Міленка Ергавіч «Сараеўскае Мальбара» (Янушкевіч, 2021)

Міленка Ергавіч «Сараеўскае Мальбара» (Янушкевіч, 2021)

t.me/bellitra
Ваюем за кожную сенажаць, хоць раней і ня ведалі, як яна завецца, сьціснулася Босьнія, як хустка, калі выварыш яе ў чане зь бялізнай.


Калі вы не асабліва разбіраецеся ў гісторыі і сучаснасці былой Югаславіі, раю перад тым, як чытаць кнігу, хаця б пагартаць у Вікіпедыі артыкулы «Баснійская вайна» і «Аблога Сараева» (ну і калі вашы нервы ў парадку, то яшчэ «Разня ў Срэбраніцы»). Гэта важна для разумення кнігі, бо аўтар вам не раскажа пра баявыя дзеянні, перадумовы і наступствы канфліктаў. Вайна ідзе і жыццё насельнікаў абложнага Сараева ідзе. Вось пра што піша Міленка Ергавіч у зборніку апавяданняў «Сараеўскае Мальбара».


Якой бы безвыходнай ні падавалася сітуацыя, варта не губляць пачуццё жыцця. Таму героі Ергавіча апісваюць выбухі і абстрэлы так, нібыта яны ўжо сталі натуральнай часткай іх краявідаў:

Давар сёньня раніцай пайшоў па ваду, можа, зайшоў да сябра на Бістрыку, можа, схаваўся ў кавярні ад мінамётнага абстрэлу, можа, застаўся на абед у цёткі Разаліі, можа, некага сустрэў.

Страшна думаць, што такія рэчы сталі для людзей паўсядзённасцю. Можа, сустракаецца з сябрамі, а можа, яго ўжо няма, бо трапіў пад абстрэл. Нічога незвычайнага. Жыхары Босніі перажылі так шмат, і ў апавяданнях Ергавіча перад намі паўстаюць жывыя людзі са сваімі патрэбамі і праблемамі. Ніякай палітычнай маніфестацыі, апраўдання ці асуджэння варагуючых бакоў. Толькі асабісты вопыт людзей, якія навучыліся жыць у вайне. Чарговае пацверджанне таго, што чалавек можа прызвычаіцца на любых, нават самых нечалавечых умоў.

Знаходзіцца на вуліцы небяспечна, але яшчэ больш небяспечна, калі ўсё жыццё пройдзе міма, таму кожны дзень жыхары Сараева прачынаюцца раніцай і бяруцца за свае нармальныя прывычныя справы. Працуюць, ходзяць у госці, сябруюць і кахаюць. Толькі так маеш магчымасць не звар’яцець.


Апавяданні не звязаныя між сабой, аўтар нібыта падняўся на пэўную вышыню над абложным горадам, выбраў пэўную кропку і нырнуў у яе. А потым апісвае жыццё тут і цяпер, усё, што бачыць, невялічкія эпізоды з жыцця. Часам смешныя, часам трагічныя, часам вельмі кранальныя.


Завялася ў калектыве мода, каб усе запісваліся югаславамі. Спыталіся ў Івы Т., хто ён, а ён на тое: «Ну, вядома ж, харват». Калегі дзівіліся, а ён ім: «Такі я нарадзіўся і не магу гэтага змяніць. А калі я вам нічога не значу як харват, дык што ўжо буду значыць як югаслаў».

***

Нідзе няма такіх пагрозаў і праклёнаў, як у Босьніі. Іх прыдумляюць з даўніх часоў, не на тое, каю некага абразіць ці напалохаць, а хутчэй каб паказаць сілу свайго ўяўленьня, якое мусіць перамагчы ўяўленьне саперніка. Найлепшыя пагрозы і праклёны — гэта тыя, якія суправаджаюць разьвіцьцё культуры і цывілізацыі. Так, скажам, з мэханізацыяй сяла ўзьнік і гэткі праклён: «Каб жа табе дзіця парэзалі мотапілой і склалі ў склеп на зіму!»


Наймацнейшае, як мне падалося, апавяданне ў зборніку — апошняе, «Бібліятэка». Гісторыя таго, як 25 жніўня 1992 года была зруйнаваная нацыянальная і ўніверсітэцкая бібліятэка ў Сараеве. Яна згарэла пасля абстрэлу, і разам з ёй знікла вялікая колькасць каштоўных матэрыялаў. Частку рукапісаў скралі, а жыхары горада спрабавалі ўратаваць хаця б нешта, знаходзячыся пад снайперскім агнём. Тут бібліятэку можна разглядаць у якасці вобраза ўсяго горада, абстралянага і спаленага, знішчанага.

Ергавіч умела валодае словам, і кнігу можна проста разбіраць на цытаты (у каруселі фота будуць некаторыя цікавыя гісторыі з кнігі). Калі вы маеце ўяўленне пра культуру гэтага рэгіёну, то ў апавяданнях Ергавіча адчуеце яе напоўніцу. Гэта яркі і каларытны Балканскі паўвостраў, жыхары якога нават у час вайны не губляюць сваёй непаўторнасці і прыемнай дуркаватасці. І цудоўны пераклад Сяргея Шупы.

Купіць папяровую кнігу «Сараеўскае Мальбара»: https://januskevic.by/catalog/pieraklady/4253/



Report Page