Катажына Рырых “Лапуховае поле” (Янушкевіч, 2020 г.).

Катажына Рырых “Лапуховае поле” (Янушкевіч, 2020 г.).

t.me/bellitra

У дзяцінстве ты бачыш магію паўсюль. Суседка, якая нясе дадому беспрытульных катоў, становіцца вядзьмаркай. Так узнікае цэлая гульня на выпрабаванне дзіцячай смеласці: хто зможа больш часу за астатніх правесці побач з дзвярыма яе кватэры. Кожная секунда на вагу золата, бо ў любы момант вядзьмарка можа выйсці з кватэры і назаўсёды ператварыць цябе ў жабу ці пацука. Маё дзяцінства было такім😁

Дзеці, якія жывуць побач з Лапуховым полем, таксама штодзённа сутыкаюцца з магіяй. У іх нават свой Гары Потэр ёсць. Толькі ці выдумляюць яны магію вакол сябе, ці яна існуе сапраўды? Здавалася б, яны жывуць у звычайных шматкватэрных дамах. Такіх дамоў і двароў мноства і ў нас у Беларусі. Шэрыя мурашнікі, дарослыя жыхары якіх штодзённа спяшаюцца па сваіх справах. У той час, як іх дзеці жывуць насычаным і поўным прыгод жыццём.

Польская пісьменніца Катажына Рырых (у перакладзе Ганны Янкуты) вядзе нас на экскурсію па адным незвычайным падворку і знаёміць з яго жыхарамі. Даволі ненавязліва, без маралізатарства пісьменніца паказвае розныя бакі жыцця. Тут маленькія чытачы могуць сутыкнуцца з прытулкам для жывёл, сляпой дзяўчынай, хворым на рак хлопцам. Яны бачаць не толькі радасныя і бесклапотныя бакі жыцця, але і тое, што жыццё кожнага чалавека можа быць вельмі розным. Гэтая кніга пра сяброўства ў розных формах і пра моц дзіцячай фантазіі, якая здольная перамагчы ўсё. 

А якія цудоўныя тут ілюстрацыі! У выдавецтве Янушкевіч гэта ўжо другі пераклад польскай кнігі з ілюстрацыямі Гражыны Рыгаль. Таксама яе працы можна ўбачыць у кнізе “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”, якую я вельмі люблю і раю нават дарослым. Сёлета Катажына і Гражына прыязджалі ў Менск на кніжную выставу-кірмаш, можаце ўбачыць іх на фота ніжэй. Гражына нават праводзіла невялікі майстар-клас 😏

Часам дарослым карысна адчуць сябе дзецьмі і пачытаць адпаведныя кнігі. Чытайце “Лапуховае поле” і прыгадвайце свае дзіцячыя прыгоды на падворку з сябрамі.

Купіць кнігу "Лапуховае поле": https://januskevic.by/catalog/dzieciam/4156/


Report Page