Майстар ёгі, маці пяці дзяцей: "Пасля Акрэсціна маё цела было адным распухлым шнарам"

Майстар ёгі, маці пяці дзяцей: "Пасля Акрэсціна маё цела было адным распухлым шнарам"

"Позірк. Навіны пра Беларусь"

Іна Шырокая да падзеяў 2020 года жыла ў Гродне. У яе пяць дзяцей. Іна працавала адміністратарам у кавярні і выкладала ёгу. У жніўні 2020 года яе старэйшага сына моцна збілі міліцыянеры. Іна "пайшла ў палітыку". Цяпер яна — судзімая, бежанка і ўнесена беларускімі ўладамі ў спіс экстрэмістаў.

"Паказальна звольнілі за бел-чырвона-белыя свечкі на вітрыне"

Дзецям Іны зараз 12, 15, 17, 20 і 22 гады. У жніўні 2020 года яе сын, якому на той момант споўнілася 18, быў затрыманы і збіты. Некалькі сутак ён правёў у ізалятары. Іна паскардзілася ў міліцыю і стала сама "шчыльна хадзіць на пратэсты". У кавярні, дзе беларуска працавала кіраўніком, на вітрыне выставілі бел-чырвона-белыя свечкі. За гэта Іну "паказальна звольнілі".

Яна паехала ў Мінск. "Там была старэйшая дачка, яна была валанцёрам, хадзіла па судах і была ў цяжкім псіхалагічным стане. Мне хацелася яе падтрымаць. Таксама з сяброўкай мы пачалі хадзіць на маршы — нядзельныя, жаночыя, раённыя. Увайшлі ў пашыраную Каардынацыйную раду. Добра, што не паспелі там прыняць актыўнага ўдзелу. Добра, таму што была б у мяне яшчэ адна крымінальная справа”, — распавядае Іна ў размове з "Позіркам".

За маршы яе аштрафавалі. Сын пасля затрымання і збіцця быў траўмаваны сітуацыяй. У яго пачаліся праблемы з ваенкаматам. "Ён моцна спалохаўся дзяржаўнай машыны і таму не хацеў ісці ў войска. Яго зрабілі невыязным з Беларусі, яму давялося хавацца", — кажа Іна.

"На мяне было дасье з маршаў — паўтары тысячы фатаграфій"

 У 2021 годзе Шырокая вырашыла з'ехаць з краіны, паспрабавала ўладкавацца ва Украіне, але не атрымалася: "Не знайшла там магчымасцяў для сябе, не знайшла працу, жыллё. У гэты час на сына адкрылі крымінальную справу за ўхіленне ад прызыву. Я вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Нашы беларускія ініцыятывы параілі мне спецыяліста ў галіне псіхалогіі. Я з ім папрацавала, крыху супакоілася і вырашыла, што трэба жыць у Беларусі на тых умовах, якія ёсць. Тым больш я думала, што з маршаў прайшло шмат часу і на мяне ўсе забыліся".

Аднак вясной 2022 года за Інай прыйшоў ГУБАЗіК.

Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў маршах, уступленні ў план "Перамога", у каментарах, што абражаюць прадстаўнікоў улады. З Інай запісалі "пакаяннае відэа". "Я была ў такім стане, што, вядома, не магла адмовіцца. З мяне не трэба было яго выбіваць. Адзінае, у мяне хапіла мужнасці не сведчыць супраць самой сябе, не казаць нічога лішняга. Зрэшты, доказаў па маршах было дастаткова — я нічога не хавала, у мяне ў тэлефоне было паўтары тысячы фатаграфій", — успамінае Іна.

Пасля 10 дзён у сталічным ізалятары ў 1-м завулку Акрэсціна яе перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Там шматдзетная маці правяла больш за тры месяцы. Ёй паставілі ў віну шэсць эпізодаў удзелу ў маршах.

"Нашым крылатым выразам у турме было "Гэта яшчэ не дно!"

