[не]Расстраляныя Паэты

[не]Расстраляныя Паэты

Беларускія Студэнты за Свабоду
Міхаіл Сымонавіч Кудзелька

Міхась Чарот

Даследчыкі называюць яго адным з арганізатараў літаратурнага руху Беларусі на пачатку ХХ ст. Ён пачаў пісаць ва ўзросце трынаццаці гадоў і меў усе прыкметы выдатнага паэтычнага таленту. Але здольнасць «дзеясловам паліць сэрцы людзей» у эпоху рэвалюцый і класавых сварак вельмі часта спалучана з рызыкай для жыцця.

Не абмінуў гэты лёс і Міхася Чароту: яго жыццё, як і жыцці многіх іншых таленавітых творцаў нацыянальнай беларускай літаратуры, трагічна абарвалася ў засценках сумна вядомай мінскай турмы НКУС — «Амерыканкі».

Псеўданім, тэмы творчасці і нядобрыя пачуцці

У 1917 годзе быў мабілізаваны ў Саратаўскую губерню. Менавіта там, у Кузнецку, паэт, пакутуючы ад непазбыўнай тугі па радзіме, напісаў свой першы значны твор — верш «Чужбіна». Таксама тут нарадзіўся яго галоўны літаратурны псеўданім Чарот — у перакладзе на рускую мову «камыш».

Як з чарацянак майструюць беларусы свае знакамітыя дудкі-жалейкі, так і ён, сын беларускага народа, будзе прысвячаць яму свае вольналюбівыя песні. Тэматыка патрыятызму, рэвалюцыі і нацыянальнага вызвалення ў далейшым знойдзе водгук у многіх яго творах.

Атручаны жорсткай рэальнасцю першых партыйных «чыстак», усвядоміўшы нязбытнасць сваіх рамантычных мараў, выпрабаваўшы на сабе несправядлівую крытыку, беларускі спявак рэвалюцыі становіцца закладнікам нядобрых прадчуванняў. Ён практычна адыходзіць ад літаратурнай дзейнасці, яго нешматлікія вершы губляюць мастацкую навізну, ператвараючыся ў прымітыўныя агіткі.

Верш, напісаны на сцяне камеры ў «Амерыканцы»

Суд, апошні верш і рэабілітацыя

Як бы там ні было, але Міхась Чарот быў асуджаны: яго арыштавалі 24 студзеня 1937 года ў Менску і тут жа выключылі з шэрагаў ВКП (б).

Апошні свой верш «Прысяга» з адчайным пасланнем суайчыннікам аб тым, што «я не чакаў, i ня гадаў...» паэт выдрапаў на сцяне сваёй камеры ў злашчаснай «Амерыканцы».

Паэт быў рэабілітаваны пасмяротна ў 1956 годзе. Імем Міхася Чарота ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску названыя вуліцы. Дзякуючы таленту і працы такіх як ён, была створана аснова, на якой вырасла і грунтуецца цяперашняе пісьменніцкае асяроддзе Беларусі.


Тодар Тодаравіч Кляшторны

Тодар Кляшторны

Адукацыя і таемныя вячэры

Нарадзіўся 11 сакавіка 1903г. у В. Парэчча, Лепельскі павет, Віцебская губерня. У 1931 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша».

У канцы 1920-пачатку 1930-х гг. пакой Т. Кляшторнага часта станавілася месцам цёплых сяброўскіх сустрэч пісьменнікаў. Як адзначаў М. Лужанін, у ганарарныя дні паэт ініцыяваў «сяброўскія застолля» на закрытым ад цікаўных вачэй балкончыку рэстарана «Еўропа». У апошні раз сваю родную вёску Парэчча Т. Кляшторны наведаў летам 1936 г.

Літаратурная дзейнасць

Пачаў друкавацца ў 1925 у часопісе «Аршанскі маладняк». Выйшлі зборнікі паэзіі «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм — на штурм» (1934).

Тодар Кляшторны — аўтар інтымных, пейзажных, філасофска-медытатыўных вершаў, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў («Ліст так дзяўчыны», «Ліст у Сыбір»), вершаў, блізкіх да народнай творчасці («Бачу і чую — чую і бачу», «Ой, ты дзеўчына», «Там за гарамі не воўкі завылі», «На Ўсходзе Дальнім, на палях Кітая»), твораў публіцыстычнай скіраванасці («Лукішкі»).

Арышт, прысуд и спадчына

Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску. Прысуджаны пазасудовым органам НКВД 29 кастрычніка 1937 як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957г.

Па ўспамінах Паўла Пруднікава, Тодара Кляшторнага называлі ў свой час «беларускім Ясеніным» паводле падабенства стылю і настрою вершаў, хоць у творчасці гэтых двух паэтаў мелася і нямала адрозненняў. У 2008 адной з вуліц вёскі Камень на Лепельшчыне было прысвоена імя Тодара Кляшторнага. У сельскім Доме культуры таксама дзейнічае бібліятэка-музей Тодара Кляшторнага.

Алесь Аляксандравіч Дайлідовіч — бунтоўны паэт, двойчы высланы, аднойчы забіты.

