Латвія пастанавіла пускаць у асобных выпадках аўты з беларускімі нумарамі

Латвія пастанавіла пускаць у асобных выпадках аўты з беларускімі нумарамі

«Белсат»

16 ліпеня Латвія, спасылаючыся на санкцыі ЕЗ, забараніла ўезд легкавікоў, зарэгістраваных у Беларусі. Аднак, як даведаўся «Белсат», такая магчымасць усё ж існуе, хаця варыянт не пасуе для частых паездак.

Пункт пропуску «Грыгароўшчына – Патэрніекі» на беларуска-латышскай мяжы. Фота: granica_bypl / Telegram

16 ліпеня Латвія, спасылаючыся на санкцыі ЕЗ, забараніла ўезд легкавікоў, зарэгістраваных у Беларусі. Аднак такая магчымасць усё ж існуе, хаця варыянт не пасуе для частых паездак.

У індывідуальным парадку дазвол на ўезд у Латвію можа даць Служба фінансавай выведкі – адмысловае ведамства, што сочыць за выкананнем міжнародных санкцыяў. Менавіта гэты орган разглядае хадайніцтвы.

Як паведамілі «Белсату» ў гэтай установе, дазвол можна атрымаць пры ўмове, калі аўтамабіль з беларускімі нумарамі ўвозіцца ў Латвію не для продажу.

Прасіць дазволу могуць:

• грамадзяне Латвіі, якія хочуць заехаць на сваім легкавіку, зарэгістраваным у Беларусі;

• грамадзяне Латвіі, якія хочуць прыехаць на аўтамабілі, што належыць блізкаму сваяку (рэзідэнту Беларусі) і зарэгістраваны ў Беларусі;

• грамадзяне Беларусі, якія маюць дзейсную візу або від на жыхарства і хочуць заехаць на ўласнай машыне, зарэгістраванай у Беларусі.

Абавязковая ўмова ва ўсіх гэтых выпадках – выкарыстанне транспартавага сродку толькі ў асабістых мэтах.

Каб атрымаць дазвол, патрэбна звяртацца ў Службу фінансавай выведкі (Finanšu izlūkošanas dienests) з пісьмовай заяваю і дакументамі, што пацвярджаюць мэту паездкі, не пазней за 30 дзён да пераходу латышскай мяжы.

Забарону на ўезд аўтаў з беларускімі нумарамі раней увялі таксама Літва і Эстонія. Літоўскія ўлады пры гэтым адначасова адтэрмінавалі пастанову да 16 жніўня. У эстонскім МЗС на запыт «Белсату» адказалі, што зарэгістраваны ў Беларусі легкавік могуць пусціць з «пэўных тэрміновых гуманітарных прычынаў пасля ацэнкі кожнага канкрэтнага выпадку».

Сцяпан Кубік, «Белсат»

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page