Ландзін б'е "лісаў" і робіць "зебраў" асноўнымі прэтэндэнтамі на тытул
Гандбол са сваёй званіцыУжо першыя сустрэчы прынеслі сенсацыйныя рэзультаты. Сінхронна аступіліся "Лейпцыг" і "рэйнскія львы". Толькі "Хам-Вэстфален" пацвердзіў свой аўтсайдарскі статус і прайграў "Бергішу".
Самы дзіўны факт — поспех "Эрлангена" нават нягледзячы на дзве чырвоныя карткі ў першай палове. Але стаўка на жорсткую абарону і мінімізацыю колькасці пагроз была правільнай.
Цікава, што "Гамбург" таксама не меў перавагі ў ростары. Але Торстэн Янсан здолеў размеркаваць час на пляцоўцы такім чынам, што паўночнікі выглядалі свяжэйшымі і справядліва давялі матч да перамогі.
Рэдкая з’ява — "Міндэн" разжыўся баламі. Прычым "Гёпінгену" каштавала вялікіх высілкаў здабыць хаця б нічыю: за пяць хвілін да канца сустрэчы яны былі пазаду на тры галы. Сапраўдным антыгероем стаў Ніклас Пячкоўскі, які двойчы згубіў мяч напрыканцы сустрэчы. Але радасць доўжылася нядоўга. Ужо ў нядзелю адставанне ад 16-га радка павялічылася. "Вецлар" дамогся ўпэўненай перамогі над "Штутгартам".
"Берлінскія лісы" ізноў пацярпелі адчувальную паразу. Спачатку падавалася, што гульня з "Кілем" пройдзе ў роўнай барацьбе, але ў Нікласа Ландзіна на гэты конт былі зусім іншыя планы.
Кіпер, які дагульвае апошнія месяцы ў клубе, зрабіў усё, каб здабыць на развітанне чэмпіёнства. 23 сэйвы і 44% надзейнасці — гэта толькі лічбы. Унёсак у падаўленне псіхалагічнага стану сталічнай каманды куды большы.
Таксама трэба адзначыць эфектыўнасць абароны. Маціас Гідсэль быў амаль цалкам выключаны з гульні, іншых кандыдатаў на ролю лідара не знайшлося. У "Кіля" ж блістаў Эрык Юхансан. Швед быў настолькі стабільны, што Сандэр Сагасэн быў вымушаны назіраць за ягонымі дзеяннямі з лаўкі.
Адзінае, што можа бянтэжыць каманду Філіпа Йіхі, — фінальная розніца. Адказаць на "мінус 8" не атрымалася. Таму пры роўнай колькасці ачкоў "лісы" будуць вышэй. Але на дадзены момант на згубленых пунктах "зебры" наперадзе.
"Фленсбург" і "Магдэбург" памылак не дапусцілі і былі лепей за "Лемга" і "Гумерсбах" адпаведна.
Такім чынам першая пяцёрка працягвае адрывацца ад усіх іншых. Цяпер розніца паміж пятым і шостым радком складае ўжо 7 пунктаў.
Часткова гэтаму паспрыяў "Мельзунген". Іх бойка з "Гановерам" была эпічнай. Абарона выглядала нашмат лепей за атаку. Першы гол другой паловы ўвогуле быў аформлены толькі на восьмай хвіліне.
Вырашылася ўсё ў драматычнай канцоўцы: "Гановер" быў на два мячы наперадзе і меў на аднаго гульца больш. Не дапамог нават тайм-аўт, у якім да гульцоў было даведзена, што з-за недахопу часу сапернік будзе памыляцца, таму трэба проста досыць марудна трымаць мяч і чакаць сірэны.