Канстанцін Каліноўскі. Жыцьцяпіс
R E Z Y S T A N S
Нарадзіўся беларускі нацыянальны герой у вёсцы Мастаўляны на гістарычнай Гарадзеншчыне ў сям’і безьзямельнага шляхціча гербу «Калінова» Сымона Каліноўскага, уладальніка невялікай ткацкай мануфактуры, і Вэранікі з Рыбінскіх, якая памерла, калі сыну было 5 гадоў. Прыняў хрост 18 лютага ў Ялоўскім парафіяльным касьцёле пад імём Вінцэнт.
У 1847—1852 гадох навучаўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні. У 1856 году пераехаў у бацькаў фальварак Якушоўку ў валоданьні Каліноўскіх, дзе дапамагаў у гаспадарчых клопатах і займаўся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Канстанціна меў старэйшы брат Віктар, які навучаўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. У час навучаньня ва ўнівэрсытэце браў удзел у дзейнасьці нелегальных студэнцкіх гурткоў, у прыватнасьці групы студэнцкага зямляцтва «Агул», разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генэральнага штабу, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Пасьля атрыманьня ўнівэрсытэцкага дыплёму 17 лютага 1861 году Канстанцін зрабіў спробу ўладкавацца на працу ў Вільні ў адміністрацыю мясцовага генэрал-губэрнатара У. Назімава, каб адразу тут распачаць рэвалюцыйную дзейнасьць па стварэньні сеткі кансьпіратыўных групаў для работы сярод будучых удзельнікаў паўстаньня. Спрыяў уладкаваньню ад’ютант Назімава Людвік Зьвяждоўскі, аднак спробы апынуліся марнымі, і на пачатку вясны 1861 году Каліноўскі вярнуўся на Гарадзеншчыну, дзе распачаў стварэньне рэвалюцыйнай арганізацыі.

Улетку 1862 году разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газэты на беларускай мове. Агулам выйшла 7 нумароў газэты. Яна выкрывала палітыку імпэрскіх уладаў, тлумачыла сытуацыю ў краіне, выкрывала падман царскага маніфэсту аб скасаваньні прыгону, заклікала сялянаў да змаганьня. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязьменна падпісаны псэўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У кастрычніку 1862 году паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ:
«Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі. Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы».

У 1862 годзе ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту — цэнтральнага органу падрыхтоўкі паўстаньня ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, а ўвосень таго ж году стаў яго старшынём. Стаяў на чале найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад лібэралаў («белых») звалі «чырвонымі». Аднак неўзабаве па выбуху паўстаньня варшаўскі цэнтар і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК, а Кастуся Каліноўскага накіравалі на родную Гарадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводзтва.

У чэрвені 1863 году з прычыны масавых арыштаў мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе зноў узяў цэнтральнае кіраваньне ў свае рукі. Сустракаўся з найбольш блізкімі і праверанымі людзьмі, праводзіў нарады рэвалюцыйнага ўраду. Спрабуючы рэанімаваць паўстаньне, выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай», аднак дзеяньні былі запозьненымі, паўстаньне на Беларусі ўжо захлынулася ў крыві. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разьбітыя карнікамі.
З восені 1863 году сканцэнтраваў намаганьні на назапашваньні сілаў для новага выступленьня ўвесну. Але, выдадзены здраднікам, камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, у ноч на 29 студзеня 1864 году Каліноўскі быў схоплены царскімі жандарамі ў Сьвятаянскіх мурах (побач з касьцёлам Сьвятых Янаў), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
У час сьледзтва і суду трымаўся надзвычай мужна. На прапанову палегчыць свой лёс і назваць адрасы ды імёны паплечнікаў адказаў:
«Калі грамадзкая шчырасьць ёсьць дабрачыннасьцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека. Усьведамленьне гонару, уласнае годнасьці і таго становішча, якое я займаў у грамадзтве, не дазваляюць мне ісьці па іншым шляху».
З царскага астрогу Каліноўскі перадаў на волю свой запавет беларускаму народу — «Лісты з-пад шыбеніцы», якія, паводле сучасных беларускіх дасьледнікаў, можна лічыць пачатковым афармленьнем беларускай нацыянальнай ідэі.

Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў Каліноўскага да расстрэлу, аднак вядомы сваей жорсткасьцю ў здушэньні паўстаньня расейскі генэрал Мураўёў выказаўся за павешаньне. 22 сакавіка 1864 году Канстанцін Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні і таемна пахаваны на Замкавай гары ў Вільні побач зь іншымі лідарамі ды ўдзельнікамі паўстаньня, забітымі на загад расейскай акупацыйнай улады. Парэшткі закапалі пакалечанымі, са зьвязанымі ззаду рукамі, а целы пасыпалі вапнай, каб ускладніць ідэнтыфікацыю. Магілы зраўнялі зь зямлёй і зрабілі на іх месцы гульнёвую пляцоўку для расейскіх вайскоўцаў.
У 2016 годзе на Замкавай гары здарыліся два апоўзьні, зьявілася патрэба ўмацаваць схілы. Перад правядзеньнем земляных працаў гару дэталёва дасьледавалі археолягі, якія выявілі невядомыя раней магілы. У 2017 годзе навукоўцы выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя парэшткі могуць належыць удзельнікам паўстаньня. У сакавіку 2019 году дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам вылучэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне веку, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
22 лістапада 2019 году ў Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія перапахаваньня парэшткаў Канстанціна Каліноўскага на могілках Росы. Прадстаўнік афіцыйнага Менску ў сваім выступе па імшы ў Віленскай катэдры з нагоды перапахаваньня паўстанцаў адзначыў, што асоба Кастуся Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю Беларусі, а яго дзейнасьць «зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў змаганьне за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя».
На сёньняшні дзень Канстанцін Каліноўскі лічыцца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў нашай нацыі ў сьвеце. Як адзначае гісторык Алесь Краўцэвіч, гэта адзіная асоба, адзіны сапраўды нацыянальны герой, які прысутнічае ў масавай сьвядомасьці Беларусі незалежна ад узросту, поглядаў, палітычных перакананьняў. І покуль у народзе жыве памяць пра нацыянальных герояў і барацьбітоў за волю нашага Краю, якія былі й застаюцца для нас выразнымі арыентырамі на доўгім шляху да той самай волі — ня сьціхне і нашая крывавая барацьба за яе. Сьветлая памяць Канстанціну Каліноўскаму — нацыянальнаму герою і годнаму сыну нашага народу.
