Крымінальныя справы пасля акцый пратэсту. Што вядома "Вясне" на дадзены момант?

Крымінальныя справы пасля акцый пратэсту. Што вядома "Вясне" на дадзены момант?

spring96.org
Пратэсты ў ноч з 9 на 10 жніўня. Фота "Нашай Нівы"

Пабарончы цэнтр "Вясна" збірае звесткі пра людзей, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасля затрыманняў на акцыях пратэсту, якія пачаліся пасля выбараў прэзідэнта. Па стане на 19 жніўня "Вясне" вядома больш чым пра 60 падазраваных па такіх справах у розных гарадах Беларусі.

Артыкул 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі)

Затрыманыя альбо перавезены ў Мінск

Юры Васкрасенскі, бізнэсмэн і каардынатар штаба Віктара Бабарыка. Быў затрыманы 12 жніўня. На наступны дзень у сюжэце "Беларусь 1" яго назвалі арганізатарам пратэстаў у сталічным мікрараёне Уручча. Паводле інфармацыі ад яго жонкі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў па артыкулах 293 (масавыя беспарадкі) і 310 (Наўмыснае ьлакаванне транспартных камунікацый) Крымінальнага кодэкса. Таксама затрыманы яго сын Артур Васкрасенскі.

Сяргей Міхеёнак, дырэктар прыватнага прадпрыемства "Бондастыль" быў затрыманы 12 жніўня ў Мінску ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Сяргей быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка. У ягонай кватэры прайшоў ператрус: забралі ноўтбукі, кампутар, усе мабільныя тэлефоны, асабістыя грошы жонкі. Вядома, што спачатку Сяргей быў у СІЗА КДБ, затым яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Уладзіслаў Карэцкі, валанцёр штаба Віктара Бабарыка, знаходзіцца ў СІЗА КДБ у якасці падазраванага па 293-м артыкуле.

Таксама затрыманы валанцёр штаба Бабарыка Ігар Ярмолаў. Паводле інфармацыі, якую паведамілі TUT.BY бацькі, ён быў збіты, цяпер знаходзіцца ў вайсковым шпіталі. Ён затрыманы таксама па артыкуле 293 КК РБ.

Сябраў ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыка Арцёма і Аляксандру Моладавых, затрыманых 12 жніўня дома ў Гомелі, перавезлі ў Мінск У ЦІП на Акрэсціна. Першапачаткова яны былі затрыманыя як падазраваныя паводле артыкула 342 КК ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Аднак абвінавачванне па гэтым артыкуле ім не прад'явілі - справу перакваліфікавалі ў 293 КК РБ.

Арцём і Аляксандра Моладавы

Папярэдне ў рамках справы аб масавых беспарадках затрыманыя яшчэ чатыры валанцёры штаба Віктара Бабарыка: Лявон Халатран, Антон Бяленскі, Ігар Бяленскі, Андрэй Пазняк. Арцём Панасюк і Дзмітрый Нагайчанка вызваленыя без прад'яўлення абвінавачванняў.

У статусе падазраванага па справе аб масавых беспарадках знаходзіцца валанцёр каманды Ціханоўскай Алег Маісеенка.

У межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК РБ) 13 жніўня затрыманыя актывісты анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч і Акіхіра Ханода. Абодва яны пераведзеныя з ізалятара на вул. Акрэсціна ў СІЗА-1.

Затрыманых у Гомелі актывістаў Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава і Аляксандра Шабаліна перавезлі з Гомельскага ІЧУ ў мінскі СІЗА-1. Усе трое затрыманыя ў межах крымінальнай справы. Аляксандр Шабалін і Юрый Уласаў - у межах справы аб масавых беспарадках (293 КК РБ). Папярэдне Канеўскі таксама праходзіць па гэтай справе.

Расейцы Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў. Як піша TUT.BY, 12 жніўня ў эфіры «Беларусь 1» паказалі сюжэт, дзе са спасылкай на Следчы камітэт гаварылася аб іх затрыманні ў якасці падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Важанкоў, хоць і па-ранейшаму з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы, быў адпушчаны на волю 15 жніўня.

