Кавамолка
Lixm_chatНягледзячы на вялікую разнастайнасць электрычных прыбораў для памолу кававых зерняў, ручная кавамолка ўсё яшчэ застаецца запатрабаванай сярод каваманаў.
Першапачаткова зерне кавы ўвогуле не малолі, а вымочвалі і варылі цэлым.
Першымі, хто вырашыў зерне перамолваць, былі арабы-качэўнікі. Менавіта яны ўпершыню пакаштавалі сапраўдны смак кавы і высветлілі, што напой з перамолатых кававых зерняў больш насычаны.
Спосаб памолу кававых зерняў, прапанаваны арабамі, быў прымітыўным – пры дапамозе ступы і таўкача. Гэты працэс быў надзвычай павольным і патрабаваў вялікіх намаганняў, таму ім займаліся ў асноўным мужчыны.
Працэс удасканалення памолу зерняў кавы спрыяў з'яўленню ручной прылады, якая дазволіла б малоць зерне значна драбней. Адбылося гэта ў XV стагоддзі.
Гэтыя тыпы млыноў, вядомыя як жорнавыя кавамолкі, ніколі не выходзілі з моды і выкарыстоўваюцца па сённяшні дзень, бо працэс перамолвання адбываецца павольна, зерне не награваецца і не перапальваецца, а таму захоўвае ўсю карысць і водар напою.
Некаторыя ж мадэлі кавамолак сталі сёння прадметам калекцыянавання.
У фондах музея захоўваецца ручная насценная кавамолка Armin Trösser Mokka, вырабленая ў 30-я гады ХХ стагоддзя.
Фаянсавы рэзервуар упрыгожаны роспісам у стылі ар-дэко. Кавамолка мае зручную чыгунную ручку і драўляную аснову, якая мацуецца на сцяну. У ніжняй частцы прыстасавання размешчана шкляная ёмістасць для молатай кавы са шкалой.
Прадпрыемства Armin Trösser Mokka было заснавана ў 1914 годзе ў г. Вупперталь (заходняя Германія) як кампанія па вытворчасці інструментаў і кавамолак. У 1930 годзе Герман Тросер, сын заснавальніка, далучыўся да кампаніі ў якасці партнёра. Верагодна, менавіта ў гэты час у лагатып Trösser увайшлі літары «HT». У лагатыпе выкарыстана выява Hermannsdenkmal. Помнік Герману прысвечаны перамозе германскіх плямёнаў пад кіраўніцтвам Армінія (Германа) над рымскай арміяй у 9 годзе н. э.
У 1939-1945 кампанія была цалкам разбурана бамбёжкамі падчас Другой сусветнай вайны. Пасля рэканструкцыі Trösser змог вярнуць старыя рынкі збыту і заваяваць новыя. Былі выраблены першыя электрычныя кавамолкі.
У 70-х гадах штодзённа на прадпрыемстве выраблялася каля 1000 кавамолак. У 1985 г. кампанія закрылася.
Насценныя фаянсавыя і парцалянавыя кавамолкі, асабліва даваенныя, сустракаюцца сёння нячаста, таму прадмет можна лічыць удалай знаходкай.
Кавамолку перадаў музею лідскі калекцыянер А. Г. Фішбайн. Убачыць яе і іншыя цікавыя прадметы з калекцыі можна ў часовай экспазіцыі «Крама старажытнасцяў» у Лідскім музеі.









