Легенды пра Лідскі замак

Легенды пра Лідскі замак

Lixm_chat

2023 год стане для горада Ліды юбілейным. Мы адзначым 700 год з дня яго заснавання.

Галоўная славутасць горада – замак XIV стагоддзя.

Шмат літаратуры выдадзена пра галоўную пярліну горада, ходзіць шмат легендаў і паданняў, лідскія паэты складаюць вершы, музыкі выконваюць песні. Мясцовым краязнаўцам Анатолем Куляшом у свой час былі сабраны легенды пра Лідскі замак. Аб гэтым мы коратка цяпер і пагаворым.

Існуе паданне “Аб будаўніцтве Лідскага замка”. Пагаворваюць, што ў будаўніцтве замка ўдзельнічалі і мясцовыя жыхары, якія збіралі камяні на палях і ў лясах. Справа была, вядома, цяжкая, і захаваўся праклён: “Каб ты на Лідскі замак каменне цягаў!”. І вось, як камянёў у ваколіцах не стала, быў выдадзены загад: не ўпускаць у Ліду ні пешага, ні коннага без камянёў. Конны павінен быў прывезці цэлы воз камянёў, а пешы хоць адзін камень здаваў варце. Пасля сабраныя камяні пасартавалі па памерах, па колеры і пачалі ўзводзіць сцены. Аж на 100 вёрст вакол былі сабраныя камяні. Людзі куплялі камяні, калі патрэбны былі яны для падмурка хаты, аж пад Вільняй. Праз стагоддзі сцены замка пачалі трэскацца і рассыпацца. І пайшла пагалоска, што кожны сарваўшыся замкавы камень каціўся да тых месцаў, з якіх калісьці быў падняты.

Шмат ёсць версій, якія тлумачаць, адкуль пайшла назва горада Ліды. Версія, якой прытрымліваюцца даследчыкі, гучыць так: Ліда – слова літоўскае, якое значыць “вырубка”, “участак, раскарчаваны ад лесу”. У беларускай мове існуе падобнае слова “ляда” – дзялянка высечанага лесу ці кустарніка, або месца ў лесе, расчышчанае ад пасеваў ці пад сенакос. У літоўскай мове таксама ёсць слова “лідзека”, якое на беларускую мову перакладаецца як шчупак. Ад гэтага слова пайшла назва ракі Лідзейка. Атрымліваецца, што мы, лідчане, жыхары лясной вырубкі на ўзбярэжжы шчупаковай ракі.

Існуе легенда, што назву горад Ліда атрымаў ад імя дзяўчыны Ліда – дачкі князя Гедыміна. Ён хацеў выдаць яе за заможнага князя, які быў у сталым узросце і меў непрывабны выгляд. Дзяўчына адмовілася ад сватання, але Гедымін не хацеў яе і слухаць. Тады дзяўчына кінулася з замкавай сцяны ў воды ракі Лідзейкі. Гэтую легенду можна аспрэчыць. Па-першае, імя Лідзія – старагрэчаскае, вельмі рэдкае, на беларускіх землях распаўсюдзілася толькі ў ХІХ стагоддзі. Па-другое, у Гедыміна не было дачок з імем Ліда.

Што ж. Легендаў вельмі шмат. Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея з цікавасцю паслухалі б і занатавалі і іншыя. А Вы ведаеце легенды пра Лідскі замак і пра горад Ліда? Падзяліцеся з намі.

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун


Report Page