда вялікі выбар варыянтаў для працы і яшчэ большая колькасць інтарэсаў. Яны маглі б паспрабаваць сябе ў нейкай індустрыі, пайсці ў акадэмію ці, напрыклад, рабіць свой стартап, але ім страшна памыліцца з выбарам. Шмат хто не можа вызначыцца і ідзе ў больш агульныя спецыяльнасці, напрыклад, кансалтынг. Такія спецыялісты кожныя тры месяцы пераходзяць на новыя праекты, дзе даюць парады кіраўнікам кампаній.
Чаму так адбываецца? Гарвардцы — гэта людзі, якія прывыклі ўсё жыццё дасягаць большых і большых вышынь. Як школьнік ты добра вучыўся, цябе паставілі ў клас для лепшых. Ты удзельнічаеш у алімпіядах, спаборніцствах, імкнешся да медалёў. Далей — Гарвард. У [мясцовых] студэнтаў выпрацавалася амаль інстынктыўнае жаданне патрапіць у больш эксклюзіўную групу. Прычым, нават не вельмі важна ў якую менавіта.
Паралельна з гэтым ёсць страх правалу. Ён прымушае хвалявацца, бо ты чалаваек, які што б ні рабіў, рабіў на выдатна. Мяне спачатку гэта пужала. Помню, разгаварыліся з хлопчыкам, ён кажа: «Я выйграў алімпіяду «Сіменс» па матэматыцы». Для мяне гэта было «вау»! Але ён нават не заўважаў, якое гэта дасягненне.
Як мне здаецца, у многіх студэнтаў няма ў галаве разумення, што яны ў чымсьці могуць праваліцца, і што правал — гэта нармальна. З-за гэтага часам супыняюцца на прафесіях, у якіх рызыка фіяска меншая. Так яны адкладаюць выбар.
— Свае амбіцыі студэнты ў Гарвардзе не агучваць?
— Такое не абмяркоўваюць. Чалавек вам павінен быць цікавы, як чалавек, а не якую працу ён атрымаў, ці якія сродкі ў яго ёсць.
— Дарэчы, пра сродкі. У Гарвардзе вучацца дзеці вядомых палітыкаў, багатых людзей. Ці складана займацца побач з такімі хлопцамі і дзяўчатамі, калі ты чалавек з простай сям'і?
— Адразу кожны стасуецца з кожным, але ж праз месяцы два людзі ўжо разумеюць, хто з якога сацыяльнага асяроддзя. Падчас першага курсу ў лістападзе-снежні некаторыя з маіх сяброў паехалі катацца на лыжах у Каларада, а я не. Мне здавалася, несправядліва, што мяне туды не запрасілі, але ж калі б нават запрасілі, дазволіць сабе фінансава такое падарожжа я б не змог. З часам сацыяльныя групы становяцца даволі сталыя. Першыя два гады для мяне ўсё гэта было складана. На трэцім і чацвёртым курсе ўспрымаў гэта прасцей. Напэўна, пасталеў, зразумеў, хто я такі і на што здольны.
— Што значыць «больш складана»?
— Мой бацька просты беларускі лекар. Калі б ён жыў тут, магчыма, ён быў бы чальцом мясцовага клуба (тут ёсць такія сацыяльныя клубы), і я прысутнічаў бы на вечарынах клуба. Бачыў бы, як дарослыя ў пінжаках адзін з адным стасуюцца, абмяркоўваюць падзеі, хто куды хадзіў, ездзіў. Прывілеяваныя гарвардскія студэнты з гэтым растуць і капіруюць паводзіны сваіх бацькоў (напрыклад, як стасавацца). Я ж гэтага не бачыў і вучыўся разумець толькі праз уласны досвед. Першыя два гады спрабаваў падладавацца. Потым ужо быў сабой. Я не магу змяніць тое, што нарадзіўся ў Ленінскім раёне Мінска, вучыўся ў звычайнай беларускай гімназіі. Так, пасля паступіў у Гарвард, дзе мне «залілі» ў галаву мазгоў, але ж унутры я адтуль, дзе нарадзіўся.