Пакуль Іна сядзела ў СІЗА, дзяцей даглядала яе маці, у якой знайшлі рак. "Таму што ва ўсіх падкасілася здароўе з-за перажыванняў. Я была ў турме, дзецям не давалі спакою сацыяльныя службы, праводзілі ўсялякія праверкі з перспектывай забраць іх у прытулак. Старэйшая дачка была вымушана хавацца з-за таго, што была валанцёрам. Сын хаваўся з-за ваенкамата. Я была ў страху, бо калі б мне паставілі тры артыкулы, як абяцалі, то я села б надоўга. Але яны пакуль спыніліся толькі на маршах", — кажа Іна.

На Валадарскага ўмовы былі лепшыя, чым на Акрэсціна. Адтуль Іна выйшла "адным распухлым шнарам". "У камеры на Акрэсціна былі клапы, жахлівая колькасць клапоў. Плюс да нас падсадзілі бяздомную, у яе былі вошы. У мяне была алергія. Праз 10 дзён на мне не было жывога месца проста. З нармальнага чалавека, пасля звычайнага жыцця, дзе я выкладала ёгу, я ператварылася ў поўнага маргінала, бо ў нас не было мыла, зубной пасты, душа, прагулак. Былі толькі клапы і вошы. Нам на Акрэсціна заяўлялі, што мы нічога не каштуем, мы ніхто і вось гэтага вартыя", — успамінае Іна.

На Валадарскага яна патрапіла ў камеру, дзе большасць былі "палітычнымі". Сядзела з журналісткай tut.by Аленай Талкачовай, галоўным рэдактарам партала Марынай Золатавай, праваабаронцай Марфай Рабковай, фігуранткай справы аб "замаху" на Лукашэнку Вольгай Галубовіч (сярод абвінавачаных былі Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў).

"Гэта тыя, хто на слыху. Вельмі шмат было дзяўчат, якія трапілі ў турму па 130-м артыкуле за "распальванне варожасці", за каментары. Нас усіх паставілі на ўлік як "схільных да экстрэмізму". Нас ніхто не прыгнятаў, але з намі ніхто і не цацкаўся. Мы разумелі, што ў нас няма ніякай магчымасці сябе рэабілітаваць, што ў нас няма перспектыў быць апраўданымі. Дзяўчынкі трымаліся мужна. Нам дапамагалі сарказм і высмейванне гэтага ўсяго абсурду. Гэта была наша абарона. Золатава казала: "Ва ўсім вінаваты tut.by". У Талкачовай была майка з надпісам "Ілон Маск, забяры мяне адсюль". Крылатым выразам нашай камеры было "Гэта яшчэ не дно!".

Да нас пападалі новыя людзі, з яшчэ больш абсурднымі гісторыямі затрымання. Кагосьці здаў сусед — узяў раздрукоўкі і пайшоў у пракуратуру. Кагосьці затрымалі "па ланцужку". Гэта значыць, міліцыя прыйшла браць чалавека, заадно схапілі яго суседзяў, у іх тэлефонах знайшлі "кампрамат" на іншых людзей і ўсіх затрымалі. Нас ужо нішто не дзівіла. Ніякай надзеі мы не мелі. Усе разумелі, што мы ў заложніках рэжыму і варыянтаў няма", —кажа суразмоўніца.

"Не думаю далей, чым магу вытрымаць псіхічна"

 Суд пакараў Іну за ўдзел у маршах трыма гадамі "хатняй хіміі" — абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. "Паўплывалі, напэўна, добрыя характарыстыкі, тое, што ніколі не прыцягвалася, тое, што ў маці быў рак, і тое, што я шматдзетная маці. І добрая праца адваката. У мяне была эйфарыя ад свабоды. Але разам з тым я разумела, што "хатняй хіміяй" магу не абысціся. Следчая намякала мне, што за мной яшчэ цягнецца шлейф "злачынстваў" — каментары, "распальванне варожасці". Я зразумела, што трэба з'яжджаць", — кажа Шырокая.

