Цялеснасць, сэксуальнасць і мова. Артур Камароўскі – пра паэзію, новую кнігу і пра сябе, як пра Corpus vile
Тётя ИраУ Артура Камароўскага ў лютым 2023 выйшла другая кніжка вершаў. У зборніку ёсць лірычная і паўдакументальная паэзія, вершаваныя гісторыі розных людзей і месцаў, напісаныя праз сябе. Да Сусветнага дня паэзіі аўтар расказаў для telegram-канала “Тётя Ира разрешила” пра новую кнігу, планы на будучыню і сваё адчуванне паэзіі.
“Зараз паэзія становіцца такой… не хацелася б казаць зброяй, але такой важнай часткай адлюстравання свету”, - кажа Артур Камароўскі. Праз расказванне паэтычных гісторый, праз дакументальныя і не-дакументальныя вершы, меркаваннем паэта, робіцца фіксацыя таго, што адбываецца.
“Калі разважаць, што такое паэзія, то, напэўна, адказы будуць розныя. Але гэта найперш адбітак сучаснасці. Гэта будзе патрэбна нам для памяці. Ці нават не нам ужо. Людзі будуць чытаць і разумець, што адбывалася. Мне здаецца, калі ў людзей ёсць здольнасць адрозніваць добрыя вершы ад невельмі, то яны будуць здольныя і па паэзіі таксама зрабіць нейкія высновы”.
Кожны верш – гэта пра нешта важнае
Нават у самыя складаныя часы паэт не пераставаў складаць вершы. “Ты ж не можаш ізялявацца. На цябе усё уплывае. Не тое, каб гэта было натхненне ў чыстым выглядзе. Ты проста адчуваеш патрэбу.
Вершы, кожны верш – гэта пра нешта важнае. І гэта трэба зафіксаваць, найперш – для сябе. Я адчуваю патрэбу, я пішу”.
Цялеснасць, сэксуальнасць і мова – канцэпт новай кнігі
“Усе пачалося з нізкі вершаў “Падарожжа ад простай да ўскоснай мовы”, - расказвае Артур Камароўскі. - і, напэўна, гэта [апісанне] для усёй кніжкі пасуе, бо яна - пэўнае падарожжа.
Там я спрабую ісці ад свайго ўласнага цела. Першая нізка - гэта размовы пра маё цела і мае адносіны да яго. Чым далей я падарожнічаю, тым больша адыходжу ад уласнага цела. Там ёсць розныя узаемаадносіны з нейкім іншым целам, неканкрэтным. Пасля гэта ужо з’яўляецца канрэтнае цела - мой партнер. Далей - мноства іншых целаў. Гэта такі эксперымент, такое падарожжа, ў каторым я спрабую разабрацца з цялеснасцю, сэксуальнасцю, і з мовай таксама.
Людзі і целы для аўтара – па сутнасці розныя вымярэнні чалавека і крыніцы розных адчуванняў і перажыванняў: “Я вельмі “тактыльны” чалавек. Мне цікава, як маё цела рэагуе, калі я кранаю кагосці. Проста, калі чалавек побач, гэта таксама адчуванне, але іншае”.
Гісторыі людзей і мноства целаў
Для назвы аўтар выбраў тэрмін Corpus vile, які найчасцей учываецца ў медыцыне ці біялогіі. Так называюць падвопытную істоту, малакаштоўны арганізм у медычнай практыцы.
Вершам з апошняе нізкі зборніка далі назвы пэўныя месцы з Грузіі і са Швецыі. Але вершы – не аб прыгажосці прыроды. Яны - пра “адносіны з мноствам людзей і целаў”. “Гэта такія паўдакументальныя вершы. Гісторыі з жыцця. Не майго, а людзей, з якімі я сустракаўся”.
Нізка вершаў-гісторый з’явілася ў Тбілісі. “Усё пачалося з таго, што мы са знаёмым пайшлі у такі маленькі гей бар. Там было вельмі цесна і вельмі хораша. І мне захацелася зафіксаваць гэта адчуванне. Пасля падумаў, якія яшчэ ёсць месцы ў Тбілісі і ўвогуле у Грузіі, пра якія мне хочацца расказаць. Аказалася, што гэтымі месцамі таксама звязана шмат цікавых гісторый. Мне спадабалася расказваць такія гісторыі.
Гэта вершы не тое каб пра мяне, але я праз сябе гэта пісаў. І гэта не дакументальная паэзія, а нешта пасярэдзіне. Мне б хацелася надалей такое рабіць”.
Такая паэзія, дакументальная ці паўдакументальная, меркаваннем Артура Камароўскага зараз становіцца вельмі папулярнаю. “Гісторыі людзей - найбольш цікавыя для чытачоў і чытачак. І мне таксама цікава працаваць з такімі гісторыямі. Ты адыходзіш ад таго, што прывык рабіць і там нешта такое цікавае [адбываецца]”.
Хацеў зрабіць усё сам і без абмежаванняў
Кніга Артура Камароўскага Corpus vile выйшла з друку ў выдавецтве Skaryna Press. Вершы для зборніка пісаліся ад 2019 да 2022 года. Яшчэ амаль год спатрэбіўся на подрыхтоўку да публікацыі. На вокладцы і для ілюстрацый ў кнізе выкарыстаны фотакалажы аўтара.
“У гэтай кнізе хацеў усё зрабіць сам і без абмежаванняў, так, як яно было у маёй галаве. Уклаўся максімальна з таго што умеў і мог, - кажа Артур Камароўскі. - Адчуваю палёгку, што я гэта зрабіў”.
Прэзентацыі кнігі пройдуць ў Варшаве, Кракаве і Вільні.
Планы – стымул жыць далей
Верагодна, што новая кніга будзе перавыдадзена на іншыя мовы. “Думаю пра тое, каб зрабіць гэту кніжку па-польску, але не ўсе вершы, толькі дзве часткі: “Ён” - пра адносіны з маім партнёрам і частку з гісторыямі квір-людзей. Падумаў, што хачу зрабіць польскамоўную кнігу, бо я зараз пачынаю тут жыць. Мне важна ўпісвацца ў кантэкст і каб больш людзей чыталі тое, што я пішу. Магчыма, будзе і англамоўная кніжка. Пакуль гэта ў планах, умоўна кажучы, на год”.
Увогуле, што тычыцца планаў, то яны робяцца стымулам жыць і ісці далей, кажа Артур. І не важна, былі гэта планы напісаць нізку вершаў ці пафарбаваць валасы.
“Я у прынцыпе не так шмат пішу. Але калі пішу, то стараюся з гэтым працаваць і напісанае дзесці апублікаваць. Няма “змарнаваных” вершаў. Неяк шкада, - кажа паэт. Што да новых кніг, то яны пакуль яшчэ лунаюць у прасторы ідэяў і мараў:
“Думаю, што б яшчэ я мог расказаць, скажам так пафасна, сусвету. Пра сябе і не толькі пра сябе”.