Ліст з пагрозамі

Ліст з пагрозамі

čaborka

Спінка новенькага скуранога фатэля, што цяпер стаяў у гасцёўні разам з канапай з таго ж камплекту, была такая мяккая, што Андрэй падумаў аб тым, каб больш ніколі не ўставаць. Застаўся б сядзець тут назаўжды ў камфорце, побач з сынамі, якія, ігнаруючы дарагую мэблю, разваліліся на падлозе, і жонкай, якая вельмі дарэчы паказалася ў пакоі.

Агата, не заходзячы ўсярэдзіну, стаяла ў вушняку і з напускной строгасцю глядзела на Пятруся і Даніка, якія сваю маці або сапраўды не бачылі, або рабілі выгляд. Андрэй не паспеў нічога і сказаць, як малодшы з хлопчыкаў хіхікнуў, выдаючы сябе і брата з галавой. Пятрусь толькі цяжка ўздыхнуў і зірнуў у бок бацькі.

«Разумны ход» — падумаў Андрэй. Намёк сына быў зразумелы і без аніводнага слова: хлопчык хацеў, каб бацька зараз выпрасіў для іх з яшчэ хаця б пяць хвіліначак перад тэлевізарам. Але намеру такога ў Андрэя не было — няхай малыя вучацца самі вырашаць свае праблемы.

— Пятрусь, Данілка, ужо час ісці спаць,— нарэшце загаварыла Агата такім мяккім голасам, што ўся суровасць яе выгляду знікла, быццам яе і не было.

— Ну ма-ам!

— Не трэба «мамкаць». Ужо дзесяць гадзін, заўтра раніцай у вёску ехаць.

Пятрусь ізноў зірнуў у ягоны бок. Андрэй паказальна паціснуў плячыма і, каб сын нарэшце зразумеў яго, узяў з журнальнага століка стос лістоў, якія сёння Агата выцягнула з паштовай скрыні. Зрэшты, пакінуць малых зусім без дапамогі ён не мог, таму, як ніколі нічога, не адрываючы позірк ад белых канвертаў, Андрэй сказаў:

— Мы ж не паспеем заўтра заехаць купіць кінескоп?

— Не, не думаю,— крыху здзіўлена адказала яму Агата. Яна хацела дадаць яшчэ нешта, але Пятрусь адразу перабіў яе:

— А навошта нам кінескоп?

— У вёсцы тэлевізар зламаўся,— Андрэй паглядзеў на сыноў і ледзь не засмяяўся ўголас: малыя выглядалі такімі спалоханымі, быццам бы іх чакала два тыдні не без тэлевізара, а без ежы. Зрэшты, для дзяцей зараз гэта было ледзь не адно і тое.

— Як зламаўся?— разгублена перапытаў Данік. Хлопчык глядзеў то на бацьку, то на маці, то на брата, але адказваць ніхто не спяшаўся, пакуль Агата нарэшце не загаварыла, успамінаючы, відаць, для чаго прыйшла ў пакой:

— Так, хлопцы, з гэтым усім заўтра будзем разбірацца. Зараз вам ужо трэба ісці спаць.

— Чакай! Гэта ж тады нашая апошняя магчымасць паглядзець тэлек!

«Ён зразумеў» — усміхнуўся сам сабе Андрэй. Не без дапамогі бацькі, вядома, але Пятрусь здагадаўся, за які рычаг трэба пацягнуць, каб выбіць тое, што ён хоча. Клёк у хлопца ёсць, а што, як не хуткі розум, патрэбна будучаму бізнэсмэну?

Пятрусь спрабаваў пераканаць маці ў тым, што за два тыдні без прагляду іх з братам улюбёных перадач ім належыць права сёння пайсці спаць хаця б крыху пазней, а ў гэты час Андрэй зірнуў на малодшага сына. Данік, хоць і дурным не быў, але занадта шмат пераняў ад лагоднай і прастадушнай Агаты. Сам Андрэй любіў гэтыя рысы ў характары жонкі, але сыноў яму ўсё ж хацелася бачыць як працягвальнікаў ягонай справы, а Данік, хоць яшчэ быў і зусім малы, не выглядаў як чалавек, які ў будучыні здольны будзе ўтрымаць бізнэс, асабліва не да канца легальны.

— Андрэй!— Агата нарэшце не вытрымала і павярнулася да мужа.— Ты хоць ім скажы, што няма чаго па тэлевізары ў такі час глядзець.

— Ты пра гэтыя перадачы пра забойствы і перастрэлкі?

— Менавіта!— жонка развярнулася да сыноў, якія ўжо паспелі ўтаропіцца ў экран, быццам бы спрэчка не проста закончылася, але і рашэнне было прынятае на іх карысць.— Пятрусь, Данік! Мы яшчэ не дагаварылі. Зараз наглядзіцеся вось гэтага ўсяго і ізноў заснуць не зможаце.

— Зможам!— запратэставаў Данік, які якраз звычайна і прыбягаў у спальню бацькоў са скаргамі на падазронныя цені ў пакою дый на брата, які не меў аніякага жадання яго супакойваць.

— Ды яны гэтыя перадачы ўжо па трэцім коле глядзяць,— Андрэй хмыкнуў, заўважаючы, што эпізод пра нейкую чарговую ахвяру чарговага забойцы ён сам бачыць як мінімум у другі раз.— Дай малым парадавацца перад ссылкай у вёску. Я сам іх спаць пакладу.