«У Гарвардзе кожны студэнт мае права прачытаць нататкі, што рабіла камісія, якая яго прымала»

— Што такого ў студэнтах Гарварда, што лічыцца, што яны «вау»?
— Гэта рэсурсы, да якіх ёсць доступ, і людзі, гатовыя гэтымі рэсурсамі скарыстацца. Тут не будуць вучыцца тыя, хто ўлетку не хоча стажыравацца, ці, напрыклад, падавацца на грант, каб працягнуць даследванее. Сюды ў асноўным трапляюць хлопцы і дзяўчаты, якія з дзяцінства імкнуцца атрымаць максімум з той сітуаціі, у якой апынуўся.
— Пра што вы?
— У Гарвардзе кожны студэнт мае права прачытаць нататкі, што рабіла камісія, якая яго прымала. Помню, у маім кейсе было напісана, што мая сем’я не магла дазволіць сабе дасылаць мяне на шмат міжнародных алімпіяд па фехтаванні. Калі камісія пра гэта даведалася, адна з чальцоў напісала, што на паўбалы падняла мне адзнаку па спорце.
У Амерыцы фехтаванне вельмі дарагі спорт. Яго могуць сабе дазволіць толькі заможныя. Я ж ім займаўся праз праўсаюзны гурток. Гэта паказвае: я не меў шмат магчымацяў, але тыя, што былі, выкарыстаў. Таму для Гарварда не важна, адкуль ты, з якой сям'і. Ты можаш быць хоць з «хрушчоўкі». Галоўнае, вы тлумачыце, якія мелі ўмовы, і што з імі зрабілі.
— Яшчэ ў 2022-м вы паведамілі, што гатовыя дапамагчы парадай хлопцам і дзяўчатам, якія хацелі б таксама паступіць у Гарвард. Навошта вам гэта?
— Калі быў ў 11 класе, мой дзядзька даў мне грошы на экзамены і сказаў: «Паспрабуй, я у цябе веру». Я добра здаў амерыканскі іспыт, і ў мяне з’явіўся шанец паступіць. Але ж калі б не дзядзька, я б пра гэта толькі марыў.
Разумею прывілеі, якія пасля выпуску на мяне зваліліся. Гарвард не быў для меня сацыяльным ліфтам, гэта сацыяльная катапульта. Таму мне таксама хацелася б стаць такім дзядзькам ці стрыечным братам для іншых школьнікаў.
Да таго ж пасля паступлення ўжо тут, у ЗША, знаходзіліся людзі, якія пра мяне клапаціліся. Напрыклад, прафесар эканомікі, мая амерыканская сям’я. А яшчэ беларус, які ў 2004-м скончыў Гарвард. Зараз ён працуе юрыстам. Ён прачытаў маю гісторыю і напісаў мне, прапанаў дапамогу. Калі я прыляцеў у Амерыку, яго цёшча сустрэла мяне ў аэрапорце і адвезла ў кампус. Потым ён да мяне прыехаў. Помню, мы пайшлі ў краму, трэба было купіць алоўкі, сшыткі і ўсё такое. Калі на касе гэта падлічылі, атрымалася 120 даляраў. Для мяне вялікая сума, хоць, канешне, бацькі далі мне з сабой грошы. Ён сказаў: «Не хвалюйся» і заплаціў.
Ведаеце, я шмат клопату атрымліваў ад розных людзей, якія не павінны былі пра мяне клапаціцца. І зараз мне хочацца адказаць тым жа.

— Нехта вам сказажа: «Навошта мне Гарвард, у БДУ таксама класна».
— Я ж не матывую ўсіх. Я гавару пра тых, каму цікава. Я не кажу, што паступленне ў гэты універсітэт — адзіная магчымасць штосьці зрабіць у жыцці. У кожнага ёсць месца, дзе б яму хацелася быць. Калі гэта Гарвард, то, калі ласка, пішыце, буду адказаць на пытанні.
— Шмат падлеткаў да вас звярнулася?
