Каму патрэбны самы старажытны камунальны некропаль Беларусі?

Каму патрэбны самы старажытны камунальны некропаль Беларусі?

Urban Hrodna

Гродзенскія фарныя могілкі - найстарэйшы камунальны некропаль Беларусі. Яны былі заснавалі ў 1792 г., калі для паляпшэння санітарнай сітуацыі ў буйных гарадах Рэчы Паспалітай вырашылі ствараць камунальныя могілкі за іх межамі. 

Але гродзенскія каталіцкія могілкі на Белуша, як і праваслаўныя пач. ХІХ ст. побач, не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (ГКК) і не ахоўваюцца дзяржавай. Комплексна статус ГКК у Гродне маюць Вайсковыя могілкі (1888-1973 гг.) на Белуша і Вайсковыя могілкі (1939-1945 гг.) на вул. Перамогі, а таксама Татарскія могілкі перыяду сярэднявечча ў Каробчыцах.

Асобныя помнікі на старых каталіцкіх і праваслаўных могілках уключаны ў спіс ГКК. Гэта:

  • магіла Канстанціна і Аляксандры Кемарскіх (пач. ХХ ст.),
  • магіла Івана і Любові Мураўёвых (пач. ХХ ст.),
  • магіла Марыі Багдановіч, маці Максіма Багдановіча (пач. ХХ ст.),
  • магіла Пятра Волкава (кан. ХІХ ст.),
  • магіла Івана і Кацярыны Шумавых, Івана Верчыка (кан. ХІХ- пач. ХХ ст.),
  • магіла Аляксандра Шырмы (пач. ХХ ст.),
  • магіла Марыі Жукоўскай (пач. ХХ ст.),
  • магіла Элізы Ажэшкі і Станіслава Нагорскага (пач. ХХ ст.),
  • магіла Тэклі Галэмбёўскай і Людвікі Жыгань (каля 1859 г.),
  • магіла Міхала і Феліцыі Кандратовічаў (1870-я гг.),
  • магiла генерал-маёра Ланскога С.М. (1815 г.),
  • тры брацкія магiлы (1944 г.).

Помнікі са спісу мусяць ахоўвацца. Калі ўпала старая магіла, не ўнесеная ў спіс ГКК, ніхто нічога не робіць. Паваленых надмагілляў шмат. Даўняя гісторыя - раскраданне надмагілляў і агароджаў на здачу металу. Агулам на могілках на Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча - асабліва каштоўныя.

Сітуацыя можа быць і іншай, але не менш шкоднай для гістарычнай спадчыны. У 2018 г. на мінскіх Вайсковых могілках, дзе багата гістарычных пахаванняў і пахаванняў вядомых асобаў, старыя надмагіллі, за якімі доўгі час не даглядаюць сваякі, сталі замяняць тыпавымі надгалоўнікамі. Не ўратаваў нават статус ГКК могілак.

Гродзенскія каталіцкія фарныя могілкі закрытыя. З 1973 г. там не робяць новых пахаванняў. Выключэнні - падхоўванні блізкіх родных да ўжо пахаванага там, калі з часу пахавання прайшло 20 гадоў.

За парадак на месцах агульнага карыстання на могілках адказвае гарадская Спецаўтагаспадарка (САГ): гэта прылеглая тэрыторыя, перыметр, кантэйнерныя пляцоўкі. Паводле карты санітарнай адказнасці Гродна за могілкі не адказвае ніхто. За тэрыторыяй вакол капліцы на каталіцкіх і царквы на праваслаўных мусяць сачыць адпаведныя рэлігійныя ўстановы. 

“[Цяперашняя сітуацыя з гродзенскімі фарнымі могілкамі] гэта як бульдозерам па іх прайсці, але павольна”, - лічыць стваральнік сайта з каталогам гістарычных могілак Беларусі graves.by Андрэй Бурдзянкоў.

Калі ён расчышчаў і каталагізаваў старыя надмагіллі ў Гродне ў 2018-2019 гг., дапамагаць яму прыйшоў адзін гісторык, і ўсё. 

У Беларусі магілы лічацца прыватнай уласнасцю, сачыць за якой мусяць сваякі пахаванага. Тым не менш у спісе ГКК Беларусі ёсць і комплексы пахаванняў. Гэта: 

  • каменны могільнік (XIV–XVII ст.) у в. Корыца Дзятлаўскага раёна, 
  • каменныя могілкі (XVI–XVIII ст.) у в. Пустаборы Зэльвенскага раёна, 
  • старыя могілкі ў Навагрудку (ХIХ–ХХ ст.), 
  • каталіцкія могілкі ў Магілёве (пач. ХIХ – сяр. ХХ ст),
  • Трышынскія могілкі ХІХ ст. (у межах агароджы) у Брэсце, 
  • Усходнія (1970-я гг.) і Вайсковыя (1840–1950 гг.) могілкі ў Мінску,
  • партызанскія, брацкія і вайсковыя могілкі з часоў Першай і Другой сусветных войнаў у розных рэгіёнах.

Складанасць з пахаваннямі ў тым, што нашчадкі могуць быць і ў Сібіры, і за акіянам. “Калі мы лічым гэта спадчынай, то замацоўваем і валанцёрым”, - прапанаваў бачанне Андрэй Бурдзянкоў. Таксама магла бы быць адмысловая фірма, якая гэтым займаецца, або арганізацыя пры музеі гісторыі менавіта для абнаўлення і рэстаўрацыі гэтых агароджаў і надмагілляў з адпаведных матэрыялаў і адпаведнымі спосабамі. Гэта запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў.



Report Page