Міт пра зніклае боства

Міт пра зніклае боства


Рэканструкцыя двух варыянтаў вялікодзенскага падання на грунце валачобных спеваў. Сэнс гэтага падання як і любога міта знаходзіцца на перасячэнні ўсіх яго варыянтаў.


1) На двары Над-Багамі-Бога Залатая гара. А на той гарэ — шаўкова трава, а ў той траве галубы гудуць. Вакол двара цякуць тры быстрыя й беражыстыя ракі. Двор трышчоны трысцём, з варотамі маляванымі і шуламі тачонымі, пазалачонымі. А на тым дварэ агонь гарыць, а на тым агні кацёл стаіць, а ў тым катле піва варыцца. Залата гара, а на той гарэ церамок стаіць, а ў тым церамку тры ваконечкі. Адно ваконца яснае Сонца, другое ваконца —

дробныя Звёзды, трэцяе ваконца —

ясны Месяц. Пасярод двара расце Дрэва з лісцем залатым і веццям сярэбраным. На Дрэве сядзяць райскія птушкі.


Узнялася шура да бура, сад паламала, райскія птушкі паразганяла, цясовыя сталы парассцілала, зялёныя кубкі паразлівала, прыляцелі птушкі марскія, залатую расу абцярушылі.


Да сярод двара гара, а на той гары прастол стаіць. А на тым прастоле Над-Багамі-Бог сядзіць. Сабраў Над-Багамі-Бог усіх багоў пад вялікім Дубам. Але толькі аднаго Пушкайта, Пяркунава сына, няма. Багі ня ведаюць, каму яго шукаць: "Да каго слаці Згубленага шукаці?". Кажуць аднаму з багоў шукаць яго, але той кажа: "Я каня ня маю, яшчэ к таму Згубленага ня знаю!" У той час выходзіць перад усімі багамі Пяркун і кажа: "Я каня маю і Згубленага знаю!". Святы Пяркун — божы пасол. Божы пасол за мора пайшоў. Там' Пяркун знаходзіць Пушкайта і вяртае яго да Сходу. Усталёўваецца парадак. Над-Багамі-Бог здзяйсняе вялікую бяседу. На бяседзе размяркоўваюцца абавязкі багоў і парадак святкавання святаў.


2) На двары Над-Багамі-Бога на высокай Залатой горцы, праз які цякуць тры быстрыя і беражыстыя ракі, што абнесены зялезным тынам і мае залатыя вароты, шулы мураваныя, парогі тачоныя, а падваротнічак — рыб'я костачка. На двары сад насаджоны, на ім кветкі цвітуць, пасярод двара гараць агні на тры бакі свету. Пасярод двара расце Дуб з залатой карой, залатым лісцем, залацістымі росамі і залатым веццем. На дрэве сядзяць райскія пташкі, каля дрэва стаяць вуллі і гудуць пчолкі. Там сады цвітуць і пчолкі звіняць.


Узнялася шура да бура, сад паламала, райскія птушкі паразганяла, цясовыя сталы парассцілала, зялёныя кубкі паразлівала, прыляцелі птушкі марскія, залатую расу абцярушылі. Ні каровы не вяліся, ні жыта не радзіла.


Стаіць высокая гара, а на той гары прастол стаіць. А на прастоле Над-Багамі-Бог сядзіць. Сабраў ён Сход багоў пад вялікім Дубам. Разам з ім былі ўсе багі, аднаго толькі бога не было — Пяркуна. Усе багі, малыя і вялікія, пайшлі шукаць Пяркуна, але ніхто з іх ня здолеў яго знайсці, нават гаспадар вятроў Веяпаціс. Пчаліная Матка, што валодае ўсімі пчоламі, вырашае адправіць пчалу шукаць Пяркуна.

Пчаліная Матка кажа ёй: "Ты, пчолачка ярая, да вылець за мора!" Пчала знаходзіць Пяркуна й Пчаліная Матка вяртае яго ў Сход. Усталёўваецца парадак. Над-Багамі-Бог здзяйсняе вялікую бяседу. На бяседзе размяркоўваюцца абавязкі багоў і парадак святкавання святаў.

Report Page