Канец адной эпохі і магчымы пачатак новай на Гран Пры Абу-Дабі, які выйграў Макс Верстапен

Канец адной эпохі і магчымы пачатак новай на Гран Пры Абу-Дабі, які выйграў Макс Верстапен

Formuła Pieramohi | F1

У мінулыя выхадныя на трасе Яс Марына Формула 1 перагарнула яшчэ адну сваю старонку. Скончыўся і сезон 2025 года, і дзеянне тэхнічнага рэгламенту, які пачаў дзейнічаць у 2022-м. Фінал гэты выглядаў даволі прывычна, хаця адна з традыцый усё ж такі была парушаная.


Прыемна ўсё ж такі, калі лёс тытулу вырашаецца на апошнім этапе, а на ці не сярэдзіне сезону. Так, прадказаць вынік барацьбы за карону ў Вялікіх Прызах было адносна проста, але ўсе мы ведаем, што Ланда Норыс, які прыехаў у Абу-Дабі лідарам чэмпіянату сярод пілотаў, выступае за McLaren, а там умеюць ствараць праблемы самім сабе і на роўным месцы.

Памятаем мы і пра дзівацтвы гоначнай тактыкі калектыву з Уокінга, і пра двайную дыскваліфікацыю ў Лас-Вегасе, якая і абумовіла, па сутнасці, захаванне інтрыгі ў чэмпіянаце да апошняга этапу. Да якога ўсе тры прэтэндэнты на тытул, якімі акрамя Норыса былі таксама яго напарнік Оскар Піястры і на той момант яшчэ дзейны чэмпіён Макс Верстапен, з сямю перамогамі ў сезоне ў кожнага і ў межах шаснаццаці ачкоў утраіх.


Так што Верстапен цалкам мог разлічваць на пяты тытул – калі б нейкім чынам ён зраўнаваўся па балах з Ланда, тытул ізноў дастаўся б яму дзякуючы большай колькасці перамог. Канечне, гэта яшчэ і перамагчы ў гонцы трэба было, але якраз гэта ў нідэрландца атрымалася, тым больш што сярод фаварытаў ён быў цягам усяго ўік-энду на Яс Марыне. Усе сесіі свабодных заездаў Макс скончыў у першай тройцы, а ў кваліфікацыі націснуў, як ён умее, і заваяваў поўл. Які, па статыстыцы, практычна гарантуе перамогу на Гран Пры Абу-Дабі.

Норыс і Піястры, якія кваліфікаваліся другім і трэцім адпаведна, шанцы фінішаваць першымі мелі таксама, але было зразумела, што яны будуць выконваць уласныя задачы. Ланда проста было дастаткова не прайграць Верстапену зашмат, але пачатак гонкі стаў да яго даволі трывожным. У McLaren развялі яго з Оскарам па стратэгіі – брытанец стартаваў на шынах Medium, а аўстралійцу на першы адрэзак паставілі Hard. Адпаведна, адрэзак гэты павінен быў быць даўжэйшым, але ў хуткасці перавага была быццам бы ў Норыса.


Вось толькі па першым жа кругу Оскар выйшаў наперад і хоць і не навязаў барацьбу Верстапену, аднак ад свайго суседа па боксах адарваўся на бяспечную адлегласць. Лагічным у такіх умовах выглядала максімальна адцягнуць момант піт-стопу лідара чэмпіянату і правесці адзіны – у Верстапена і Піястры менавіта так і атрымалася, прытым што Макс таксама стартаваў на шынах сярэдняй цвёрдасці. Але ў McLaren вырашылі заклікаць Норыса ў боксы на сямнаццатым кругу.

У Ланда, які перайшоў на Hard, узнікла рызыка яшчэ і захраснуць у трафіку з гоншчыкаў, якія таксама выкарыстоўвалі на той момант цвёрдую гуму. Аднак тут бліснуў сам Норыс, абагнаўшы на васямнаццатым кругу Андрэа Кімі Антанэлі з Mercedes і Карласа Сайнса з Williams, а на наступным – Лэнса Строла з Aston Martin і Ліама Лоўсана з Racing Bulls.


Праблемы ўзніклі толькі з напарнікам Верстапена па Red Bull Юкі Цунодай, які ў наступным годзе саступіць какпіт Ісаку Хаджару, які сёлета натхніў Хельмута Марка, выступаючы ў складзе Racing Bulls. Японец таксама пастараўся натхніць доктара Марка сваім выступам на Гран Пры Абу-Дабі, але, атрымаўшы каманду прытрымаць Норыса, які да яго набліжаўся, перастараўся.

Калі на дваццаць чацвёртым кругу Ланда падабраўся да Цуноды на дыстанцыю атакі, Юкі, абараняючыся, некалькі разоў перакрыжаваў перад ім траекторыю, праз што Норыс свой абгон правёў фактычна за межамі трасы. Аднак гоначная дырэкцыя пабачыла парушэнне ў дзеяннях пілота Red Bull, якому выпісала штраф у пяць секунд, а брытанец пакарання пазбег.


На тым жа кругу свой адзіны піт-стоп правёў Верстапен, які вярнуўся на трасу перад Норысам, Піястры на сваёй цвёрдай гуме заставаўся на трасе да сорак другога круга, але перайграць хуткага Макса не атрымалася, і Оскар выехаў з боксаў у яго ззаду. Камплект свежых шын Medium таксама не дапамог аўстралійцу навязаць Верстапену барацьбу, і ён задаволіўся другім месцам. Макс гонку выйграў, а Норыс, які на сорак першым кругу правёў свой другі і апошні піт-стоп, фінішаваў трэцім, але затое стаў трыццаць пятым чэмпіёнам Формулы 1.

Аднак вы толькі ацаніце разрыў у чэмпіянаце паміж ім і Верстапенам, які цяпер стаў віцэ-чэмпіёнам: два балы – 423 у Ланда і 421 у Макса! Ужо за адно гэта мінулы сезон Формулы 1 можна лічыць удалым. Піястры, які заняў трэцяе месца, зарабіў 410 ачкоў. McLaren скончылі сезон з 833-ма пунктамі, даўно забяспечыўшы сабе перамогу ў Кубку канструктараў, Mercedes, набраўшы 469 ачкоў, стаў другім, Red Bull замкнуў першую тройку, у яго 451 бал.


Завяршаць гоначны сезон заўсёды крыху сумна, але старт новага сезону Формулы 1 бліжэй, чым здаецца – да яго ўсяго тры месяцы, і ўжо ў другія вясновыя выхадныя ўдзельнікі чэмпіянату свету на поўнасцю новых балідах выйдуць на старт Гран Пры Аўстраліі. А да гэтага мы будзем з цікавасцю сачыць за падзеямі ралі «Дакар», гонак Формулы Е і этапаў чэмпіянату свету па ралі.

Ну і канечне ж мы яшчэ падвядзём вынікі мінулага сезону каралеўскіх аўтагонак і ацэнім, якіх поспехаў дабіліся іх арганізатары і FIA з цяпер ужо старым рэгламентам. А таксама паспрабуем разабрацца, ці пачалася ў Формуле 1 эпоха дамінавання McLaren і Ланда Норыса або Оскара Піястры. Так што «Гоначная псіхапатыя» са сваімі чытачамі развітвацца і не думае! 

Report Page