"Ліцвіны": Мы безумоўна прагнем вярнуцца на радзіму

"Ліцвіны": Мы безумоўна прагнем вярнуцца на радзіму

Tg-канал "Баста!"

Пагутарылі з кіраўніком Клуба "Ліцвіны". Гэта аб'яднанне беларусаў, якія жывуць у Літве. Яны праводзяць заняткі па самаабароне, аказанні медыцынскай дапамогі, тактычнай падрыхтоўцы і набыцці навыкаў абыходжання са зброяй.

Агульна пра клуб

Як і калі з'явіўся Клуб "Ліцвіны"? Хто стаяў ля вытокаў стварэння?

— Клуб "Ліцвіны" распачаўся з невялікіх па колькасці ўдзельнікаў вышкалаў яшчэ ў 2021 годзе да пачатку вайны ва Украіне. Тады мы хоць цьмяна, але разумелі, што сітуацыя ў рэгіёне хісткая і турбулентная, што набліжаюцца значныя падзеі, і трэба рыхтаваць людзей, хай сабе ў эміграцыі, да супраціву аўтарытарнай навале. Як паказаў час, мы мелі рацыю.

Распачыналася ўсё з гульняў у страйкбол. Арганізавалі гэтыя вышкалы людзі, якія мелі досвед службы ў беларускім войску. Пакрысе мы выраслі да арганізацыі, здольнай праводзіць сур'ёзную падрыхтоўку жыхароў Літвы да баявога супраціву. Падкрэслім, што дзейнасць Клуба цалкам адпавядае законадаўству Літоўскай Рэспублікі. 

Афіцыйна клуб “Ліцвіны” быў зарэгістраваны як некамерцыйная арганізацыя 26 верасня 2022 года як адказ на прававы самачын (адсутнасць закону) у Беларусі і ўдзел рэжыму лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.

Як вы фармулюеце сваю місію? Што для вас найважнейшае ў дзейнасці клуба?

Калі ў 2022 годзе пачалася вайна, шэраг нашых сяброў уступілі дабраахвотнікамі ў розныя падраздзяленні ЗСУ і Нацыянальнай гвардыі Украіны. На той момант мы бачылі сваю мэту ў тым, каб рыхтаваць людзей да магчымага ўварвання беларускага рэжымнага войска ва Украіну. 

Цяпер гэтая мэта застаецца, але дадалася пагроза ўварвання аўтарытарных сіл з усходу і ў Літву. Таму лічым вельмі важным наладзіць больш грунтоўныя зносіны з Асацыяцыяй Стралкоў (па сутнасці Нацыянальная гвардыя Літвы), каб мець магчымасць стаць адзінкай, падраздзяленнем ў літоўскіх сілах самаабароны. На жаль, на бягучы момант палітычная воля літоўскіх эліт не на нашым баку. Упэўненыя, што перад тварам агульнага ворага гэта зменіцца хутчэй, чым можна сабе ўявіць. 

Адзначым, што усе мы безумоўна прагнем вярнуцца на радзіму, у Беларусь, і быць карыснымі там разам са сваімі навыкамі. 

Апроч азначанага вышэй, Клуб мае перад сабой і задачы немілітарнага напрамку дзейнасці — ад развіцця нацыянальнай, грамадзянскай і культурнай ідэнтычнасці беларусаў і садзейнічання міжкультурнаму дыялогу паміж беларусамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, да арганізацыі вольнага часу сяброў Клуба. 

Якія напрамкі работы клуба зараз з'яўляюцца прыярытэтнымі?

Асобным напрамкам дзейнасці клуба ёсць падтрымка былых і дзейных беларускіх добраахвотнікаў, якія бралі ці бяруць удзел у баявых дзеяннях супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. 

Чаму менавіта назва "Ліцвіны"? Які сэнс вы ў яго ўкладаеце?

— Назва клуба “Ліцвіны” была абраная як тэрмін, які пазначае агульных продкаў і літоўцаў, і беларусаў, а менавіта тую частку насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, што пражывала на сучасных тэрыторых Літвы і Беларусі, выключна з мэтай адлюстраваць годнае супольнае мінулае нашых дзвюх нацый і намацаць кропкі ўзаемадзеяння на сённяшні дзень.

Аднак у выніку дзейнасці і правакацый ў першую чаргу рэжыму лукашэнкі, расейскім спецслужбаў і мясцовых ксенафобаў у Літве мы зрабіліся мэтаю для нападак і абвінавачванняў у "літвінізме". Клуб зрабіў адпаведную заяву, каб закрыць пытанне пра наша адмоўнае стаўленне да "літвінізму". Тым не меней, на жаль, да гэтага часу адчуваем пэўныя праблемы менавіта праз назву арганізацыі. 

Зазначым, што штодзённая дзейнасць Клуба арганізаваная дэмакратычным чынам. Агульны сход усіх сяброў Клуба з'яўляецца найвысшым “заканадаўчым” органам арганізацыі. Абраная Агульным сходам Рада Клуба вядзе адміністратыўную дзейнасць і прымае аператыўныя рашэнні. 

