Лідары перамагаюць, "Міндэн" прапускае матч з-за хваробы

Лідары перамагаюць, "Міндэн" прапускае матч з-за хваробы

Гандбол са сваёй званіцы

"Мельзунген" працягвае губляць шансы. На гэты раз — параза ад "Лейпцыга".  Пры гэтым каманда з усходу краіны трымалася цягам сустрэчы нашмат лепей. Цікавы факт: "7 на 6" стала настолькі шырокай практыкай, што брамнікі сумарна правялі ўсяго 44 хвіліны. Гэта дазволіла дамагчыся пэўных рэзультатаў, але ў канцоўцы здарылася серыя з трох запар галоў "Лейпцыга", што і вырашыла вынік матчу.

"Зебры" не мелі праблем супраць "Хам-Вэстфалена". Іншы аўтсайдар — "Міндэн" — сваю гульню прапусціў. Справа ў эпідэміі, якая накрыла ўсю каманду. Матч перанесены, але насцярожвае, што ніхто не ўдакладняе, што гэта за вірус.

Лідарам застаюцца "лісы". У гэтым туры яны былі мацнейшымі за "Вецлар". Выпадзенне з ростару ветэрана Ханса Ліндберга адбілася толькі на ягоных шансах бліжэйшым часам абнавіць рэкорд лігі па закінутых мячах, але каманда і без свайго лідара выглядала даволі добра.

У цэнтральным матчы тыдня "Гановер" даволі лёгка разабраўся з "Гёпінгенам". Відавочнай праблемай апошняга стала гульня брамнікаў: з чатырма сэйвамі на дваіх нельга прэтэндаваць ні на што.

Сінхронных перамог над апанентамі ("Бергішам" і "Штутгартам") дамагліся "Фленсбург" і "Райн Лёвэн". Падыходы розныя, вынік аднолькавы — разгромы. Паўночнікі зрабілі стаўку на гульню ў абароне — прапусцілі толькі 17 разоў, паўдзённікі былі лепшыя на чужой палове — здабылі 41 брамку.

Сапраўдная барацьба ў нядзелю назіралася толькі ў супрацьстаянні "Гамбурга" і "Магдэбурга". Дзейсныя чэмпіёны маюць паўнюткі лазарэт, таму кожныя два пункты даюцца ім не вельмі лёгка.

Каспер Мортэнсан і кампанія мелі невялічкую перавагу цягам трох чвэрцей сустрэчы, але не здолелі трансфармаваць яе ў турнірныя балы. У выніку вырашыў клас гульцоў. Канцоўка цалкам засталася за хлопцамі Бенета Вігерта.

Трэба адзначыць, што разнастайнасць цяпер не іх козыр. Кай Сміцс адзначыўся 12 разоў, Гіслі Крысцьянсан — 8, Філіп Вэбер — 5. На траіх яны здабылі 25 з 32 галоў каманды. Цяжка сабе ўявіць, што будзе, калі траўма напаткае кагосьці з гэтай тройкі.



Report Page