Крыху пра вясковае дзяцінства і д'яблаў

Крыху пра вясковае дзяцінства і д'яблаў


— Дзіцятко, мы збіраемо на адбудоўлю нашай царквы, — старая, жылістая далонь схапіла мяне за запясце, — Дапамажы, чым можаш, без царквы ж нельга, ты разумееш. Вось будзе ў цябе няшчасце, а яно абавязкова будзе, не дай Божа. А ён там, — палец з, нават не пазногцем, а з кіпцюром пачаў тыкаць кудысьці, дзе зараз пралятаў ваенны верталёт, — усё бачыць, табе ўсё вернецца. Ну, не пашкадуй, дзіцятко.

 Яна нешта яшчэ там шалаплудзіла, але я ўжо не слухала. У нос ударыў невядома адкуль узяўшыся пах ладана, у галаве ўзнікалі кадры, як бабуля вучыла мяне чытаць Ойча наш, да горла падступіў ком, але не — не з малітвамі.

 І вось мне 8 год. Мы едзем ад чарговай бабкі-шаптухі, якая праводзіла свае танцы з бубнам вакол мяне. Чаго яны не рабілі! Нашоптвалі на воду — класіка, ужо не цікава. Разбівалі сырыя яйкі побач з тварам — ну дзякуй, што не непасрэдна на галаву. Хадзілі па коле з абразом — адчуваю сябе як на вясковым вяселлі, дзе гэта абавязковая традыцыя, там яшчэ звычайна кідаюцца манеткамі, рысам і, галоўнае, цукеркамі — дурныя людзі, лепш бы адразу мне аддалі. Гэтыя іхнія махінацыі забаўлялі мяне — не больш, ну пагадзіцеся, што гэта смешна, калі старая баба пачынала амаль не танцаваць вакол. У такія хвіліны я фыркала ад смеху, а бабушка глядзела на мяне страшнымі вачыма.

 Яна шчыра хацела дапамагчы, часам і сама мне шаптала. Яна лічыла гэта сваім абавязкам.      

 Кожны раз калі я толькі пераступала парог хаты ў вёсцы, мяне бралі пад руку і ўводзілі ў таемнае месца. Маці глядзела на мяне і позіркам прасіла пачакаць і не перашкаджаць бабавым забабонам, я ўсё разумела і ціхенька шла побач. Бабушка клала мяне на ложак побач з сабою і пачынала свае нагаворы. Ад мяне патрабавалася ляжаць ціхенька і ні пры якіх абставінах не смяяцца, не размаўляць. Я ляжала, адчувала бабушкіна цяпло, як яна пахла травой і сонцам, глядзела на яе прывучаныя да працы рукі і мне было гэтага дастаткова. Калі ў мяне зараз спытаюць, менавіта што яна мне казала, то я ўзгадаю толькі абрыўкі: дакладна было нешта пра Зноса, які шоў праз мост, але хто такі Знос і навошта яму было на другі бераг, я, канешне, не ведала.

Цягнулася гэта доўга, бо шэптаў было некалькі і я, стомленая, пачынала вадзіць пальцам па ўзорах на дыване, які вясеў на сцяне. У ім было столькі пылу, што можна было скласці сваю, беларускую пустыню Сахару, яна была б шэрай і ад яе хацелася б плакаць, як і ад усяго беларускага. Бабушка пачынала крыху злавацца, бо гэта адцягвала яе ад працэсу шаптання, але я не магла па-іншаму, мне патрэбен быў нейкі занятак, каб не заснуць. Я ляжала, вадзіла пальцам, чыхала ад пылу, а яна шаптала. У пакой ніхто не заходзіў, бо не хацелі нарывацца. А хто ведае, мабыць бабушка і сапраўды была вядзьмаркай і калі яе пакрыўдзіць, то яна ператвора цябе ў рапуху? І такія думкі прыходзілі ў маю галаву і я далей ціхенька ляжала. Калі ўсе шаптання сканчваліся, бабуся жагнала мяне, цалавала ў лоб, а мне гэта заўсёды не падабалася, бо пацалункі яе былі мокрыя і не прыемныя, таму, пакуль яна не бачыла, я выцірала твар аб коўдру і шла сабе на двор.

 Але прыходзіў вечар і мяне зноў ціхенька манілі пальцам. Бабушка зачэрпвала з жалезнага вядра невялічкі кубачак вады, а, ведаеце, з такіх кубкаў яна заўсёды дае па зубах, аддае металам і да такой ступені студзёная, што я здзіўлялася, як яна шчэ не ператварылася ў лёд. Бабушка праводзіла мяне за печку ў невялікі куток, мы там стаялі разам, як змоўшчыкі, можна было б падумаць, што мы абмяркоўваем нешта сакрэтнае. Але яна шаптала на ваду. Я не любіла гэта, бо пасля ні пры якіх умовах нельга было размаўляць і трэба адразу ісці спаць. Бабушка шаптала, я злавалася, бо ноччу ў вёсцы пачыналася самая весялосць, а мяне адпраўлялі да ложка. Са злосцю выпівала ваду, са злосцю пераапраналася, са злосцю лажылася ў ложак, і ўсё гэта моўчкі.

 Так было кожны раз, але бабушке было мала і яна шукала новыя спосабы дапамагчы мне(чытаць: здзекавацца з мяне). Яна знаходзіла іншых бабак і мы ездзілі па суседніх, і не вельмі, вёсках.