Пасля хвалі абвінавачванняў ў "літвінізме" Рада паставіла пытанне на агульнае галасаванне аб змене назвы Клуба. Але грамада большасцю галасоў прагаласавала супраць змены. Таму мы застаемся "Ліцвінамі", хоць гэта даволі значна замінае нам у камунікацыі з грамадзянамі Літвы і літоўскімі дзяржаўнымі ворганамі. 

Аб дзейнасці клуба

Як часта праходзяць заняткі па самаабароне, тактыцы, медыцыне і іншых дысцыплінах?

Раней заняткі адбываліся часцей. Цяпер заняткі для сяброў Клуба праводзяцца ў сярэднім двойчы на месяц па выходных.

Колькасць заняткаў для асноўнага складу паменшылася пасля таго, як мы сканцэнтраваліся на правядзенні "Курса маладога байца" (КМБ) для ахвочых далучыцца да клуба, і прайсці які ёсць абавязковай умовай далучэння ў склад Клуба. 

З вясны 2025 года праводзяцца заняткі чарговай групы КМБ, у якой дарэчы ёсць украінкі і літовец. Чытачам, якія жывуць у Літве, раім гэты курс. Падрабязна даведацца пра яго можна ў сацыяльных сетках клуба, у прыватнасці, у публікацыі.

Бліжэй да восені 2025 года плануецца новы набор на КМБ, таму прапануем падпісвацца і сачыць за нашымі абвесткамі.

Хто праводзіць навучанне? Гэта запрошаныя спецыялісты ці самі ўдзельнікі клуба?

Па-рознаму. Нам здараецца звяртацца да знешніх спецыялістаў, але збольшага заняткі праводзяць сябры Клуба, якія маюць баявы досвед, у тым ліку ў баявых дзеяннях ва Украіне. І ім ёсць што распавесці і паказаць. 

Базавы ўзровень ведаў у галінах вайсковай, тактычнай і медыцынскай падрыхтоўкі, якім авалодваюць сябры клубу “Ліцвіны” на нашых занятках, неаднаразова атрымліваў высокую адзнаку ад камандавання пэўных вайсковых фарміраванняў ва Украіне. Прадстаўнікі клубу бралі і бяруць ўдзел у баявых дзеяннях на ўсёй лініі сутыкнення з ворагам, а таксама ў аперацыях блізу ўкраінска-расейскай мяжы. 

Аб удзельніках

Хто можа ўступіць у клуб? Ці ёсць узроставыя ці іншыя абмежаванні?

Адзінае дакладнае абмежаванне — па ўзросце. Мы не прымем у свае шэрагі людзей, маладзейшых за 16 гадоў. Сяброўства ў Клубе адкрыта для ўсіх без дыскрымінацыі за выключэннем адмовы кандыдата падзяляць неабходнасць дасягнення мэтаў і задач Клуба. Таксама мы не бачым магчымым прымаць у шэрагі Клуба людзей, якія адносяць сябе да камуністычных, фашысцкіх, рашысцкіх і іншых чалавеканянавісцкіх ідэалогій. Адзначым, што не абавязкова уступаць у склад Клуба, каб прымаць удзел у занятках, таму запісвайцеся на КМБ па восені.

Аб узаемадзеянні з іншымі і падтрымкі

Ці атрымліваеце падтрымку ад мясцовых уладаў ці дыяспары?

Літоўскія ўлады не аказваюць нам нейкай спецыяльнай падтрымкі. Мы стандартная некамерцыйная арганізацыя, якіх у Літве багата. Нейкіх прэферэнцый мы не маем, проста дзейнічаем у межах закона. І дзякуючы таму, што ў Літве дэмакратыя, гэтага ўжо дастаткова. 

На жаль, як адзначалася вышэй, ёсць праблема пэўнага неадназначнага і месцамі дыскрымінацыйнага стаўлення да беларусаў у Літве звязанага з правакацыямі пра "літвінізм" і агулам існаваннем у Беларусі аўтарытарнага рэжыму, які вольныя беларусы пакуль не здолелі зрынуць і які падтрымлівае пуцінскую агрэсію. Безумоўна, такі "фон" адбіваецца і ў наш бок. 

Што тычыцца дыспары — мы лічым сябе часткай дыяспары. Пры гэтым і не сябры Клуба таксама раз-пораз аказваюць дапамогу на асобныя сборы для нашых сябраў на фронце, адлічваюць свае дабрачынныя ўнёскі з падаткаў на клуб і г.д. Клуб па большай частцы функцыянуе за кошт штомесячных сяброўскіх ўнёскаў. 

Дзейнасць Клуба можна і трэба пашыраць, аднак мы валантэрская арганізацыя, і не заўжды на ўсё хапае часу. Тым не меней, мы працягваем сваю дзейнасць, нягледзячы ні на што. Час сведчыць, што мы абралі слушны шлях.

Report Page