"Лісы" зноў буксуюць, "Магдэбург" нягледзячы на праблемы перамагае, "зебры" на шляху да чэмпіёнства

"Лісы" зноў буксуюць, "Магдэбург" нягледзячы на праблемы перамагае, "зебры" на шляху да чэмпіёнства

Гандбол са сваёй званіцы

На гэтым тыдні адбыліся не толькі матчы 30-га кола, але і пара перанесеных сустрэч. "Лісы" і "Фленсбург" дагналі астатніх па колькасці сустрэч. Апошнія перамаглі "Міндэн" і "Гумерсбах".

Сталічны клуб жа зноў не здолеў набраць сто адсоткаў пунктаў. "Эрланген" быў скораны, а вось "Бергіш" аказаўся не такім простым. Крыстафер Рудэк з 37% надзейнасці прынёс сваёй камандзе перамогу. Пра чэмпіёнства можна забыць. Нават срэбра будзе вельмі добрым вынікам.

На вяршыні застаўся "Кіль". "Штутгарт" правёў добры першы тайм. На хвілінку нават падалося, што швабы могуць ізноў паўплываць на чэмпіёнскую гонку. Але на 60 хвілін запалу не хапіла.

Сапраўдны подзвіг здзейсніў "Магдэбург". На гэтым тыдні каманда згубіла адразу трох гульцоў. Усё падводзіла да таго, што супраць "рэйнскіх львоў" будзе вельмі цяжка. Кнор і кампанія атрымалі добры шанец перарваць ганебную серыю з шасці параз і былі зараджаныя на перамогу.

Першы тайм застаўся за камандай з Мангейма. "Плюс тры" — гэта нават мала, перавага была нашмат большай. Хвіліны да 40-й нічога не давала падстаў для аптымізму дзейсных чэмпіёнаў.

Але геройства брамнікаў і незвычайная стабільнасць ключавых выканаўцаў дапамаглі спачатку адыграцца, а потым і выйсці наперад. "Львы" паплылі. Выдаленне Кальбахера, чырвоная картка Шэльферта выглядалі як прыгавор. Адыграцца ўжо не атрымалася.

Усё бліжэй да развязкі інтрыга ў падвале табліцы. У лабавым сутыкненні "Хам-Вэстфален" прайграў "Вецлару" і страціў матэматычныя шансы на захаванне месца ў эліце. Каманда Філіпа Міркулоўскі насупраць умацавала свае пазіцыі.

"Міндэн" прайграў двойчы і загнаў сябе ў вельмі непрыемнае становішча. За чатыры сустрэчы трэба адыграць пяць пунктаў. Але каляндар такі, што хутчэй за ўсё праз два тыдні можна будзе канстатаваць, што мы ведаем абодвух няўдачнікаў чэмпіянату.

"Лейпцыг" працягвае страчаць апошнія сілы. За апошні час у актыве каманды толькі нічыя з зусім бядовым "Міндэнам". На гэты раз серыя без перамог працягнулася паразай ад "Гёпінгена". Асабліва добра выглядалі Давід Шміт і Ёсіп Шарац.

У барацьбе за шосты радок адбылося некалькі важных падзей. "Гамбург" нечакана аступіўся ў сустрэчы супраць "Лемга". Флорыян Керман здолеў данесці сваім хлопцам, як закрыць Каспера Мортэнсана. І менавіта гэта стала першай цаглінкай у падмурак перамогі. Але ўжо ў нядзелю "Гановер" зрабіў свой ход і... прайграў "Эрлангену". Напружанне застаецца вельмі вялікім.

Report Page