— Не думаю, што вось гэта,— Агата з агідай указала на экран, дзе якраз з’явіўся кадр белага контуру, які звычайна маляваўся вакол целаў забітых,— годная нагода для радасці. Але добра, няхай сядзяць. Дваццаць хвілін і не імгнення больш, зразумелі?

Хлопчыкі хорам пагадзіліся і, нават не чакаючы, пакуль маці выйдзе з пакою, вярнуліся да свайго занятку, жартоўна падпіхваючы адзін аднаго локцямі і шэпчачыся аб нечым.

Агата ўсміхнулася і пайшла, напаследак бліснуўшы новымі завушніцамі, якія муж падарыў ёй на нядаўні юбілей. Сам жа Андрэй вярнуўся да карыспандэнцыі, якой так і не паспеў заняцца, толькі ўсё круціў у руках лісты і паштоўкі з віншаваннямі, якія якраз прыназначаліся жонцы.

Такіх пасланняў была пераважная большасць. Кампанію ім склала некалькі стандартных канвертаў з рахункамі, жыроўка, лісты ад бізнэс-партнёраў, якія яўна могуць пачакаць да заўтра, дый на гэтым і ўсё.

Прынамсі, Андрэй спачатку так думаў, пакуль не заўважыў яшчэ адзін канверт пад агульным стосам. Калі б ліст ляжаў бы нядобрым бокам, то нічым бы такім ён не выдзяляўся, і можа б так і застаўся прагінараваным, як і раней, але Андрэй зразумеў, што канверт павернуты быў правым бокам, тым, дзе павінны быць запісаныя адрасы. Але там іх не было.

Адразу здалося, што не было нічога і ўнутры падазроннага ліста, але, прыгледзеўшыся ўважліва, Андрэй нарэшце знайшоў маленькую нататку, на якой не было напісана нічога, акрамя «Вярні грошы, паскуда». Почырк незнаёмы, а хоць бы які подпіс, што мог бы ўказаць на асобу адпраўніка, адсутнічаў. Можна было спісаць гэта ўсё на дурны жарт суседскіх дзяцей, якія, як Андрэй ведаў, не асабліва любілі яго сыноў, асабліва поўненькага Пятруся. Можна было б, калі б факт знікнення грошай у нелегальным бізнэсе па продажы цыгарэт у Летуву не быў праўдзівым. І калі б за недахопам пэўных сум не стаяў сам Андрэй уласнай персонай, разам з некалькімі сваімі сябрамі.

Няўжо іншыя ўдзельнікі ці, слушней было б сказаць, саўдзельнікі, пра нешта здагадаліся? Быць такога не магло, Андрэй, як ніхто, клапаціўся пра тое, каб яго не злавілі, дый, як ніхто, ён і ўмеў красці грошы так, каб ніхто не здагадваўся — усё ж досвед працы чыноўнікам аказаўся нечакана карысным.

«Трэба будзе малых сваіх адправіць у якіх выбарах паўдзельнічаць, калі вырастуць», — ляніва падумаў Андрэй, вяртаючыся да сваёй улюбёнай фантазіі на тэму будучыні яго дзяцей, пакуль што толькі занятых сваімі звычайнымі дзіцячымі справамі.

Нешта дзіцячае было і ў гэтай запісцы. Ці сталі б сур’ёзныя бізнэсмэны закідваць у паштовую скрыню гэты жалосны кавалак паперы? Хутчэй бы заляцелі б у кватэру з нагі, папрастрэльвалі б усім галовы, і сышлі б як ніколі нічога. Быццам бы Андрэй такога не бачыў ніколі.

Бачыў, але ніколі не задумваўся, што падобны лёс можа навіснуць над ягонай сям’ёй хаця б у выглядзе жарту. Ці варта было так рызыкаваць дзеля лішняй капейкі?

Андрэй агледзеў пакой. Новая мэбля, еўрарэмонт, сувеніры з іншых краін, куды ён вазіў жонку і дзяцей як мінімум тры разы ў год — усё гэта немагчыма будзе сабе дазволіць без той лішняй «капейкі», якая для бізнэсу была зусім неістотнай і незаўважнай стратай. Калі б гэта быў ягоны, Андрэеў, бізнэс, то ўсё было б зусім іншакш. Яму б не давялося ўціхую адтуль красці грошы, дый развіў бы ён яго нашмат лепш і хутчэй, чым гэтыя ёлупы-чыноўнікі, якія карысныя былі толькі тым, што забяспечвалі прыкрыццё іх справе, а грошы дзёрлі так, быццам бы ўсё на іх трымалася.

Так, Андрэй бы зрабіў усё зусім інакш. І аднойчы можа і зробіць, разам са сваімі сынамі, якіх ужо якраз надышоў час укладваць спаць.

— Хлопцы, закругляйцеся паціху,— сказаў ён. Як і чакалася, у адказ прагучала вечнае «Яшчэ пяць хвіліначак».— Пяць хвілін, добра. Але калі ваша маці прыйдзе раней, то вашы праблемы.

Андрэй падышоў да вакна, вызіраючы вонкі. Што ён жадаў там пабачыць, ён і сам не ведаў. Магчыма, менавіта таму ён не прыкмеціў нічога надзвычайнага, хоць прыблізна тыдзень таму яно там і з’явілася — чорная машына без нумарных знакаў амаль неадрыўна стаяла каля іх дома, толькі нейкім цудам не прыцягваючы ўвагу тых, дзеля каго яна прыехала. Але, як і дзіўнаваты ліст, гэты знак надыходзячай бяды застаўся незаўважаным ажно да таго часу, пакуль не стала занадта позна. 


Report Page