Касцюм і машыну ўзяў у бацькі. Што за хлопец «прадае» аўтамабіль у тыктоку
Праект "1906"Маладога чалавека, які зняў вірусны ролік пра «як куля рэзкае» аўто з «перадавымі сістэмамі бяспекі» ў выглядзе абразоў, завуць Яраслаў. Яму 15 гадоў, ён з Гомельшчыны.
Яраслаў з вёскі Церахоўка. Як высветлілася, хлопец не збіраецца прадаваць «Аўдзі» свайго бацькі. Ён ўзяў машыну і касцюм ў яго ў якасці рэквізіту, каб зняць тыкток.
Яраслаў зрабіў пародыю на вядомага тыктокера Аляксея Іванова. Той здымае ролікі, у якіх незвычайна прадае іншамаркі. Вось і хлопец вырашыў зрабіць падобнае відэа толькі ў беларускіх рэаліях.
Яраславу падабаюцца машыны, у будучыні ён марыць набыць сабе «Аўдзі» RS6.
Таксама днямі беларус выпусціў ролікі, у якіх ён прадае самаробны ровар і трактар. Там з’яўляюцца новыя рэквізіты — дзелавы чамадан, які хлопец знайшоў дома на шафе, і сонечныя акуляры, якія былі модныя ў нулявых.
«Тут усталявана сістэма педаліравання магутнасцю адна чалавечая сіла», — нахвальвае ён «спарткар» — самаробны ровар з прыкручанай скотчам калонкай.
Сам крэатыўшчык не чакаў, што яго ролік стане вірусным. Цяпер Яраслаў будзе працягваць здымаць тыктокі.