На яе суд "павесіў" маёмасную "шкоду" — 167 тыс. рублёў. Нібыта былі парушэнні ў працы транспарта. Іна з'ехала па "вялікім коле": праз Расію, Эстонію, потым у Польшчу. Дзеці таксама з'ехалі — па "маленькім коле", то бок напрамую ў Польшчу.

Там яна падала дакументы на міжнародную абарону і зараз чакае рашэння. Дзеці пайшлі ў мясцовую школу, у інтэграцыйны клас, дзе вучацца ўкраінцы і беларусы. "У дзяцей у школе шмат клопату, увагі, на іх ніхто не крычыць, з імі маюць зносіны паважліва, як з дарослымі. Для іх навіна, што яны маюць права свабодна выказваць сваё меркаванне ў школе. Праўда, яны пакуль гэтым правам не карыстаюцца — асцярожнічаюць", —апісвае новую рэчаіснасць Іна.

У зняволенні яна пазнаёмілася з рознымі людзьмі, дамовіліся сустрэцца на волі і па магчымасці трымацца разам. "Так і адбылося, мы сустрэліся ў Польшчы, зараз спрабуем уладкавацца тут, дапамагаем адзін аднаму. Пакуль я не маю права працаваць, знаходжуся на ростанях. Не думаю далей, чым магу вытрымаць псіхічна. Пакуль у мяне няма планаў, бо ўсё раней запланаванае разбурылася. Жыццё ідзе. Адзін дзень "зачыняецца" — выдатна. Сумую па дзейнасці. Пакуль я тут — чужы чалавек у чужой краіне. Носьбіт хай падобнай, але іншай культуры, менталітэту, каштоўнасцяў. Тут людзі майго ўзросту вырашаюць іншыя задачы. Я пакуль занятая пытаннямі выжывання, пакуль мне іх узровень недаступны, я па ім сумую", — наракае Іна.

"Рэпрэсіўная машына круціцца далей з маўклівай згоды тых, хто яе абслугоўвае"

Іне надзвычайна шкада людзей, якія зараз за кратамі, тых, каго ведала асабіста, з кім падзяляла нягоды турмы. "У мяне не стаіць пытанне "калі я вярнуся ў Беларусь?". У мяне пытанне "калі людзі перастануць пакутаваць ні за што?". У мяне, як і ў многіх, бясконцая горыч ад гэтага ўсяго. Ад таго, колькі стваральнага зламана — проста так, ад амбіцый аднаго маньяка. Гэта жахліва насамрэч", — кажа суразмоўніца.

Яна лічыць, што публічныя акцыі беларусаў у Польшчы і Літве "ў агульным інфармацыйным полі, якое становіцца ўсё больш трэшавым", не маюць "вялікай вагі". "Напэўна, гэта больш сістэма самападтрымкі. Думаю, зараз лепш дапамагаць кропкава тым, хто мае патрэбу, пісаць цёплыя словы падтрымкі палітвязням. Я бачыла гэтую рэпрэсіўную сістэму ў дзеянні, бачыла, наколькі яна моцная ў Беларусі. Гэта глухі, абыякавы апарат, які маўчыць. Ён працуе эфектыўна. Усё пабудавана для таго, каб рэпрэсіўная машына круцілася і надалей, з маўклівай згоды тых, хто яе абслугоўвае. Там усё вельмі стабільна", — канстатуе Іна.

У Польшчы яе здзівіла, што можна разлічваць на спачуванне, чалавечнасць. "Пасля карнай беларускай сістэмы я баялася, што не знайду тут водгуку ад людзей, сістэмы, арганізацый. Вядома, на фоне бяды ва Украіне мы глядзімся "драбней", акцэнт зараз не на беларусах. Але на чалавечнасць і спачуванне тут рэальна можна разлічваць. Не ва ўласнай краіне", — з горыччу дадае Шырокая.

Пакуль мы размаўлялі, Іна выявіла, што на радзіме яе ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў" — пад нумарам 1712. У спісе пазначана, што яна "адбывае пакаранне".

Report Page