Коларэктальны рак (КРР)

Коларэктальны рак (КРР)


Коларэктальны рак (КРР) займае першае месца ў структуры анкалагічнай захворваемасці ў еўрапейскім рэгіёне. Міжнародная анкалагічная супольнасць адзначае сакавік як месяц барацьбы з коларэктальным ракам. Неабходнасць маштабнага асвятлення праблемы лекары бачаць у тым, што своечасова выяўлены КРР і яго папярэднікі вылечныя.


Найбольш эфектыўныя і папулярныя методыкі скрынінга КРР – эндаскапічнае даследванне тоўстай кішкі і лабараторнае даследванне кала на схаваную кроў. Нацыянальныя праграмы скрынінгу КРР дазволілі цягам апошніх дзесяцігоддзяў знізіць паказчыкі захворваемасці і смяротнасці ў Еўропе, ЗША і Японіі.


У Ізраілі нацыянальная праграма барацьбы з КРР ажыццяўляецца з 2004 года. У яе межах мужчынам і жанчынам старэйшым за 50 год прапануецца прайсці коланаскапію за кошт дзяржавы. Сур'езную ўвагу Міністэрства аховы здароўя Ізраіля прыдае кампаніі па асвятленню праблемы. Большасць пацыентаў ведае, што падчас коланаскапіі ім могуць адразу выдаліць паліпы, якія лічацца перадракавай паталогіяй. 


У ЗША праблема барацьбы з ракам кішачніка атрымала грамадскі размах. У сакавіку ў краіне праходзіць Дзень сіняй вопраткі (Dress in Blue Day). Сіні колер сымбалізуе барацьбу з КРР (ружовы – з ракам малочнай залозы). У Дзень сіняй вопраткі актывісты апранаюцца ў сіняе, заклікаюць сваіх сяброў, родных і калег зрабіць тое самае. Людзі выкладаюць у сацсеткі фота сябе і сяброў у вопратцы сіняга колеру з надпісамі: «Я ў сінім для майго сына» ці «Я ў сінім для Сары».


У Беларусі адзначаецца ўстойлівы рост захворваемасці КРР і высокі паказчык дыягностыкі КРР на позняй стадыі. 


На сайце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава напісана: “У мэтах рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гг”. праходзіць скрынінг і ранняя дыягностыка раку шыйкі маткі, тоўстай кішкі, прастаты і малочный залозы ва ўсіх рэгіёнах краіны. Для таго, каб прайсці дыягнастычныя мерапрыемствы ў рамках правядзення скрынінга, неабходна звяртацца да ўчастковага тэрапеўта па месцы жыхарства.”


Ці працуе ў Беларусі дзяржаўная праграма скрынінгу КРР? Што варта рабіць у мэтах прафілактыкі і ранняй дыягностыкі КРР? На гэтае і іншыя пытанні мы спадзяемся атрымаць адказ на нашым наступным занятку.



Report Page