28-гадовы дальнабойшчык Зміцер быў затрыманы дома 13 жніўня. Як распавяла TUT.BY яго мама, хлопец у ноч з 10 на 11 жніўня прысутнічаў на акцыі каля станцыі метро "Пушкінская". Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай камунальнай службы. Ён гэта зрабіў, цяпер яму ставяць у віну тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (Масавыя беспарадкі), ч. 1 арт. 310 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый), ч. 3 арт. 214 (Крадзеж транспартнага сродку, учынены з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця або здароўя, альбо з пагрозай яго прымянення).

Таксама вядома, што па артыкуле 293 КК РБ былі затрыманыя Юрый Савіцкі, Арцём Квашэўскі, Арцём Сацук і яшчэ мінімум 13 чалавек. Частка з іх знаходзіцца на свабодзе ў статусе падазраваных.

Затрыманыя ў рэгіёнах

Віктар Шаура быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. 13 жніўня яго маці патэлефанаваў следчы з Віцебска і паведаміў, што яе сыну выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ. Віктар Шаура пераведзены ў віцебскі следчы ізалятар. У кватэры Шауры прайшоў ператрус.

У Карэлічах у межах справы аб масавых беспарадках (ч.1 арт. 293 КК РБ) у статусе падазраванага праходзіць Сяргей Уласевіч. Цяпер ён на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Таксама пад вартай застаецца Дзяніс Кірэшчанка, верагодна па гэтай жа крымінальнай справе.

У Гродне ў рамках справы аб масавых беспарадках пад вартай знаходзіцца давераная асоба Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Ціт.

Артыкул 363. Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак

Андрэй Сяргеенкаў з Полацка быў затрыманы 9 жніўня, знаходзіцца ў СІЗА Полацка (верагодна будзе пераведзены ў Віцебск). Андрэй з'яўляецца вайсковым юрыстам, жыве ў інтэрнаце пры вайсковай частцы, дзе прайшоў ператрус.

Справа па гэтым жа артыкуле заведзеная на Рамана Караневіча са Слуцка. Раман моцна збіты.

Як паведамляе TUT.BY, Міхаіл Сімакоў быў затрыманы 11 жніўня. Як паведамлялася, яго затрымалі ў раёне ГЦ "Дана Мол" з 10 тысячамі долараў у заплечніку — нібыта ён плаціў удзельнікам беспарадкаў. Сам Міхаіл Сімакоў і яго жонка распавялі іншую версію падзей: мужчыну затрымалі каля пад'езда людзі ў цывільным, ён падумаў, што гэта рабаванне — з сабой у яго было каля 9 тысяч долараў, выручаных ад продажу машыны (ёсць адпаведны дагавор). З ізалятара мужчыну выпусцілі 14 жніўня пад падпіску аб нявыездзе, аб абвінавачваннях у арганізацыі беспарадкаў нічога не паведамілі. Пры вызваленні яму не вярнулі грошы, а цяпер прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў).

Артыкул 364. Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў

Максім Кучынскі затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі, абараняў дзяўчыну, якую пачалі біць. На наступны дзень яму далі 7 сутак арышту і адначасова пачалі крымінальную справу. Цяпер ён на волі пад падпіскай.

Алена Маўшук з Пінска знаходзіцца пад вартай у СІЗА-6 у Баранавічах. Папярэдне за тое, што з палкай нібыта замахвалася на супрацоўнікаў міліцыі (АМАП).

Таксама ў Баранавіцкім СІЗА знаходзіцца Віктар Купрык, які, на думку следства, кідаў растваральнік у супрацоўнікаў міліцыі. Па расказах сваякоў, мужчына проста вёз растваральнік дадому жонцы.

"Вясне" вядомыя прозвішчы яшчэ мінімум 5 чалавек, які знаходзяцца ў статусе падазраваных па дадзеным артыкуле і адначасова па артыкуле 342 КК РБ (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Асобна па артыкуле 342 КК РБ распачатая справа ў адносінах да жыхара Мазыра Уладзіслава Падалінскага.

Інфармацыя будзе абнаўляцца.


Калі вашы блізкія пасля затрыманняў на мірных акцыях сталі фігурантамі крымінальных спраў, паведаміце, калі ласка, "Вясне" па любым з указаных кантактаў.


Report Page