— 44 чалавекі. Некаторыя проста пісалі нешта кшталту «мне цікавая Амерыка, што рабіць». Тут складана штосьці параіць. Але былі і людзі, асабліва дзяўчаты, якія задавалі канкрэтныя пытанні. Я атрымаў дзесьці 30 розных эсе, якія патрабуюць пры паступленні. Усе гэта па-англійску. У google-доку я пакінуў ім каментары. Напрыклад, выдатная структура, але тут можна быць больш канкрэтным. Адказаў кожнаму.
Самае цікавае, што я займаўся гэтым па ўласнай ініцыятыве, але цяпер ёсць класная беларуска Ліза Трахаліна, якая робіць праект Bright Belarus. Гэта суполка беларусаў, якія вучыліся за мяжой і гатовыя стаць ментарамі (дапамагчы парадай) беларускім студэнтам, каму таксама цікава адукацыя ў замежнай магістратуры.
Я дапамагаю Лізе і пры гэтым працягваю даваць парады школьнікам асабіста.
— Ці ёсць яшчэ ў Гарвардзе студэнты-беларусы? Раптам некаму з іх дапамаглі вашыя парады.
— Вясной сюды паступіла дзяўчына з Беларусі. Мне яна напісала ўжо пасля таго, як падала свае паперы.
Дарэчы, пісалі мне і дзяўчатыі, якія пасля прайшлі ў Дз’юкскі універсітэт, універсітэт Джонса Хопкінса і на летнюю школу Йельскага універсітэту. Ім я даваў парады, накіроўваў, дзе можна бясплатна і эфектыўна рыхтавацца да экзаменаў (напрыклад, тут), ды дзяліўся меркаванням пра іх эсэ.
«Калі ў мяне будзе больш класнае кватэра, павешу там дыплом»

— Вы казалі, што год вашага навучання каштуе 80 тысяч даляраў. Дзе зараз ваш дыплом, які, атрымліваееца, цягне на 320 тысяч?
— Ляжыць дзесьці у шафцы. Калі ў мяне будзе больш класнае кватэра, я яго павешу.
— А як зараз выглядае ваша жыллё?
— Разам з сябрам, які быў маім суседам у Гарвардзе, мы здымаем невялічкую кватэру. Гэта двухпакаёўка на поўдні Манхэтана. Раён не самы фешэнэбельніы, але ж і не Бронкс (смяецца). У горадзе даволі дарагая нерухомасць, таму ўдзячны, што мая праца дазваляе мне жыць у Нью-Ёрку.
— Здвалася, што пасля Гарварда, у чалавека адразу і дарагая кватэра, і машына.
— Гарвардскія веды даюць магчымасць атрымаць працу, але потым трэба працаваць. Прычым, шмат.
Да таго ж я адношуся да людзей, якія не трацяць грошы на рэчы. Мая кватэра мае сонца і вокны. І гэта самае галоўнае. Усё іншае там даволі сціплае. Мы нават не набывалі новую мэблю. Грошы я інвестую ў людзей і ў досвед. Нарыклад, тыя, каму я ў свой час дапамог парадай пры паступленні, зараз ментары ў Bright Belarus. А значыць, той адзін чалавек можа падтрымаць, напрыклад, яшчэ пяць.
— Калі скончыў Гарвард, са старта добрая зарплата?
— У мяне яна добрая, але ж і Нью-Ёрк вельмі дарагі горад.
— Як вас змяніў Гарвард?
— Ён мяне вызначыў. Зараз у меня ёсць адчуванне, што нават калі ў мне нічога не будзе (так, пашчырасці, і ёсць, бо ўсё маё жыццё можа змясціцца ў адну валізку), я магу куды заўгодна паехаць, і мне будзе нармальна. У мяне ёсць добрая адукацыя, і гэта дае спакой. Бо дзе б я не апынуўся, упэўнены, што людзі, якіх ведаю, дапамогуць, а веды, што атрымаў, змагу прымяніць. Прынамсі, мяне паслухаюць, візітоўка Гарварда дае такую магчымасць.
— Калі вернецеся ў Беларусь, вам прыйдзецца падцверджваць свой дыплом, каб па ім працаваць?
— А дзе (смяецца)? Нарэшце будзе карысная гэтая папера, а то ляжыць [у шафцы].