Алесь Дудар

Псеўданімы, «Маладняк» і адукацыя

Алесь Аляксандравіч Дайлідовіч увайшоў у беларускую літаратуру пад псеўданімам Алесь Дудар, а ў гісторыю крытыкі — пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Калі мы звернемся да фактаў, якія прынята ўносіць у энцыклапедыі, то можна згадаць, што Алесь Дудар — адзін з шасці арганізатараў легендарнага «Маладняку», адзін са стваральнікаў маладой беларускай літаратуры, першы беларускі крытык, які выдаў кнігу сваіх артыкулаў, першы беларускі перакладчык.

Але адкуль узяўся ў яго паэтычны талент, неверагодная культура верша?
Ён атрымаў усяго год адукацыі ў менскай гімназіі, яшчэ адзін — у Тамбоўскай гімназіі, потым — вайна, эвакуацыя, польская акупацыя. Пасля ён вучыўся ў Якуба Коласа разам з Аляксандравічам і Глебкай, хадзіў да Коласа на курсы беларусазнаўства — і быў першым сярод яго вучняў.

Ён сышоў з першага ж курсу БДУ ў выніку скандалу, не меў універсітэцкай адукацыі.

Творчая дзейнасць

Талент Алеся Дудара высока цаніў Янка Купала. Алесь Дудар прыйшоў у паэзію ў 17 гадоў. Паўтара года ён быў акцёрам тэатра Уладзіслава Галубка. Гэта быў калектыў людзей, якія пешшу абышлі ўсю Беларусь з яркімі народнымі спектаклямі. Алесь Дудар прыходзіць у літаратуру менавіта дзякуючы гэтаму перасоўнаму тэатру. Практычна адразу яго запрашаюць кіраваць аддзелам паэзіі ў «Советскую Беларусь», ён становіцца адным з родапачынальнікаў «Маладняку», засноўвае яго Віцебскі філіял, Мінскі філіял, Полацкі філіял. Яго запрашалі на пасаду рэдактара ў «Маладняк». Ні на адной пасадзе ён не затрымліваецца.

Пратэстны дух і асабістыя якасці

Крытыкі, якія сачылі за Алесем Дударам, адзначалі, што гэта паэт у першую чаргу небывалай шчырасці. Калі Дудар напісаў верш «Пасеклі край наш папалам...» — контррэвалюцыйны, яркі твор, — ён усім яго паказваў.

Алеся Дудара нават палічылі правакатарам. Як вельмі эмацыйны чалавек ён, зразумела, апыняўся ўдзельнікам літаральна кожнага літаратурнага антыпартыйнага скандалу. Тэатральная дыскусія-значыць, там Дудар. Нацдэмаўскія выступы ў прэсе-значыць, там Дудар. Не таму, што ён быў «ворагам», проста гэта быў чалавек, які не ўмее быць асцярожным.

«Ліст трох» падпісваюць Міхась Зарэцкі, Алесь Александровіч і Алесь Дудар. Прычым Зарэцкага і Аляксандравіча вельмі хутка «зламалі», і праз некалькі дзён яны апублікавалі абвяржэнне сваiм словам. Дудара ламалі на дзень даўжэй.

«Не ўсё так адназначна»

Разам з гэтым, Дудар быў вельмі мяккім. Ім было вельмі лёгка маніпуляваць, таму ў якасці крытыка Тодара Глыбоцкага ён сёння мае сумнеўную славу. Ён удзельнічаў у кампаніі супраць нацдэмаўшчыны, хоць сам быў першы нацдэм з усіх магчымых, ён удзельнічаў у кампаніях супраць Уладзіміра Дубоўкі, супраць Адама Бабарэкі, таму што ў той час ён знаходзіўся пад уплывам Цішкі Гартнага.

Лінгвістычная адоранасць

Ён перакладаў з французскай, нямецкай, англійскай, польскай, рускай моваў. Доўгі час лічылася, што перакладаў ён з рускіх падрадкоўнікаў ці ўвогуле з рускіх перакладаў. Напрыклад, бярэ пераклад «Фаўста" Пастэрнака і яго перакладае на беларускую мову. Але на сённяшні дзень ужо ёсць даныя экспертаў аб тым, што Дудар перакладаў з арыгіналаў.

Гэта быў менавіта такі тып чалавека – «вечнага падлетка», які давярае тым, каго лічыць вартым павагі. Верагодна, з такіх потым вырастаюць сур'ёзныя маладыя людзі, якія ўжо разумеюць сваё месца ў гэтым свеце, разумеюць, што трэба рабіць. А Дудар быў расстраляны ў 32. Ён проста не паспеў стаць дарослым.

Гэтыя людзі — толькі малая частка тых, каго ўлада палічыла «небяспечнымі», «несумленнымі» і «няслушнымі».

Фармулёўкі з прычынамі арышту былі аднатыпныя:

  • асуджаны за ўдзел у «контррэвалюцыйнай арганізацыі» (паэт Анатоль Вольны);
  • «як сябра трацкісцкай арганізацыі і арганізатар тэрарыстычнай групоўкі» (крытык Якаў Бранштэйн);
  • «сябра антысавецкай аб'яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» (паэт Алесь Дудар);
  • «актыўны сябра нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» (празаік Міхась Зарэцкі).

Судзілі групамі і «партыямі», а не па адзіночцы. Вярсталася вялікая крымінальная справа, дзе з доказаў былі толькі прызнальныя паказанні арыштаваных. Выбіваліся яны вельмі жорстка. Кузьма Чорны ўспамінаў:

Report Page