 І аднойчы адна з чарговых вядзьмарак сказала, што гэта ў дзіценке, то бок, мне, д'яблы, і іх як мага хутчэй трэба з дзіцёнка, то бок, мяне, выгнаць. І ёсць чароўная царква пад Магілёвам, дзе яны гэтым і займаюцца. У бабушки загарэліся вочы, мае вочы напоўніліся слязьмі, бо я не ведала, хто такіе д'яблы, але гучыць не вельмі.

 Рашэнне было прынята хутка і я з бацькамі выехалі шукаць прыгод. Надзіва, бабушкі з намі не было. Ехалі мы доўга і складана, але было весела: мы слухалі музыку з мамінай флэшкі, спыняліся ў лесе, бо бачылі чарніцы і як іх можна было не сабраць, елі смачныя булкі з творагам. У апошняй справе крышылі па ўсёй машыне, а тата пачынаў называць нас свінтусамі і казаць, што пасля мы самі будзем усё гэта прыбіраць. Памятаю, што мы заехалі непасрэдна ў лес і недзе ў цэнтры знаходзілася царква. Такая звычайная: з бліскучым купалам, белымі сценамі і манашкамі ў чорным адзенні. Выйшлі з машыны, падышлі да плота і як толькі я зрабіла крок за калітку, слёзы паліліся незразумелым ручаём. Я плакала шмат, громка і, галоўнае, сама не разумела чаму. Яно плакалася, а я не супраціўлялася. У той дзень я выплакала столькі слёз, што, здаецца, пытанне недахопу вады ў якой-небудзь афрыканскай краіне я бы выправіла. Я плакала, мама не разумела, што здарылася, у прынцыпе як і я, тата проста стаяў і не разумеў наогул нічога. Падбегла манашка, пачыла крычаць нешта пра д'яблаў. І зноў гэтае слова, хаця б патлумачылі, што за яно. Мяне хутка пацягнулі да калодзежа з, як яны казалі, святой вадой. Але тое, што вада святая ніяк не адмяняе, што яна ледзяная, а мне 8 год. Манашкі схапілі вёдры, схапілі мяне, павалаклі гэтую канструкцыю ў невялічкую драўляную будачку. Вось тут і пачалося ачышчэнне і ізгнанне ўсіх д'яблаў.

Бах. Першае вядро са льдом, бо вады такой тэмпературы не бывае, прыляцела на мяне. З галавой. І вядро такое звычайнае, як падлогу мыць. Звычайнае вядро, звычайная падлога, звычайная я, толькі вада не звычайная — святая.

Бах. Другое вядро. Пытаюся схапіць паветра, але выходзіць дрэнна.

Бах. Трэцяе вядро. А маці мяне дакладна любіць, калі мы тут?

Чацвертае вядро. А здаецца, што манашкі атрымліваюць ад гэтага сваеасаблівую асалоду. Асалоду ад дзіцячых пакут.

Пятае вядро. А дыхаць калі? Мне дадуць хвілінку?

Шостае вядро. А д'яблы ўжо пачынаюць выходзіць ці ім індывідуальнае запрашэнне патрэбна?

Сёмае вядро. Думак няма. Проста холадна. Проста мокра.

Восьмае вядро. Здаецца да гэтага можна звыкнуць, калі нямаеш іншага выйсця.

Дзявятае вядро. О, дык яны, аказваецца, нешта шэпчуць там. Я і не чула нават.

 А дзясятага вядра не было, і адзінаццатага тако ж. Яны вырашылі, што з мяне дастаткова і што дзевяць — добрая лічба. У царкве ж заўсёды фетыш на ўсё, што павязана з тройкай, а тры тройкі — гэта зусім добра.

 Выйшла з будкі я, за мной — манашкі. Маці стаіць з страшэннымі вачыма, я больш ніколі ў яе такіх не бачыла. Яна нешта пытаецца, а я маўчу. Не то каб я не хацела размаўляць, яно неяк само так атрымалася. Думак не было. Зусім. Белы шум. І маці я не чула, толькі бачыла як яна смешна, як рыба, адкрывае і закрывае рот. Я чула толькі лясных птушак і нічога не думала болей. Спужаныя бацькі падхапілі мяне і панеслі да машыны. І чаго яны хвалююцца? Плачу — дрэнна, не плачу — тако ж дрэнна. Ох жа гэтыя дарослыя, ім не дагадзіць. Усё ж добра — птушачкі спяваюць. Я села ў машыну і адразу заснула. Не памятаю наогул нічога. Памятаю, што мяне будзіць маці і кажа, што мы ўжо ў Мінску, дома, і трэба ісці да кватэры. Добра, ніякіх пытанняў. Устала, дайшла да кватэры — усё добра і ўсё моўчкі. І вось гэтае моўчкі і прымушае думаць, што не так усё добра.

Увесь той вечар я не размаўляла і хадзіла быццам мяне агрэлі па галаве патэльняй. А навошта размаўляць, калі птушкі спяваюць?

Наступнай раніцай я прачнулася і ўсё было як звычайна, але, чамусьці, ні да якіх бабак мы больш не ездзілі. Ніколі. Шкада, а яны смешныя былі.

 — Дзіцятко? Ты з намі? Кажу ж, на царкву збіраемо, дай колькі зможаш, — яна ўжо нагла тузала мяне за цішотку, — Ты што, таго? Цьфу, наркаманы, я вас паўсюль бачу. Да што там я, Ён, — зноў палец угору, — Ён усё бачыць. Гары ў пекле, нябожчыца! Даруй Божа за такія словы, — і надта хутка для свайго ўзросту пабегла ў другі бок, пры гэтым жагнаючыся.

А я так і стаяла па сярэдзіне вуліцы і толькі падумала: «Трэба зайсці да бабусі, даўно ўжо не была». 

Report Page