Крыніцы: “Белгазпрамбанк” могуць прадаць “Маскоўскаму крэдытнаму банку”

Крыніцы: “Белгазпрамбанк” могуць прадаць “Маскоўскаму крэдытнаму банку”

@harbatsevich

Як стала вядома “Нашай Ніве” ад дзьвюх не звязаных паміж сабой крыніц, ідзе падрыхтоўка да продажу “Белгазпрамбанка”. Інтарэс праявіў расійскі банк — “Маскоўскі крэдытны банк”.

“Газпрамбанк” нібыта згодны на продаж дачкі, бо “не бачыць сэнсу ў валоданні банкам, які не можа нармальна дзейнічаць”. 

Два месяцы таму, 27 мая, членам дырэктарскай рады “Белгазпрамбанка” стаў Аляксандр Казначэеў — намеснік старшыні праўлення “Маскоўскага крэдытнага банка”. У беларускім банку, на пасадзе незалежнага дырэктара і старшыні аўдытарскага камітэта, ён атрымаў усю аўдытарскую дакументацыю “Белгазпрамбанка”. 

Па інфармацыі крыніц “Нашай Нівы”, на дадзены момант бакі не могуць згандлявацца па цане. 

Раней агенцыя Bloomberg абвінавачвала МКБ у дапамозе "Раснафце" абыходзіць заходнія санкцыі (Раснафта не можа прыцягваць фінансаванне, даўжэйшае за 30 дзён). 

Механізм быў такі: банк МКБ выконваў функцыі легальнай “пракладкі” і прадаваў свае аблігацыі на заходніх рынках, а потым з гэтых грошай нібыта крэдытаваў “Раснафту” на доўгі тэрмін. 

Апроч таго, уласнік МКБ, Раман Аўдзееў, апошнім часам актыўна аб’ядноўвае актывы з “ГК Регион” — кампаніяй, якая стала ўласнікам Гуцэрыеўскага НПФ “Сафмар” і называецца ў расійскіх СМІ структурай, блізкай да Ігара Сечына, бо кіруе пенсійнымі актывамі “Раснафты”.

У Нацбанку інфармацыю аб меркаваным продажы “Нашай Ніве” не сталі каментаваць увогуле ніяк, на аналагічнае пытанне ў самім "Белгазпрамбанку" адказу таксама не было.


Report Page